Беларусь за дваццаць гадоў

На дваццаць гадоў наперад прагназаваць прасьцей, чым на сто. Толькі папярэджваю: гэта ўжо ня “саенс фікшн”, гэта горкая і гадкая фактура, матэматыка з эканомікай, каб іх халера...

 

Дэмаграфія

У 2020 г. увойдзе ў паўнавартаснае жыцьцё (па студыях і шлюбах) пакаленьне, што нарадзілася ў 1990—2000 г. Толькі што колькасна яно будзе на траціну меншае, чым мела быць: перапіс 1999 г. паказаў, што першаклясьнікаў (1992 г. н.) паменела на 32,5%. І гэткая, паменшаная на траціну, нараджальнасьць трымаецца ўсё дзесяцігодзьдзе.

У 2020 г. у веку 65 і болей гадоў будзе, наадварот, на траціну больш папуляцыі, чым у “нармальным” часе. Рэч у тым, што бум нараджальнасьці ў Беларусі (на 30—40% больш звычайнага!) прыйшоўся на 1945—55 гады. Натуральная рэакцыя кожнай нацыі на ваенныя страты... Таксама трэба не забываць, што ў 1995—2000 г. у Беларусі сьмяротнасьць людзей 40—60 гадоў была... такой самай, як для групы 60 гадоў і больш. Мала таго, што папуляцыя зьмяншаецца, то яна яшчэ і старэе.

Камбінацыя вышэй пададзеных складнікаў прывядзе да таго, што ў 2020 г. у Беларусі будзе 8,2—8,5 млн. чалавек – замест цяперашніх 10 млн. – але гэта яшчэ не бяда. Горш, што з тых 8,5 млн. чалавек у веку 60 гадоў і болей будуць 5,2—5,4 млн. чалавек. Гэта зашмат. Гэта нават для багатага краю, напрыклад, Нямеччыны, зашмат, а для беднага краю, як Беларусь, гэта цяжар.

 

Гаспадарка

Індустрыялізацыя ў Беларусі пачалася з паважным размахам толькі пасьля 1945 г., а набрала разгон у 1955—75 г. Ваенныя разбурэньні стварылі... добрую глебу для індустрыялізацыі. Бо заводы і фабрыкі будаваліся новыя, і абсталёўваліся яны новым, а вельмі часта (бо СССР многа чаго проста не прадукаваў!) імпартным абсталяваньнем. (На Урале і Волзе я бачыў цэхі-развалюхі “царскай” пабудовы 1895 г., куды панапіхвалі... трафэйныя нямецкія машыны, панацяганыя з Германіі ў 1945-м за часы рэпарацыі).

Гэта галоўная прычына, чаму гаспадарка БССР была адной з найлепшых у былым Саюзе.

Але ад “славутай эпохі” 1955—75 і так прайшло даволі часу, а ў 2020 г. нашай прамысловасьці “стукне” паўстагодзьдзя і болей. А фабрыка старэе ў тры-чатыры разы хутчэй за чалавека, які там працуе. І калі сягоньня не займацца рэканструкцыяй, рамонтам і будоўляй, пераабсталяваньнем, то заўтра ўсё пойдзе прахам. Няхай сабе ізноў “рэжым” вінаваты, бо пры такой палітыцы ніякі інвэстар ня прыйдзе, крэдытаў ніхто ня дасьць... Але ж ёсьць яшчэ ў кожнага дырэктара гэтак званыя абаротныя сродкі, г.зн., тая частка заробленых грошай, якая і прызначаная на вышэйпададзеныя мэты.

Дык вось, няма тых абаротных сродкаў. Ці ёсьць зыск, ці не, а тых абаротных сродкаў усё адно няма ўжо сягоньня, а пра 2020 год увогуле лепш ня згадваць. На вёску ўсё пайшло...

 

Вёска

Наша вёска-“карміліца” даўным-даўно стратная – па-за асобнымі гаспадаркамі, якія... самі займаюцца пераапрацоўкай і гандлем празь фірмовыя крамы, а таксама маюць “неўласьцівыя” вытворчасьці (зьверафэрма, цагляны завод, сталярны цэх etc). Пры гэтым “стратная” вёска часта жыве... лягчэй і спакайней, чым тая, дзе грошы лічаць, дзе старшыня “чудак-чалавек”. Бо салетру, салярку, бэнзын і электраэнэргію табе ўсё адно дадуць, куды дзенуцца... Тым бэнзынам і саляркай запраўляюцца, хто не лянівы, а з прычыны “сушы” ці “залевы” частка збожжа ці бульбы ідзе “налева” (гэтаксама мяса і масла празь фірмовыя крамы) – і катэджы спэцыялістаў растуць, як грыбы! А “хаму” дай тысячу рублёў за дзень халяўнай працы пры пераборцы “левай” бульбы — і той шчасьлівы... Вёска паразытуе на сваіх вясковых дзетках – “начальніках”, на іх звычцы мець усё “сваё”. А той самы цукар ужо ў Польшчы (!) таньнейшы, чым у нас, пра Ўкраіну ня кажучы...

Зрэшты, пры нашай глебе, клімаце і перанаселенасьці вёскі (так-так!) тут і сто гадоў таму нашы найлепшыя беларускія паны жылі зусім не са збожжа ці мяса.

Сталыпін прадаваў пілаваны лес. Скірмунт меў суконную фабрыку. Граф Плятэр — конны завод на 2,5 тыс. коней. Інжынэр Іваноўскі — сад на 5 тыс. га і 800 гатункаў яблыняў (палова ад Івана Мічурына). Княгіня Радзівіл — паўтара дзясятка бровараў... І гэтак далей. Збожжа і мяса прадукавалі выключна для сябе, як у натуральнай гаспадарцы, бо ня вытрымаць было канкурэнцыі з Паволжам, Украінай ці Польшчай.

Сялянскі двор увогуле быў у натуральнай гаспадарцы, а не на рынку. За год два разы выходзіў... на кірмаш. Гэтага хапала, каб заплаціць падатак (цар-бацюшка быў не такі дурны і браў зь бедных па-беднаму).

Але ж тады ня трэ было... плаціць за электраэнэргію, салетру, бэнзын і салярку. А цяпер трэба – бо ж назад да каня і газьнічкі ніхто не захоча. Вось і плоціць за вёску... уся Рэспубліка Беларусь. Гарадзенскі “Азот” пры Лукашэнку ўжо прызвычаіўся сульфат і нітрат аддаваць як “гуманітарную дапамогу”, а самому круціцца і камбінаваць (бо грошы за экспарт капралактаму гэтаксама адбіраюць, каб купіць для вёскі бэнзын і салярку!).

Сягоньня “датацыі” на вёску перакрываюць выдаткі на адміністрацыю, армію, міліцыю, КДБ, памежныя войскі, мытню. Пры такой тэндэнцыі ўвесь бюджэт краіны вылеціць дымам куды раней 2020 г. А, выбраўшы прамысловасьць і гандаль, прыйдзецца... у людзей забіраць. І будзе заробак ня сто абяцаных даляраў у месяц, а пяць-сем рэальных (замест цяперашніх трыццаці-сарака) – як у Грузіі ці Малдове. І гэта пры тым, што наш патэнцыял і геапалітычнае месца куды больш выгодныя, чым у былых “сёстраў з СССР”.

У сярэднявечнай Англіі “авечкі паелі людзей”. Тут сьвіньні паядуць людзей. Нашыя залатыя сьвіньні. І нашыя вясковыя людзі, якія “цяжка працуюць”, каб.... дзецям было што есьці ў Менску.

 

Нацыя

Трэба раз і назаўжды засвоіць адну простую штуку: нацыя пачынаецца не з ідэі, але з багацьця, дабрабыту. Да чаго ўжо быў рэвалюцыянэр і патрыёт Юзаф Пілсудзкі, а і ён восеньню 1918 г., на другі дзень абвяшчэньня Незалежнасьці, пачаў з таго, што дэкрэтам(!) увёў 8-гадзінны працоўны дзень, а другім дэкрэтам – па кавалку зямлі тым, хто пойдзе ў польскую армію. Да вясны 1919 г. у яго было 300 тыс. чалавек, а ў вырашальныя дні летам 1920 г. — 550 тысяч. “Паспаліты чалавек” ні за якую “нацыянальную ідэю” ні ваяваць, ні рабіць ня будзе. І ў часы дэпрэсіі і дэградацыі ніякая ідэя (па-за грабежніцтвам!) прыхільнікаў не навэрбуе. Наступныя дзьве дэкады будуць не пачаткам, але канцом. Не беларускай нацыі, але савецкай. І апошняе. Аніякае “новае пакаленьне” рэальна ні на што ўплываць ня будзе – так і будзе сядзець пакаленьне цяперашніх 40-гадовых, “маё і Лукашэнкава”. Зразумейце, маладыя людзі: што сорак, што шэсьцьдзесят, то адзін чорт! А хто залез, той свайго не аддасьць. Тым больш беларус. “Альбаруцікус савецікус”.

Пісаць абвяржэньні пастарайцеся без эмоцыяў (маю на ўвазе адказ мне Алеся Аркуша ў мінулым нумары “НН”). І бяз тыканьня пальцам у адну вёску на ўсю Віцебскую губэрню. Пад Горадняй такіх вёсак дзясятак – і што гэта мяняе? “Адраджэнская хвароба” — то нецярпеньне. Дай усё, дай цяпер, пакуль я малады і да дзевак хочацца...

Алесь Чобат, Горадня


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0