Прэзыдэнт — 2001

Як Вы ацэньваеце ход перадвыбарнае кампаніі на мінулым тыдні?

Карлас Шэрман, віцэ-прэзыдэнт Беларускага ПЭН-Цэнтру:

Скарысталі фармальную нагоду ды паралізавалі Вячорку на два тыдні. Цяпер, калі кожны дзень каштуе год, на два тыдні чалавек выведзены з працы. Такая будзе тактыка ўладаў на вясну і лета. Абяззброіць партыю — няшмат трэба. Арыштуй дзесяць ці сорак чалавек, і ўсё. Сьведамыя людзі пратэстуюць, але ня так масава. Звыкліся ў пэўным сэнсе. Рэпрэсіі становяцца нечым звыклым для людзей — пра гэта кажа і мой лацінаамэрыканскі досьвед. Нічога ня робіцца проста так.

Пасадзіць Вячорку на 15 сутак — гэта крок, заплянаваны халодным розумам. А пасьля “Чарнобыльскага шляху” можна будзе і год атрымаць... Дзе той цэнтар, што робіць такія халодныя разьлікі для лукашэнкаўскай кампаніі, я ня ведаю. Але ён мае прадуманую стратэгію. Як прадумана быў прыняты Дэкрэт №8 супраць гуманітарнай дапамогі, як плянава і прадумана ідуць перадачы на БТ, як плянава дыскрэдытуюць дэмакратаў у газэтах...

Апазыцыя ж неяк запаволена разгортвае свой, альтэрнатыўны плян. Мяне бянтэжыць, што ў гэты плян не ўваходзіць здабыцьцё масавай падтрымкі загадзя. Адзін кантроль за падлікам галасоў і беспасярэдна перадвыбарная мабілізацыя ня могуць самі сабой даць плёну. У Варшаве, Бялградзе, Вільні — масавасьць вырашала.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0