Наша Ніва 90 гадоў таму

Дв. Каспэраўшчына, Віленск. губ. Вялейск. Пав. Запустамі два хлопчыкі-вучні гімназіі, сыны доктара Наваднічанскага, пайшлі ў лес на паляваньне за вавёркамі. У лесе разышліся. Адзін зь іх у жоўтым кажушку палез на густую вялікую елку выгнаць з сукоў вавёрку і стаў клікаць брата. Той стаў падыходзіць на голас, але здалёку праз гушчу угледзіў на елцы нешта жоўтае і, доўга ня думаючы, злажыўся, стрэліў і ўсадзіў 42 шраціны брату ў самыя грудзі. На шчасьце, бедны хлопчык меў яшчэ столькі сілы і памяці, што затрымаўся на дрэве і неяк памаленьку зьлез. Цяпер ён у бальніцы ў Менску і ўжо папраўляецца, шраціны нарываюць і самі выходзяць на верх.

24 Сакавіка 1911 г., №12

 

Паштовая скрынка

П.Сьнігіру. Вы пішаце: “Толькі як пачаў я чытаць “НН”, адкрыліся мне вочы на тое, хто мы такія, і толькі цяпер я зразумеў прычыну нашай нядолі, бо мы, беларусы, дагэтуль былі матэрыялам для другіх народаў, каторыя за кошт нашых сіл будуюць сабе лепшае жыцьцё”. Так, дагэтуль мы ня мелі сваёй пісьменнасьці, дый цяпер ня маем нацыянальных правоў. Мова наша выкінута зусюль, дый самі беларусы мала яе цэняць, ня ведаючы, што гэта найдаражэйшы скарб нашага народу. Старайцеся ж дзеля супольнай добрай і вялікай працы ўсьведаміць хоць аднаго чалавека, а гэтым вы сабе паставіце жывы памятнік.

31 Сакавіка 1911 г.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0