Анонс

У горад лепш прыяжджаць засьветла, каб не натыкнуцца на вострыя калочкі кабылінаў, што паўсюль перагароджваюць праезд па вуліцах ды подступ да брамаў, ня збочыць у якую лужыну дый увогуле не спаткацца зь невядомым ліхам. Бо ноччу — цёмна, вусьцішна. Удзень жа зусім прасьцей, асабліва ў такім месцы, як Менск. Падыміся на якое ўзвышша, а найлепш на тое, галоўнае, дзе ратуш, дый азірніся ва ўсі бакі, пэўна не заблукаеш. Усюды, як дастаць вокам, бачны менскі краявід: рэчкі ў нізіне і стары замак у засені земляных валоў, рынкавы пляц, далей татарскі канец зь мячэцьцю ў атачэньні балотаў наўсьцяж. Сапраўды канец. Зьлева дамкі, сады, агароды ды дарога на Ракаў. Справа — Траецкая гара. Відаць адсюль і Пярэспу.

Горад аточаны з усіх бакоў урослым ажно ў сярэдзіну лесам, з плешкамі зялёных гораў і пагоркаў. Места, куды прыпаўзаюць вужакі, дзе ў мокрадзь пахне грыбамі, дзе чуваць лясныя рыкі.

Затое тут, на Высокім месьце, ногі цьвёрда стаяць на бруку. Тут няма рызыкі зваліцца ў якую яму або спатыкнуцца аб глыжак. Тут іншы спазор і іншы рух. Зазьвіняць званы ў храмах, склікаючы на малітву, і разаб’ецца натоўп на шматлікія ручаіны, і пацякуць яны, “па вуліцах для людзей парубленых”, кожная ў свой бок: ва ўніяцкую Казьмы і Дзям’яна ці ў касьцёл на Траецкую гару, у эвангелісцкі Збор, што ў бок Койданава, ці то ў праваслаўную царкву апосталаў Пятра і Паўла, на Нямігу. А як пакажа сонца ў небе ды гадзіньнік на ратушы свой пэўны час, так і засьпяшаюцца жыхары кожны па сваіх патрэбах. Хто на рынкі і ў крамы, хто ў замкавую канцылярыю, у цэх на працу, хто ў аптэку ці на млын...

Гісторыя штодзённасьці старадаўняга Менску, якім ён паўстае з судовых кніг, у новым эсэ Вольгі Бабковай “Менск” — у адным з наступных нумароў “НН”.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0