Хроніка сямі гадоў

1994—2001

1994

1 сьнежня

На сэсіі Гомельскага аблсавету Аляксандру Лукашэнку задаюць пытаньне, чаму Вярхоўны Савет не разглядае законапраектаў, якія прапануюцца фондам Лява Сапегі. Аляксандар Лукашэнка адказвае, што ня час разглядаць ініцыятывы таварыша Лява Сапегі, хай той, маўляў, пачакае... Віктар Шалкевіч адкажа на гэта “Балядай пра таварыша Сапегу”.

На плошчы, замеценай сьнегам,

Часоў так зь пяці да шасьці

Стаяў разьняшчасны таварыш Сапега

На дліннам і скользкам пуці…

…Імею я ўласьць і атраду,

Забыў пра нуду і бяду.

Куды жа цяпер, ядры её маму,

Краіну сваю павяду?

22 сьнежня

У Менску газэты “Звязда”, “Народная газета”, “Советская Белоруссия” выйшлі зь белымі плямамі на месцы дакладу Антончыка, які выкрываў карупцыю ў Лукашэнкавым атачэньні.

27 сьнежня

Нелегальна, накладам 100 тыс. асобнікаў, выйшаў нумар газэты “Свабода” (адбітай “у друкарні імя Аляксандра Лукашэнкі”) з поўным варыянтам дакладу Сяргея Антончыка і паэмай Ведзьмака Лысагорскага “Лука Мудзішчаў — прэзыдэнт”.

 

Наш прэзыдэнт Лука Мудзішчаў

(Даруй нам, Пушкін, вольны тон)

Меў дужа грозныя вусішчы

І надта сіплы барытон.

Ён быў дырэктарам саўгасу —

Надойваў рэкі малака,

Даваў дзяржаве бульбу, мяса...

«Чырвоным панам» быў Лука.

Умела кіраваў? Няўмела?

Хай скажуць курыца і гусь.

Ды думка ў галаве засела:

«Я осчастлівлю Беларусь».

 

1995

4 студзеня

У Менску пара дзясяткаў чалавек выйшлі на пляц Незалежнасьці з патрабаваньнем спыніць ганеньні на свабодную прэсу ў Беларусі. Акцыя была жорстка разагнаная чатырма ўзводамі амонаўцаў пад камандаваньнем падпалкоўніка Французава. Жорстка зьбіты прафэсар БДЭУ Мікола Савіцкі.

Студзень

Першы намесьнік Генпракурора Ў.Кандрацьеў узбудзіў крымінальную справу супраць гр.В.Лысагорскага па факце публікацыі ў газэце “Свабода” паэмы “Лука Мудзішчаў — прэзыдэнт”.

15 лютага

Газэта “Свабода” надрукавала верш “Лука Мудзішчаў адказвае Ведзьмаку Лысагорскаму”.

Хто канфрантацыі ня ішчэт,

Цем канструкціўный дам атвет.

Пусьць я Лука, пусьць я Мудзішчаў,

Но я ішчо і прэзідзент!

Што нада на этапе этам?

Халяўны газ, нефць за пятак.

Нам, бедным, нішчым і разьдзетым,

Расія даст за проста так…

3 красавіка

У Менску ўлады спынілі працу 8 каналу тэлебачаньня — лібэральнага і патэнцыйна небясьпечнага для рэжыму.

11 красавіка

Дэпутаты апазыцыі БНФ пратэстуюць у парлямэнце супраць ухваленьня большасьцю прэзыдэнцкай ініцыятывы наконт рэфэрэндуму па зьмяненьні сымболікі краіны і статусу беларускай мовы і абвяшчаюць галадоўку.

Ад імя апазыцыі БНФ да парлямэнту зьвяртаецца Зянон Пазьняк. “Спадары дэпутаты!.. Што ж прапануеце вы цяпер разам з вашым прэзыдэнтам, якога вы прыдумалі, спадары намэнклятурныя дэпутаты? Што прапануеце вы цяпер, “пад заслону”, у канцы вашай бясплённай, разбуральнай дзейнасьці? Абрабаваўшы народ, вы, топчучы Канстытуцыю і закон, прапануеце яму рэфэрэндум аб яго сьвятой беларускай мове, аб яго гістарычным сьцягу і гербе ва ўмовах жабрацтва, бяспраўя, інфармацыйнай блякады і поўнага беззаконьня. Абрабаваўшы народ, вы гатовы прадаць незалежнасьць яго Бацькаўшчыны, кінуць яго пад эксплюатацыю і расправу сваёй і замежнай мафіі. Вось вынік вашай пяцігадовай дзейнасьці. Мы, дэпутаты Апазыцыі Беларускага Народнага Фронту, пратэстуем супраць зьдзеку з нашага народу, з нашай Айчыны, Канстытуцыі і законаў Рэспублікі Беларусі. Вычарпаўшы ўсе магчымасьці, у знак пратэсту супраць антызаконнасьці і згубнасьці вашых дзеяньняў, мы аб’яўляем галадоўку тут, у цэнтры залі. Пачынаем яе цяпер, з гэтай хвіліны. Мы патрабуем выкананьня Канстытуцыі, законаў Беларусі, свабоды слова і ліквідацыі цэнзуры, спыніць рабаваньне народу і Бацькаўшчыны. З.Пазьняк, С.Антончык, Л.Баршчэўскі, Ю.Беленькі, І.Гермянчук, В.Голубеў, Б.Гюнтэр, Л.Дзейка, Ул.Заблоцкі, Л.Зданевіч, М.Крыжаноўскі, М.Маркевіч, В.Малашка, С.Навумчык, С.Папкоў, П.Садоўскі, А.Трусаў, А.Шут”.

Дэпутаты БНФ разьмясьціліся наўпрост ля трыбуны. Але ў ноч з 11 на 12 красавіка яны былі гвалтам выкінутыя з Авальнай Залі спэцназаўцамі ў масках.

12 красавіка

АМОН жорстка разагнаў беларускіх грамадзянаў, што прыйшлі пад бел-чырвона-белымі сьцягамі на пл.Незалежнасьці ў Менску пратэставаць супраць гвалту над дэпутатамі. “Беларусяй кіруе хунта”, — кажа Васіль Быкаў.

12 траўня

У Менску ў Купалаўскім тэатры на паказе “Тутэйшых” Янкі Купалы пасьля ўздыму бел-чырвона-белай стужкі гледачы паўставалі зь месцаў і сталі выгукваць “Жыве Беларусь!” і “Ганьба лукашэнкаўскаму рэфэрэндуму!”. Узьнікае добрая традыцыя на гэтым спэктаклі падчас уздыму дзьвюх белых і чырвонай стужкі ўставаць і вітаць іх воклічам “Жыве Беларусь!”

14 траўня

Улады вымушаныя сфальшаваць вынікі рэфэрэндуму пра мову, сымболіку і замежнапалітычную арыентацыю краіны, каб атрымаць станоўчы для сябе вынік. Пра памеры фальсыфікацыяў сьведчыць той факт, што ў Менску ў рэфэрэндуме бярэ ўдзел толькі 52% выбарцаў, а ўсяго ў краіне — 64%, за кошт прымусовага галасаваньня і мёртвых душаў. Дзеячы культуры і нацыянальная інтэлігенцыя адмаўляюцца прызнаць вынікі рэфэрэндуму.

21 траўня

Пробашч касьцёлу ў Мёрах Ё.Пятрайціс “павіншаваў” вернікаў з вынікамі рэфэрэндуму, “са зьменай крыжа Хрыста на зорку Шатана на дзяржаўным гербе”. У касьцёле ня месца людзям, якія прагаласавалі на рэфэрэндуме за гэта! — абвяшчае ён у казані.

24 траўня

Студэнты БДУ зладзілі акцыю пратэсту пад вокнамі прэзыдэнцкай адміністрацыі. Напачатку яны хадзілі з закладзенымі за галаву рукамі, сымбалізуючы паліцэйскую краіну, і трымалі долу чырвона-зялёны сьцяг, які пасьля ўпрыгожыў грамадзкую прыбіральню ў Цэнтральным сквэрыку (“на панікоўцы”), а прыканцы акцыі быў падраны на шматкі. Амонаўцы разагналі акцыю дубінкамі і арыштавалі 20 чалавек.

25 траўня

Кіраўнік беларускага радыё Ўладзімер Ядранцаў забараніў выпускаць у этэр песьню Касі Камоцкай “Прэзыдэнт, ідзі дамоў!” і песьні Касі ўвогуле.

21 чэрвеня

Менскія ўлады забаранілі сьвяткаваць Купальле ў парку імя Горкага. Народ зьбіраецца, нягледзячы на забарону, і сьпявае разам з Касяй Камоцкай “Прэзыдэнт, ідзі дамоў!”.

26 ліпеня

У Коханаве на коміне заводу будматар’ялаў (вышынёй 50 м) зьявіўся бел-чырвона-белы сьцяг. Тры тыдні ніхто не рызыкаваў падымацца па трубе з іржавымі скобамі, каб зьняць яго.

Зьявіўся нацыянальны сьцяг і над будынкам Лідзкага гарвыканкаму.

Усе гады лукашэнкаўскага кіраваньня людзі ва ўсёй краіне будуць пратэставаць, уздымаючы бел-чырвона-белыя сьцягі на сваіх дамах і ў людных месцах, — усіх выпадкаў немагчыма пералічыць.

27 ліпеня

У Лёзне на будынку райбыткамбінату нейкі нікому не вядомы “Мірон”, які стане сапраўднай легендай нацыянальнага супраціву, вывесіў свой першы сьцяг.

У Менску некалькі тысячаў чалавек пад сотнямі бел-чырвона-белых сьцягоў узялі ўдзел у сьвяткаваньні Дня Незалежнасьці — яшчэ дзяржаўнага сьвята, але ўжо амаль ігнараванага ўладамі. Міліцыя арыштоўвае 20 чалавек.

Ліпень

Лявон Вольскі піша «Партызанскую»:

Мы партызаны, лясныя браты,

Мы партызаны, з вайной мы на ты,

Мы партызаны, любім наш край,

Ачысьцім наш край ад чужынскіх зграй!

17 жніўня

Застрайкавалі менскія мэтрапалітэнаўцы. Афіцыйная прапаганда лямантуе пра іхныя вялікія заробкі. У Гомелі тымчасам распачаўся страйк кіроўцаў тралейбусаў. 20 жніўня Лукашэнка загадвае звольніць страйкоўцаў, заяўляючы: “…гэтыя сілы хочуць зрабіць так, як у Польшчы, дзе “Салідарнасьць” зьмяла структуры і прыйшла да ўлады”. На іх месца набіраюцца страйкбрэйкеры з Воршы, а таксама Масквы і Пецярбургу.

21 жніўня

У Менску ля будынку Свабоднага прафсаюзу амонаўцы арыштавалі 20 актывістаў Свабоднага прафсаюзу і страйкоўцаў-мэтрапалітэнаўцаў, у тым ліку старшыню Свабоднага прафсаюзу мэтрапалітэну Ўладзімера Макарчука і старшыню прафсаюзу чыгункавага транспарту Мікалая Канаха. Вечарам у сядзібе СПБ праведзены ператрус. Сярод канфіскаваных рэчаў — карыкатура з выявай калгасьніка, падазрона падобнага да прэзыдэнта краіны.

5 верасьня

У Берасьці арыштаваны нумар незалежнай газэты “Шлях” з карыкатурай, на якой вусата-лысаваты мужчына трымае ў руках вянок, падобны да герба Беларусі з подпісам: “Я зрабіў усё, што мог”.

22 кастрычніка

У Нью-Ёрку, на пляцы Дага Гамэршэльда, ля будынку ААН, падчас Генэральнай Асамблеі ААН амэрыканскія беларусы (200 чалавек) зладзілі дэманстрацыю пратэсту супраць рэпрэсіяў у Беларусі. Дэманстранты трымалі бел-чырвона-белыя сьцягі і плякаты: “Лукашэнка — прыгнятальнік Беларусі”, “Не” — аднаўленьню савецкай імпэрыі”, “Далоў лукашызм” і г.д. Потым маніфэстанты прайшлі вуліцамі Нью-Ёрку, сьпяваючы “Мы выйдзем шчыльнымі радамі”.

 

1996

6 лютага

У фае гістфаку БДУ студэнты спалілі чырвона-зялёны сьцяг. З тае пары адміністрацыя гістфаку вымушаная хаваць абавязковы для дзяржаўнай установы сьцяг пад шклом.

15 сакавіка

У Лёзьне ўначы Мірон вывесіў бел-чырвона-белы сьцяг на саракамэтровай трубе райбыткамбінату — самым высокім збудаваньні гораду. Да сьцяга быў прымацаваны аркуш паперы з тэкстам: “Калі ты беларус, падыміся з калень. Досыць ганьбіць сябе перад памяцьцю продкаў! Калі ж ты беларус — вярні памяць сваю. Вярні сьцяг свой, “Пагоню” і мову! Жыве Беларусь!”.

У Горадні міліцыя разагнала шэсьць пікетаў, арганізаваных Беларускім Народным Фронтам. Тады пікетоўшчыкі сабраліся ў вялізарную гурму ў цэнтры гораду. За час акцыі было сабрана 700 подпісаў у падтрымку Канстытуцыі і 400 подпісаў супраць палітыкі Аляксандра Лукашэнкі.

24 сакавіка

У Менску сьвяткавалі Дзень Волі, 78-ю гадавіну незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі. Хоць дэманстрацыя не была санкцыянаваная гарадзкімі ўладамі, пад 30 тыс. грамадзянаў сабралося ля Плошчы Незалежнасьці, праходы на якую былі загароджаныя.

“У мінулую нядзелю, як звычайна, я з суседкай паехала ў Чырвоны касьцёл да службы. Але не пасьпелі мы сысьці з тралейбуса, як дарогу нам перагарадзілі мусара. Мы ім кажам: “Сыночкі, прапусьціце да касьцёлу памаліцца”. Яны ў адказ: “Нельга, забаронена”. Я ўжо сабралася абыходзіць міліцэйскі ланцуг, як бачу, мая суседка хоча прайсьці кардон, а нейкі здаравенны паставы схапіў яе за грудзі і пачаў трэсьці, як грушу. А потым так піхнуў, што яна ўпала на тратуар, шапка адляцела ў брудную лужыну. Я ня вытрымала, кінулася да яго і пачала сарамаціць: як ты можаш біць жанчыну, якая ў маці табе гадзіцца. Тут раптоўна другі міліцыянт так стукнуў мне кулаком у жывот, што аж дыханьне заняло, і я павалілася каля ягоных ботаў. Лекары кажуць, пашкоджана рабро… Вось і памалілася” (Валянціна Шымко, 61 год, “Свабода”, 29 сакавіка, 1996).

Каля 12-й дэманстранты рушылі па праспэкце Скарыны, скандуючы «Луку на муку», «Здраднік», «Імпічмэнт», «Ганьба», «Незалежнасьць». Ля Опэры адбыўся ўрачысты мітынг, на якім выступілі В.Быкаў, С.Багданкевіч, З.Пазьняк, Г.Карпенка, Н.Гілевіч, А.Дабравольскі. Сяргей Антончык заклікае сабраць Лукашэнку грошай на квіток у Расею, у адзін бок. Пасьля мітынгу дэманстранты рухаюцца да будынку тэлевізіі, што на Камуністычнай, каб патрабаваць прадастаўленьня этэру апазыцыйным палітыкам. Будынак тэлевізіі быў ачэплены спэцназам, які з дапамогай шчытоў і дубінак спыніў дэманстрантаў.

“Я цяпер лячуся ў 2-й гарадзкой лякарні. А ў нядзелю 24-га выйшла на вуліцу падыхаць сьвежым паветрам. Каля тэлецэнтру ўбачыла шмат людзей, падышла бліжэй. Нечакана ў натоўп рынуліся міліцыянты, махаючы дубінкамі. На маіх вачах моцна зьбілі ляжачую дзяўчыну, якая ўпала, зачапіўшыся за кусты. А мужчыну, які спрабаваў яе абараніць, мардасты міліцыянт стукнуў рацыяй па галаве, і той заліўся крывёю. Я ўжо ня памятаю, як падбегла да таго мардастага, выцягнуўшы ўперад рукі. І ў гэты момант збоку атрымала моцны ўдар дубінкай…” (Зінаіда Сачанка, 56 гадоў, “Свабода”, 29 сакавіка, 1996).

25 сакавіка

У Менску адчыняецца выстава мастацкай суполкі “Пагоня”, прымеркаваная да чарговых угодкаў БНР. Сярод экспанатаў выставы — вусатае пудзіла балотна-шэрага колеру ў мэталёвай касцы, з гумовай дубінкай і бярозавым венікам, падпярэзанае чырвона-зяленай стужкай з тэніснай ракеткай; на грудзях — плякацік з Лукашэнкавымі выказваньнямі пра Гітлера.

У Горадні пасьля сьвяточнага мітынгу над будынкам абласной бібіліятэкі імя Карскага быў узьняты бел-чырвона-белы сьцяг, які правісеў два дні.

Уначы з 25 на 26 сакавіка Зянон Пазьняк і Сяргей Навумчык, супраць якіх была ўзбуджаная крымінальная справа, нелегальна пакідаюць Беларусь праз украінскую мяжу.

31 сакавіка

У Менску ўлады ладзяць акцыю падтрымкі палітыкі Лукашэнкі. Да Палацу спорту аўтобусамі сілком звозяць «прадстаўнікоў працоўных калектываў» з чырвона-зялёнымі сьцягамі. Некалькі студэнтаў БДУ з суседняга інтэрнату №4 прарываюцца на «мітынг» зь бел-чырвона-белымі сьцягамі і скандуюць “Жыве Беларусь!”

1 красавіка

Каля галоўнага корпусу БДУ 60 студэнтаў ладзяць сатырычна-рэлігійны пэрформанс пад назвай “Жалобная інтэграцыйная цырымонія”. Выпадковыя мінакі і студэнты рагочуць, назіраючы за дасьціпнай акцыяй.

2 красавіка

Ува ўсёй краіне адбыліся акцыі пратэсту супраць падпісаньня Дамовы пра ўтварэньне “Супольнасьці Расеі і Беларусі”, што пагражае апошняй стратай незалежнасьці.

У Менску ўжо а 15-й гадзіне міліцыя перакрыла падыходы да плошчы Незалежнасьці. Значныя сілы спэцназаўцаў, дзясяткі закратаваных машынаў і грузавікоў разьмясьціліся ў ваколіцах Адміністрацыі прэзыдэнта. Нягледзячы на запужваньне, прыкладна а палове на 6-ю вечара дэманстранты рушылі па праспэкце ў бок Кастрычніцкай плошчы і на скрыжаваньні з вул. Камсамольскай выйшлі на праезную частку. Калёна вырасла да 30 тыс. чалавек.

У Магілёўскім пэдінстытуце наладжаны жартаўлівы збор подпісаў за далучэньне Магілёва да Швэцыі.

5 красавіка

У Менску чыноўнікі з аддзелу адукацыі падчас нарады з дырэктарамі ўсіх менскіх школаў пагражалі пэдагогам звальненьнем, калі будзе засьведчаны іхны ўдзел у шэсьці і мітынгу 2 красавіка.

Супрацоўнікі КДБ арыштавалі паэта і журналіста “Нашай Нівы” Славаміра Адамовіча. Падстава — публікацыя ў віцебскай газэце “Выбар” верша-пародыі “Убей президента” (“Убей эту сволочь, которая так гнусно топорщит усы”). КДБ “падазрае”, што Адамовіч заклікаў забіць менавіта прэзыдэнта Беларусі. 24 красавіка пракуратура правядзе ператрус у рэдакцыі “НН”, шукаючы дакумэнты, зьвязаныя з асобай Славаміра Адамовіча. У нумары за 12 жніўня 1996 г. “НН” пісала: “7 жніўня сьледчы КДБ тав. Сакольчык адмовіў маці паэта ў сустрэчы з сынам. Калі кабета, якая прыехала аж з-пад Будслава, зьвярнулася па дапамогу да адваката, той высьветліў, што падставаю для адмовы стала тое, што сьледзтва ў КДБ ужо скончанае і па дазвол на сустрэчу трэба зьвяртацца ў Вярхоўны Суд. Там, у сваю чаргу, растлумачылі, што трэба зьвяртацца ў Віцебск, куды ўжо накіравана справа. У Вярхоўным Судзе прызналі, што парушана працэдура, бо самога Адамовіча мусілі ўжо канваяваць туды ж. Спробы зьвязацца зь Віцебскам таксама былі безвыніковыя. Віцебскі абласны суд мусіў даць дазвол на сустрэчу маці з сынам, які зьняволены ў сьледчым ізалятары КДБ у Менску!.. Шкада гэтай жанчыны, якая ня можа зразумець, што адбываецца ў краіне…”.

13 красавіка

У Вільні Зьвяз Беларускай Моладзі Віленшчыны зладзіў ля пасольства Беларусі на вуліцы Міндоўга абрад “Выгнаньне шатана”, намякаючы, што лукавы — ня хто іншы, як першы прэзыдэнт Беларусі.

26 красавіка

“Чарнобыльскі шлях”, прысьвечаны 10-м угодкам катастрофы, у якім узялі ўдзел 50 тыс. чалавек, набыў выразны антылукашэнкаўскі характар. Студэнты Акадэміі мастацтваў нясуць фігуру вялізнай чорнай птушкі, што нібыта праляцела над 4-м энэргаблёкам. Самі студэнты ідуць у масках-копіях птушкі-мутанта. Празь нейкі час галава птушкі адвальваецца, і з чэрава вырываецца дым. На пл.Якуба Коласа адбываецца жорсткая сутычка дэманстрантаў з спэцназаўцамі. “Я не чакаў такога павароту падзей, гэтых зьверстваў, як і гэтага ўдару ў вока — яшчэ б на сантымэтар, і ўсё. Я кінуўся бараніць абраз “Маці Божай Ахвяраў Чарнобылю”, што несьлі жанчыны. Я ня мог дазволіць, каб ён упаў, я яго падхапіў, і мне было ўсё роўна, што будзе далей, — я пайшоў наперад. Тут несьлі харугвы, сьцягі — гэта была самая галава калёны. Немагчыма было адступаць, спыніцца — і я пайшоў напралом, проста на амонаўцаў. У мяне такое ўражаньне, што яны наўмысна мецілі ў вока, і не гумовай дубінкай, а такой — з шыпамі на канцы, я пасьпеў заўважыць. Я пасьля гэтых падзей адчуваю нейкую зьмену ў сабе, нейкі пералом. Як быццам мяне ўнутры замянілі — ня страх адчуваю, ня роспач, а наадварот, як бы нейкі мэханізм падключыўся, які надае нейкую энэргію, моц. І таксама творчы пад’ём. Галоўнае, я адчуваю, што я не адзіны. Розныя пакаленьні, моладзь і старыя, мастакі, пісьменьнікі, інтэлігенцыя. Адным словам, гонар нацыі, гэта тыя, хто цяпер у апазыцыі” (Мастак Алесь Марачкін, інтэрвію для кнігі “Менская вясна”, што выйшла ў Менску ў падпольнай друкарні).

Паўз кардоны спэцназу дэманстранты прарываюцца да Палацу Спорту, дзе падчас мітынгу патрабуюць адстаўкі Лукашэнкі. На прапанову Зянона Пазьняка людзі ўшаноўваюць памяць Джахара Дудаева хвілінай маўчаньня. Па сканчэньні мітынгу міліцыя арыштавала каля 200 чалавек. Найперш людзей затрымлівалі ля станцыі мэтро «Кастрычніцкая», ля ГУМу, на пл.Перамогі. Асноўным крытэрам была беларуская мова, згорнутыя нацыянальныя сьцягі, значкі на грудзёх. На людзей наляталі і асобы ў цывільным, і спэцназаўцы ў масках. Арыштаваная таксама група ўкраінцаў з УНА-ЎНСО, што прыехалі паўдзельнічаць у шэсьці на знак салідарнасьці зь беларускім рухам — супраць іх узбудзілі крымінальную справу.

У Магілёве мітынг пратэсту сабраў 2 тыс. чалавек. Пасьля ўдзельнікі мітынгу хадзілі па цэнтральных вуліцах, скандуючы “Жыве Беларусь!” і “Луку на муку!”

28 красавіка

Юры Хадыка і Вячаслаў Сіўчык, арганізатары “Чарнобыльскага шляху”, абвесьцілі галадоўку ў сьледчым ізалятары на Валадарцы.

1 траўня

У Менску першамайская калёна сацыял-дэмакратаў на чале з М.Статкевічам пад бел-чырвона-белымі сьцягамі рушыла ад пл.Якуба Коласа на пл.Незалежнасьці і за час руху ўзрасьла з 200 чалавек да 7 тыс. Каля гарвыканкаму 30-гадовы рабочы Аляксандар Міхалевіч спаліў каляровы партрэт Лукашэнкі, якія якраз тымі месяцамі зьявіліся ў кнігарнях.

2 траўня

Аляксандар Міхалевіч, які днём раней спаліў партрэт Лукашэнкі, схоплены спэцслужбамі проста на вуліцы.

9 траўня

У Менску міліцыя не дазволіла Беларускаму дэмакратычнаму аб’яднаньню вэтэранаў пад бел-чырвона-белымі сьцягамі ўскласьці кветкі да помніка Перамогі.

14 траўня

У Віцебску ўначы на коміне Віцебскай ЦЭЦ зьявіліся нацыянальныя сьцягі.

У Менску на пікет ля рэзыдэнцыі прэзыдэнта з патрабаваньнем вызваліць палітычных вязьняў сабраліся пад 3 тыс. чалавек.

15 траўня

У Беластоку на дэманстрацыю пратэсту каля Генэральнага кансуляту Беларусі сабралася каля тысячы чалавек.

17 траўня

У Варшаве акцыя падтрымкі дэмакратыі і незалежнасьці Беларусі каля будынку пасольства Беларусі сабрала тысячу чалавек.

21 траўня

Галадоўка Юр’я Хадыкі і Вячаслава Сіўчыка, што цягнулася 23 дні, скончылася перамогай — яны вызваленыя з-пад варты.

27 траўня

Падчас выступу ў менскай Опэры “Віртуозаў Масквы” міністар культуры паспрабаваў зачытаць прывітаньне ад А.Лукашэнкі — і быў абсьвістаны публікай.

30 траўня

Ля станцыі мэтро “Кастрычніцкая” ў Менску адбыўся пікет у падтрымку палітвязьняў. Спэцназ выцесьніў людзей з Цэнтральнага сквэру на праспэкт Скарыны. Дэманстранты пайшлі ў бок Галоўпаштамту, але трапілі ў засаду спэцназу ля Нацбанку. Пачалася жорсткая расправа: дубінкамі, кулакамі, пісталетамі зьбівалі і старых, і малых. Тых, хто падаў на асфальт альбо спрабаваў бараніцца, хапалі і кідалі ў закратаваныя машыны. Усяго арыштавана каля 100 чалавек.

“30 траўня разам зь пікетчыкамі я павольна ішоў па тратуары ўздоўж праспэкту. Каля будынку Нацыянальнага банку я нечакана трапляю ў паток, які рухаецца ў адваротным кірунку: бягуць дзеці, моладзь, жанчыны, а за імі — АМОН з дубінкамі, хвастаюць чым папала. Усё закружылася, я зразумеў, што трапіў у пастку: з двух бакоў перакрыты тратуар. Крыкі, кроў… Нейкі мужчына з гаспадарчай кайстрай у руках крычыць: “Што ж Вы робіце! Вы зьбіваеце невінаватых людзей! Вы за гэта адкажаце”. Потым схіліўся над жанчынай, якая ўпала. Яго схапілі. Тут жа хапаюць і мяне. Не вырываюся, ведаю, што ня мае сэнсу. Садзяць у “варанок”. Сьледам за мною запіхваюць яшчэ аднаго затрыманага, потым трэцяга. Машына запоўнілася — 6 чалавек. У машыне падняліся яшчэ два амонаўцы (усяго тры) і сталі па-зьверску зьбіваць людзей. Гучалі каманды “На калені!”, “Галаву ўніз!”, стаяла нецэнзурная лаянка, білі па галовах і сьпінах…” (Карызна Аляксандар, 65 гадоў, пэнсіянэр. Менская вясна — 1996. Менск, 1999).

Як і 26 красавіка, арыштаваным прад’яўлялі аднатыпныя абвінавачваньні ў “парушэньні грамадзкага парадку” і “нецэнзурнай лаянцы”. Сярод тых, хто “нецэнзурна лаяўся”, аказаўся і глуханямы дэманстрант, навучэнец спэцыяльнай вучэльні сп.Лясун.

5 чэрвеня

У Віцебску паэт Славамір Адамовіч у сьледчым ізалятары абвясьціў сухую галадоўку. У Вашынгтоне адбыліся дэманстрацыі пратэсту перад пасольствамі Расеі і Беларусі, арганізаваныя Кааліцыяй у падтрымку правоў чалавека ў Беларусі.

1 ліпеня

Лідэр Партыі Аматараў Піва Андрэй Рамашэўскі, які ўтрымліваўся ў сьледчым ізалятары МУС з 29 красавіка, абвясьціў галадоўку. 24 сакавіка 1995 г. ён разьдзёр на шматкі чырвона-зялёны сьцяг і быў абвінавачаны ў “зьдзеку зь дзяржаўнай сымболікі”, хоць той сьцяг і быў старога, БССРаўскага ўзору.

27 ліпеня

У Менску на Дзень Незалежнасьці адбылася дэманстрацыя. Некалькі тысячаў чалавек скандавалі “Лукаша за краты, Беларусь у NАТО!” і несьлі труну з надпісам “Дыктатура”, якую пасьля ўрачыста пахавалі ў рове.

28 жніўня

У Дзярновічах (Дрысенскі раён) невядомыя зьнялі з будынку сельсавету чырвона-зялены сьцяг і спалілі, а на ягонае месца павесілі нацыянальны бел-чырвона-белы.

У Менску на паседжаньні круглага стала вядучых апазыцыйных партый і рухаў Беларусі прынятая заява-просьба да Вярхоўнага Савету РБ распачаць працэдуру імпічмэнту Лукашэнкі.

30 жніўня

Гвалтоўна адлучанае незалежнае Радыё 101,2.

2 верасьня

На паседжаньні Вярхоўнага Савету ягоны старшыня Сямён Шарэцкі выказаў меркаваньне, што прэзыдэнт Лукашэнка псыхічна хворы, неўраўнаважаны чалавек.

Верасень

Выйшаў фільм “Звычайны прэзыдэнт” Юр’я Хашчавацкага — пра Лукашэнку бяз грыму, які адразу быў паказаны на Бэрлінскім фэстывалі, а таксама падпольна разышоўся ў тысячах копіяў па ўсёй краіне. Невядомыя паказалі яго ў Карэлічах празь мясцовы тэлеканал.

4 кастрычніка

У Мядзеле ўначы з будынку сельгасуправы зьнялі чырвона-зялёны сьцяг і заміж яго павесілі бел-чырвона-белы.

16 кастрычніка

Распачаўся пешы марш пратэсту “Салігорск—Менск”, арганізаваны 50 актывістамі Салігорскага незалежнага прафсаюзу. Шахтары пратэстуюць супраць зьбядненьня насельніцтва, нясуць плякаты “Прэзыдэнт! Менш словаў, больш дзеяньня”, “Пэнсіянэрам не даплаты на выжываньне, а пэнсіі!”, “На заводы — ня плойму кантралёраў, а новыя тэхналёгіі”. За тры дні маршу дэлегатаў пяць разоў арыштоўвалі і прысуджалі да розных штрафаў. Да Менску з маршоўцаў дабраліся толькі Васіль Альхоўскі, Віктар Бабаед, Аляксандар Доўнар, Мікалай Зімін і Аляксей Каралёў.

19 кастрычніка

У Менску адбылося шэсьце і мітынг дэмакратаў у падтрымку Кангрэсу Дэмакратычных Сілаў і супраць лукашэнкаўскага рэфэрэндуму. Кіраўніцтва вышэйшых навучальных установаў папярэджвала студэнтаў пра адлічэньне з ВНУ, калі яны будуць адсутнічаць на занятках. З гэтай нагоды прайшлі рэктарскія праверкі прысутнасьці на занятках.

11 лістапада

У знак нязгоды з рэфэрэндумам і палітыкай прэзыдэнта падаў у адстаўку намесьнік міністра замежных спраў Беларусі Андрэй Саньнікаў.

15 лістапада

У Каменным Лозе на літоўска-беларускай мяжы сканфіскавалі спэцвыпуск “Нашай Нівы”, прысьвечаны рэфэрэндуму.

У Менску Сямён Шарэцкі, найвышэйшы прадстаўнік заканадаўчае ўлады, выступіў з заявай пра антыканстытуцыйны пераварот у Беларусі, гвалтоўны захоп улады Прэзыдэнтам Беларусі і ўсталяваньне дыктатуры.

17 лістапада

У Менску — Марш закрытых ратоў. Некалькі тысячаў чалавек сабраліся на плошчы Якуба Коласа, закрыўшы твары павязкамі, сымбалізуючы тым самым адсутнасьць свабоды слова ў Беларусі. Прыкладна а палове на 12-ю калёна рушыла па вул.Якуба Коласа, зьвярнула на Сурганава, а потым разьвярнулася па праспэкце Скарыны і рушыла ў бок плошчы Незалежнасьці. На ўсім шляху адбываліся сутычкі са спэцназам.

18 лістапада

Падаў у адстаўку прэм’ер-міністар Беларусі Міхаіл Чыгір, выказваючы пратэст супраць Лукашэнкавай палітыкі. “Лічу неабходным заявіць пра маё асуджэньне замежнай і ўнутранай палітыкі, якую Вы праводзіце, а таксама нязгоду з адыходам ад курсу эканамічных рэформаў. Катэгарычна пратэстую супраць правядзеньня рэфэрэндуму 24 лістапада, бо пры ягонай падрыхтоўцы дапушчаныя парушэньні законаў, што выключае свабоднае волевыяўленьне народу. Заклікаю ў імя стабільнасьці абстаноўкі ў краіне адмяніць намечаны рэфэрэндум. У адваротным выпадку, прашу прыняць маю адстаўку. Прэм’ер-міністар М. Чыгір”.

Увесь тыдзень да 23 лістапада на плошчы Незалежнасьці ідуць пікеты ў падтрымку дэмакратыі.

24 лістапада

Рэфэрэндум аб пашырэньні Лукашэнкавых паўнамоцтваў тоне ў фальсыфікацыях. Ні апазыцыя, ні краіны Эўропы не згаджаюцца прызнаць ягоных вынікаў.

10 сьнежня

Каля Нацбанку адзначыць Дзень правоў чалавека сабраліся 100 пікетчыкаў. Яны патрабуюць вызваліць зь віцебскай турмы паэта Славаміра Адамовіча. Насупраць, каля новаадчыненага “Макдональдзу”, грае духавы аркестар, і тысячы менчукоў стаяць у чарзе, прагнучы паесьці заморскіх гамбургераў. Пікетоўшчыкі і Славамірава маці трымаюць плякаты “Ён ня есьць гамбургераў”. Некалькіх чалавек арыштавалі.

 

1997

18 студзеня

Страйк прыватных прадпрымальнікаў (12 тыс. чалавек) на Камароўскім рынку ў Менску. Лукашэнка вырашыў пазбавіць іх працоўных месцаў, каб засяліць Камароўку паслухмянымі гандлярамі. Галоўным “упрыгожаньнем” акцыі сталася сьвіная галава, абкладзеная апэльсынамі.

21 студзеня

Пікетаваньне будынку Вярхоўнага Суду ў абарону Адамовіча. Пікетоўшчыкі трымаюць плякаты з надпісамі: “Спыніць палітычныя рэпрэсіі!”, “Свабоду Славаміру Адамовічу!”, “За вершы судзілі пры Сталіну і Гітлеру”, “Сёньня Адамовіч, а заўтра?”.

25 студзеня

Масавае шэсьце і мітынг у Менску ў абарону незалежнасьці краіны, а таксама ў падтрымку дэмакратычных выступленьняў у Сэрбіі і Баўгарыі. Ад плошчы Якуба Коласа дэманстранты рушылі да Опэры. Падчас маніфэстацыі на Плошчы Перамогі вясельныя пары сьпяшаюцца сфатаграфавацца на тле бел-чырвона-белых сьцягоў.

10 лютага

300 прыватных прадпрымальнікаў сабраліся ля галоўнага ўваходу на Камароўскі рынак у Менску, пратэстуючы супраць самавольства прэзыдэнцкіх указаў, накіраваных на задушэньне прадпрымальніцкай ініцыятывы, з плякатамі “Мы прадаем тавары, а Лукашэнка — Радзіму”, “Лукашэнка ня хоча, каб людзі багацелі, мы ня хочам, каб людзі бяднелі”.

14 лютага

Моладзь Менску адзначыла Дзень сьвятога Валянціна пад бел-чырвона-белымі сьцягамі і лёзунгамі “Беларусь — у Эўропу!”. Маладыя людзі абышлі замежныя пасольствы, уручаючы пэтыцыі салідарнасьці. На рагу вуліцы Варвашэні і праспэкту Скарыны міліцыя наладзіла паляваньне на ўдзельнікаў сьвята. Затрыманыя 30 чалавек.

22 лютага

«Марш пустых каструляў» у Менску. 300 жанчынаў, трымаючы міскі, каструлі, лыжкі, прайшлі ад плошчы Якуба Коласа да парку Горкага пад лёзунгамі “Грошы, што ідуць на АМОН, — дзецям на лекі”, “Мужыкі, падыміцеся з калень. Мы любім герояў, а не халуёў”.

1 сакавіка

У Менску ля Акадэміі музыкі анархісты зладзілі паказ п’есы “Сьмерць тырана” Макса Шпанскага. У аснове сюжэту — замах народніка Ігната Грынявіцкага на расейскага імпэратара Аляксандра ІІ, адаптаваны да сучаснасьці. Так, Аляксандар ІІ гаворыць голасам Лукашэнкі, а Ігнат Грынявіцкі спачатку ўяўляе сабой сярэднестатыстычнага беларуса, які цалкам падтрымлівае палітыку цара (“Народ! Я ваш цар”), але як толькі яму адкрываецца праўда, ён забівае тырана.

2 сакавіка

У 930-ыя ўгодкі бітвы на Нямізе ўдзельнікі сьвяткаваньня паказваюць ля менскае Опэры лялечную народную драму “Цар Аляксашка”. Галоўны герой лёгка пазнаваўся па вусата-лысаватай галаве і характэрным пранонсе: “Народ! Ваш цар нікагда не врот”.

6—7 сакавіка

У Крамлі на сустрэчы Лукашэнкі і Ельцына ракою ліецца шампанскае, а народ у Менску пратэстуе, уздымаючы бел-чырвона-белыя штандары. Сьцягі зьявіліся, між іншым, на асьвятляльнай мачце і флагштоках стадыёну “Дынама”.

8 сакавіка

У Стоўпцах на асьвятляльнай мачце стадыёну “Юнацтва” зьявіўся нацыянальны сьцяг, які правісеў там тры дні сьвятаў.

14 сакавіка

Моладзь спрабавала зладзіць акцыю “Беларусь у Эўропу–2”. Але міліцыя і спэцназ на падыходах да плошчы Свабоды арыштавалі каля 150 чалавек, сарваўшы акцыю. Адной дзяўчыне падчас затрыманьня спэцназаўцы выбілі зубы.

15 сакавіка

Дзень Канстытуцыі ў Менску. Дэманстранты прайшлі ад плошчы Якуба Коласа да Палацу Спорту, зрываючы на шляху чырвона-зялёныя сьцягі. У Віцебску ад стадыёну “Дынама” да плошчы Свабоды прайшоў адзін чалавек — журналіст Юрась Карпаў, трымаючы ў руках Канстытуцыю 1994 г. і плякат з надпісам, што варыянт Канстытуцыі 1996 г. незаконны. На плошчы Свабоды Ўладзімер Плешчанка, Барыс Хамайда і яшчэ два мітынгоўцы трымалі нацыянальныя сьцягі і плякат, дзе была намаляваная ўкрыжаваная Канстытуцыя. Пікет пратрымаўся роўна 9 хвілін, пасьля чаго быў арыштаваны міліцыяй.

У Магілёве несанкцыянаванае шэсьце ў падтрымку Канстытуцыі 1994 г. сабрала 1500 чалавек.

22 сакавіка

У Менску напярэдадні Дня Волі ў горадзе зьявілася 20 нацыянальных сьцягоў, у тым ліку на асьвятляльнай мачце “Дынама”, прахадной МАЗу і Камароўскім рынку. Спробы жорсткага разгону дэманстрацыі ў Менску на ўсім шляху ад плошчы Незалежнасьці да плошчы Якуба Коласа сустракалі супраціў дэманстрантаў. Арыштавана каля 100 чалавек.

23 сакавіка

У Гародні 3 тыс. чалавек узялі ўдзел у дэманстрацыі на Дзень Волі. Пасьля шэсьця адбыўся мітынг, асноўным выступам была прамова Сямёна Домаша, які заявіў, што “асноўным мэтадам палітычнай барацьбы мусяць стаць вулічныя акцыі, бо дыктатуру можа зьнішчыць толькі сам народ”.

24 на 25 сакавіка

Віцебск. На плошчы Перамогі на адным з высотных дамоў Мірон павесіў бел-чырвона-белы сьцяг, прымацаваўшы цыдулку.

Хай загнуцца ўсе ворагі,

Што прарочылі гібель маю.

Карані маіх продкаў мне дорагі.

Пра іх славу я песьню пяю.

25 сакавіка

У Менску адчынілася мастацкая выстава суполкі “Пагоня”. Сярод экспанатаў выставы — карціна “Нашыя любімыя лялькі” з выявамі тагачаснага афіцыйнага бамонду.

Сакавік

Убачыў сьвет музычны праект беларускіх андэграўндавых панк-групаў “Шклоўскі панк” зь нецэнзурнымі песьнямі пра Аляксандра Лукашэнку.

Рэдакцыя праграмы “Маладзёжнае радыё” з “Радыё-1” выпусьціла да другіх угодкаў існаваньня праграмы касэту беларускай рок-музыкі. Увагу ўладаў прыцягнула вокладка касэты: на бел-чырвона-белым тле калючы дрот і назва касэты “Небясьпечная зона”. Нягледзячы на тое, што “Небясьпечнай зонай” звалася праграма на “Маладзёжным радыё”, улады палічылі, што небясьпечнай зонай ёсьць Беларусь і забаранілі другі наклад касэты.

2 красавіка

У Менску — мітынг ля Опэрнага тэатру, скіраваны супраць расейска-беларускіх інтэграцыйных пагадненьняў. Пасьля мітынгу моладзь рушыла да расейскага пасольства, каб выказаць свой пратэст супраць васальнай залежнасьці Беларусі ад Расеі ўручэньнем гарбуза расейскаму паслу. Жорсткія сутыкненьні з спэцназам. Дзясяткі параненых з абодвух бакоў. Арыштаваныя 150 чалавек.

8—9 красавіка

У Віцебску і Талачыне сьцены дамоў расьпісаныя надпісамі “Мы любім НАТО”, “Беларусбашы — наш прэзыдэнт”.

30 красавіка

У Берасьці арыштавалі студэнтаў Берасьцейскага ўнівэрсытэту Юр’я Шульгана і Алеся Марачука. Пры іх знайшлі 8 дзяржаўных сьцягоў, зьніклых нядаўна з вуліц горада. Адзін з сарваных сьцягоў — з будынку КДБ. Хлопцы абвінавачаныя ў апаганьваньні дзяржаўнай сымболікі, але, каб унікнуць скандалу, справу спускаюць на тармазах.

Травень

У Краснапольлі ўлады забараняюць пастаноўку п’есы рэпрэсаванага пісьменьніка Васіля Шашалевіча “Канвэер”, прысьвечаную сталіншчыне. Падстава — “неправеранасьць фактаў”.

15 траўня

Аляксандра Лукашэнку абралі прэзыдэнтам Нацыянальнага алімпійскага камітэту. Шахматыст Віктар Купрэйчык прагаласаваў супраць кандыдатуры А.Лукашэнкі, яшчэ трое сяброў камітэту ўстрымаліся.

17 траўня

У Горках над кацельняй Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі ўзьняты бел-чырвона-белы сьцяг.

11 ліпеня

Барыс Хамайда і тры актывісты грамадзкай арганізацыі “Выбар” у дзень адкрыцьця “Славянскага базару” ў цэнтры Віцебску зладзілі пікет пад назвай “Фэст славянскай частушкі”. Яны выконвалі паэму “Лука Мудзішчаў — прэзыдэнт”. Усе ўдзельнікі пікету былі арыштаваныя.

14—15 ліпеня

Ля будынку Гуманітарнага ліцэю ў Менску адбыліся пікеты вучняў і іх бацькоў, што пратэставалі супраць спробаў кіраўніка справаў прэзыдэнта Івана Ціцянкова забраць будынак ліцэю ў сваю ўласнасьць.

17 ліпеня

Удзельнікі ліцэйскага пікету зладзілі шэсьце з падручнікамі і глёбусамі ў руках. Міліцыя і людзі ў цывільным на вуліцы Камсамольскай зьбіваюць удзельнікаў шэсьця, хоць тыя не выказвалі ніякіх палітычных патрабаваньняў.

24 ліпеня

Міністэрства культуры забараніла акторам “Вольнай сцэны” ставіць п’есу Брэхта “Ўзьлёт Артура Ўі, які можна было спыніць” падчас Зьезду Беларусаў Сьвету. Афіцыйная вэрсія — спэктакль недапрацаваны. Неафіцыйная — у галоўным героі выразна праглядаюцца прыкметы Лукашэнкі.

Не было, бадай, такога беларускага тэатру, дзе б хоць у адным спэктаклі ня вывелі вобразу Лукашэнкі як дыктатара, або самадура, або марыянэткі. У Тэатры Юнага Гледача з фурорам прайшлі “Шчасьлівыя жабракі”, на Малой сцэне Купалаўскага — студэнцкая “Лысая сьпявачка”, а ў Расейскім паставілі “Раскіданае гняздо” (ідэя нарадзілася пасьля першага рэфэрэндуму).

26 ліпеня

Пад Віцебскам Мірон вывесіў сьцяг на 40-мэтровым слупе высакавольтнай лініі напругай 110 тыс. вольт.

27 ліпеня

Ноччу ў Барысаве зьявілася некалькі дзясяткаў бел-чырвона-белых сьцягоў і надпісы “Жыве Беларусь!” і “Stop Luka”.

31 ліпеня

У Менску журналісты зладзілі акцыю ў падтрымку арыштаваных П.Шарамета, З.Завадзкага і Я.Аўчыньнікава і супраць парушэньня правоў чалавека. Ля рэзыдэнцыі прэзыдэнта яны выпісваюць крэйдай на бруку “Свабоду Паўлу Шарамету!”. Арыштаваныя й пакараныя вялікімі штрафамі каля 40 чалавек.

2 жніўня

Сьцены будынкаў у Стоўпцах сьпісаныя патрыятычнымі лёзунгамі. З адміністрацыйных будынкаў зьніклі чырвона-зялёныя і зьявіліся нацыянальныя сьцягі.

25 жніўня

За акцыю ў Стоўпцах арыштаваныя актывіст Маладога Фронту Аляксей Шыдлоўскі і менскі школьнік Вадзім Лабковіч. Празь нейкі час у Фінляндыю праз Маскву ўцякае актывістка Маладога Фронту Аліна Бельская, якой органы закідалі шчыльнае супрацоўніцтва з Аляксеем Шыдлоўскім і Вадзімам Лабковічам.

30 жніўня

На плошчы Бангалор у Менску — мітынг журналістаў супраць ганеньняў на прэсу. Журналісты папрыходзілі туды ў турэмных робах, з шыльдачкамі на грудзёх “Я нячэсны журналіст”, “Я плоха гаварыл аб нашым прэзыдэнце”, “Я клявятал на пагранічныя вайска”. Паэт Славамір Адамовіч на мітынгу зашыў сабе рот, пратэстуючы такім чынам супраць сытуацыі са свабодай слова ў Беларусі.

7 кастрычніка

У Расейскім тэатры — прэм’ера драмы Янкі Купалы “Раскіданае гняздо”. Пры канцы І дзеі п’есы Сымон Зяблік крычыць “Бацька павесіўся!” Заля ўстае і выклікае Сымона Зябліка на біс.

10 лістапада

У.Арлоў, Ю.Хашчавацкі, А.Саньнікаў, Л.Гразнова, В.Вячорка, А.Дабравольскі, А.Мілінкевіч падпісалі “Хартыю-97”, дакумэнт, які дэкляруе прынцыпы дэмакратыі і правы чалавека ў Беларусі. Разам зь імі Хартыю падпісалі 100 чалавек, найперш вядомыя журналісты, грамадзкія дзеячы, мастакі і г.д. Пад Хартыяй за тры гады падпісаліся некалькі дзясяткаў тысячаў чалавек.

15 сьнежня

У выдавецтве “Наша Ніва” падпісалі ў друк кнігу Васіля Быкава “Сьцяна”, якая была забаронена да друку ў дзяржаўным выдавецтве.

 

1998

1 лютага

Распачаўся бестэрміновы страйк прадпрымальнікаў Менску, Горадні, Берасьця, Магілёва, Салігорску, Слуцку і іншых гарадоў у знак пратэсту супраць уціску іхных правоў.

Ля Лёзна над аўтадарогай Віцебск—Смаленск Мірон вывесіў бел-чырвона-белы сьцяг на лініі электраперадач, напругай у 110 тысяч вольт. Гэткім чынам Мірон падтрымаў палітвязьняў А.Шыдлоўскага, В.Лабковіча, В.Кабанчука.

11 лютага

Арыштаваны прадпрымальнік і дэпутат Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня Андрэй Клімаў.

1 сакавіка

Студэнты Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту інфарматыкі і радыёэлектронікі Алесь Мухін і Андрэй Гілевіч расьпісалі сьцены дамоў на вуліцы Арлоўскай у Менску надпісамі “Жыве Беларусь!”, “Свабоду палітвязьням”, “Беларусь у Эўропу, Лукашэнка ў ж…”. Хлопцаў арыштавала міліцыя, на іх была заведзена крымінальная справа. Рэктарат БДУІР пры маўклівай згодзе студэнцкага прафкаму выключыў юнакоў з унівэрсытэту.

13 сакавіка

У Магілёве зьяўляюцца дзясяткі надпісаў “Свабоду тэлебачаньню”, “Свабоду свабодзе слова”, “Шыдлоўскаму і Кабанчуку свабоду”, “Сьмерць лукашызму”, “БПСМ — халуі”, “Моладзь супраць БПСМ”. На сямі помніках Леніну сынхронна зьявіліся надпісы “Ленін — кат”. Мясцовы гарвыканкам заснаваў адмысловую камісію, якая мусіла разабрацца са “злачынцамі”.

25 сакавіка

Бабруйск. У горадзе вывешаныя 20 нацыянальных сьцягоў, у тым ліку і на ўезьдзе ў горад на 25-мэтровым маяку.

Варшава. Вядомы прадпрымальнік, дырэктар фірмы “Пушэ” Ўладзімер Пупейка папрасіў палітычнага прытулку ў Польшчы.

1 красавіка

У Магілёве купка юнакоў на вуліцы раздавала людзям улёткі з наступным тэкстам: “Вялікая радасьць за тое, што ў нас ёсьць самы лепшы, самы прыгожы і самы мудры ў сьвеце прэзыдэнт Аляксандар Лукашэнка”. Усе яны былі арыштаваныя міліцыяй за парушэньне грамадзкага парадку. Алесь Асіпцоў, што трымаў у руках чырвона-зялёны сьцяг, быў аштрафаваны на 5 млн. рублёў. У пратаколе значылася: “стаяў на вуліцы і трымаў дзяржаўны сьцяг. Парушаў грамадзкі парадак”.

2 красавіка

Некалькі сотняў менчукоў на плошчы Якуба Коласа, дзе адбывалася афіцыйнае мерапрыемства з нагоды «дня яднаньня Расеі і Беларусі» (выступленьне фальклёрных калектываў), сталі пратэставаць супраць ягонага правядзеньня, выкрыкваць антырасейскія і антыпрэзыдэнцкія лёзунгі. Міліцыя настойліва прасіла ня ўмешвацца ў афіцыйныя гуляньні. Сярод дысыдэнтаў зьявіўся Віктар Чыкін, раззлаваныя дэманстранты ледзь не лінчавалі яго, але міліцыя адбіла. Разгарачыўшыся, чалавек 200 пратэстуючых рушылі шэсьцем у бок плошчы Перамогі. Ля цырку яны сустрэлі кардон міліцыі. Арыштавана некалькі чалавек. На Паўла Севярынца, лідэра Маладога Фронту, заведзена крымінальная справа за арганізацыю беспарадкаў.

10—11 красавіка

На сьценах Валадаркі, дзе ўтрымліваецца Севярынец, зьявіліся надпісы “Свабоду Севярынцу!”

25 красавіка

“Чарнобыльскі шлях” у Менску. Пасьля мітынгу былі арыштаваныя 20 сябраў Антыфашысцкага моладзевага дзеяньня з Масквы, якія бралі ўдзел у мерапрыемствах. Антыфашыстам інкрымінавалася зьнявага прэзыдэнта. Маладыя людзі былі аштрафаваныя на сымбалічныя сумы (парадку 1 даляра) і дэпартаваныя ў Расею.

5 траўня

Акцыя ў падтрымку палітвязьняў Паўла Севярынца і Аляксея Шыдлоўскага ў Менску. 150 чалавек прайшлі маршам ад плошчы Якуба Коласа да Опэры. Быў парваны партрэт Лукашэнкі. Пасьля акцыі — традыцыйны міліцэйскі хапун. Арыштавана 10 чалавек.

14 траўня

Мірон а 10-й раніцы зьняў чырвона-зялёны сьцяг зь віцебскага аблвыканкаму і павесіў бел-чырвона-белы. Стужку са зьменай сьцяга паказала ў навінах НТВ. Неўзабаве супраць Мірона ўзбудзяць крымінальную справу за разбурэньне віцебскага помніка Сувораву. Уладзімера Плешчанку, віцебскага актывіста, арыштуюць па падазрэньні, што Мірон — гэта ён, але даказаць нічога ня змогуць.

У Менску марш пратэсту і рок-канцэрт у падтрымку палітвязьняў. 1500 чалавек прайшлі ад плошчы Якуба Коласа да Купалаўскага сквэру, дзе адбыўся рок-канцэрт з удзелам гуртоў “Мясцовы Час”, “Уліс”, “Новае Неба”, NRM. Найбольшы шквал авацыяў выклікала песьня “Партызанская” гурту NRM. Напярэдадні канцэрту міліцыяй былі затрыманыя кіраўнікі БМА-group Сяргей Сахараў і Віталь Супрановіч, якія расклейвалі ў горадзе афішы. Хлопцаў некалькі гадзінаў пратрымалі ў пастарунку, а потым адпусьцілі, не забыўшыся аштрафаваць.

22 траўня

Бел-чырвона-белы сьцяг зьявіўся над Аршанскім райвыканкамам.

3 чэрвеня

Пісьменьнік Васіль Быкаў зьехаў у вымушаную эміграцыю ў Фінляндыю. За ягоным прыкладам краіну пакінуць Сьвятлана Алексіевіч і Алесь Разанаў.

13 чэрвеня

На будынку Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі пасярод дня зьявіўся велізарны надпіс “Свабоду дэпутату Клімаву!”. Ягоны аўтар, дэпутат Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня Валеры Шчукін, быў затрыманы адразу пасьля выкананьня акцыі і асуджаны на 10 сутак.

26 ліпеня

Дысыдэнты з “Хартыі-97” на кірмашы на стадыёне “Дынама” раздавалі прыватным прадпрымальнікам апэльсыны з прыклеенай бел-чырвона-белай стужкай. Раздача апельсынаў напярэдадні Дня Незалежнасьці праходзіла пад лёзунгам “Мы любім сонечныя памаранцы і ня хочам жыць у бананавай рэспубліцы, куды нас цягне прэзыдэнт”. Прадпрымальнікі здымалі бел-чырвона-белыя стужкі і прымацоўвалі на вопратку ці на яткі.

19 кастрычніка

У Гомелі Яўген Мурашка быў аштрафаваны на 7 млн. рублёў за несанкцыянаваны пікет ля гарвыканкаму. Я.Мурашка трымаў на ім плякат “Злачынная тая ўлада, якая парушае правы чалавека”.

 

1999

15 студзеня

Цэнтравыбаркам пад старшынствам Віктара Ганчара, прызначаны Вярхоўным Саветам 13-га скліканьня, распачаў працу па арганізацыі падпольных выбараў прэзыдэнта Беларусі.

21 студзеня

Над будынкам менскага гарвыканкаму, што на Плошчы Незалежнасьці, чырвона-зялёны сьцяг заменены на бел-чырвона-белы. Нацыянальны штандар правісеў некалькі гадзінаў сярод белага дня, пакуль ня быў заўважаны пільнымі міліцыянтамі.

27 студзеня

У Менску адбылася 10-тысячная акцыя пратэсту, зладжаная ФПБ, Свабодным прафсаюзам і прафсаюзам мэталістаў за падвышэньне заробкаў і супраць масавага зьбядненьня насельніцтва. Людзі ехалі на акцыю зь Ліды, Барысава, Маладэчна.

29—30 студзеня

Адбыўся другі Кангрэс Дэмакратычных Сілаў. Дэлегаты выказалі падтрымку кампаніі па выбарах прэзыдэнта Беларусі. 30 студзеня ўдзельнікі Кангрэсу сабралі шматтысячны мітынг ля Опэры.

25 лютага

Амонаўцы арыштавалі ўвесь Цэнтравыбаркам на чале зь Віктарам Ганчаром, які сабраўся на паседжаньне ў кавярні “Калізэй”, што ў менскім Доме Афіцэраў. Падставай для арышту стала нібыта «парушэньне грамадзкага парадку ў кавярні».

27 лютага

У Менску мітынг і шэсьце пад назвай “Раздавім фашысцкую гадзіну” ў знак пратэсту супраць дзейнасьці ў краіне РНЕ і маўклівага патураньня яму беларускіх уладаў. Арганізатары акцыі Зьміцер Бандарэнка і Валеры Костка пакараныя штрафамі «за парушэньне грамадзкага парадку».

Люты

Бабруйскі судзьдзя Юры Сушкоў папрасіў палітычнага прытулку ў Нямеччыне. Матывацыяй стала незаконнае асуджэньне ім пад ціскам кадэбістаў двух мытнікаў. У заяве, зробленай для журналістаў, Юры Сушкоў сказаў: “Больш я не магу ісьці насуперак свайму сумленьню і абараняць бесчалавечны таталітарны рэжым, якім кіруе Аляксандар Лукашэнка… Я зразумеў, што спадзявацца на рэформы судовай сыстэмы з боку ўлады не даводзіцца. Прынцып незалежнасьці і выбранасьці судзьдзяў забыты. Ідэя прысяжных судоў пахаваная, а законы піша адна асоба, якой усе павінны падпарадкоўвацца”.

31 сакавіка

Арыштаваны Міхаіл Чыгір, кандыдат у прэзыдэнты на выбарах, ініцыяваных Цэнтравыбаркамам.

6 траўня

Пачалося датэрміновае галасаваньне на падпольных выбарах другога прэзыдэнта Беларусі. Грамадзяне мусілі выбіраць паміж палітвязьнем Міхаілам Чыгіром і палітэмігрантам Зянонам Пазьняком. Згодна з афіцыйнай вэрсіяй, за З.Пазьняка прагаласавалі 2,3 млн. чалавек, а за М.Чыгіра — 1,5 млн., але «дзеля шматлікіх парушэньняў» выбары, якія скончыліся 16 траўня, былі прызнаныя за несапраўдныя. Сотні актывістаў кампаніі былі рэпрэсаваныя (звольненыя з працы, аштрафаваныя, затрыманыя).

Чэрвень

Пакінуў Беларусь кіраўнік афіцыёзнага Саюзу пісьменьнікаў Уладзімер Някляеў. “Наша ніва” тады пісала: “Эміграцыя Някляева, дэкляраваны крах спробаў недалучанага чалавека “цярпець уладу моўчкі”, можа стаць вялікай справай для Беларусі, для дасягненьня нацыянальнага адзінства. Гэта знакавы ўчынак, параўнальны зь вяртаньнем Чыгіра. Выходзіць, ніякі чалавек ня можа больш трываць. Лепш ужо няволя, лепш
эміграцыя, чым маўчаньне… Згадваюцца даўнія кадры з БТ: калі Лукашэнка ўрачыста адкрываў Тэатар эстрады, ён абыходзіў прысутную “творчую інтэлігенцыю”, вітаючы і ціснучы рукі. Падышоў і да Някляева. Той застаўся стаяць рукі ў кішэнях. Лукашэнку скрывіла”.

21 ліпеня

Мастак Алесь Пушкін апоўдні падагнаў да будынку Адміністрацыі прэзыдэнта чырвоную тачку з гноем і партрэтам Лукашэнкі. Тым мастак-пэрформэр хацеў выказаць шчырую “Падзяку прэзыдэнту за цяжкую самаахвярную тытанічную працу на карысьць народу”. Алесь Пушкін вывернуў зьмесьціва тачкі перад рэзыдэнцыяй і ўтыркнуў вілы ў партрэт з гноем. Празь нейкі час ён быў арыштаваны спалоханымі міліцыянтамі, якія не чакалі такое дзёрзкасьці. На мастака завялі крымінальную справу па абвінавачваньні ў “злосным хуліганстве”.

Увечары адбылося сьвяткаваньне сканчэньня афіцыйных прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў Аляксандра Лукашэнкі. Тысячы людзей у Менску сабраліся на Кастрычніцкай плошчы, наладзіўшы з гэтай нагоды “гуляньні”.

28 ліпеня

Віцьбічы былі ўражаныя нечаканай акцыяй ля помніка Леніну. Ленін трымаў у руках вялізарныя абгрызеныя косткі, зьнізу была прымацаваная паперка — “Вова! Пабач, чым Саша народ корміць!”

4 жніўня

Прыватны прадпрымальнік Кастусь Рэзьнічак наладзіў ля рэзыдэнцыі прэзыдэнта пікет з плякатамі “Пятнаццаць дзён без Лукі!”, “Лукашэнка! Гульні з народам небясьпечныя для здароўя”.

Жнівень

Скандальны рок-фэст у Маладэчне. Некалькі чалавек арыштаваныя міліцыяй, а саліст “Happy Face” Жэка пакараны штрафам за тое, што “паказаў сярэдні палец дыктатуры”.

29 верасьня

Выйшаў апошні нумар газэты “Навіны”, наступніцы забароненай «Свабоды». Газэта была зачыненая рашэньнем гаспадарчага суду. Падставай быў “паклёп” на шэфа дзяржбясьпекі Віктара Шэймана. Агульны памер штрафу склаў 15 млрд. рублёў. Але журналісты працягвалі выдаваць газэту ў Інтэрнэце.

7 кастрычніка

У Віцебску ля ратушы невядомыя прыляпілі плякат: вусата-лысаваты мужчына трымае ў роце абсмоктаныя косткі, подпіс “Шклоўскія дажынкі”. Шырока разрэклямаваныя “Дажынкі” на радзіме прэзыдэнта не адбыліся з прычыны катастрафічна нізкага ўраджаю.

9 кастрычніка

Футбольны матч Беларусь—Італія на менскім стадыёне “Дынама”. Сэктар №11, традыцыйнае месца збору шчыра беларускіх заўзятараў, загадзя быў ачэплены амонаўцамі ў касках. Людзей пры ўваходзе ў сэктар абшуквалі, а нацыянальныя сьцягі канфіскоўвалі, сьцяганошаў арыштоўвалі. Падчас матчу працягвалі хапаць кожнага, хто ўздымаў бел-чырвона-белы сьцяг. Усяго былі затрыманыя 60 чалавек. “Гэта выглядала як футбол пад акупацыяй, і было страшней, чым на дэманстрацыях”, — выказаўся сакратар Управы БНФ Вячаслаў Сіўчык.

17 кастрычніка

“Марш Свабоды” ў Менску. Мерапрыемства пачалося з арышту казла, якога прывезьлі ўдзельнікі, — на жывёліне была шыльдачка “Лукашэнка”. Дэманстранты пайшлі да Акадэміі навук, а потым збочылі на Сурганава. Хутка калёна ўзрасла да 30 тыс. чалавек. Пасьля кароткага мітынгу на плошчы Бангалор людзі скіраваліся ў цэнтар. Цьвіком праграмы стала разгортваньне вялізарных (па 25 м) бел-чырвона-белага сьцяга і сьцяга Эўразьвязу, якія пранесьлі праз увесь горад. Толькі патройны кардон на мосьце церазь Сьвіслач спыніў дэманстрантаў. Сутычкі былі настолькі жорсткія, што людзі скакалі ў ваду, ратуючыся ад зьбіцьця. Затрыманыя каля 80 чалавек. Арыштаваны адзін з арганізатараў акцыі, Мікола Статкевіч.

Вось сьведчаньні Марыны Абрагімовіч, адной з затрыманых пасьля Маршу, запісаныя Праваабарончым цэнтрам “Вясна”: “Я была шакаваная яшчэ пры выхадзе з будынку РАУС, калі мужчын, якія паслухмяна ішлі, склаўшы рукі за галавой, пачалі біць і кідаць аб сьцены калідору. У аўтобус мы (жанчыны) заходзілі апошнімі. Пра тое, што рабілася з кожным, можна было толькі здагадацца па стогнах і ўскрыках. Да моманту, калі мы ўвайшлі ў аўтобус, за заднім сядзеньнем ляжала месіва зь целаў, якое працягвалі зьбіваць дубінкамі і нагамі.

Калі зачыніліся дзьверы і аўтобус паехаў, мне загадалі залезьці на груду ляжачых мужчынаў, прычым іхнае зьбіцьцё працягвалася. Я не хацела наступаць на людзей, але пасьля некалькіх пагрозаў, мяне штурхнулі ў сьпіну, і я ўпала на ляжачых. Тое самае зрабілі і з маёй сяброўкай. Нам загадалі сьпяваць. У мяне быў шок, і я не магла ўспомніць ніводнай песьні, хаця ведала, што трэба пець, каб яны спынілі зьбіваньне. Адзін з амонаўцаў сьцягнуў зь мяне акуляры і сказаў, што зламае, калі я ня буду пець. У гэты момант пачала сьпяваць сяброўка, і я выйшла з шоку і пачала падпяваць. Пасьля “В траве сидел кузнечик” і “Пусть бегут неуклюже”, яны запатрабавалі “Солнечный круг”, і каб пелі ўсе... Затым адзін з амонаўцаў стаў запіхваць камусьці ў рот дубінку, другі заклікаў запіхнуць яе да самых гляндаў, каб таго званітавала. Яшчэ кагосьці душылі дубінкай за горла. Усім абвясьцілі, што яны дэбілы, быдла і статак баранаў, і змусілі бляяць, як бараны. Пасьля гэтага... аўтобус спыніўся, і нам дазволілі зьлезьці з распластаных мужчын і сесьці на сядзеньні. Мужчыны сталі даставаць тых, хто ляжаў зьнізу, і адкачваць іх. Мужчынам загадалі сесьці на карачкі і апусьціць галовы, хто не зрабіў гэтага дастаткова нізка, таго білі па галаве. У аўтобус зайшоў, мусіць, начальнік амонаўцаў, і мы паехалі далей. Пры начальніку дазволілі нават устаць і аддыхацца чалавеку, які сьцьвярджаў, што ў яго эпілепсія.

Перад тым як высадзіць усіх каля прыёмніка-разьмеркавальніка, кожнаму загадалі ўстаць, разьмяць ногі і рукі. Выпускаючы нас з аўтобуса, амонавец павісаў на парэнчах, а нагамі з усяе сілы выбіваў мужчын наўпрост на асфальт так, што тыя праляталі некалькі мэтраў. Мне далі магчымасьць самой выйсьці, толькі пагрозьліва ляснулі па сьпіне і абазвалі кабылай. Але гэта былі самыя страшныя імгненьні ў чаканьні такога ж удару”.

24 лістапада

У моцны мароз (мінус 18) у Менску ладзіцца “Ланцуг свабоды”. 2 тыс. чалавек са сьвечкамі прыйшлі на праспэкт Скарыны і сталі ў жывы ланцуг ад станцыі мэтро “Плошча Якуба Коласа” да Акадэміі навук, трымаючы ў руках запаленыя сьвечкі — у знак смутку на ўгодкі рэфэрэндуму.

Аналягічныя акцыі, толькі менш людныя, сабраліся ў Горадні й Берасьці.

8 сьнежня

У знак пратэсту супраць падпісаньня дамовы пра стварэньне саюзнай дзяржавы паміж Беларусяй і Расеяй дацэнт катэдры паталягічнай фізіялёгіі Гарадзенскага мэдінстытуту, кандыдат мэдыцынскіх навук Сяргей Мальчык падаў у адстаўку з пасады выкладчыка. Сваё рашэньне С.Мальчык абгрунтаваў так: “8 сьнежня А. Лукашэнка зьдзейсьніў дзяржаўнае злачынства — зьнішчыў незалежнасьць Беларусі. У тым, што адбылося, ёсьць доля віны кожнага з нас. Але найбольшая віна за існаваньне гэтага рэжыму кладзецца на кіраўнікоў прадпрыемстваў і ўстановаў, у тым ліку і на наш інстытут”.

 

2000

Студзень

У Крычаве на пікет выйшаў цюцька Флэш (ягоны гаспадар — кіраўнік тутэйшай суполкі БНФ). На сабачку вісеў плякацік “Даже мне, собаке, ясно, что в союзе жить опасно”.

14 лютага

Дзясяткі маладых людзей выйшлі ў Берасьці раздаваць бел-чырвона-белыя сардэчкі і віншаваньні-валянцінкі. У ноч на 14 лютага ў магілёўскім парку імя Горкага зьявіўся вялікі (2х3 м) транспарант са словамі “Я люблю Беларусь!”. Увечары каля 30 маладых чалавек зь бел-чырвона-белымі сэрцамі на грудзях раздавалі людзям віншаваньні. У Бабруйску маладыя людзі з дэмакратычных партыяў зь бел-чырвона-белымі сьцягамі і сымбалямі селі на плошчы Перамогі ў форме сэрца і сьпявалі песьні.

Такія ж акцыі адбыліся ў іншых гарадах.

15 сакавіка

У Менску адбыўся “Марш свабоды-2”, у якім бралі ўдзел пад 30 тыс. чалавек. Пэрформанс наладзілі анархісты з газэты “Навінкі”. Падчас акцыі зьявіўся чалавек у лыжным касьцюме, вельмі падобны да прэзыдэнта, што бег па асфальце на лыжах. Прысутныя ў белых халатах “павязалі” яго.

25 сакавіка

Гвалт у Менску на Дзень Волі. Гарвыканкам у апошні момант адмяніў дазвол на сьвяткаваньне. З раніцы ў горадзе дзяжурылі бронетраспартэры з кулямётамі (пяць на пл.Незалежнасьці, два на пл.Перамогі, два на пл.Якуба Коласа, два ля Акадэміі навук). Праспэкт Скарыны быў ачэплены спэцназам, велізарныя сілы хаваліся ў дварах. У 11.45 сядзіба БНФ была аточаная міліцыяй. Апоўдні пачаліся затрыманьні ў ваколіцах плошчы Якуба Коласа. Хапалі тых, хто нёс сьцягі, транспаранты ці здымаў падзеі. Затрыманыя журналісты “Нашай Нівы”, “Нашай Свабоды”, “БДГ”, Радыё Свабода, Associated Press, France Presse, ОРТ, НТВ, ТВЦ. У журналістаў разьбівалі камэры, дыктафоны, акуляры. Затрыманыя 420 чалавек. Іх утрымлівалі ў вайсковай частцы на Грушаўскай і ў вайсковым ангары на Маякоўскага.

У Воранаве адбыўся пікет пад бел-чырвона-белымі сьцягамі. У пікетоўшчыкаў быў 6-мэтровы транспарант “Жыве Беларусь!”. У Мастах на сьвяткаваньне Дня Волі сабраліся 200 чалавек. У Сьвіслачы ля бюста Каліноўскага сабраліся актывісты патрыятычных партыяў. У Дзятлаве зьявіліся надпісы на сьценах і незалежніцкія ўлёткі. У Бераставіцы над нядзейным касьцёлам быў узьняты бел-чырвона-белы сьцяг. У Смургонях мясцовыя актывісты наладзілі невялікае сьвяточнае шэсьце. У Наваполацку ўначы былі разьвешаныя бел-чырвона-белыя сьцягі, а ўдзень адбыўся пікет з удзелам сотні чалавек. У Магілёве прайшлі мітынг і шэсьце. У Бабруйску былі затрыманыя 14 актывістаў БНФ і “Грамадзянскага Форуму”, якія раздавалі сьвяточныя буклеты пра БНР. У Горках на коміне кацельні быў узьняты бел-чырвона-белы сьцяг. У Шклове на будынку райвыканкаму намалявалі бел-чырвона-белы сьцяг і напісалі “Жыве Беларусь!” У Крычаве адбыўся пікет у гонар Дня Волі. У Гомелі адбыўся пікет з нагоды сьвята незалежнасьці. У Салігорску людзі сабраліся на сьвята на стадыёне “Шахтар”. У Баранавічах адбыўся мітынг. У Берасьці на стадыёне “Будаўнік” сабралася тысяча чалавек.

12 красавіка

На плошчу Незалежнасьці ў Менску выйшла Ніна Багінская разам з унукам. Яна трымала бел-чырвона-белы сьцяг, тым самым спрабуючы нагадаць пра падзеі пяцігадовай даўніны (зьбіцьцё дэпутатаў апазыцыі БНФ 12 красавіка 1995 г. у Авальнай залі Дому ўраду). Жанчыну затрымалі.

26 красавіка

“Чарнобыльскі шлях-2000” у Менску з удзелам 20 тыс. чалавек. За колькі гадзінаў да акцыі на беларускім радыё, у тым ліку і FM-каналах, былі перададзеныя паведамленьні пра вялікую навальніцу і шквальны вецер. Нягледзячы на гэта, акцыя прайшла дастаткова мірна і без дажджу. Дзяніс Яроменка прынёс на акцыю пудзіла ў хакейным шлеме са шчоткай заміж вусоў. Міліцыя распазнала ў пудзіле Аляксандра Лукашэнку.

Чэрвень

Страйк у Дрыбінскім раёне: старшыня калгасу “Дрыбінскі” Мікалай Юркоў баставаў разам зь сялянамі. “У мяне і людзей няма іншага выйсьця. Я не магу атрымаць грошы за малако, што калгас прадаў дзяржаве. А значыць, не магу аддаць вяскоўцам іх заробкі. А гэта 20 млн. новых рублёў. Людзі ня могуць па-чалавечаму жыць, ня хочуць бясплатна працаваць. Што рабіць нам у такой сытуацыі? Дзяржава забараніла нам самастойна прадаваць сваю прадукцыю. Яна загадвае прадаваць усё нарыхтоўшчыкам. Значыць, улады павінны адказваць і за тое, што не выконваюць сваіх абавязкаў. Наш папераджальны страйк — гэта пратэст супраць цяперашняга становішча, калі мы, нават ведаючы што і як рабіць, нічога зрабіць ня можам, нам зьвязваюць рукі шматлікія загады і інструкцыі”. Страйк трываў гадзіну, даяркі вылілі бітон малака на дарогу і разышліся працаваць.

29 ліпеня

У Менску адбыўся Ўсебеларускі Зьезд за Незалежнасьць (1350 дэлегатаў), які прыняў Акт Незалежнасьці Беларусі, што абвяшчаў незалежнасьць і дзяржаўны сувэрэнітэт неад’емнай каштоўнасьцю народу:

“Мы, дэлегаты Усебеларускага Зьезду,

СЬВЕДЧЫМ

Богам і гісторыяй дадзенае нашаму народу права мець сваю незалежную дзяржаву зь яе адвечнымі сымбалямі — бел-чырвона-белым сьцягам і гербам “Пагоня”;

АБВЯШЧАЕМ

незалежнасьць і дзяржаўны сувэрэнітэт неад’емнай каштоўнасьцю беларускага народу;

ПРЫЗНАЕМ

ня маючымі законнай сілы любыя пагадненьні і рашэньні, скіраваныя на скасаваньне альбо абмежаваньне сувэрэнітэту Беларусі;

ЗАКЛІКАЕМ

усіх грамадзян Беларусі і ўсіх суайчыньнікаў за мяжой згуртавацца вакол Акту Незалежнасьці Беларусі, бараніць незалежнасьць Айчыны;

парлямэнты і ўрады дэмакратычных дзяржаваў, міжнародныя арганізацыі і сусьветную грамадзкасьць забясьпечыць гарантыі сувэрэнітэту Рэспублікі Беларусі.

Жыве Беларусь!”

12 лістапада

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0