Сярдзіты бацька

На адным зь лецішчаў пад Менскам можна ўбачыць паравоз сталінскіх часоў. Замест чырвонай зоркі сьпераду — адноўлены герб БССР, побач партрэт Лукашэнкі, а на баку срэбны надпіс: “Сярдзіты бацька”.

 

Гэты паравоз належыць Генадзю Андрэеву. Машына тры дзясяткі год адпрацавала на дзіцячай чыгунцы. Потым апынулася ў адным з двароў ля Прывакзальнай плошчы, дзе хутка ператварылася ў прытулак для бамжоў.

У 1992 г. на паравоз зьвярнуў увагу Генадзь. Ён зьвярнуўся да домакіраўніцтва, тое ледзьве не са сьлязьмі прасіла забраць ламачча бясплатна. Але, нібы адчуваючы наступствы, Андрэеў вырашыў перасьцерагчыся і аформіў усё афіцыйна.

Гэта каштавала 20 000 рублёў — на тыя часы каля 200 даляраў ЗША. Пляны ў Генадзя былі грандыёзныя: адрэстаўраваць тэхніку, пабудаваць мініятурную чыгунку і забаўляць гасьцей. Аднак з прыходам новай улады зь бізнэсам давялося разьвітацца, і Генадзь пачаў думаць пра тое, каб прадаць паравоз.

Рарытэтам адразу ж зацікавіліся ў Баранавічах, у музэі рухомага саставу. Там абяцалі аформіць дакумэнты па кансультацыі з начальнікам беларускай чыгункі. Дык той раптам пачаў абурацца, чаму ён дагэтуль ня ведаў, што ў кагосьці на лецішчы псуецца дзяржаўная маёмасьць! І загадаў падначаленым галіновым структурам — пракуратуры і транспартнай міліцыі — пра ўсё даведацца.

Далей распачынаецца нешта містычнае. Генадзь кажа, што пад Новы год прысьніўся яму сон. Нібыта голас звыш папярэдзіў: “Калі твой паравоз ніхто не набудзе да прэзыдэнцкіх выбараў, Лукашэнка застанецца пры ўладзе. Купяць — яму прыйдзецца сысьці…”

З тае пары Генадзь упрыгожыў свой паравоз, як ён сам лічыць, містычнымі сымбалямі. Замест звыклай чырвонай зоркі — адноўлены герб БССР, побач месьціцца партрэт Лукашэнкі, а праз увесь бок — срэбны надпіс: “Сярдзіты бацька”.

І мара зараз адна: збыць з рук небясьпечны рарытэт як мага хутчэй.

Паводле Радыё Свабода


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0