Без ажыятажу

На “Менскую Вясну” мае завітаць Кшыштаф Пэндэрэцкі

 

У пятніцу ў Філярмоніі адбыўся першы канцэрт фэстывалю «Менская вясна 2001 — Эўрапейскія музычныя сустрэчы». Абышлося без “урачыстага адкрыцьця”, без прамоўцаў і букетаў, без рэклямы, без начальства, без тэлебачаньня… І нават, здаецца, бяз радыё. Заля была запоўненая ледзь напалову.

 

У канцэрце ўдзельнічаў заежджы піяніст, ляўрэат II прэміі Конкурсу імя Чайкоўскага (1990) Уладзімер Мішчук. Пецярбуржац Мішчук граў ціха і інтэлігентна, і гэта неверагодна падабалася публіцы. Хаця галоўныя сымпатыі былі тады на баку Ігара Каменца — таленавітага піяніста зь беларускімі каранямі. Аднак ці мог унук рабіна, выхаванец Хабараўскага інстытуту мастацтваў, грамадзянін ФРН разьлічваць на прыхільнасьць з боку маскоўска-савецкага журы? Каменца не пусьцілі ў фінальны тур, і слухачы актыўна падтрымлівалі Мішчука як “адзіную альтэрнатыву маскоўскай гегемоніі”…

Мяркуючы па тым, як ён выконваў сольную партыю ў соль-мажорным канцэрце Равэля — напэўна, Мішчук ня быў варты таго заўзяцьця. Сьвяточны і яркі твор гучаў млява, джазавыя рытмы кудысьці зьніклі, а ў фінале піяністу не хапала элемэнтарнае тэхнічнае спраўнасьці. Праўда, філярманічны аркестар пад кіраўніцтвам Генадзя Праваторава таксама быў далёкі ад дасканаласьці. У дзень канцэрту хадзілі чуткі, што “Вясну Сьвятарную” Стравінскага ўвогуле выкінулі з праграмы, бо аркестар яе не адолеў. Але выкінуты быў іншы твор Стравінскага — Капрычча для фартэпіяна. “Вясна Сьвятарная” прагучала-ткі ў канцэрце, але так змушана, важка і грымотна, што вытрываць яе да канца было немагчыма.

Адзінай падзеяй сталася першае выкананьне новага твору Людмілы Шлег “Пасхальныя званы”. Назоў дзіўнаваты, бо нават у савецкіх слоўніках беларускае мовы галоўнае хрысьціянскае сьвята завецца “Вялікаднем”, а словам “пасха” называюць хутчэй велікоднае печыва. Твор кароткі, напісаны ў сучаснай мінімалісцкай манеры, а напрыканцы — аж занадта гучны. Праваслаўна-пабожны твор выконваўся побач з “карцінамі паганскай Русі” (менавіта гэткае азначэньне выставіў Стравінскі ў партытуры “Вясны Сьвятарнай”).

Галоўныя падзеі фэсту не зьвязаныя ні зь беларускай музыкай, ні зь беларускімі выканаўцамі. Дзяржаўны сымфанічны аркестар будзе выступаць з амэрыканскім дырыжорам і выконваць амэрыканскую музыку. Дзяржаўны камэрны аркестар выступіць двойчы: 11 красавіка — пад кіраўніцтвам свайго колішняга галоўнага дырыжора Інга Эрнста Райля, 19 красавіка — зь нямецкімі салістамі й хорам, аднак жа з расейскім дырыжорам. Сымфанічны аркестар Тэлерадыёкампаніі выступіць з гішпанскімі салістамі й дырыжорам. Праграму “Гішпанская музыка XX ст.” апрабавалі колькі дзён таму ў Полацку, падчас сусьветнай прэм’еры Варыяцыяў для сымфанічнага аркестру Хасэ Хімэнэса (у расейскамоўным прэс-рэлізе напісана — Й.Гименез). Чакалі нават прыезду кампазытара і дырыжора Кшыштафа Пэндэрэцкага. Але Пэндэрэцкі не прыехаў: магчыма, ён завітае на менскую прэм’еру гэтае п’есы 10 красавіка.

А калі й не прыедзе, дык будуць іншыя. Літоўскі тэнар Сяргей Ларын, што сьпявае ў найбуйнейшых тэатрах сьвету побач з Марыяй Гулегінай, Брынам Тэрфэлем, Віялетай Урманай. Ларын — сапраўдная знакамітасьць. Хаця “найлепшы тэнар свайго пакаленьня” — гэта хіба перабольшаньне. Праз тры дні пасьля Ларына ў Філярмоніі будзе выступаць ягоны настаўнік Віргіліюс Нарэйка — даўні ўлюбёнец менскае публікі, адзін з найлепшых тэнараў савецкае эпохі.

Яшчэ адна значная падзея фэсту — вэрдзіеўскі “Рэквіем”, які, паводле традыцыі, будзе выконвацца 26 красавіка. Але гэтым разам ён будзе прысьвечаны не чарнобыльскім угодкам, а… стагодзьдзю з дня сьмерці Джузэпэ Вэрдзі, што адзначалася 27 студзеня. Затое 20 красавіка адбудзецца галя-канцэрт майстроў мастацтва, прысьвечаны 15-м угодкам Чарнобылю. Толькі што “галя-канцэрт” і “трагедыя” — словы несумяшчальныя, бо ва ўсіх мовах сьвету “галя-канцэрт” — гэта бліскучая сьвяточная імпрэза, адмыслова ўрачыстая.

Вось такая ў нас мяркуецца вясна. А якая атрымаецца — жыцьцё пакажа. “Не лічы кветачак увесну, а палічы ягадкі ўвосень”. Зрэшты, увосень у нас загучаць зусім іншыя песьні. І, можа, прыгажэйшыя.

Юлія Андрэева


label.reaction.like
0
label.reaction.facepalm
0
label.reaction.smile
0
label.reaction.omg
0
label.reaction.sad
0
label.reaction.anger
0