Magis amica veritas

Як і трэ было чакаць, айцы марыяне не маглі пакінуць мой артыкул “Таямніца брыльянтавага калье Магдалены Радзівіл” без адказу. Ліст а.Пялінака, мусіць, і ёсьць такім адказам. Амаль на самым пачатку ён піша, што “Ордэн марыянаў адчувае абавязак і бясспрэчнае права ўнесьці гістарычную яснасьць у падзеі, апісаныя а.Надсанам”.

Жаданьне “ўнесьці гістарычную яснасьць” можна толькі вітаць. Мы ўсе памыляемся. Спрэчкі, у якіх выказваюцца розныя, нават супрацьлеглыя, думкі, дапамагаюць выснаваць больш зраўнаважаны і праўдзівы погляд на справу. Але яны карысныя толькі пры ўмове, што абодва бакі жадаюць пазнаць праўду, а не даказаць любым коштам сваю слушнасьць. У лісьце а.Пялінака насьцярожвае тое, што перш, як даказаць, ён папракае мяне ў выбарачнасьці, фрагмэнтарнасьці і “прамой маніпуляцыі гістарычнымі крыніцамі”. Выходзіць, як у аповесьці шкоцкага пісьменьніка Бруса Маршала, дзе адна пратэстанцкая цётка кажа другой: “Сatholics are wrong Jenny. Even if they are right, they are wrong (Каталікі ня маюць рацыі, Джэні. Яны ня маюць рацыі, нават калі маюць рацыю)”.

У адказе а.Пялінака я не знайшоў нічога асабліва новага пра калье. Ёсьць выняткі зь невядомых мне лістоў Абрантовіча да Хвецькі, але яны больш цікавыя для характарыстыкі гэтых двух сьвятароў. Шмат месца аўтар ахвяруе пытаньням, якія ня маюць дачыненьня да тэмы, як напрыклад, погляды княгіні на жаночыя манаскія законы або справа касьцёлу Дзіцяці Ісуса ў Варшаве.

Каб адказаць на ўсе закіды а.Пялінака, спатрэбіўся б доўгі артыкул. Ня думаю, каб рэдактар “НН” падзякаваў мне за гэта. Таму пастараюся абмежавацца некалькімі прыкладамі.

Перадусім хачу прызнацца, што ў тэксьце ліста а.Абрантовіча да княгіні Радзівіл ад 12 сакавіка 1927 г. я прапусьціў празь недагляд адзін сказ. Вось урывак ліста з прапушчаным сказам, пазначаным курсівам: “…я забясьпечыў 10 тысяч пазыкаю а.Біскупу Лазінскаму на 5 гадоў пад 5% у год, бо дзеля посьпеху трэба было прадаць крыху таньней. Копію паквітаньня далучаю. За рэшту я купіў нерухомасьць у Наваградку. Усё гэта разам я перадаў кляштару марыянаў у Друі, куды сам уступіў”. Я ўдзячны а.Пялінаку за тое, што ён заўважыў пропуск, чырванею ад сораму і прашу прабачэньня ў чытачоў. Адначасова падкрэсьліваю, што прапушчаны сказ ня мае сутнага значэньня, ён толькі пацьвярджае папярэдні сказ. Таму дзіўна гучаць словы а.Пялінака: “На гэтай белай пляме аўтар скарыстаў, каб, ня надта сябруючы з праўдай, у наступных доўгіх разважаньнях абвінавачваць Абрантовіча за тое, што ён схаваў ад княгіні гэты доўг”. Калі б а.Пялінак прывёў урывак зь ліста, як гэта зрабіў я, было б ясна, што, незалежна ад прапушчанага сказу, Абрантовіч нічога не схаваў, і таму абвінавачваць яго ў гэтым ніхто ня мог.

У маім артыкуле ёсьць гутарка пра тэстамант а.Абрантовіча, згодна зь якім ён пакідаў усё, што выручыў за продаж калье, Друйскаму кляштару. Вось як піша пра гэта а.Пялінак: “У сваім артыкуле а.Надсан вельмі дзіўна прадставіў справу законнага запавету а.Фабіяна. Напісаць запавет, паводле аўтара, а.Абрантовіча прымусіў неспакой, выкліканы кс.Хвецькам, і ўчыніў ён гэта дзеля таго, каб хутка забясьпечыць грошы марыянам”. Крыху ніжэй ён дадае: “Цьвердзіць, што сваім запаветам а.Абрантовіч перадаў скарб Магдалены Радзівіл марыянам і пазбыўся прэтэнзіяў кс.Хвецькі, проста сьмешна”.

У вышэйзгаданым лісьце да княгіні Радзівіл а.Абрантовіч пытаецца: “Можа, тады Княгіня будзе ласкавая напісаць мне, ці я добра зразумеў мэту ахвяры…”. Княгіня адказала 17 сакавіка 1927 г.: “Асоба, якая вымененыя прадметы дала.., прызначыла свой дар выключна на карысьць Беларусі, а галоўным чынам для Грэка-Каталіцкай Царквы. Скарыстаць яго для іншай мэты было б выразным прысваеньнем сабе чужой (г.зн. грэка-каталіцкай, беларускай) уласнасьці. Мараю гэтае асобы было заснаваць у Рыме ўніяцкую калегію”. Такі адказ не пакідаў сумневу, для каго і зь якой мэтаю была дадзеная ахвяра. Прыблізна ў тым самым часе Абрантовіч атрымаў у справе калье ад Хвецькі два лісты, адзін 8-га і другі 23 сакавіка. У апошнім лісьце той піша: “…прашу ўмець справу палагодзіць, бо я хлусіць ня буду”.

Навязваючы да сказанага Хвецькам, я напісаў у маім артыкуле: “Айцец Абрантовіч палагодзіў справу ў свой спосаб. 1 красавіка 1927 г. у прысутнасьці сьведкаў… ён падпісаў тэстамант”. Далей падаю адпаведныя пункты тэстаманту. Гэта ўсё. Пра княгіню Радзівіл і а.Хвецьку ні слова.

Адносна тэстаманту а.Пялінак паясьняе: “Падобныя запаветы (Testamentum) пісалі і пішуць усе манахі перад сваімі законнымі шлюбамі”. Я не законьнік, але ў законных канстытуцыях крыху цямлю. А.Абрантовіч 1 красавіка 1927 г., калі напісаў тэстамант, быў яшчэ ў навіцыяце, і да законных шлюбаў, якія ён склаў 3 жніўня 1927 г., яму заставалася чатыры месяцы. Навошта было так сьпяшацца?

Мусіць, каб даказаць правільнасьць учынку а.Абрантовіча, а.Пялінак працягвае: “Дарэчы, да княгіні Радзівіл зьвярталіся і іншыя ахвотнікі скарыстацца ейнай фундацыяй, у тым ліку і сьвятар Окала-Кулак, аднак Магдалена адказвала адмоўна, спадзеючыся, што грошы знайшлі варты ўжытак у Друі”. Ён паклікаецца на ліст княгіні ад 25 красавіка 1928 г., не падаючы зьместу. Вось, тым часам, ейныя словы: “…я атрымала ліст ад а.Окала-Кулака ў справе, у якой піша а.Хвецька да шаноўнага Айца. Мой погляд ёсьць ім ведамы, але адной з характэрых рысаў дзеячоў, ці то ў дабрачыннай, ці ў рэлігійнай галіне, ёсьць, што зусім не зважаюць на волю ахвярадаўцы і дадзеныя на азначаную мэту грошы ўжываюць на нешта іншае без найменшага сораму”. Пра Друю і “варты ўжытак” грошай няма ўспаміну…

Ідзем далей. А.Пялінак піша: “Тое, што княгіня нічога ня ведала аб звароце доўгу а.Цікоту Пінскай курыяй, — чарговая няпраўда з артыкулу а.Надсана”. У маім артыкуле прыведзеныя словы княгіні Радзівіл зь ліста да біскупа Лазінскага ад 15 красавіка 1931 г.: “…а.Цікота… забраў доўг ад Вашай Эксцэленцыі, нічога мне пра гэта не сказаўшы, пра што я даведваюся толькі цяпер зь ліста Эксцэленцыі”. У лісьце ад 8 жніўня 1931 г. да Бучыса яна піша: “Даведваюся зь ліста а.Біскупа Лазінскага, што частка сумы, атрыманай з продажу каштоўнасьцяў, якую а.Абрантовіч яму пазычыў.., была перасланая ў касу аа.Марыянаў паўтара ці два гады таму назад”. У сапраўднасьці, пазыка была зьвернутая ў пачатку 1931 г. Цікота паведаміў княгіні пра зварот, але толькі… 5 студзеня 1932 г., больш як 8 месяцаў пасьля ліста княгіні да Лазінскага. З урыўку прыведзенага а.Пялінакам ліста Цікоты вынікае, што ён гаварыў з княгіняю пра грашовыя справы, калі гасьціў у яе. Наколькі мне вядома, Цікота апошні раз адведаў княгіню ў Годэсбэргу 15 жніўня 1930 г. Наўрад ці тады магла быць гутарка пра пазыку, якая яшчэ не была зьвернутая. Такім чынам, ня я, а княгіня Радзівіл цьвердзіла, што ня ведала пра зварот пазыкі, і хай прабачыць мне а.Пялінак, але я веру ёй. Яна не маніпулюе датамі.

Між іншым, княгіні было тады 70 гадоў (нарадзілася ў 1861 г.), а ня 80. Ня ведаю, чаму а.Пялінаку было трэба дадаваць ёй дзесяць гадоў, можа, каб магчы сказаць, што 80-гадовая княгіня жыла ў той час пад апекай «мудрых дарадцаў зь іншых пачэсных ордэнаў”.

Апошні прыклад, якога не магу прамінуць маўчаньнем. А.Пялінак піша: “Ня ведаю, ці можна гісторыю марыянаў у Друі скончыць сказам: «А марыянаў у Друі і сьлед прастыў, як быццам нічога там беларускага ніколі і не бывала», як гэта чыніць а.Аляксандар”. Айцец Аляксандар нічога падобнага ня чыніць, ён толькі прыводзіць словы а.Віктара Шутовіча зь ягонага ліста да а.Хрызастома Тарасэвіча ў Чыкага ад 1 верасьня 1938 г.: “А марыянаў нашых у Друі і сьлед прастыў! Усё загладзілі, затушавалі, як быццам нічога там беларускага ніколі і не бывала”.

Прыпісваньне апанэнту словаў, якіх той не казаў, або якія казаў нехта іншы, каб пасьля паддаць іх крытыцы, як гэта робіць а.Пялінак, нагадвае змаганьне Дон Кіхота зь ветракамі. Толькі ў выпадку Дон Кіхота гэта было бясшкоднае дзівацтва. А як назваць тое, што робіць а.Пялінак? Можа, маніпуляцыя, у якой ён папракнуў мяне? Між іншым, Тлумачальны слоўнік беларускай мовы дае наступныя значэньні слова “маніпуляцыя”: «махінацыя, махлярства, падробка».

Я ніколі не сумняваўся ў патрэбе падаць да агульнага ведама гісторыю калье, але ўсё адкладаў, бо ведаў, што для многіх яна будзе балючай.

Гісторыя калье княгіні Радзівіл — гэта частка гісторыі спробаў адраджэньня Грэка-Каталіцкай Царквы ў Беларусі ў пачатку мінулага стагодзьдзя, пра што марылі найлепшыя сыны і дочкі беларускага народу. Вялікі сьвятар, патрыёт і паэта Казімер Сваяк (а.Канстатын Стаповіч) пісаў: “Думка аднэй Бацькаўшчыны Беларусі спалучае народ целам. Унія злучае душу народу”.

Улады і духавенства Каталіцкай Царквы ў Польшчы бачылі ў адраджэньні Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы пагрозу для іхнага “stanu posiadania”. З другога боку, папская камісія “Pro Russia” зь яе ідэяй “навярненьня” Расеі ня мела часу на такія дробязі, як духоўныя патрэбы беларусаў, у існаваньні якіх як асобнай нацыі яе сябры мелі паважныя сумневы. На чале Камісіі быў францускі езуіт Францішак Дэрбіньі, а адным зь ягоных верных паплечнікаў — генэрал марыянаў Францішак Бучыс. Вынік — Харбін, куды былі высланыя друйскія марыяне. Такім чынам, палякі пазбылся нявыгадных беларусіх сьвятароў, а камісія “Pro Russia” займела сваю “місію” для навярненьня Расеі. Адзінымі ахвярамі былі беларусы, але хто зь імі лічыўся? Таму на пытаньне а.Пялінака, ці праца марыянаў у Харбіне не была працягам працы ў Друі, можа быць толькі адзін адказ: “На жаль, так”. Княгіня Радзівіл не давала калье для Друі, а тым больш для Харбіна, але, як яна прыгадала Бучысу ў лісьце ад 8 жніўня 1931 г.: “…на справу навучальнай установы ў Рыме, у якой маглі б узгадоўвацца маладыя людзі на сьвятароў каталіцкага ўсходняга абраду, прызначаныя для навучаньня і пашырэньня сьв.Веры сярод беларускага народу на беларускай мове”.

Доўгія гады сьвятарства навучылі мяне не судзіць людзей. Таму і ў артыкуле я высьцерагаўся гаварыць пра маральнасьць асобаў, хоць прыходзілася зьвяртаць увагу на маральны аспэкт іхных учынкаў.

А.Пялінак сканчае свой адказ сказам: “Тым ня менш, даказвае гэта сумная і даволі заблытаная гісторыя непахісны і моцны для беларусаў пастулят: жыць для нашай Радзімы заўсёды было лягчэй за мяжой, бо тыя, што там жылі і жывуць, лепей ад нас бачаць, як тут трэба працаваць, маліцца і змагацца”. Калі ён хоча сказаць тое, што я думаю пасьля прачытаньня гэтых радкоў, дык гэта ня вельмі прыгожа. Не заўсёды ад нас залежыць, дзе жывем. Затое як мы жывем, вельмі залежыць ад нас. Біскуп Сіповіч, зь якім я меў гонар працаваць праз 35 гадоў, правёў амаль усё сваё дарослае жыцьцё далёка ад Бацькаўшчыны і памёр на чужыне. Тым ня менш, дай Бог кожнаму зрабіць столькі для Беларусі, колькі зрабіў ён.

Прачытаўшы ўважліва ліст а.Пялінака, я не знайшоў у ім нічога, што б змусіла мяне зьмяніць маю думку. Адносна “гістарычнай яснасьці” — лепш прамаўчаць… Калі ён ці хто іншы ня мае лепшых аргумэнтаў, дык лічу далейшую дыскусію на гэтую тэму бескарыснай. Dixi!

Рымляне казалі з Арыстотэлем: Amicus Plato, sed magis amica veritas. Варта нам пра гэта памятаць.

Аляксандар Надсан, Лёндан


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0