Сучасныя сагі

 

Злая інсэкта

Адна баба вярнулася з адпачынку з Турэччыны. Тамака яе за шыю ўкусіла нейкая жамярыца. Спачатку выскачыў зусім маленькі прышчык, але ён пачаў хутка расьці, нагадваючы памерам ладны фурункул. Скептычна ставячыся да дактароў, кабета ўзялася крэмамі ды гелямі лячыць сама сябе. А ён усё не праходзіў. Яна пайшла ў лазенку і, гледзячыся ў люстэрка, зьлёгку цісканула свой даймальны пухір. Той лопнуў, і зь яго пачалі выпаўзаць агідныя маленькія павукі. Кабету хапіў гістэрычны ўдар, і яна зьнепрытомнела.

Ня любяць у нас чужых краёў і багатыроў, што езьдзяць туды адпачываць.

 

Халодная лагода

Адна маладая й пэрспэктыўная трэнэрка рыхтавалася да правядзеньня чарговага сэмінару, абзвоньваючы зацікаўленыя ва ўдзеле няўрадавыя арганізацыі. Сярод сваіх працоўных запісаў яна знайшла тэлефон нейкае суполкі зь цёплым беларускім назовам “Лагода”. Калі на тым канцы паднялі слухаўку, яна са звыклай прыветнай жвавасьцю спыталася, ці сапраўды датэлефанавалася ў “Лагоду”. У адказ пачуўся абыякавы халодны голас бясполае істоты: “Нет, дзевушка, вы ашыблісь. Эта пінскі гарадзкі морг...”

Беларусы церпяць часам ня толькі ад выбрыкаў тэхнікі, але і ад собскае нядбаласьці.

 

Неспадзеўка на лыжах

Адна кабеціна каталася на лыжах, і захацелася ж ёй справіць малую патрэбу. Каб не марнаваць часу на дакучлівае расшпільваньне мацаваньняў, яна, не здымаючы лыжаў, “прысела” за кусьцікам. Аж раптам лыжы сьлізганулі, і жанчына так і паехала згары далоў. Стукнулася ў нейкі будан і з разнастайнымі пашкоджаньнямі была дастаўленая ў больніцу. У суседняй палаце ляжаў маладзён з паламанай нагой. “Ламанцы” за абедам сядзелі за суседнімі сталамі. Чуе жанчына, як хлопец распавядае сваім прыяцелям: «Еду, — кажа, — еду, а перад мной нейкая баба сядзіць на лыжах з голым азадкам. Я ад сьмеху ажно грымнуўся ды паламаў нагу”.

«Лыжныя гісторыі» з амэрыканскага фальклёру леглі ў аснову амэрыканскай камэдыі “Сьнежны патруль”. У цяперашняй Беларусі “лыжныя гісторыі” ў большасьці сваёй зьвязаныя зь імем А.Р.Лукашэнкі. Але ня ўсе, як бачым.

Сяргей Балахонаў


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0