Прэзыдэнт — 2001

Як Вы ацэньваеце ход перадвыбарнае кампаніі на мінулым тыдні?

Юрась Бушлякоў,
мовазнаўца:

Чацьвёра апазыцыйных кандыдатаў заявілі, што на наступным тыдні яны афіцыйна абвесьцяць сябе адзінай камандай, а напярэдадні выбараў згуртуюцца вакол аднаго з кандыдатаў. Асаблівае навіны ў гэтым няма. Трэба паглядзець, што будзе праз чатыры-пяць месяцаў.

Цяжка меркаваць, ці здолее Ганчарык гуляць паводле правілаў КРДС. Ён наслухаўся розных экспэртаў ды сацыёлягаў, якія кажуць, што незалежны кандыдат мае больш шанцаў, чым прывязаны да нейкае апазыцыйнае партыі ці структуры, кшталту КРДС.

Што тычыцца заявы Віка, нібыта аб’яднаная апазыцыя рыхтуе не выбары, а байкот, ды абвяржэньня гэтае заявы Каардынацыйнай Радай, дык абодва бакі папросту абмяняліся меркаваньнямі. І Назіральная група АБСЭ, і КРДС улічваюць такі варыянт разьвіцьця падзеяў, як байкот.

Зьвесткі пра тое, што выбары адбудуцца 23 верасьня, таксама ня дужа сэнсацыйныя. Пра тое, што выбары пройдуць у другой палове верасьня ці ў кастрычніку, Ярмошына казала й пару месяцаў таму. Наўрад ці можна чакаць іншага сцэнару.

Запісаў Алесь Кудрыцкі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0