Адам Глёбус

Нашы сучасьнікі

2001. Камоцкая й каханьне

Беларуская рок-князёўна Кася Камоцкая кажа: “Ведаеш, Глёбусіку, а каханьне бывае толькі ўзаемнае. Вось у чым сутнасьць каханьня. Каханьне існуе, пакуль яно ўзаемнае. Інакш гэта не каханьне”. Хто што зможа дадаць? Кася — філёзаф ня толькі з адукацыі.

 

2001. Борхес і Федарэнка

Як ні дзіўна, але ў літтрадыцыяналіста Андрэя Федарэнкі і ў літавангардыста Хорхе Люіса Борхеса ёсьць супольная рыса: яны абодва заблудзілі ў бібліятэцы. Андрэй – у мазырскай, Люіс – у буэнас-айрэскай, але гэта менш істотна.

 

2001. Канавальчык і чэлес

Анархагазэтнік Канавальчык абвяшчае ў сваім левым тыднёвіку “Навінкі” конкурс на пошук заменьніка слову “чэлес”. Даўся яму чэлес. Лепей шукаў бы заменьнік слоўцу “кандом”, які бясспрэчна мусібыць ніякага роду, нечым кшталту “рума”.

 

2001. Вашчанка
й вялікая галава

Прыходжу на выставу з патэтычнай назваю “Беларускія мастакі трэцяму тысячагодзьдзю – 2”, уздымаюся па лесьвіцы й бачу вялізную галаву на палатне. Па руда-зеленкаватым колеры пазнаецца Гаўрыла Вашчанка. Ён паспрабаваў намаляваць Хрыста. Толькі тварам Ісус нагадвае маладога Ўльянава-Леніна ў жаночым парыку. Як пісаў паэт: “І тчэ, забыўшыся, рука...”


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0