Алесь Чобат

Наш чалавек у Менску зноў

 

Бог Тройцу любіць — таму па двух артыкулах пра “нашага чалавека ў Менску” бяз трэцяга не абысьціся. У першым партрэт “нашага” быў намаляваны, у другім — партрэт “калгасу”, зь якім “нашаму” давядзецца біцца насьмерць, час ужо й “эліту” нашую (?) намаляваць… Бо яна з калгасу выйшла. Таму страшнейшая за любы калгас. “Эліта” нашая посткалгасная і постсавецкая — хабарнікі.

 

Ня ў тым бяда, што “бярэ на лапу” адміністрацыя, падатковыя службы, ахова, ЖЭС, санітарны дагляд… Так ва ўсім сьвеце бяруць. Такса эўрапейская ёсьць — 10%. Тут Азаронак і Зімоўскі праўду кажуць.

Але наша “эліта” (і ва ўладзе, і ў “апазыцыі”) “бярэ на лапу” за іншае: за адукацыю і за свабоду жыць.

Колішнія скандалы зь менска-гарадзенскай прафэсурай, якая за паступленьне дэбіла-сыночка на мэдычны факультэт брала па тры-пяць тысячаў савецкіх дарагіх рублёў, а потым даставала па пяць-дзесяць гадоў на савецкіх негабляваных нарах, даўно перасталі быць актуальнымі. Цяпер бяруць не за “дэбілаў”, а за тое… каб сумленна прыняць да вучэльні тых, хто “пры памяці”.

Бо ўсе, хто жадае проста вытрымаць экзамэн, маюць даць. І ніхто не баіцца браць, бо для “прэзыдэнцкага кантролю” абавязкова знойдуцца два дурні. Адзін — наіўны вясковы дзядзька, другі — дацэнт-“першагодак”. Дзядзька з дацэнтам дамаўляюцца пра сына і пра суму, дзядзька бяжыць у РУУС (бо грошы ж “крывавым мазалём...”), потым прыходзіць на “стрэлку”… І тут як тут гоп-кампанія ў масках і камуфляжы, цоп дацэнта — і на голыя дошкі! А тым часам — хто паўкабана валачэ прафэсару на кватэру, хто канвэрт з далярамі — проста на катэдру, хто паслугамі мяняецца (“ты маю ўнучку ўладкуеш, а я твайго зяця вазьму галоўным трэнэрам футбольнай каманды з акладам галоўнага інжынэра”)…

А той дацэнт-першагодак на ўнівэрсытэцкім жаргоне называецца кідок: “кінулі” яго, як костку сабакам, каб ня ў той бок пабеглі.

Нават філялёгія беларуская “сьвятая”, “непадкупная” ды “апазыцыйная”… Пра памеры рэкету лепш за ўсё сьведчыць абвестачка ў гарадзенскай жоўтай газэтцы: “Приму на работу юриста. Дипломы нашего Университета не предлагать!” Каму ж хочацца плаціць грошы дэбілу…

А хто зрабіў таго дэбіла? Нашая “эліта”, постсавецкая і посткалгасная…

Нашыя калгасныя дзеткі (і мы ў іх ліку!) ня так набывалі веды, як завучвалі кніжкі на памяць на адзін дзень — калі экзамэн. Але тады хто хацеў — вучыўся, а хто не хацеў — плаціў хабар. Цяпер хабар стаўся падаткам на прафэсарскі рэкет — яго плацяць усе пагалоўна. І ніхто ня вучыцца. Больш таго — няма ў каго вучыцца. Да катэдраў дарвалася вескаўня, што чакала на тое дваццаць-трыццаць гадоў. Ох, як яна агаладала, як хоча падкарміцца…

І так у Рэспубліцы Беларусі паўсюдна. Парадокс — але без “парцейнага кантролю” больш-менш здольных, сьціплых і сумленных людзей павыкідалі адусюль. Засталася адна сволач, якая ўцякла зь вёскі і нічога ня хоча рабіць і ўмець, акрамя як піць і жэрці…

Самая страшная спадчына па камунізьме, Савецкім Саюзе і калгасе з ГУЛАГам — гэта не мардаваньне людзей, якія былі, але масавае прадукаваньне “нелюдзяў”, якіх не было. Што рабіць з “посткалгаснай элітай” “нашаму чалавеку ў Менску”?! Капаць трактарам МТЗ з начапным грабуном канаву, класьці туды ў шэсьць варстваў тую “эліту” з куляй у патыліцы?! Дык Эўропа ж завые: бамбардзіраваць будуць, як Мілошавіча…

Эвангельле цяпер чытаю. “Бо будзе ўсё тое, што ўжо было. І мор, і голад, і холад…” Гадоў гэтак сорак-пяцьдзясят будзе правальвацца наша Беларусь (каб аднекуль падняцца, спачатку трэба даляцець да дна!). А сказана ў Эвангельлі так: “Цярпеньнем вашым ратуйце душы вашыя”… Вось у чым любоў да радзімы!

Куды вы палезьлі, сьпікер Шарэцкі з генэралам Казлоўскім?! “Чаго вам хочацца, панове? Які вас выклікаў прымус..?” Бо ніхто з вас ня думае пра тое, як выбрацца — не кажучы пра тое, як і што потым рабіць. Бо самі ведаеце, што няма з кім рабіць нешта іншае, акрамя як красьці тое, што засталося. То лезеце да рабунку?!

“Цярпеньнем вашым ратуйце душы вашыя…”

Прэч з дарогі, ня суньцеся, куды вас ня просяць. Вы служылі “верой и правдой” рэжыму, які вас выкінуў, — новае падрасло пакаленьне: дзеткі вашых суседзяў па вёсцы ды “сослуживцев” захацелі сесьці на крэслы, што вы нагрэлі.

Грошай адных хочацца, “грантаў” ад грандаў — калі і так маеш грошы, то на халеру тая ўлада?! Мільёны беспрацоўных, “гіганты-каміны”, што даўно робяць “на склад”, той клясычны “небольшой колхоз”, які ніколі не лічыў, ня лічыць і ня будзе лічыць капейкі… Каму патрэбна ўлада як абавязак і адказнасьць?! Не хачу шкадаваць Аляксандра Лукашэнку — для гэтага ёсьць цэлыя міністэрствы! — але паглядзіце, што зь ім, здаровым маладым чалавекам, за сем год зрабіла тая ўлада… Змучаны, сьсівелы, старэйшы гадоў на дваццаць, чым ёсьць. Местачковыя “доктаркі” ўжо пачалі плесьці, што ў яго рак. То ня рак, паненкі ад сямнаццаці да пяцідзесяці васьмі, — гэта наш “сьціплы гасьцінны і працавіты” народ яму на галаву сеў…

Мы перажываем не “развал Советского Союза”, не “трудности построения демократии”, а развал нацыі, якая выглядала хоць і дапатопна, але па-людзку, пакуль была ў вёсцы. А калі “за саветамі” перабегла ў места праз халяўныя ўнівэрсытэцкія дыплёмы, дык згультаілася, сьпілася, зьбюракратылася і ахамуцела. І нашыя палітыкі, “нашыя людзі ў Менску”, робяцца сьляпымі і глухімі, калі ім пра гэта гаворыш. Хіхікаюць сабе — як у Скідалі хворыя алькашы пад крамай, на пляшку просячы…

Значыць… менавіта такі “народ” задавальняе “апазыцыю” — гэтаксама, як задавальняе ён цяперашні “антынародны і таталітарны”. Значыць, ні ў гэтым годзе, ні за пяць год нічога не пераменіцца. Няхай нават дойдзе да тых выбараў, байкоту, эмбарга, блякады, сваркі з Расеяй, замерзлай зімы ці хоць бамбардзіровак NATO… Ня так гэта проста — сябе памяняць. Там, дзе перамены былі, кіраўнікі ясна гаварылі, чаго яны хочуць. Чаго хоча “просты народ”…

Так Кенэдзі рабіў, Рузвэльт, дэ Голь, Пілсудзкі, Бісмарк, Аляксандар ІІ, нават Сталін ды Мао. Нешта па сабе пакінулі. А тыя, хто рваўся толькі да ўлады, ды яшчэ дзеля ратаваньня “простага народу”, не пакінулі нічога — ні “народу”, ні гісторыі па сабе.

Прысутнасьць “нашага чалавека ў Менску” будзе мець сэнс толькі тады, калі будзе ў яго… ідэя. Бо задачы самыя простыя. Дзе знайсьці грошы, каб наш рубель прывязаць да сапраўднай валюты? Як зрабіць з абсалютна непатрэбнага войска інжынэрна-санітарна-выратавальную службу накшталт расейскага МЧС Сяргея Шайгу (бо гадоў празь пяць-дзесяць усё будзе валіцца, як цяпер у Расеі…)? Навошта міліцыя, якая нагадвае войска супраць уласнага народу (зірніце на форму, манеры, мацюкі і вырачаныя вочы!) — і як зрабіць зь яе паліцыю, а яшчэ лепш — муніцыпальную? Дзе рыхтаваць выкладчыкаў, якія б гадоў за пяць-шэсьць выкладалі б на эўрапейскім узроўні беларускую літаратуру з гісторыяй (і пры гэтым не гаварылі хоць бы пры вучнях і студэнтах “общепонятным человеческим языком”)?! Як, нарэшце, дапісаць тую ж “гісторыю Беларусі”? Бо Сагановіч і Арлоў напісалі гісторыю “ад Рагвалода”… да 1918 году! Як жа, сьледам “саветы прыйшлі”.

…Адным словам, галава пойдзе кругам у “нашага чалавека ў Менску”. А таму будзе ён… спакойна дзяліць маёмасьць, кватэры, крэслы, супакойваць сваркі сваёй нованабранай вескаўні — і вернецца ўсё на кругі свае…

Сакавік, 2001 год, Горадня


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0