З усёй краіны

 

На камісію за прастытуцыю

За апошні год адміністрацыйная камісія Крычаўскага райвыканкаму разгледзела больш за 400 адміністрацыйных справаў. Лідэрам сярод парушэньняў зьяўляецца абрыдлае ўжо п’янства на вытворчасьці. За любошчы зь “зялёным зьмеем” на працоўным месцы было пакарана 189 крычаўцаў. На другім месцы справы, якія тычацца тых, хто не падтрымлівае чысьціні вакол жытла. Такіх справаў было 150. Далей ідуць пакараньні за парушэньні пашпартнага рэжыму (44), нормаў гандлю (35), продаж гарэлкі непаўнагадовым (8). Цікава, што дзьвюх маладзіцаў пакаралі за прастытуцыю.

Андрэй Кузьмін, Крычаў

 

Сродкі на кенгуру

Гарадзенскі заапарк хоча набыць першага ў сваёй гiсторыi кенгуру. З гэтай мэтай правялі адзін дзень акцыю па зборы сродкаў. Дырэктарка заапарку Цэлiна Пагерыла дазволіла наведнiкам у гэты дзень прыходзіць у заапарк задарма, затое заклікала іх рабіць ахвяраваньнi на кенгуру. Аднак неабходных 400 даляраў сабраць не ўдалося. Сабраны 141 тысяча рублёў, 137 бананаў, 60 апэльсынаў, 4 кiвi, 91 бохан хлеба, 52 пачкi печыва i 2,3 кiлі цукерак. Сабраны харч скормяць жывёле.

Паводле БелаПАН

Пухам дарожка

Слонімская фабрыка пуха-пер’евых вырабаў, на якой працуюць 290 чалавек, будзе акцыянаваная з удзелам расейскага капіталу.

Расейская фірма “Соўпоў” мае атрымаць кантрольны пакет акцыяў фабрыкі. Са словаў дырэктара фабрыкі Ўладзімера Іванашкі, Беларусь трапіла ў сфэру дзейнасьці гэтай фірмы яшчэ раней. З удзелам “Соўпоў” (што месьціцца ў Сургуце) акцыянаваная Менская фабрыка мяккай цацкі ды Івянецкі завод мастацкай керамікі. На чарзе — прадпрыемствы ў Слоніме ды ў Капылі.

Слонімскі калектыў прагаласаваў за акцыянаваньне адзінагалосна. Людзі спадзяюцца, што будуць мець заказы на прадукцыю ды большыя заробкі. Дырэктар жа разьлічвае на фінансавую палёгку з боку дзяржавы. Хоць сёлета стан фабрыкі падушак і так палепшаў. Сярэдні заробак рабочых — 70 000 руб.

Ці ня сьведкі мы таго, пра што нядаўна папярэджваў Леанід Сініцын? Ён казаў, што нашу маёмасьць пачне хутка й за бесцань скупляць расейскі капітал.

 

Разьбіўся “МіГ”

«МіГ-29» пэруанскіх ваенна-паветраных сілаў разьбіўся падчас паказальнага палёту непадалёк ад ваеннай базы Чыклаё, за 760 км на поўнач ад сталіцы Лімы. Гэта быў адзін з 18 самалётаў, набытых у Беларусі ў 1996 г. У выніку карупцыйнае афэры яны абышліся Пэру ў 762 млн. даляраў пры рэальным кошце 400 млн.

Паводле Радыё Свабода

Спартовы тыдзень

Веснавое сёе-тое

Усяго пара дзён засталася да прыходу футбольнай вясны: у пятніцу моладзевая зборная Беларусі ў Кіеве паспаборнічае з украінцамі.

На наступны дзень на веснавую траўку “Алімпійскага” выйдуць нацыянальныя зборныя. Гульня ў Кіеве стане першай дзеяй веснавога спэктаклю. Праз чатыры дні ў Менску будзем біцца з нарвэжцамі. З 23 футбалістаў, якія рыхтуюцца да разборак, толькі чацьвёра гуляюць у нацыянальным чэмпіянаце, астатнія жывуць за мяжой.

На мінулым тыдні ўпершыню ў гісторыі нашай краіны былі асуджаныя футбольныя фанаты. Два прадстаўнікі фан-клюбу менскага “Дынама” атрымалі пакараньне (адзін асуджаны ўмоўна, другі правядзе ў калёніі 3 гады ды 1 месяц) за дэбош у 1999-м на стадыёне ў Барысаве, дзе менчукі заеліся з тамтэйшымі міліцыянтамі ды выдзерлі з паўсотні плястыкавых крэслаў (імі вельмі зручна шпурляцца). Бедакурылі яны ня ўдвух, аднак кантора Фэміды вырашыла па карку даць толькі двум фулюганам.

Баскетбалісты “Горадні-93” мараць пра месца ў прэстыжным турніры Паўночнаэўрапейскай Баскетбольнай Лігі. Для зьдзяйсьненьня сваіх мрояў гарадзенцы мусяць перамагчы ў адборачнай падгрупе, гульні ў якой пачнуцца праз тыдзень у горадзе, аблюбаваным калісьці Сьцяпанам Батурам. А на вершаліне беларускай баскетбольнай елкі адбыліся пературбацыі. Прэзыдэнт фэдэрацыі Ананьеў падаў у адстаўку. На яго месца паставілі ня менш баскетбольнага чалавека – палкоўніка КДБ Піменава.

Апошнім этапам кубку сьвету ў нарвэскім Халмэнколене завяршыўся біятлённы сэзон. Вадзім Сашурын па ягоных выніках аказаўся 11-м. Такія вышыні!..

Богусь Біятлянёнак

 

навіны гаспадарскія

Лес замест… жыта?

Нечаканасьцю мінулага тыдня сталася зьмяненьне парадку абмену наяўнай валюты. Цяпер абменныя пункты атрымалі права “спэцыялізавацца”: адны выключна на набыцьці, другія — на продажы. Пры гэтым баяцца такога “падзелу”, маўляў, ня трэба, бо новае правіла датычыць толькі некаторых “абменьнікаў”, якія знаходзяцца ў буйных крамах і іншых людных месцах. Словам, якраз там, дзе дагэтуль набыць валюту было больш-менш рэальна.

Тымчасам даляр пераскочыў чарговую планку ў 1300 рублёў. Дзяржаўная прэса адразу патлумачыла гэта сакавіцкім ростам “мінімалкі”, але, як тое часьцяком здараецца, сказала ня ўсё. У Беларусі пачынаецца чарговае “змаганьне за ўраджай”, якое ніколі не абыходзіцца без інфляцыйных ахвяраў. Вось і цяпер газэты, радыё і тэлебачаньне выбухнулі адмысловымі дэкрэтамі аб “падтрымцы вёскі”. Апроч павышэньня г.зв. сельгаспадатку з прамыслоўцаў, упершыню прагучалі зьвесткі аб намеры па завядзёнцы апошніх гадоў даць калгасам банкаўскія крэдыты. Праўда, адначасова сьцвярджаецца, што сёлета крэдытаў будзе не хапаць, а таму тым жа калгасам і саўгасам “настойліва параілі” шукаць уласныя сродкі. Бяда толькі, як прызнаюцца афіцыйныя эканамісты, “рэзэрваў” гаспадарак ня хопіць нават на выплату сьціплых заробкаў, запазычанасьці па якіх з кожным месяцам працягваюць павялічвацца ўдвая. І што рабіць зь вёскай, па-ранейшаму “ня ведае” ніхто. Асабліва калі ўзяць пад увагу, што да новага хлеба застаецца прынамсі паўгоду, а калгасныя каровы масава трапілі “пад нож” яшчэ пазамінулай зімой.

Аднак што да сельскай гаспадаркі, то надзея на нейкае выйсьце ўсё ж ёсьць. Віцебскія аграрнікі нарэшце ўголас прызналі, што няма сэнсу апрацоўваць чвэрць цяперашняга ворыва ў вобласьці, бо колькі ні ўкладай грошай у гэтую няўдобіцу, усё будзе дарэмным. Карацей кажучы, чым штогод мець хранічныя страты, дык лепш ужо проста пасадзіць тут… лес. Калі справа толькі на канстатацыі факту ня спыніцца, мы сапраўды можам стаць сьведкамі “польскага” варыянту рэформы. У Польшчы, як вядома, даўно нават не спрабуюць убіраць кавалкі жыта з ураджайнасьцю да 15 цэнтнэраў — урэшце салярка абыдзецца даражэй.

Але вёска з голаду не памрэ і ў такіх варунках. Яшчэ адной сэнсацыяй тыдня можна лічыць меркаваньне навукоўцаў, што адна толькі замена насеньня бульбы на больш якаснае здольная павялічыць яе ўраджайнасьць у прыватным сэктары краіны ў 2–3 разы. Як вынік, з кожнага гектару селянін можа мець да тысячы даляраў прыбытку, што, няцяжка падлічыць, адпавядае двухгадоваму “сярэднестатыстычнаму” заробку ў калгасе.

Сяржук Іваноўскі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0