Навіны за тыдзень
Генадзю Кісялёву — 70
Сейбіту вечнага
Нават ня кожнаму й прысьніцца,
Хай родзіць таленты між нас,
Каб і Чачот і Вераніцын
Пазвалі дружна на Парнас.
Там люду рознага нямала
Таўпецца навакол багоў —
Яго ж Скарына і Купала
Прывецяць шчыра за свайго.
Ён Караткевічам аблашчан,
Яму на светлы ўспамін
Наш Летапісец — сам Улашчык
Склаў запаветны пэркгамін.
І не адзін сучасьнік клёвы —
Вячыстай сьцежкаю хадок —
Габлюе мысль пад Кісялёва,
Майстроў смакуючы радок.
Зь дзівосных кнігаў — думкі роем,
Зарок і мёртвым і жывым:
Ня хлопам беларус — героем
Гасьцінцам крочыць векавым.
Хаця ня скрозь геройствам спрыцен,
Калі па шчырасці казаць,
Сёй-той за поліўку ў карыце
Чужацкі біч жадзён лізаць.
Ад сораму нясьцерпнай рана
Смыліць і рана, і ўначы —
Дакуль жа будзеш, край забраны,
Ярмо на карку валачы?
Суродзіч мой, да блазнаў гонкі,
Сумленьню атлусьцець ня дай:
Гартай пякучыя старонкі —
Думу пра Беларусь чытай!
І далакопам не знаровіць
Прагнёнай волі божы дар.
Жыве нам думаньнік-змагар,
Упарты Генус-Каліновец!
Аляксей Каўка
Пленэр Драздовіча
Сёлетні пленэр Язэпа Драздовіча адбыўся ўзімку. Каля 20 мастакоў зь Менску, Полацку, Віцебску, Дрысы, Глыбокага, у тым ліку Аляксей Марачкін, Віктар Маркавец, Алесь Родзін, Уладзімер Сулкоўскі, Алесь Цыркуноў, жылі на турбазе ў Падсьвільлі, што на Глыбоччыне, малявалі тамтэйшыя краявіды. 17 сакавіка ў Полацку адбылася выніковая выстава. Яе адкрыцьцё ператварылася ў сапраўдны фэстываль. Сваю дужасьць дэманстравалі ваяры з полацкага рыцарскага клюбу “Жалезны воўк”. Потым была музычная частка — сьпявалі Лера Сом, Ален, Антон Марговіч – бард з Глыбоччыны, які выканаў песьні на словы глыбоцкага ж паэта Алеся Жыгунова. Напрыканцы выступіў Андрэй Мельнікаў. Гэты дыназаўр сьпеву пад гітару пасьпявае браць удзел у мерапрыемствах ува ўсіх кутках Беларусі. Завершыўся імправізаваны фэстываль пэрформансам на беразе Дзьвіны: мастак Алесь Родзін са сваім асыстэнтам Мітрычам басанож лазілі па крыгах, пэрыядычна правальваючыся ў ледзяную ваду, і расстаўлялі адмысловыя пласьціны, з дапамогай якіх імкнуліся злавіць энэргію ракі, што ўвайшла ў першую фазу паводкі.
Васіль Кроква, Полацак
“Паходня”
15-годзьдзе адзначыў клюб «Паходня» — першая ў Горадні незалежная суполка моладзі ў 80-х. На чале «Паходні», утворанай з ініцыятывы маладых навукоўцаў Інстытуту біяхіміі Акадэміі навук, стаяў вядомы гісторык Міхась Ткачоў. Пасьля яго зьмяніў Мікола Таранда.
Б.Т.
Часопіс “Правінцыя”
23 сакавіка ў Полацкім музэі кнігадрукаваньня а 16-й адбудзецца ўганараваньне прэміямі “Гліняны Вялес” — гарадзенскага празаіка і журналіста Сяргея Астраўца (за кнігу “Цэнзарскія нажніцы”) — і “Важкая цагліна” — пісьменьніка і выдаўца Адама Глёбуса. На імпрэзе будзе наладжана прэзэнтацыя часопісу “Правінцыя”, які ў сакавіку пабачыў сьвет у Беластоку. Новы пэрыёдык прадставіць рэдактар Аляксандар Максімюк.