Вяртаньне ласасёў

Паветра ў Беларусі праз 100 гадоў будзе нашмат вільгатнейшае і чысьцейшае. Значна скароцяцца памеры радыяцыйных плямаў, і пра колішнюю катастрофу ў Чарнобылі мала хто й згадае. Ад яе застанецца адно колькі радкоў у даведніках. Перастане функцыянаваць цяжкая прамысловасьць — дзеля стратнасьці й неканкурэнцыйнасьці. Прамысловасьць будзе буяць у Азіі.

Зьменшыцца плошча палёў, дзякуючы большай прадукцыйнасьці новых відаў расьлінаў ды больш якаснай апрацоўцы глебы. Ураджайнасьць будзе блізу аднолькавая ва ўсёй Эўропе, у дзясятак разоў большая, чым цяпер у Беларусі. Вялізарныя абшары, якія яшчэ сёньня пасыпаюць ды заліваюць хімічнымі ўгнаеньнямі, зноў стануць балатамі й лясамі. На іх зноў зацурчаць, забруяць ручаі, ад якіх набрыняюць рэкі. Рэкі, зь якімі сьцякуць нягоды бязглуздае хімізацыі, мэліярацыі ды радыяцыі. Ізноў у Полацку можна будзе злавіць асятра ці ласося. Яны вернуцца да нас з суседняе Скандынавіі...

Транспарту на рэках і адноўленых каналах паболее. Вада стане адной з найбольш папулярных і танных транспартных артэрыяў. На рэках паўстануць сотні гідраэлектрастанцыяў. Здабыча энэргіі наагул набудзе зусім іншы выгляд. Паўсюдна будуць матыляць паветра ветраныя электрагенэратары, навязьліва неадчэпны элемэнт краявіду. Вецер і вада, бясконцыя крыніцы энэргіі, стануць беларускім золатам.

У рухавікі будуць заліваць алей, рапсавы ці льняны. Дым ад іх будзе пахнуць блінцамі. Праз стагодзьдзе над Беларусяй будзе разьлягацца адно пах бліновы. Ані нафты, ані газу ў прыродзе практычна не застанецца. Праз гэта зьменіцца ўся геапалітыка. Людзі будуць набываць усё праз Інтэрнэт (хоць і гэтае слова, бадай, застанецца ў энцыкляпэдыях, а на зьмену яму прыйдуць дзясяткі новых). Захацеў сабе шырмачку з Шры-Лянкі ці лекі зь Нямеччыны, напісаў электронны ліст, пераказаў у гэткі ж спосаб грошы, а празь дзень прыняў пасылку.

Праз тое ж пакрысе й адпадзе моўнае пытаньне. Ня будзе вялікай матэрыяльнай выгодаю ведаць мовы. Дзеля стасункаў будуць існаваць дасканалыя кампутарныя (а ці гэтае слова яшчэ будзе ў даведніках? хто сёньня ведае, што такое “кампозэр”?) кішэнныя прылады. Сёньня яны — цацкі з прымітыўным лексыконам, кшталтам савецкіх падручнікаў па замежных мовах (“Ці ёсьць у вас мяса?”, “Дзе камітэт камуністычнае партыі?” і г.д.). А заўтра, дзякуючы намаганьням літаратараў ды філёлягаў, можна будзе перакладаць гэткімі “цацкамі” высокую паэзію. Пэрсанальна. Хоць бы ты сядзеў на хутары пад Расонамі ці ў балатах пад Столінам.

З мовамі наагул атрымаецца забаўна. За рэальнай непатрэбаю высільвацца ў навучаньні дзясятка раўналежных “сусьветных” моваў узрасьце каштоўнасьць дыялектаў, мясцовых гаворак. Іхнае бытаваньне памножыцца, дзякуючы Інтэрнэту і поп-культуры, у геамэтрычнай прагрэсіі. Сама сабою “адродзіцца” палеская мова (а мо й 2—3). Яна будзе зафіксаваная ў інтэлектуальных прадуктах. Беларуская ж можа атрымаць свой працяг у некалькіх правапісных і фанэтычных варыянтах. Куды часьцей у Беларусі можна будзе пачуць гутарковую ўкраінскую, польскую ды літоўскую мовы. Пэўна, будзе існаваць расейскі “піджын”, штосьці кшталтам “бел-русского”, але ягонае існаваньне ў адрыве ад цела Расеі створыць свае формы...

Моваю справаводзтва й акадэмічнае навукі будзе беларуская мова ў форме клясычнага беларускага правапісу. Але сам тэрмін “дзяржаўная мова” стане анахранізмам. Моўныя, этнічныя дый дзяржаўныя межы стануць “акварэльнымі”, размытымі й няпэўнымі. Сама інстытуцыя “дзяржавы” будзе мець іншыя функцыі. А менавіта: збор падаткаў на падтрыманьне экалягічнае бясьпекі, мэдычную й вэтэрынарную прафіляктыку, ахову й стварэньне культурных каштоўнасьцяў, ізаляцыю “сацыяльна небясьпечных элемэнтаў”. Збольшага, бадай, усё. Войскі заменяць транснацыянальныя паліцыйныя сілы, якія будуць супрацьстаяць не па восі Захад—Усход, а пераважна — Поўнач-Поўдзень. Яны будуць фільтраваць эміграцыю, хваравітасьць, наркотыкі... Тое, што й цяпер. Але ў глябальным маштабе. Па ўсім паўночным пасе ад Лісабону да Сахаліна. Бо сёньня паасобку нацыянальныя “сілавыя структуры” не даюць рады ўсім вышэйназваным праблемам. Хто паасобку ўратуецца ад яшчура?

Аўтахтонныя культуры вернуцца да сваёй першаасновы — дапісьмовай традыцыі. Бабці ізноў будуць прыдумляць жудзікі, казкі й байкі, пераняўшы выхаваўчы працэс. Прырост прадукцыйнасьці працы вызваліць нарэшце (куды ўжо болей!?) жанчынаў. Дзеці, зьняможаныя даступнасьцю тэхнікі, будуць енчыць, дамагаючыся людзкое цеплыні.

Між людзей, што ў прыродзе... Усё самарэгулюецца. Колькі б ні глядзелі ў тэлевізар, ні чыталі раманаў, усё адно ў гэтую хвіліну, калі Вы чытаеце гэты тэкст, нараджаюцца забойцы й ахвяры, маньякі й гаіцелі, бажаволкі й прагматыкі... Нішто ня зьменіць ня намі заведзенага гэтага парадку, як той казаў.

Усё, створанае папярэднікамі, захаваецца. Выбітныя матэрыяльныя помнікі, што былі панішчылі чужынцы, паўстануць наноў. Як неабходны атрыбут выключнай адметнасьці краявіду... Праблемы этнічныя будуць зьведзеныя да сямейных, прыватных. Адпаведна, гэтулькі будзе беларусаў, колькі людзей сябе імі пачувае. Гэтулькі, колькі выхаваюць іх сваякі. Гэта ўжо пытаньні з галіны этыкі. Зрэшты, хіба ня гэтак ёсьць і сёньня?

Сяргей Харэўскі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0