Трактар не заўважыў розьніцы

Кінуўшы спадзявацца на дзяржаўныя датацыі, старшыня пастаўскага калгасу імя Суворава Алег Валодзька ўзяўся самастойна церабіць шлях да сьветлай будучыні. У 50 год ён вывучыў нямецкую мову й выправіўся на Захад шукаць партнэраў. Неўзабаве па пастаўскай зямлі забегала нямецкая сельскагаспадарчая тэхніка, а побач з праўленьнем калгасу зьявіўся міні-завод па вырабе сыроў, масла і кілбасаў. Гэткім чынам Валодзька вырашыў тэхналягічную праблему.

Ліквідаваць пэрманэнтны дэфіцыт паліва было складаней. Але аднойчы Валодзька выпадкова даведаўся, што салярку можна вырабляць з рапсавага алею. Няўрымсьлівы старшыня паехаў у сталічны навукова-дасьледчы інстытут фізыка-хімічных праблемаў і знайшоў паразуменьне з вучонымі. Біядызэльны праект пачаў рэалізоўвацца. Валодзька ў два разы пашырыў пасяўныя плошчы пад рапс. Далей дамо слова “Віцебскаму кур’еру”: “...першыя пробныя партыі саляркі з рапсу далі станоўчыя вынікі. Паспрабавалі новае паліва ў справе — трактар не заўважыў розьніцы паміж традыцыйнай саляркай і расьліннай. Каб пераканаць скептыкаў..., старшыня, заправіўшы сваю іншамарку рапсавым палівам, зьезьдзіў у Менск”.

Гэткае паведамленьне выглядае на амэрыканскую казку. Калі асобна ўзяты беларускі калгас можа самастойна вырашаць свае паліўныя праблемы, дык гэта ёсьць перадумовай беларускага эканамічнага буму. Бо, калі верыць старшыню Валодзьку, рапсавая салярка атрымліваецца ў тры разы таньнейшай за звычайную. Зьнікаюць і экалягічныя праблемы.

Надае спадзеву тое, што новы біядызэльны праект не навязваецца зьверху, як колісь кукуруза, а пашыраецца зьнізу. Толькі эканамічная выгада павінна прымусіць беларускія гаспадаркі вырошчваць рапс. Як і ў Амэрыцы часоў эканамічнага пад’ёму – пераможа той, хто пачне першы і дасягне найлепшых вынікаў. І тады Беларусі ня трэ будзе столькі калгасаў. Хопіць некалькіх дзясяткаў сельскагаспадарчых акцыянэрных таварыстваў.

Тамаш Гурба


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0