АБ УСІМ ПАТРОХУ


 

паштовая скрынка апазыцыі

Па сьлізкай сьцежцы

Статкевіч мусіць сысьці з пасады лідэра Народнай Грамады

Аблiчча дзяржавы вызначаецца ўзроўнем права, аблiчча грамадзтва — узроўнем маралi. Тысячы беларусаў сачылi за працэдураю iмпiчмэнту Бiла Клiнтана. Рашэньне было на ягоную карысьць, але незалежны пракурор выявiў факт падману і заявiў, што ня спынiць перасьледу грамадзянiна Ўiльяма Дж. Клiнтана. Клiнтан вымушаны быў прызнацца, што хлусiў. І яго на пяць год пазбавiлi права займацца юрыдычнаю практыкаю.

У нас няма iнстытуту незалежных пракурораў. У нас можна беспакарана парушаць законы, у тым ліку й выбарчыя, а потым з сур’ёзнаю мінаю на твары разважаць пра галасы электарату, адсоткі й г.д.

Адна справа, калi гэта чыняць тыя, хто хлусьнёю зарабляе сабе на хлеб, iншая — калi пра выбары, разьмеркаваньне галасоў ды працэнты сур`ёзна разважаюць людзі, якія лічаць сябе апазыцыянэрамi й дэмакратамi. Хочуць яны таго цi не, але, уключыўшыся ў “выбарчы працэс”, яны апусьцiлiся да ўзроўню афiцыйных падманшчыкаў.

У жнiўнi 2000 г. Мiкалай Статкевiч сказаў карэспандэнту газэты “Згода” (№19) наступнае: “Пытаньне пра няўдзел партыi ў выбарах фактычна вырашанае. Зьезд БСДП “НГ” сфармуляваў умовы ўдзелу сацыял-дэмакратаў у парлямэнцкiх выбарах... Паколькi нiводная зь iх не была забясьпечаная — дык мы й ня будзем браць удзелу ў выбарах”. Словы прамаўлялiся ў той час, калі Статкевiч са сваiм намесьнiкам Нiсьцюком ужо падбiлі пэўных сяброў партыi на ўдзел у “выбарах”. Як зьвязаць заяву пра няўдзел партыi ў выбарчым фарсе i ўдзел у iм старшынi БСДП? Тут падыходзiць ленiнская “дыялектыка”: партыя ўдзелу ў выбарах не бярэ, а асобныя сябры БСДП ня ёсьць партыяй.

Гэткае “дыялектычнае” круцельства цалкам задавальняла сп.Статкевiча, бо ён разглядаў крэсла ў “палатцы” як стартавую пляцоўку для ўдзелу ў прэзыдэнцкай гонцы. У 1999 г., калi праводзiлася “вiртуальная прэзыдэнцкая кампанiя” i БСДП падтрымлiвала Мiхаiла Чыгiра, старшыня заставаўся ўбаку. Не пасьпела зачынiцца брама вязьнiцы за Чыгiром, як Статкевiч пачаў зьбiраць подпiсы пад тэкстам, у якiм гаварылася, што зараз партыя павiнна падтрымаць ягоную кандыдатуру на прэзыдэнцкую пасаду. Сабраў ён блiзу 30 подпiсаў i, сустрэўшы супрацiў немалой часткі сяброў ЦК ды старшыняў арганiзацыяў, спынiўся.

Кажуць, старшыню БСДП пераканалi ўзяць удзел у “парлямэнцкіх выбарах” замежныя сацыял-дэмакраты. Кажуць, што ён узяў абавязацельствы i перад пэўнымi структурамi ў нашай краiне. Праўда гэта цi не, з часам высьветлiцца. Пакуль жа можна канстатаваць адно: “дэпутацкае” крэсла было патрэбнае сп.Статкевiчу дзеля ажыцьцяўленьня далекасяжных плянаў. Iсьцi ж на “выбары” ў ”палатку” аднаму яму не выпадала. Спакусiўшы абяцанкамi сяго-таго зь сяброў партыi, ён мог выкарыстаць iх у барацьбе з унутрыпартыйнаю апазыцыяй. Але й тут не абышлося без падману. Калi з 16 прэтэндэнтаў на мандаты дзевяць не зарэгiстравалi, старшыня БСДП урачыста пужаў, што здыме сваю кандыдатуру. Статкевiч загадзя ведаў, што падманвае сяброў БСДП i грамадзкасьць. Каб больш-менш прыстойна выйсьцi з сытуацыi, ён спаслаўся на тое, што яго папрасiлi не здымаць кандыдатуры зарэгiстраваныя кандыдаты.

Правал сяброў БСДП 15 кастрычнiка быў цалкам заканамерны. БСДП не рыхтавалася да выбараў, яна нiколi ня мела “мазгавога трэсту”, мэнэджэраў, iмiджмэйкераў, сьпiчрайтэраў, дасьведчаных агiтатараў, адмыслоўцаў у галiне public relations. (I ня мецьме, бо эгацэнтрыст арганiчна ня здольны згуртаваць iнтэлектуалаў, людзей, што маюць самастойны погляд на рэчы, ня здольны наладзiць сыстэматычнае навучаньне сяброў партыi.)

Цiкавае стаўленьне да гэтага правалу самога Статкевiча ды ягонага iдэоляга Нiсьцюка. Апошні на поўным сур`ёзе сьцьвярджаў, што 15 кастрычніка выбары не адбылiся якраз у тых акругах, у якiх кандыдатамi йшлi сацыял-дэмакраты (мусiць, i Калякiна з Гайдукевiчам ён залiчыў у БСДП), што ў тых акругах, дзе йшлi сацыял-дэмакраты, апазыцыя разгарнула тактыку байкоту наймацней. Такiм чынам, былы прэсавы сакратар Лукашэнкi з маўклiвае згоды Статкевiча настройваў сацыял-дэмакратаў супраць дэмакратычных партыяў.

Выбары ў Калiноўскай выбарчай акрузе № 107, дзе балятаваўся Статкевiч, не адбылiся. Калi ўважлiва прачытаць ягонае iнтэрвiю “БДГ ” (19 кастрычнiка 2000 г.), можна зрабiць выснову: у тым, што выканаўчая ўлада прызнала гэты факт, i палягае, паводле Статкевiча, яе галоўны грэх. Камунiст Калякiн выявiўся больш сумленным: у тым самым нумары “БДГ” ён шчыра прызнаўся, што ў ягонай акрузе прагаласавала каля 35% выбарцаў (“не прыйшоў... дэмакратычна настроены электарат”).

15 кастрычнiка 2000 г. Статкевiч чацьверты раз запар не атрымаў мандата. Тройчы (вясна i восень 1995 г. ды восень 1996 г.) ён балятаваўся ў Вярхоўны Савет па Васьняцоўскай выбарчай акрузе (Заводзкi раён г.Менска). У 1996 г. старшыня БСДП дасягнуў найбольшага посьпеху (заняў першае месца, але, зь вядомых прычынаў, другi тур галасаваньня не адбыўся). Iсьцi на “выбары” чацьверты раз у той самай акрузе Статкевiч не адважыўся i вырашыў пашукаць шчасьця ў Першамайскiм раёне. Але марна. Прызнаць свае памылкi ў яго не хапiла (i ня хопiць) мужнасьцi. У той час, як ЛДП адмовiлася браць удзел у паўторных выбарах, а Калякiн не захацеў зноў сарамацiцца, Статкевiчу важна было зрабiць закладнiцаю сваiх амбiцыяў усю БСДП, i ён пачаў “гнаць хвалю”: цяпер на выбары пойдзе ўся партыя, афiцыйна, i ЦК вылучыць кандыдатаў у “дэпутаты”. Але да паседжаньня ЦК 28 студзеня ня здолеў скласьцi пляцформу, паказаць, за што канкрэтна будзе змагацца ў “палатцы”. На тым паседжаньнi ён пачуў нарэшце тое, што яму доўга не казалi ў вочы: у нас няма пэўнасьцi, што Вы, сп.Мiкалаю, прыйшоўшы да ўлады, ня станеце другiм Лукашэнкам; Вашы паводзiны й тактыка нагадваюць тактыку й паводзiны Пазьняка. Дарма ягоная кліка тупала нагамi ды галёкала падчас выступаў апанэнтаў — БСДП ня вылучыла афiцыйных кандыдатаў. Ня зьдзейсьнiлася й другая пагроза — “закрыць” на паўторных “выбарах” усе 13 акругаў: удзельнiчаць у ягонай авантуры згадзiлiся толькі тры сябры БСДП.

Што Статкевiч прайграе й 18 сакавiка, таксама было вядома загадзя: каб перамагчы сп-ню Бур`як, намесьнiцу кiраўнiка Першамайскае раённае адмiнiстрацыi, патрабавалiся неабыякiя высiлкi. Сп-ню Бур`як перамог сп.Нарэйка. Ён ды ягоныя “хлопчыкi” i “дзяўчынкi” хадзiлi па кватэрах, ягоны пiкет ля кiнатэатру “Вiльня” стаяў i ўранку, i ўдзень, i ўвечары. Статкевiчу ж не дапамаглi нi “дарагi” мэнэджэр-”вараг”, нi вядомы дэмакрат Уладзiмер Навасяд, якi далучыўся да ягонае каманды.

Калi зыходзiць з рэальнае колькасьцi выбарцаў, дык, паводле ацэнак незалежных назiральнiкаў, выбары ў Калiноўскай акрузе зноў не адбылiся. Здавалася б, Статкевiчу — апазыцыянэру й дэмакрату — трэ было б прызнаць гэта. Але Статкевiчу смылiць. Iгнаруючы той факт, што выбары не адбылiся, Статкевiч пачынае лямант пра “чорны PR”, даводзiць, што сп-ня Бур`як скарыстала “адмiнiстрацыйны рэсурс”. Лёгiка ягоных учынкаў i выказваньняў сьведчыць: ягоная прага мандату настолькi вялiкая, што ён фактычна згадзiўся з афiцыйным цьверджаньнем, быццам 18 сакавiка былi сапраўдныя выбары, ён, калi б пашанцавала, з чыстым сумленьнем згадзiўся б удзельнiчаць у другiм туры.

Лідэр, якi йдзе на выбары, павiнен iх выйграць. Тым больш Статкевiч, які пайшоў на выбары самахоць, насуперак рашэньням i Зьезду БСДП, i Кангрэсу Дэмакратычных Сiлаў і падбухторваў да ўдзелу ў выбарчым фарсе iншых людзей. Чалавек, якi пяць разоў балятаваўся й пяць разоў “праляцеў”, ня можа ачольваць партыю, бо й яе ператварае ў пасьмешышча ў вачох сур`ёзных палiтыкаў. Дарма старшыня БСДП шукае апраўданьняў. 1 лiпеня 1995 г., калi Алег Трусаў апраўдваў няўдачу БСДГ на выбарах у Вярхоўны Савет, Статкевiч публічна з трыбуны пытаўся: “А вы што, думалi, што вам дарожку высьцелюць?” Летась i сёлета калегi папярэджвалi Статкевiча, што сьцежка, на якую ён ступае, вельмi сьлiзкая. I ён упаў. Маральна й палiтычна. I цягне за сабою партыю, якой, калi яна не пазбудзецца такога лiдэра, немiнуча пагражае раскол.

Сацыял-дэмакрат


 

Пэрформанс у Чырвоным касьцёле

25 сакавіка ў Чырвоным касьцёле адбыўся пэрформанс мастака Алеся Пушкіна. Пасьля абвяшчэньня Ўстаўных граматаў БНР, выступаў У.Пузыні, пана Скіргайлы з “СтараЛітвы” й Зьмітра Сідаровіча на сцэне зьявіўся А.Пушкін. Босы, абчапляны штучнай рыбай і саломай, ён, седзячы ў сапраўдным чаўне, ссоўваў вяслом са сцэны аркушы з тэкстамі вершаў і песьняў, якія маляўніча кідалі долу паэт А.Хадановіч і сьпявачка Т.Цыбульская. Дзею суправаджала пранікнёная музыка ў выкананьні Г.Каржанеўскай.

“У нашым чаўне мастацтва мы адчуваем разьяднаньне, — сказаў Пушкін. — Каб пераадолець яго, запрашаем усіх да сябе”. Праз імгненьне човен быў поўны моладзі й дзяцей, а ўверсе лунаў бел-чырвона-белы сьцяг, узьняты Пушкіным.

Людміла Гулюк


 

лісты ў рэдакцыю

Куды загадае гаспадар…

Нас гоняць, як статак, куды загадае гаспадар. І кіруюць нашым рухам злосныя паганятыя з палкамі. Куды мы рухаемся — ніхто ня ведае. Апошнім часам нас усё часьцей падганяюць — сьпяшаюцца!

Спробы ўцёкаў сканчаюцца балючым ударам і штуршком — назад, у натоўп. Дый трэба мець мужнасьць, каб наважыцца ўцячы.

Таму й гоняць нас, як быдла, куды загадае гаспадар.

Ахоўнік побач са мной — мой былы сябар. Але чакаць ад яго літасьці не выпадае. Ён таксама кіруе намі са страхам. Страхам згубіць сваё месца, згубіць “пасаду”: ён баіцца зноў апынуцца сярод нас.

Яшчэ больш ён баіцца іншага. Ён ведае — калі надыдзе ноч, усё гэтае быдла абернецца ў ваўкалакаў.

Пярэваратні не пашкадуюць ні варты, ні гаспадара. А пасьля вольна разьбягуцца па сьвеце. І будзе тады ВОЛЯ… Да наступнага ранку, да наступнага дня, наступнага гаспадара.

Руслан Равяка,
Баранавічы

 

Пішу вам з войска...

Піша вам гэты ліст былы сябра Сьвіслацкай Рады Маладога Фронту Менску. “Былы”, бо знаходжуся цяпер у войску. Нацыяналістам тут цяжкавата, усё напружвае з-за сваёй “савецкасьці”. Нічога беларускага тутака няма, акрамя некаторых шыхтавых сьпеваў.

Можна сказаць, што мне пашанцавала, бо я знайшоў тут такіх самых патрыётаў, як і я, таксама былых маладафронтаўцаў. Вось гэта мяне выратоўвае, размова зь сябрам па духу. Я веру, што “войска” мяне ня зьменіць. Як быў я беларускім нацыяналістам, так я ім і застануся. Увогуле, уся сыстэма войска заснавана на жорсткасьці. Адносіны ўва ўсіх напружаныя. Я не кажу пра “дзедаўшчыну”, тутака, у вучэбнай частцы ў Нясьвіжы, яе, можна сказаць, увогуле няма. Проста існуе нейкая адмоўная энэргія. Шмат у лісьце не напішаш, бо кожны дзень тут аднолькавы: пад’ём, крос 5 км па Нясьвіскім парку, ля возера, вучоба, самападрыхтоўка...

Серж, Нясьвіж


 

Раўнадушнасьць

дзёньнік

“Ня бойся ворагаў, сама больш яны здольныя цябе забіць, ня бойся сяброў, сама больш яны здольныя табе здрадзіць. Бойся раўнадушных…” — здаецца, так пісаў бальшавіцкі пісьменьнік, змагар ідэалягічнага фронту. А як жа, як нехта зробіцца раўнадушным, дык ужо ня будзе ў поўнай меры саўком, ня будзе пільна ўзірацца ў чужую талерку, у чужы радок у платнай ведамасьці, у чужое асабістае жыцьцё, а гэта ж самае горкае гора для пралетараў. Не стае нам цяпер на нашым кавалку постсавецкай прасторы шляхетнай, выпешчанай пакаленьнямі раўнадушнасьці! Прыслухаймася, як гучыць гэтае слова, пакаштуйма на смак ягоныя складнікі: “роўнасьць” і “душа”. Нават даруйма Пушкіну ягоную апалягетыку “Пятра Вялікага” за ягоныя мудрыя словы: “Хвалу и клевету приемли равнодушно!”

 

* * *

Антонім раўнадушнасьці — зайздрасьць. На зайздрасьці была пабудаваная перадвыбарчая праграма аднаго аж занадта вядомага кандыдата ў прэзыдэнты разьліву 1994 г. Кажуць, што пераможцаў ня судзяць. Але прыкра, што гэтага паскудзтва, зайздрасьці, у нас у той год аказалася так многа, што на ім можна было пабудаваць палітыку — або макет палітыкі. Прыкра, што зайздрасьць у нас культывуецца дзяржаўнымі мэдыямі. Паказваюць па тэлевізары апазыцыйнага дзеяча — і сьледам пачак “Кэмэлу”. Разьлічваюць, што мастурбацыя зайздрасьці яе, гэтую зайздрасьць, павялічыць.

 

* * *

Ты памятаеш, як амаль ужо шэсьць гадоў таму спаскудзілі пекны травеньскі дзень, як пасярод самага квітненьня прыроды зрабілі гэтак званы “рэфэрэндум”? Паміж іншых там было выстаўленае немагчымае для цывілізаванага грамадзтва пытаньне пра дзяржаўную сымболіку. Але рэфэрэндумная машына на той момант яшчэ не была як сьлед адладжаная, дык здарыўся тады пэўны канфуз. За тое, каб памяняць сымболіку, набралася толькі 48%. Астатнія былі або за дзейную сымболіку зь бел-чырвона-белым сьцягам, або аказаліся раўнадушнымі. Але ж пралетарская традыцыя не ўважае раўнадушнасьць за пазыцыю, і сымболіку ўсё роўна памянялі. Хаця, зацем сабе гэта, — не заручаныя падтрымкай большасьці.

 

* * *

Але ж прыходзіцца неяк жыць, і ты шукаеш для свайго жыцьця нейкія новыя магчымасьці. Даю табе падказку. Цяпер ты можаш пайсьці й пасяліцца ў гасьцініцу ў сваім уласным горадзе. Павер, яшчэ гадоў дзесяць таму такое было абсалютна немагчыма. А так — ты заплаціш ня вельмі вялікую суму, атрымаеш ключ ад нумару і зможаш правесьці з сабою сваю каханку. Адміністратарка будзе цалкам раўнадушнай. Ёй абы твае грошы. Яна так табе і скажа, і скарыстае пры тым цудоўны выраз, у якім будзе прысутнічаць найменьне твайго ўлюбёнага колеру. Яна скажа: “Мне фіялетава”…

Аляксандар Урбановіч, Гомель


 

удакладненьні

Каруза ў Маладэчне

У артыкуле Людкі Сільновай у нумары 12 “НН” ад 19 сакавіка трэба чытаць: “Вуліца Міхаіла Калініна ў горадзе Маладэчна, дзе ў 1940-х гадох [а не “ў 1940 г.”, як было надрукавана] працаваў кіраўніком хору Павал Каруза, намаганьнямі энтузіястаў-адраджэнцаў перайменаваная ў вуліцу Язэпа Драздовіча”.

 

Аўтар “Прэзыдэнт, ідзі дамоў”

У тым самым нумары 12 “НН” памылкова паведамлялася, што аўтарам песьні “Прэзыдэнт, ідзі дамоў” ёсьць Міхал Анемпадыстаў. Насамрэч аўтар песьні невядомы.

За памылкі вінаватая рэдакцыя. Даруйце нам.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0