Беларусь праз 100 гадоў


Бульба на сьвяты

Беларусь на пачатку XXII ст. будзе цалкам не падобная да сёньняшняй. Гэта будзе краіна, расквітнелая на папялішчы рэвалюцыяў і прыродных катастрофаў ХХ ст. Краіна абноўленая, але ў нечым істотным надта кансэрватыўная.

Па канчатковым заняпадзе постсавецкай Расеі Беларусь пераарыентуецца на Захад. Небясьпека з Усходу падштурхне да радыкальнага разрыву з расейскай цывілізацыяй. Але размаўляць беларусы ў XXII ст. будуць найчасьцей па-ангельску. “А на халеру вучыць беларускую, калі ўвесь сьвет размаўляе па-ангельску?” — прыкладна так выкажацца тыповы беларус тых часоў пра родную мову. Але ці наважыцца хто за гэта беларусаў даракаць? Наўрад. Бо свабода. Талерантнасьць. Абыякавасьць. Поўная адсутнасьць якіх-любя забаронаў, забабонаў ды іншых атрыбутаў цяперашняе дзяржавы. Дый замест самой дзяржавы — аморфнае ўтварэньне ў складзе Эўразьвязу. Мяжа й мытня — толькі на ўсходзе.

На парозе XXII ст. Беларусь зробіцца заможнай. У розных кутках краіны будуць працаваць прамысловыя прадпрыемствы, пабудаваныя коштам міжнародных карпарацыяў. Галоўная прынада для замежнага капіталу — беларускія працаўнікі, высокаадукаваныя, паслухмяныя і руплівыя, гатовыя працаваць за сьціплы заробак. Пойдзе ў нябыт адвечная праблема з палівам. Яшчэ ў XXI ст. амэрыканцы адшукаюць бясьпечны спосаб выкарыстаньня ядравай энэргіі й распрацуюць беспрамянёвы міні-рэактар для аўтаномнага сілкаваньня любых машынаў і мэханізмаў. Гэткім чынам, зьнікне патрэба ў электрычных дратах, і чалавецтва вызваліцца ад аброткі, што трымала людзей за горла амаль два стагодзьдзі. Для беларусаў гэта будзе сапраўдным паратункам.

Дзякуючы энэргетычнай рэвалюцыі вырашацца й праблемы экалёгіі. Паветра ачысьціцца ад сажы й пылу, зямля — ад торфараспрацовак і высакавольтных лініяў. Спыніцца глябальнае пацяпленьне, але вярнуць ранейшы клімат ня ўдасца. Дый навошта? Чалавецтва прыстасуецца да новых умоваў, беларусам яны пойдуць на карысьць. Па ўсёй краіне забуяюць сады і вінаграднікі, Дрысьвяты і Сьвір ператворацца ў сусьветныя курорты, забудзецца зімовая сьлізгата. Вырастуць цэны на нерухомасьць, бо “беларускі рай” будзе прыцягваць чужаземцаў, якім меней пашчасьціла з кліматам ды талеранцыяй.…

На беларускіх палетках амаль ня будзе бульбы. Апантаныя клопатам пра здароўе, людзі выкрасьляць яе з паўсядзённага рацыёну (як і гарэлку, тытунь і наркотыкі) і толькі ў сьвяты будуць ласавацца дранікамі, тлустымі кілбасамі, салам і мачанкай. Затое чырвонае віно будуць вырабляць на кожным хутары. Любімай гароднінай зробяцца брусэльская капуста, шпарагі і артышокі. Уся садавіна, гародніна й свойская жывёла скрозь будуць прадуктам геннае інжынэрыі. Як, дарэчы, і сам чалавек.

Радыкальна зьменіцца ляндшафт. Нашыя нашчадкі парупяцца, каб ён выглядаў прыгожа. Большасьць людзей будзе жыць і працаваць на вёсцы. Тут, сярод маляўнічых краявідаў, адчыняцца школы і ўнівэрсытэты, тэатры і філярмоніі. Мінімум 20% беларусаў будуць зарабляць грошы, седзячы ў хаце за кампутарам. Гэтая прылада заменіць і тэлефон, і тэлевізар, і пэйджэр, і відэакамэру, і кнігу, і газэту, і даведнік па ўсіх магчымых і немагчымых пытаньнях. Але ў татальнае кампутарызаванасьці ёсьць і адмоўны бок: нават блукаючы ў лесе, чалавек будзе адчуваць сябе “на шворцы”. Звузіцца абсяг прыватнае свабоды, тады як свабода асабістага выбару і свабода інфармацыі пашырацца бязьмежна. Зьнікне тэлебачаньне з абмежаваным наборам праграмаў; замест яго перад чалавекам адкрыецца грандыёзная панарама сусьветнай культуры. Усе бібліятэкі, карцінныя галерэі, кінастужкі, музычныя творы, архівы, навіны, гульні і забавы — у любую хвіліну, бясплатна, для кожнага ахвотнага. І нічым не абмежаваная магчымасьць скантактавацца зь любым чалавекам на Зямлі і ў космасе — знаёмым ці незнаёмым. Моладзь, шпацыруючы па вуліцах, будзе бавіцца гамонкаю з выпадковымі Інтэрнэт-суразмоўцамі з розных куткоў плянэты. А вось утрыманьне трывалых сувязяў станецца праблемаю, таму людзі будуць пачувацца самотнымі.

Менавіта таму яны пацягнуцца да філязофіі і мастацтва. Бясспрэчным фаварытам будзе музыка, але зусім не такая, якой цешацца сёньняшнія падлеткі. Сучасны рок ці поп падасца нашчадкам загучным, шкодным для вушэй і нэрвовае сыстэмы. Улюбёнымі кампазытарамі будуць Моцарт, Шубэрт і нейкі беларускі геній, што ўзрасьце на тутэйшай глебе. Вялікіх посьпехаў дасягнуць беларусы і ў жывапісе, літаратуры, навуцы. У Беларусі зьявяцца першыя ляўрэаты Нобэлеўскай прэміі. Тысячы студэнтаў з Эўропы, Азіі ды Паўночнай Амэрыкі будуць вучыцца ў беларускіх унівэрсытэтах.

Усё гэта моцна паўплывае на беларусаў, на іхнае стаўленьне да сябе і сваёй краіны. Людзі набудуць годнасьць, кінуць мітусіцца і штурхаць адзін аднаго ў неспатольным жаданьні пазбыцца ўнутранае напружанасьці. На беларускіх прасторах запануе ветласьць, дабрыня і спакой. Як і мае быць у сапраўднай беларускай хаце.

Юлія Андрэева


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0