Яблыня з залатымі яблыкамі

У Полацкім музэі беларускага кнігадрукаваньня адкрылася выстава жывапісу Аляксандра Канавалава. Даўно ня бачыў такой прафэсійнай, эстэтычнай і цэльнай экспазыцыі. Увогуле даўно ня бачыў сапраўднага выяўленчага мастацтва. Беларускія мастакі вельмі нагадваюць беларускіх паэтаў. Яны засвоілі набор мастацкіх прыёмаў і карыстаюцца імі як рамесьнікі, што шыюць боты або вырабляюць адмысловыя дзьверы з моранага дубу для катэджаў “новых беларусаў”. Саматужныя творы розьняцца ад духатворных, як яблык з пап’е-машэ – ад сапраўднага. Нібыта і форма тая ж, і колер. Ды ня тое ўсё, падман. Не працуе душа мастака, здольная апладніць твор. А душу нельга прымусіць. Ці ня ў гэтай зьяве хаваецца таямніца чалавечай свабоды?

Мяне заўсёды дзівіла, як эстонцы або латышы з таго самага творчага матэрыялу, які блізкі й беларусам, напрыклад, зь вясковага жыцьця, робяць эўрапейскую інтэлектуальную літаратуру. Адкуль гэтая глыбіня, гэтыя думкі, развагі, сюжэты?

Канавалаў мне падказаў. Уся справа ў глыбіні мастацкага сьвету творцы. Сьвет большасьці беларускіх твораў плоскі, клішаваны, грамадзкі, агульны. Адзінкі беларускіх творцаў здолелі застацца незалежнымі, перамагчы разбуральны гвалт натоўпу.

Канавалаў неверагодна экзыстэнцыйны. Ён малюе полацкія краявіды – але гэта хутчэй філязофскія прытчы або каляровыя экспрэсіі. Канавалаў можа намаляваць “Суботу” альбо “Сераду”. Вядома, сваю ўласную “Суботу”. Але гэта толькі нараджае думку, што мы бачым кавалачак намаляванага і дзівімся ягонай бязьмежнасьці.

Канавалаў прадэманстраваў “грані рэальнага”, і мы ўражаныя іх нечаканасьцю і фантастычнасьцю.

Хто не пабачыць выставы Канавалава, папросту застанецца па-за беларускім мастацтвам. Мастацтва — дзіўная рэч. Можна, як падмануты Бураціна, закапаць ва ўгноеную глебу свае грошы (талент, жыцьцё) і чакаць цуда-дрэва. А яблыня з залатымі яблыкамі вырасьце дзе-небудзь на папялішчы былога хутару. Дзе ніхто не чакаў, дзе бруд і нат дарогі няма. Але менавіта там паўстане цэнтар сусьвету. І там адбудзецца цуд.

Алесь Аркуш


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0