Два лісты сяброўства

эсэ

Гэтага сьвята – Нацыянальнага дня сяброўства – няма ў аніводным календары. Але чаго толькі ня вымысьляць амэрыканцы, каб узьняць сабе гумор ды ўзмацніць чалавечыя сувязі! Мо таму я й ня надта зьдзівілася, атрымаўшы па электроннай пошце наступны ліст:

“Калі б мы маглі сьціснуць усё насельніцтва Зямлі да адной вёскі, у якой жылі б дакладна 100 чалавек, дык гэтая вёска выглядала б наступным чынам:

У ёй жылі б 57 азіятаў, 21 эўрапеец, 14 жыхароў заходняе паўкулі, 8 афрыканцаў. У ёй было б 52 кабеты і 48 мужчынаў; 70 чалавек былі б ня белымі, 30 былі б белымі; 70 былі б не хрысьціянамі, 30 былі б хрысьціянамі; 6 чалавек валодалі б 59% сусьветных багацьцяў, і ўсе 6 былі б з Злучаных Штатаў; 80 жылі б у дамох зусім без выгодаў; 70 ня ўмелі б чытаць; 50 пакутавалі б ад нястачы харчаваньня; 1 чалавек быў бы пры сьмерці; 1 чалавек меў бы нарадзіцца; 2 чалавекі мелі б унівэрсытэцкую адукацыю; 1 чалавек меў бы кампутар.

Калі глядзіш на наш сьвет з гэткай пэрспэктывы, калі ты прачнуўся сёньня раніцой, пачуваючыся больш здаровым, чым хворым.. ты шчасьлівейшы за мільён людзей, якія не перажывуць гэтага тыдня. Калі ты ніколі не зазнаў небясьпекі бою, самоты зьняволеньня, пакутаў катаваньня альбо цярпеньняў голаду, ты – шчасьлівейшы за 500 мільёнаў людзей у сьвеце.

Калі ты можаш наведваць царкоўныя набажэнствы, не баючыся ўціску, арышту, катаваньня альбо сьмерці,.. ты шчасьлівейшы за тры мільярды людзей у сьвеце.

Калі ў цябе ёсьць што есьці, што накінуць на плечы, ёсьць дах над галавой і пасьцеля,.. ты багацейшы, чым 75% насельнікаў Зямлі. Калі ў цябе ёсьць грошы ў кашальку ці ў банку, ты – сярод 8% найбагацейшых людзей ў сьвеце.

Калі ты здольны прачытаць гэты ліст, ты ўдвая блаславёны, бо два зь лішкам мільярды людзей у сьвеце ўвогуле ня ўмеюць чытаць.

Працуй, як быццам у цябе няма ніякай патрэбы ў грошах.

Кахай, як быццам табе ніколі не рабілі балюча.

Танцуй, як быццам ніхто на цябе не глядзіць.

Сьпявай, як быццам ніхто цябе ня слухае.

Жыві, як быццам на зямлі – рай нябесны.

Разам сьвяткуйма Нацыянальны тыдзень сяброўства!

Адпраў гэты ліст кожнаму, каго лічыш СЯБРАМ.

Перадай гэты ліст каму-небудзь, упрыгож нечы дзень. Нічога ня здарыцца, калі ты не наважышся перадаць гэты ліст нікому. Адзіная рэч, якая здарыцца, калі ты перадасі гэты ліст, – нехта ўсьміхнецца дзякуючы табе.

Шчасьлівага тыдня сяброўства!”

Увесь гэты ўзьнёслы тэкст быў напісаны па-ангельску, але дасланы зусім не зь Нью-Ёрку і нават не з Таронта – гораду выразна беларускага паводле духу і зьместу. Ліст паходзіў з суседняй вуліцы, дзе жыве мой прыяцель, які апошнім часам захапіўся жывымі кантактамі ў Інтэрнэце праз сыстэму ICQ (I Seek You — Я цябе шукаю); http://www.mirabilis. com). Гэтая сыстэма дазваляе мільёнам карыстальнікаў упрост кантактаваць ў рэжыме «Question-Answer» (“Пытаньне-Адказ”) ці «Chat» (“Балбатня”). Можна дадаваць сваіх выпадковых суразмоўцаў у ліст кантактаў і бачыць, калі чалавек увайшоў у сетку, выйшаў зь яе ці папросту адарваўся на хвілінку ад кампутара папіць гарбаты. Тут можна размаўляць па тэлефоне, дасылаць паведамленьні на сотавы тэлефон, шукаць у Інтэрнэце неабходную вам інфармацыю…

Відаць, праз сыстэму ICQ мой сябар і атрымаў той незвычайны ліст. І пасьпяшаўся ім падзяліцца. Дый як трымаць пры сабе гэткі скарб – сапраўднае адкрыцьцё для беларуса! Бо ўсе мы тут прывыклі наракаць на жыцьцё. Пералічваць нястачы, беды і пакуты, зь неўтаймаванай зайздрасьцю паглядаючы на тых, хто жыве лепш, а на астатніх – з пагардаю. Мы амаль што цешымся праклятай безнадзейнасьцю свайго жыцьця, бо праз гэтую безнадзейнасьць атрымоўваем права ненавідзець усіх разам – блізкіх і далёкіх, – груба адцягваючы за каўнер кожнага, хто стаіць на нашым шляху. Хіба не стаміліся мы ад гэтае нянавісьці – у саміх сабе і навокал? Ад спрадвечнае крыўды, якую беларусы нясуць і нясуць на сваіх плячах і цяжар якой не дае ім задзерці галавы і ўбачыць высока над сабой блакіт нябёсаў. І аднак жа нехта блізкі й далёкі (Бог? амэрыканцы?) дасылае нам зьвестку пра нейкі новы сьвет, які напэўна адчыніцца для нас, калі мы толькі знойдзем у сабе сьмеласьць зьмяніць свой погляд на сябе і сваё існаваньне.

…Калі я пісала гэтыя радкі, мне прыйшоў ліст з Таронта ад маёй даўняе сяброўкі Тацяны Вайтовіч-Камілеры. І вось якую гісторыю яна мне пераказала:

“Яго звалі Флемінг, і быў ён бедным шатляндзскім фэрмэрам. Аднойчы, калі ён хадзіў за плугам, ён пачуў на суседнім балоце крык “Ратуйце!”. Ён кінуў свайго вала і пабег да багны. Там, загразнуўшы да поясу ў чорным муле, змагаўся за жыцьцё спужаны хлопчык. Флемінг выратаваў хлапчанё з твані.

Наступным днём на бязьлюдным падворку шатляндца прыпыніўся дзівосны экіпаж. Адтуль выйшаў густоўна апрануты шляхціц — бацька хлапчука, выратаванага Флемінгам.

– Я хачу вам аддзячыць, – сказаў шляхціц. – Вы выратавалі жыцьцё майму сыну.

– Не, я не магу ўзяць плату за тое, што я зрабіў, – адказаў яму фэрмэр, адхіліўшы прапанаваныя грошы.

У гэты момант на ганку клуні, дзе жыла фэрмэрава сям’я, паказаўся сын Флемінга.

– Ці гэта ваш сын? – запытаўся шляхціц.

– Так, – горда адказаў фэрмэр.

– Дазвольце мне даць яму адукацыю гэткага ж узроўню, якую будзе мець мой сын. Калі гэты хлопец падобны да свайго бацькі, зь яго несумненна вырасьце чалавек, якім мы будзем ганарыцца.

І менавіта гэтак ён і зрабіў.

Сын фэрмэра вучыўся ў найлепшых школах, скончыў Вышэйшую мэдычную шпітальную школу Сьвятое Марыі ў Лёндане і неўзабаве стаў вядомым у цэлым сьвеце як сэр Аляксандар Флемінг, вынаходнік пэніцыліну.

Праз шмат гадоў той самы сын шляхціца, якога выратавалі з багны, захварэў на пнэўманію. І што выратавала ягонае жыцьцё на гэты раз?

Пэніцылін.

Як звалі таго шляхціца? Лорд Рэндалф Чэрчыль.

Як звалі ягонага сына? Сэр Уінстан Чэрчыль.

Працуй, як быццам у цябе няма ніякай патрэбы ў грошах.

Кахай, як быццам табе ніколі не рабілі балюча.

Танцуй, як быццам ніхто на цябе не глядзіць.

Сьпявай, як быццам ніхто цябе ня слухае.

Жыві, як быццам на зямлі – рай нябесны.

Разам сьвяткуйма Нацыянальны тыдзень сяброўства!

Адпраў гэты ліст кожнаму, каго лічыш СЯБРАМ.

Перадай гэты ліст каму-небудзь, упрыгож нечы дзень. Нічога ня здарыцца, калі ты не наважышся перадаць гэты ліст нікому. Адзіная рэч, якая здарыцца, калі ты перадасі гэты ліст, – нехта ўсьміхнецца дзякуючы табе.

Шчасьлівага тыдня сяброўства!”

А можа, праўда, усьміхнуцца? Ці — прасьлязіцца з радасьці? Тады і ў краіне нашай станецца крышачку сьвятлей.

Юлія Андрэева


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0