Тэатар у тэмпе гульні

Бліскучая прэм’ера студэнцкага спэктаклю “Больш, чым дождж”
у Купалаўскім

 

У пятніцу ўвечары ля Купалаўскага актыўна гуртаваўся народ. Маладыя акторы і паэты, студэнты і выкладчыкі з Акадэміі мастацтваў, сьвецкія прыгажуні і акулы рэклямнага бізнэсу (сярод якіх прыкметна вылучаўся гаспадар апальнага “Мэджыку” Юры Будзько) сьпяшаліся заняць месцы ў залі, дзе за некалькі хвілінаў мусіў распачацца, калі верыць афішам, незвычайны спэктакль. Па-першае, экспэрымэнтальны, што само сабой прывабна. Па-другое, плястычны – слоўца малазразумелае, але элегантнае, проста з касмэтычнага салёну. Частка нашае адукаванае публікі здагадвалася, што плястычны – гэта бяз словаў, накшталт пантамімы. Аднак, калі пантаміма – дык пры чым тут Чэхаў? А калі Чэхаў – дык чаму ўсё гэта завецца “Больш, чым дождж”? Гэткіх твораў у расейскага клясыка няма. Затое ў амэрыканца Тома Уэйтса ёсьць песьня “It’s More Than Rain”, зусім ня ў чэхаўскім стылі. Словам, суцэльная загадка. І ўся гэтая бясслоўная расейска-амэрыканская блытаніна – у Купалаўскім, спаконвечным бастыёне беларушчыны!

З гэтымі думкамі я ўладкоўвалася ў залі. Але рэальнасьць спэктаклю апынулася мацнейшай за ўсе мае разважаньні. Восем актораў дасканала разыгрывалі адвечную камэдыю чалавечых стасункаў, якой яна паўстае ў асяродзьдзі інтэлігэнтных, бездакорна выхаваных людзей. Гэта не была пантаміма. Акторы нічога не “паказвалі”, яны проста жылі ў прасторы душы, дзе словы ўвогуле непатрэбныя. Так выглядае добры сучасны балет недзе ў Эўропе ці ў Амэрыцы, дзе акторы – ня проста гнуткія лялькі, але жывыя людзі, сьведамыя ў сваіх эмоцыях і здольныя выяўляць іх праз плястыку цела. Гэткіх актораў – як, зрэшты, і опэрных сьпевакоў – рыхтуюць паводле сыстэмы Станіслаўскага. У нас жа ў балеце можна ўбачыць хіба толькі нудныя фуэтэ дый аэробіку ў стылі Елізар’ева. А ў драматычным тэатры на нас звычайна абрынаюцца вадаспады непатрэбных словаў, у якія ніхто ня верыць. Ці не таму апошнім часам беларускія рэжысэры палюбілі выразнасьць маўчаньня і экспрэсію прыгожага жэсту? Прыкладам, у спэктаклях Віталя Баркоўскага размаўляюць мала і без імпэту. Увесь сэнс і смак – у запаволеных рухах, якія дадаюць пэрсанажам адухоўленасьці і надзвычайнай, амаль мітычнай велічнасьці.

У спэктаклі Паўла Адамчыкава – а менавіта ён апынуўся аўтарам купалаўска-чэхаўскае прэм’еры – нат не спатрэбілася запавольваць рухі, бо там не было надакучлівай балбатні, якую трэба ўраўнаважваць і асэнсоўваць, надаючы ёй нейкай адмысловай значнасьці. Можна рухацца шпарка, у тэмпе гульні. І тут маладыя акторы дэманструюць проста-ткі надзвычайную фізычную форму і валоданьне целам. Падобна, што ў Беларусі вырасла новая генэрацыя тэатральных артыстаў, якія дасканала ведаюць, што такое прафэсіяналізм. Цікава, што ледзь ня ўсе ўдзельнікі сёлетняй прэм’еры (Вольга Фадзеева, Сьвятлана Анікей, Аляксандар Малчанаў, Андрэй Гладкі і Іван Патапаў) разам вучыліся ў вядомага тэатральнага пэдагога Лідзіі Манаковай. Зрэшты, у Манаковай калісьці вучыліся і Павал Адамчыкаў, і Зоя Белахвосьцік, якая стварыла ў спэктаклі незабыўны вобраз уразьлівае лэдзі з пляшкаю ў торбачцы. Яшчэ адзін удзельнік спэктаклю – Мікалай Кірычэнка – таксама быў для гэтых актораў настаўнікам на працягу ўсіх чатырох год навучаньня. Павал Адамчыкаў таксама выкладае ў Акадэміі мастацтваў, і свой першы спэктакль – “Туці-фруці” – ён рабіў менавіта з гэтымі студэнтамі. Цэлая школа атрымліваецца! І напэўна ня ў рэчышчы расейска-савецкага тэатру, які ў нашых умовах часьцяком нацягвае на сябе вопратку беларушчыны. Вось толькі не пасуе яму гэтая вопратка…

А новы тэатар увогуле ня хоча аніякіх апранахаў. Ён паўстае з студэнцкіх эцюдаў і імправізацыяў. Ён дыстылявана-чысты і прынцыпова бясслоўны, бо ўсё яшчэ трызьніць ўражаньнямі першакурсьніка, якому не дазваляецца ў сваіх імправізацыях карыстацца моваю. Ён ня любіць бутафорыі. Ягоная прыроджаная стыхія – гэта чорны квадрат сцэны, не ўпрыгожаны нічым, акрамя саксафону, што зьвісае накшталт чэхаўскага ружжа (і, канечне ж, “страляе” ў фінале). Гэты тэатар хаваецца за Чэхава – бо не рызыкуе адкрыта прызнаць, што сам стварае для сябе сюжэты. Што асноўная мэтафара, празь якую ён спрабуе зразумець чалавечы лёс, узятая зь дзіцячае гульні – ці, калі заўгодна, з самага першага акторскага практыкаваньня: 10 студэнтаў, 9 крэслаў. А калі націскаеш на яго з пытаньнямі – маўляў, дзе той Чэхаў? – пачынае распавядаць пра чалавечую трагікамэдыю, уцелясьнёную ў чэхаўскіх п’есах. “Зрэшты, мы ня мелі на ўвазе аніякага канкрэтнага твору. Дый увогуле, усё гэта ў рэклямных мэтах…” А я міжволі згадваю карціну аднаго менскага мастака-самавука: укрыжаваньне вачыма Хрыста. Пад крыжом стаяць, вядома ж, менчукі ў сваіх звычайных менскіх вопратках. Мастак жыў на суседняй вуліцы, і многіх зь ягоных мадэляў я штодзень сустракала ў хлебнай краме. Вось дзе сапраўдная чалавечая трагікамэдыя!

Юлія Андрэева


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0