Юрась Барысевіч

Дэтанатар вуліцы

 

Нашым палітыкам не стае харызмы, якая ёсьць у Алеся Пушкіна ці Лявона Вольскага, не стае рызыкоўных учынкаў, вострага языка, моцартаўскай лёгкасьці мысьленьня. Беларуская палітыка надта нагадвае “спэктакль аднаго актора” (усе мы ведаем, якога). Каб ня даць гэтаму спэктаклю паўтарыцца на “біс”, патрэбныя ня толькі пераканаўчыя словы, але і эфэктныя жэсты (кшталту вядомай аплявухі Азаронку альбо “бітвы” пад Лёзна). Пазьняк у адным з інтэрвію выказаў слушную думку: “Нацыя пачынаецца з тэатру” (зрэшты, тое самае казалі Гётэ, Гюго і шмат хто яшчэ). Каб зьмяніць абрыдлую рэчаіснасьць, дастаткова ператварыць яе ў тэатар і паставіць у ім уласную п’есу.

Пакуль што найбольш цікавыя вулічныя спэктаклі ў нас ставяць не палітыкі, а прадстаўнікі творчае багемы — мастакі, журналісты, паэты. Прыгадваецца прагулянка студэнтаў з закладзенымі, як у вязьняў, за сьпіну рукамі перад рэзыдэнцыяй Лукашэнкі (многія зь іх насамрэч праз гадзіну трапілі з агульнабеларускай турмы ў канкрэтны пастарунак); пікет журналістаў ля плошчы Бангалор з макетам турэмнай камэры й скрыняю лапшы, якую раздавалі людзям на вуліцы разам з тэкстам закону пра “свабоду” сродкаў масавай інфармацыі; марш журналістаў у турэмных робах і мітынг пасьля яго, дзе Славамір Адамовіч публічна зашыў сабе рот, каб зноў ня трапіць за краты за які-небудзь “няправільны” верш; марш “параненых” на чачэнскай вайне да расейскае амбасады, які наладзілі забінтаваныя кульгаючыя анархісты з “Чырвонага жонду”.

Па сутнасьці, пэўныя элемэнты пэрформансу ўласьцівыя ўсім мітынгам і дэманстрацыям. Магчыма, гэта і адштурхоўвае ад палітычнай тэматыкі многіх мастакоў-эстэтаў, якія ня любяць мець супольныя справы з натоўпам. І аднак, у антылукашэнкавых творах каньюнктуршчыны ня больш, чым у псэўдаінтымнай эротыцы альбо ў запазычаньнях з ШагалаМалевіча. Эстэтычныя экспэрымэнты рэдка могуць разьлічваць на шырокую аўдыторыю, але калі яны маюць палітычны аспэкт, дык абавязкова зацікавяць ня толькі “мастацтвазнаўцаў у цывільным”, але й журналістаў. Безумоўна, нішто не старэе хутчэй за палітычныя навіны, але апалітычнае мастацтва таксама ня мае ніякай гарантыі, што ягоная праблематыка вечная. Каштоўнасьць многіх кніг і музэйных экспанатаў (і чым яны старэйшыя, тым у большай ступені) палягае менавіта ў тым, што яны адлюстроўваюць эпоху, у якую яны выйшлі зь нябыту ў наш сьвет.

Адам Мальдзіс у 2000 г. зьвярнуўся ўва ўрад з ініцыятывай пераносу загараднай рэзыдэнцыі Лукашэнкі ў Лошыцкі парк, дзе захавалася старая панская сядзіба: як вядома, рэзыдэнцыя ў Драздах пабудаваная на месцы канцлягеру. Ператварэньне яе ў мэмарыял ахвяраў нацызму дазволіла б растлумачыць замежным амбасадарам, чаму беларускія ўлады выселілі іх з Драздоў. Андэграўнд адказаў на праект Мальдзіса акцыяй “Гуканьне Лукашэнкі”. Музыкі гурту “Сонца—Кветкі” й артысты Тэатру Псыхічнае Неўраўнаважанасьці ўзьлезьлі ўначы на дрэвы Лошыцкага парку й некалькі гадзінаў сьпявалі замест салаўёў патрыятычныя песьні. (Парк, у які быў запрошаны жыць Лукашэнка, скарыстоўваецца гарадзкою санітарна-эпідэміялягічнаю станцыяй для пахаваньня хворых жывёлаў.)

Прысмак палітычнага фарсу маюць многія канцэрты рок-гуртоў, і найперш N.R.M. (са свайго боку, мітынгі апазыцыі, у якіх ахвотна бяруць удзел музыкі, можна разглядаць як своеасаблівыя рок-опэры). Лявон Вольскі й Алезіс Дземідовіч часам ладзяць і паўнавартасныя пэрформансы. На міжнародным фэстывалі “Навінкі ‘99” яны паказалі акцыю “Банк” на тэму хранічных нявыплатаў заробкаў рабочым: пад гукі шаманскае музыкі заляскалі макет ашчаднай касы спачатку пырскамі, а потым вядром чырвонае фарбы (“напэўна, грошай сёньня не дадуць” — “грошай не дадуць ніколі”).

На тым самым фэстывалі Зьміцер Вішнёў паказаў пэрформанс “Культ асобы”: паэта (і разам зь ім увесь андэрграўнд? — ці, наадварот, сацыялістычны рэалізм?) асыстэнты закалацілі ў труну і вынеслі з Палацу мастацтваў у кірунку Дому літаратара. Падобныя акцыі (“Сабакі фюрэра”, “Забі маманта ў сабе” etc.) Зьміцер ладзіў і ў іншых гарадах у межах вандроўнага фэстывалю Другога фронту мастацтва “Дзень муміфікатара” — у Берасьці, Гомелі, Магілёве, Стакгольме. “Цьвіком” фэстывалю авангарднае музыкі “Не!” у менскім кінатэатры “Ракета” стаўся пэрформанс Вішнёва пад назваю “Труп дыктатара”. Цела ўзурпатара гэтым разам увасабляў апрануты ў камбінэзон стос цаглінаў, якія Зьміцер раструшчыў і абліў чырвонымі ванітамі (перад выступам ён наўмысна выпіў два літры таматнага соку).

На фэстывалі беларускіх і латыскіх авангардыстаў “1948” у галерэі сучаснага мастацтва “Noas” у Рызе Вішнёў распавёў пра палітычны клімат у нашай краіне бел-чырвона-белым пэрформансам “Рэінкарнацыя дыктатара”: выліў на сябе тры літры кетчупу і раскусіў кожнае з 60 яек, раскладзеных на бэтоннай падлозе ў выглядзе свастыкі.

Лідэр Асацыяцыі сучаснага мастацтва Артур Клінаў вядомы як майстар інсталяцыі, але можна лічыць яго і пэрформэрам, бо ён заўжды шукае непасрэднага кантакту з гледачамі і асабіста прысутнічае ў інтэр’еры сваіх экспанатаў. Напрыклад, на фэстывалі беларускага мастацтва ў Познані Артур наладзіў ня проста выставу, а “кірмаш беларускіх сувэніраў”, у тым ліку партрэтаў Лукашэнкі ў рамах зь седакоў для ўнітазу. На фэстывалі экспэрымэнтальнага мастацтва ў пецярбурскім Манежы Клінаў, апрануты ў турэмную робу, прадаваў цукеркі, скручаныя зь вядомых паштовак, на якіх Лукашэнка ў вобразе расейскай купчыхі п’е гарбату з абаранкамі — рэпрадукцыямі вядомай карціны “За гарбатаю”. Потым, на Дзень Незалежнасьці-96, бумбамлітаўцы разам з Клінавым зноў нарабілі “цукерак” і абменьвалі іх на грошы для палітвязьняў (асноўны збор пайшоў Славаміру Адамовічу, які тады сядзеў у турме). На той мітынг Бум-Бам-Літ прыйшоў асобнай калёнаю пад уласным сьцягам зь бел-чырвона-белых літараў, які зрабіў мастак Уладзімер Акулаў.

Мабыць, не выпадкова, што сваёй найлепшай акцыяй Бум-Бам-Літ уважае “Аrt-прагноз‘96”, якую зладзіў разам з Алесем Пушкіным у Віцебску на Дзень Волі-96, калі ў Менску прайшла першая вулічная хваля пратэсту супраць гандлю сувэрэнітэтам краіны. Жывы клясык палітычнага мастацтва, Пушкін праславіўся яшчэ ў 1989 г. гепэнінгам “Дзень Беларускай Народнай Рэспублікі”, за які атрымаў 2 гады ўмоўнага і 15 сутак рэальнага зьняволеньня. Згадаю тут толькі некаторыя ягоныя творы і акцыі апошніх гадоў.

Пры канцы 1995 г. ультраправыя суполкі наладзілі ў віцебскай галерэі Пушкіна агульнабеларускі зьезд нацыяналістаў. Міліцыя выкінула ўдзельнікаў зьезду на вуліцу, а калі тыя пашыхтаваліся й пайшлі ўскладаць кветкі да помніка Ўладзімеру Караткевічу — многіх зьбіла і затрымала. Алесь адседзеў за кратамі 15 сутак. Па выхадзе Пушкіна зь вязьніцы ўлады скасавалі дамову пра арэнду памяшканьня пад галерэю, а празь некалькі месяцаў прымусілі яго зьехаць і з будынку былой гімназіі, дзе ён тры гады кватараваў і здымаў майстэрню. (У 1999 г. падобная гісторыя адбылася ў Горадні: гарвыканкам праз суд аштрафаваў і пазбавіў майстэрні Алеся Сурава, аўтара зборніка карыкатураў на Лукашэнку.)

Паралельна з сваімі выставамі і пэрформансамі Пушкін браў удзел у рэстаўрацыі росьпісаў магілёўскае арцыкатэдры Ўнебаўзяцьця Найсьвяцейшае Панны Марыі. Тамсама напісаў у стылі барока новыя фрэскі, сярод якіх — “Глёрыя кардыналу Сьвёнтку”. Кардынала Алесь уславіў неадэкватна: той загадаў завесіць рызьзём выявы бел-чырвона-белага сьцяга, Канстытуцыі 1994 г. і Зянона Пазьняка.

На радзіме, у мястэчку Бобр, Пушкін расьпісаў (на ўласныя сродкі і сьціплыя ахвяраваньні суседзяў) новазбудаваную царкву Сьв.Мікалая-Цудатворцы. Гэтыя фрэскі пакуль што мала хто бачыў: у сцэне Суднага дня мастак зьмясьціў у пекла ня толькі Лукашэнку, але і ягонага камісара — мітрапаліта Філярэта.

21 ліпеня 1999 г. скончыліся легітымныя паўнамоцтвы першага прэзыдэнта Беларусі. Хоць Лукашэнка і здолеў адкласьці разьвітаньне з пасадай яшчэ на два з паловай гады, Пушкін, натуральна, ня мог не адсьвяткаваць такой сьветлай даты. Дакладна апоўдні ён — у вышыванай народнай кашулі і белых пальчатках — падкаціў да прэзыдэнцкага палацу чырвоны возік сьвежага гною. На ім ляжаў партрэт Лукашэнкі, новыя грашовыя купюры, надрукаваныя за час ягонага кіраваньня (100.000, 500.000, 1.000.000 беларускіх рублёў), адноўленая сымболіка савецкай Беларусі, наручныя кайданкі і ланцугі. Усё гэта было вывалена перад уваходам у палац, пасьля чаго Пушкін урачыста прышпіліў віламі выяву Лукашэнкі да гною. Да возіка была прымацаваная шыльдачка з надпісам: “За пяцігадовую плённую працу!”.

Ахоўнікі рэзыдэнцыі прэзыдэнта мелі, паводле інструкцыі, права застрэліць мастака: а раптам пад гноем схаваная бомба? Алесю пашчасьціла, што міліцыянты спачатку палічылі яго садоўнікам, які зьбіраецца садзіць кветкі. Па вялікім рахунку, яны не памыліліся. Алесь мяркуе, што вобраз гною мае ня толькі абражальны, але і аптымістычны сэнс: “Гэта тое, што ўгноіць парасткі дэмакратыі ў народзе, з гэтага вырасьце новая Беларусь”. Навіна пра гепэнінг імгненна трапіла ў зводкі найбуйнейшых інфармацыйных агенцтваў, і толькі таму Алеся ў той самы вечар адпусьцілі з пастарунку пад падпіску аб нявыезьдзе. Суд адбыўся ў лістападзе. Мастаку “сьвяціла” да пяці гадоў вязьніцы за “злоснае хуліганства”, але выкліканы ў якасьці экспэрта ў гарадзкі суд вядомы пэрформэр Віктар Пятроў-Хруцкі здолеў давесьці, што Пушкін учыніў не палітычную, а мастацкую акцыю (хоць сам у гэтым далёка не перакананы). Алесю прысудзілі два гады ўмоўна, а праз год амніставалі разам з усімі асуджанымі вэтэранамі аўганскай вайны.

Пакуль адзіны пэрформанс, які Алесю ўдалося паказаць за мяжой, мае назву “Новы беларускі партызан”. Месца дзеяньня — фэстываль беларускага мастацтва ў галерэі Arsenal (Познань, 2000). Пушкін у народным строі сядзіць перад мальбэртам, піша карціну, ягоныя голыя ступні адпачываюць у місе з вадой. Побач на вялікім экране дэманструецца відэазапіс разгону антылукашэнкаўскіх маніфэстацыяў, пырскае кроў з разьбітых галоваў. Тым часам да Алеся падкрадаецца асыстэнт і ўкладае ў місу з вадою кіпяцільнік. Пакуль мастаку стае цярплівасьці, ён працягвае працаваць, але мазкі робяцца ўсё больш нэрвовыя. Калі вада ўжо амаль ператвараецца ў булён, Пушкін вышчыквае зь місы пачырванелыя ногі, узьнімаецца і хуценька пераапранаецца ў сваю старую вайсковую форму. Потым хапае з падлогі сякеру і з размаху перарубае дрот кіпяцільніка. На карціне, якую дапрацоўваў мастак, расьсякае аблокі сымбаль народнага паўстаньня — сякера ў аголеных мускулістых руках (маштаб абраны такі, што няўцямна, чые гэта рукі — самога Алеся альбо ўсяе працоўнае клясы, якую, нарэшце, дапяклі спробы эксцэнтрычнага прэзыдэнта пабудаваць “беларускую мадэль” эканомікі: наўрад ці народу маглі б настолькі ж надакучыць відэакліпы пра крывавыя танцы студэнтаў зь міліцыяй).

Працягам познаньскай акцыі Пушкіна стаўся пэрформанс “Інкарнацыя далёкага воклічу” на Крапівенскім полі пад Воршаю, дзе беларускае войска ў XVI ст. разьбіла ўтрая большую арду інтэрвэнтаў. Дзея адбывалася блізу апоўначы — у тую гадзіну, калі нашае вуха найлепш можа пачуць шэпт духаў з навакольнай цямрэчы. Алесь разгарнуў перад гледачамі чатыры муміі, спавітыя ў белую тканіну сноў (на такіх самых прасьцірадлах звычайна сьпім і мы). У першым кокане быў схаваны рыцар без галавы, у другім — анёл зь мячом, у трэцім — бязрукі князь (скульптуры Юрася Анушкі), а ў апошнім — маладая красуня ў чорнай сукенцы, такая ж нерухомая, як пасечаныя целы ваяроў. Нічога дзіўнага, што менавіта яе вырашыў ажывіць Пушкін. Мастак пасыпаў дзяўчыну (радзіму?) пяском і попелам, паліў сьвянцонаю вадой, набраў у рот дыму царкоўнага ладану і ўдзьмуў яго ў застылыя вусны. Дзяўчына расплюшчыла вочы, узьнялася, убачыла сваіх мёртвых абаронцаў і ў адчаі выгукнула ў цемру: “Мужчыны Беларусі, абудзіцеся!”. Алесь моўчкі паказаў ёй рукою ўдалячынь на велізарнае вогнішча, што разгарэлася ў гэтыя хвіліны. Гледачы ажно ўздрыгнулі, калі ўбачылі ў водблісках далёкага полымя агромністы крыж і лунаючыя сьцягі. Каля агню пашыхтаваліся й рушылі з паходнямі над галавою насустрач пэрформансу нашчадкі старадаўніх ваяроў — сябры ваенізаванай суполкі “Край”, якая праславілася перамогаю ў няроўнай сутычцы зь міліцыянтамі ў Горадні.

Пэрформанс “Фэнікс Беларусі”, які Пушкін падрыхтаваў для выставы суполкі “Пагоня” на Дзень Волі—2000 у Палацы мастацтваў, мог бы стацца “цьвіком” імпрэзы, але вэтэраны “Пагоні” спалохаліся, што гэта будзе той цьвік, якім улады змацуюць крыж на магілу суполкі. Пэрформанс мусіў выглядаць наступным чынам. Уявіце сабе вялікі брызэнтавы навес (4 на 6 мэтраў), пад якім стаіць Пушкін, апрануты як на аўтапартрэце “Пленэр у Беларусі” (яго гэтымі днямі якраз можна пабачыць у галерэі Чырвонага касьцёлу). Асыстэнты ў форме расейскіх нацыстаў падпальваюць Алеся запальнічкамі, і ён сэкундаў 15 гарыць (каб унікнуць сур’ёзных апёкаў, мастак меркаваў скарыстаць адмысловую масьць). Потым на яго падае брызэнт, пафарбаваны зьверху ў колеры расейскага сьцяга. Нацысты зьбіваюць мастака міліцэйскімі дубцамі. Нарэшце з-пад расейскага сьцяга вылазіць белая здань. Гледачы ідуць за ёю па імпэрскім трыкалёры ў суседнюю залю і бачаць там аўтапартрэт палаючага мастака, а сам Алесь бясьследна зьнікае.

За некалькі месяцаў Пушкін атрымаў запрашэньне паказаць гэты пэрформанс на выставе “Новае мастацтва Беларусі” ў варшаўскім Уяздоўскім замку. Улады зноў не дазволілі Алесю выехаць за мяжу, і ён папрасіў мяне адвезьці ў Варшаву наўзамен ягонага цела пару палотнаў, у тым ліку аўтапартрэт (мяне запрасілі прачытаць на выставе лекцыю). Берасьцейскіх мытнікаў было цяжка пераканаць, што ў языках полымя на карціне стаіць і спакойна пазірае нам у вочы сам аўтар, а не Лукашэнка: некаторыя Кашчэі, як мы ведаем, таксама амаль несьмяротныя.

Калегі-мастакі называюць пэрформансы Пушкіна занадта эпатажнымі і дэкляратыўнымі: маўляў, пэрформанс мусіць быць супэрэлітарным мастацтвам, ягоная ідэя павінна заставацца няўцямнаю ня толькі для публікі, але і для самога аўтара. Алесь згодны, што ягоныя акцыі пратэсту эстэтычна не дасканалыя, але гэта для яго не галоўнае: ён паказвае людзям не абстрактныя праблемы абстрактнага сьвету, а цалкам рэальны боль сваёй душы — боль за радзіму, што тры стагодзьдзі курчыцца пад чужынскімі ботамі.

У Беларусі, як і ва ўсялякай краіне з аўтарытарным рэжымам, найгучнейшы рэзананс маюць палітызаваныя творы мастацтва. І гэтыя беларускія творы захаваюць актуальнасьць паўсюль, дзе людзі будуць змагацца за свабоду. Мастацкія моды прыходзяць і сыходзяць, а боль у сэрцы застаецца.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0