Паўсядзённасьць і рэальная апазыцыйнасьць

Хацелася б адгукнуцца на рэдактарскі ўступ да маёй “Хронікі сямі гадоў”, зь некаторымі палажэньнямі якога я ня згодны.

 

Дазволю сабе спачатку нагадаць абзац з рэдактарскай калёнкі. “…гэта хроніка палітычнае апазыцыі рэжыму Лукашэнкі, а не культурнага супраціву і не “гісторыі паўсядзённасьці”…Хроніка палітычнае гісторыі непазьбежна загрузае ў бясконцых мітынгах, пікетах і шэсьцях… Гісторыя паўсядзённасьці непазьбежна цяплейшая, чым хроніка газэтных падзеяў”. Пра культурны супраціў мне палемізаваць ня хочацца: я ўсё ж гісторык, а не культуроляг. Менавіта культуроляг мусіць разабрацца, якая падзея ў мастацкім ці літаратурным жыцьці вартая хронікі, а якая не. Я толькі выбіраў найбольш значныя і цікавыя. І быў бы вельмі ўдзячны, каб хто з нашых шаноўных культурнікаў узяўся за такую справу і зрабіў хроніку культурнага супраціву рэжыму.

А на праблеме супраціву ў паўсядзённасьці хачу спыніцца. Паўсядзённасьць — гэта жыцьцё зь першаснымі жаданьнямі, якое ня тычыцца палітыкі. Гэта як падзеі апошняй вайны ў Беларусі. Тут савецкія партызаны, там польскія, там — немцы, а пасярэдзіне беларускі селянін, якому ўсе роўна, хто ім будзе кіраваць. Абы даў зямлю і спаганяў чым меншыя падаткі. Апрацоўка зямлі — гэта паўсядзённасьць.

Як ні круці, а ў нас пакуль існуе супраціў прэзыдэнту з боку палітычнай апазыцыі, бо яна ёсьць сапраўдным народам. А той, каторы цёгаецца па вуліцах у п’яным выглядзе і лушчыць семкі, — гэта не народ. Гэта шэрая маса, якая не цікавіцца ні палітычнымі падзеямі, ні мовай, якой усё роўна, хто ёй кіруе.

Тое, што прэзыдэнта лаюць у транспарце, на кухні ці расьпісваюць сьцены гасламі “падазронага зьместу”, — гэта яшчэ не супраціў. Уяўляеце, як будзе глядзецца наступны пункт хронікі: 15 ліпеня ў тралейбусе №2 шэсьць разоў быў аблаяны прэзыдэнт. Ці: На кухні ў грамадзяніна Т. быў жорстка зьнявечаны партрэт прэзыдэнта. Гэта не супраціў, а нелюбоў да ўлады ў кухонных умовах.

Два гады таму выйшла кніга “Дэмакратычная апазыцыя Беларусі”, дзе звычайныя кухонныя ці кабінэтныя размовы, побытавыя п’янкі 1956-1988 гг. падаваліся як праявы дысыдэнцтва, з чаго дзівяцца нашыя заходнія і ўсходнія суседзі. І я, каюся, таксама прыклаў да гэтага руку. Баюся, каб такое не паўтарылася і з апазыцыяй Лукашэнку. Тое, што Лукашэнку аблаялі ці напісалі верш пра тое, як гіне беларуская мова, гэта яшчэ не супраціў. Быў бы прэзыдэнтам Пазьняк ці Чыгір, на пабытовым узроўні лаялі б іх. Але далей лаянкі справа ня йдзе, трэба пераступіць нейкую мяжу, якая аддзяляе звычайную штодзённасьць ад сапраўднага супраціву.

Беларусь сёньняшнюю, безумоўна, нельга параўнаць з гітлераўскай Нямеччынай. Маштабы ня тыя, але для нагляднасьці — гэта найлепшы прыклад. Супраціву фашыстам сярод немцаў у паўсядзённасьці было больш, чым дастаткова. Там спалілі партрэт Гітлера, там абсьвісталі прамову Гёбэльса, там падчас сьвята ня вывесілі фашыстоўскага сьцяга. Нейкі Вэрнэр лаяў Гітлера з 1939 да 1945 г., а ягоныя суседзі Шульц і Маер — з 1935 г. па 1945 г. Але адна справа плюнуць у партрэт Гітлера, а другая — спаліць гэты партрэт на Аляксандарпляц. І таму ў сьпісе змагароў з фашызмам няма ні Вэрнэра, ні Шульца, ні Маера. Аднак ёсьць Нэмёлер, Брандт, Штауфэнбэрг і хлопцы з “Чырвонай капэлы”. Бо яны зрабілі крок, які аддзяліў іх ад звычайнай пабытовасьці і паўсядзённасьці.

Так, апазыцыйнасьць заключаецца ў канкрэтных справах, а не ў кухонных размовах. А беларусы былі заўсёды моцныя такімі размовамі: у 1918, 1920, 1939, 1991 г. Куды ні кінь вокам, паўсюль супраціў у паўсядзённасьці. А вынік?

Чытаючы ўспаміны беларускіх нацыянальных дзеячоў пра верасень 1939 г., дзівішся: усе яны адмоўна ўспрынялі савецкую акупацыю Заходняй Беларусі. Усе цішком лаялі савецкіх акупантаў. Але ніхто ня выказаўся гучна, ніхто не падняў зброі, як палякі ў 1939-м ці літоўцы ў 1940-м. У 1944 г. нацыяналісты таксама бачылі, што адна акупацыя зьмяняецца іншай, але хто рэальна пайшоў у лес ці ў падпольле змагацца з саветамі? Лічаныя сотні. Іншыя ці сышлі на Захад, ці адседзеліся.

Яскрава ілюструе гэтую сытуацыю апавяданьне Васіля Быкава “Народныя мсьціўцы”, героі якога хочуць адпомсьціць былому чэкісту Вусаву, але ўрэшце, збаяўшыся, разьбягаюцца.

Гучна ляснуць дзьвярыма, як гэта зрабіў Куранкоў, — яшчэ не супраціў. Супраціў пачынаецца тады, калі гэтымі дзьвярыма каго-небудзь прыцісьне. Бо ў такім выпадку трэба заносіць у сьпіс змагароў з рэжымам і Плескавіцкага, і Сініцына, і Віньнікаву. А яны ж ніякія не апазыцыянэры. Гэта асабіста пакрыўджаныя рэжымам людзі. І тое, што выбух пад Слуцкам узяло на сябе Беларускае Вызвольнае Войска, яшчэ ня сьведчыць пра апазыцыйнасьць. Што такое Беларускае Вызвольнае Войска? Яно яшчэ неяк заявіла пра сябе? Можа гэта былы “вітушковец” па старой памяці падрывае камунікацыі. Як ня ёсьць супрацівам запрашэньне ў тэлестудыю дзеячоў апазыцыі. Праграма “Крок” узору канца 90-х ніколі не была апазыцыйнай, улада сама праз сваю недальнабачнасьць зрабіла яе такой.

Прыканцы паўтару адну цытату. “Гісторыя паўсядзённасьці непазьбежна цяплейшая, чым хроніка газэтных падзеяў”. Я згодны. Але каб хроніка была цяплейшай, трэба пісаць яе па гарачых сьлядах. Падзеі 2000 г. мусяць фіксавацца ў 2000 г., 2001-га — у 2001 г., дый не ў газэтным фармаце. Бо, безумоўна, зь цягам часу адчуваньні прытупляюцца, і зьбіваешся на сухія факты. І тут нават патрэбны не звычайны гісторык, а летапісец, які б фіксаваў падзеі адразу, прапускаючы празь сябе, праз свае адчуваньні. Але хто схоча стацца летапісцам?

Алег Гардзіенка


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0