апытаньне «НН»

 Пасьля Перамогі

Як Вы сьвяткуеце Дзень Волі дома? Як Вы ўяўляеце сабе сьвяткаваньне гэтага дня ў будучыні? Што будзеце рабіць 25 сакавіка 2001 г.? З такімі пытаньнямі зьвярнулася “НН” да сваіх чытачоў.

 

Славамір Адамовіч, паэт:

Паколькі ў мяне, на жаль, сям’і ў поўным сэнсе гэтага слова няма, то ў сям’і Дня Волі я не сьвяткую. Буду сьвяткаваць яго на мітынгу й шэсьці, калі такія ўдадуцца. Хачу выйсьці прыстойна апрануты, каротка пастрыжаны, прайсьціся па вуліцах разам з маладзейшымі сябрамі ды сяброўкамі. Мяркую, што сямейным сьвятам Дзень Волі зможа стаць толькі пасьля Перамогі. Мне ўяўляецца, што дома, у сям’і трэба адзначаць нешта ўзьнёслае, тое, што выглядае сьветла. Пасьля Перамогі ўсё зьменіцца, але калі тое будзе?.. Мабыць, толькі тады, калі прычакаем зьмены пакаленьняў...

Адам Глёбус, пісьменьнік:

Дзень Волі — гэта не сямейнае сьвята. Я лічу, што Дзень Волі трэба сьвяткаваць на вуліцы. Трэба выходзіць і сьвяткаваць! Калі ж нам нехта паспрабуе забараніць, мы павінны яго біць.

Алег Дашкевіч, кінадакумэнталіст:

Сьвяткаваць Дзень Волі ў хаце? Ну якое ж гэта хатняе сьвята? Гэта — фаервэрк! Гэта скандаваньне, шэсьце, шматтысячнае “Жыве Беларусь!” І ўсё гэта сканчаецца — ня ведаю, як атрымаецца ў гэтым годзе, але звычайна — сапраўды сьвяточна: застольлем недзе ў Траецкім прадмесьці. Застольлем зь сябрамі, аднадумцамі, знаёмымі альбо часам і незнаёмымі. Зь песьнямі, танцамі, часам з бойкамі.

Павал Жук, выдавец газэты “Наша Свабода”:

Я сябе адчуваю вольным заўсёды, і Дзень Волі для мяне — як рыбны дзень (быў такі калісьці ў савецкіх сталоўках). Дзень Волі — гэта нацыянальнае сьвята. Для мяне й маіх родных гэта асаблівы дзень: абавязкова віншую са сьвятам маці, яна мяне віншуе... Але звычайна я сьвяткую болей на вуліцы. Потым ужо можа быць працяг...

Кася Камоцкая, рок-сьпявачка:

Ня ведаю, ці атрымаецца для мяне 25 сакавіка сямейнае сьвята. Відаць, пойдзем на мітынг. Трэба зрабіць гэта хоць бы па грамадзянскім абавязку. Пасьля мітынгу можна выпіць зь сябрамі піва за Дзень Волі, ці нават чаго мацнейшага. Звычайна атрымліваецца гэткае стыхійнае сьвяткаваньне сваёй кампаніяй у кагосьці ўдома. Але шмат што залежыць ад разьвіцьця падзеяў на вуліцах Менску. Калі падзеі будуць разгортвацца жорстка, як год таму — будзе ўжо не да пасядзелак зь півам. Тады трэба будзе адсочваць, што адбываецца, каго забралі, слухаць навіны, глядзець тэлевізію... Я ня ведаю, як зараз гэтае сьвята можна проста спакойна адзначыць у сваёй хаце. Усё роўна яно шчыльна павязанае з падзеямі за вакном тваёй хаты, хочаш ты таго ці не.

Ціна Клыкоўская, рэдактар газэты “Маладзёжны праспэкт”:

Дзень Волі — гэта сямейнае сьвята, а не палітычнае, і памыляюцца тыя людзі, якія лічаць, што абавязкова трэба ісьці на мітынг. Гэтае сьвята трэба адзначаць у сям’і. І трэба дзяцей з маленства прывучаць да таго, што гэтае сьвята адзначаецца з роднымі й блізкімі. Але ў нашай краіне гэткія ўмовы, што трэба ісьці на мітынг. Таму на мітынг я, вядома, пайду, нягледзячы на надвор’е. Хоць я спадзяюся, што калі-небудзь 25 сакавіка будзе пачынацца з паходу ў царкву альбо на могілкі, да продкаў, што аддалі за волю жыцьцё. Трэба ісьці ў царкву, потым гатаваць смачныя стравы, а ўвечары прымаць гасьцей, сьвяткаваць Дзень Волі ў добрай кампаніі блізкіх сяброў, з пляшкаю добрага напою. Бо ў добрай краіне людзі могуць піць толькі добрыя, дарагія напоі...

Карлас Шэрман, віцэ-прэзыдэнт Беларускага ПЭН-цэнтру:

Дзень Волі — гэта грамадзкае, народнае сьвята, гэта сьвята ўсіх нас. Звычайна я праводжу яго разам са сваімі калегамі. Менавіта ў Дзень Волі мы ўручаем літаратурныя прэміі імя Багушэвіча. Маем магчымасьць сустрэцца і адзначыць кагосьці з калегаў за добрую працу на карысьць Беларусі. Чые творы адзначым цяпер? Гэта стане вядома толькі ў Дзень Волі.

 

Паводзіны ўладаў поўнасьцю адкідаюць надзею правесьці нацыянальнае сьвята ціха й па-хатняму. Затое ёсьць надзея, што ўсё яшчэ наперадзе, спадзеў на сюрпрызы ды розныя варыяцыі. Мо будзем бавіць вечар у мяне дома пад сьпевы бардаў, а мо давядзецца пісаць новы абураны рэпартаж бязь сьпеваў і піва... Далёка яшчэ да беларускай вясны, калі дэманстрацыя на Дзень Волі з акцыі пратэсту ператворыцца проста ў сьвяточную!

Апытвала Тацяна Сьнітко


Пераводзячы гадзіньнік
будзем пільнымі і мірнымі

Сёлетні Дзень Волі можна назваць юбілейным. Гэта пяцігодзьдзе першай крыві на менскіх вуліцах за часам кіраваньня краінай Лукашэнкі. Пяць год таму менавіта ў Дзень Волі пачалася “Менская вясна-96”...

Гэтым разам арганізатары сьвяткаваньня прапаноўваюць удзельнікам сабрацца 25-га, у нядзелю, а 14-й гадзіне на Юбілейнай плошчы (мэтро “Фрунзэнская”). Мітынг жа павінен адбыцца на Пляцы Волі. Мітынгу мае папярэднічаць шэсьце па праспэкце Машэрава. З заяўкай на гэта да менскіх уладаў зьвярнулася больш за сто дзеячоў апазыцыі. У пятніцу Менгарвыканкам даў адказ, які ня дзівіць навіной: улады дазволілі адзначаць Дзень Волі толькі ў парку на Бангалоры. Але, на думку аднаго з арганізатараў сьвяткаваньня, Вячаслава Сіўчыка, настрой афіцыйных асобаў апошнім часам сьведчыць пра іхнае нежаданьне прадпрымаць сілавыя меры стрыманьня супраць мірных дэманстрантаў. Таму паўтарэньня падзеяў Дня Волі-2000 (тым больш 1996-га) цяпер, у 2001 г., быць не павінна. Дарэчы, па просьбе Вячаслава Сіўчыка нагадваем нашым чытачам, што якраз 25-га, г. зн. у апошнюю нядзелю сакавіка, стрэлкі гадзіньнікаў мусяць быць пераведзеныя на летні час — на адну гадзіну наперад. Так што, калі ласка, не забудзьцеся на гадзіньнікі і нікуды не спазьняйцеся!

Т.С.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0