Краіна плэераў

эсэ

Нехта зь беларускіх паэтаў, здаецца, Дранько-Майсюк, быў уражаны падлеткамі, якія самазабыцьцёва разьяжджалі на скейтах, слухаючы плэеры. З таго ўражаньня нарадзіўся футурыстычны верш пра часы, калі людзі хадзіцьмуць па вуліцах, узьдзеўшы на вочы нейкія відэаакуляры, абы не глядзець на гэты сьвет. Апошняе на сёньня яшчэ не атрымала шырокага распаўсюджаньня, плэеры ж цяперака можна сустрэць скрозь. Іншым разам цяжка адкаснуцца ад зданьня, што палова вакольнага люду ходзіць у слухаўках. Хтосьці ў такой акалічнасьці ўбачыць сьведчаньне дабрабыту беларускіх грамадзянаў. Але гэткі пагляд будзе аблудным — папросту рынак Беларусі завалены таннай радыётэхнікай. Вушнікі, за малым выняткам, ёсьць сьведчаньнем жудаснай адзіноты, ад якой пакутуюць многія мае сучасьнікі. Надзетыя вушнікі — сапраўдныя ўцёкі ад існых у краіне праблемаў, дадатковая гарантыя, што ніхто не накіне на вушы здрадніцкае локшыны падазроных адценьняў. Моцы змагацца за зьмену сытуацыі стае ня ў кожнага, таму бальшыня абірае сьвядомую адзіноту. Нават сто гадоў адзіноты, сканцэнтраванай у пэрыядзе кіраваньня Лукашэнкі. Гэта, калі хочаце, акт нутраное эміграцыі з РБ у краіну Zэмфіры, воласьць Алсу ці ў лепшым выпадку на прасьцягі NRM, “Новага Неба” ды ў затуманныя землі KRIWI. І тут ня дужа зразумела, што пазначае гэткая эміграцыя: пасіўнае стаўленьне да рэчаіснасьці з-за немажлівасьці, нават няподумнасьці супраціву альбо сьвядомы яе байкот. Ёсьць беларусы, якія хваравіта рэагуюць на многія працэсы ў краіне, але маўчаць, бо не ўсталявалася быцьцёвае традыцыі ўголас гаварыць пра малыя ды пустыя грошы, чалавечыя ды шлюбныя здрады, хваробы бязь лекаў, нястачу ёду, хлеб бяз сала, як і сала бяз хлеба, здравый смысл і мазаічную псыхапатыю ППРБ ды іншае ўсялякае.

Кожны абірае свой шлях зыходу ад гэтых “радасьцяў” сучаснае беларускае сытуацыі. Элемэнтарны недахоп сілы волі спрычыняецца да зрываў у п’янства, наркаманію, звальны блуд, а то і да зыходу на той сьвет. Сацыёлягі сьцьвярджаюць, што колькасьць самагубстваў у сувэрэннай Беларусі ладна падрастае і што вялікі адсотак тут складае моладзь. Прычыны самыя розныя, але згаданая намі адзінота, даведзеная да скрайнасьці дзяржавай без здаровых ідэяў і ідэалаў (найперш нацыянальных), робіцца тут самым істотным чыньнікам. Гэта пагатоў горкае явішча сёньняшняга грамадзтва, бо бальшыня самагубцаў, як сьведчаць навукоўцы, перад зыходам што ёсьць моцы сыгналізуюць пра свае намеры, але іх ніхто ня чуе.

У сёньняшняй РБ з рэжымам султанісцкага тыпу, дзе галаўнейшым заняткам улады ёсьць ператрахіваньне ўсіх і ўсяго, нібы ў тым гарэме, значна ўзмацнілася маргіналізацыя беларускага грамадзтва. Яшчэ ўчора ты ведаў цалкам прыстойнага чалавека, які падаваў немалыя надзеі, а сёньня спатыкаеш яго ў кампаніі няпэўнага веку людзей з прапітымі пакамечанымі тварамі. Пры жаданьні кожны можа прывесьці горы падобных прыкладаў. Але поруч з гэткай прыкрай зьявай назіраецца і штосьці іншае. Мноства людзей, не зважаючы на інсьпіраваныя гарэмнай палітыкай цяжкасьці, ня йдзе ні ў бамжы, ні ў наркаманы, ні ў прастытуткі. Аднак і да апазыцыі актыўным чынам не далучаецца, хоць і разумее, зь якой дупы растуць ногі большасьці жыцьцёвых няўдаліцаў. Яны ня пэўныя, што апазыцыя здатная адчувальна й дзейсна вызваліць ад адзіноты. Вось і апранаюць вушнікі, прычым не заўсёды рэальныя, а часьцяком хутчэй сымбалічныя. Дык усё ж такі сьвядомы байкот? Байкот маўклівых адзінотнікаў, схільных да станоўчага ўспрыманьня насьпелых пераменаў у грамадзтве і дзяржаве, якая ўсё яшчэ працягвае звацца беларускай. Яны чакаюць пераможцаў адзіноты.

Сяргей Балахонаў


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0