Апэрэткавая дыктатура

Курс Пуціна на цэнтралізацыю Расеі аднолькава небясьпечны і для Лукашэнкі, і для беларускіх дэмакратаў

Эпатажныя заявы Лукашэнкі падчас візыту ў Екацерынбург (“расейская сыстэма ўлады неэфэктыўная, бо ўсіх абіраюць”) выклікалі зьедлівыя камэнтары расейскіх мэдыяў. На тэлеканале ОРТ Лукашэнку нават назвалі “обнаглевшим парнем”. Цяжка ўявіць, каб такое на дзяржаўным тэлебачаньні магло прагучаць на адрас кіраўніка любой іншай дзяржавы, нават самай варожай Расеі. А з Лукашэнкам гавораць ягонай жа мовай.

Расейскія СМІ даўно прычапілі Лукашэнку ролю “блазна №3”. №1 і 2 па праве належаць кіраўнікам маргінальных расейскіх рухаў Жырыноўскаму (лібэрал-дэмакрат) і Харытонаву (аграрнік). Аналягічны вобраз пераносіцца з кіраўніка на народ краіны.

Рэакцыяй незалежных беларускіх СМІ была сумесь злое радасьці і пякучае корці. З найбольшым смакам цытавалі камэнтатара афіцыёзных “Известий” і ОРТ М.Сакалова якраз тыя выданьні, якія на сваіх старонках называюць Лукашэнку “прэзыдэнтам” і “кіраўніком дзяржавы”, г.зн. не зважаюць на пытаньне фармальнай канстытуцыйнай легітымнасьці.

Ня будзем казаць ні пра этычны бок гэткае радасьці, ані пра тое, з каго кпілі маскоўскія аніматары, — з Лукашэнкі-лукашэнкі ці з Лукашэнкі-кіраўніка калянізаванае дзяржавы. Адказ на пытаньне “чаго радаваліся беларусы?” вынікае з адказу на пытаньне “што ж ім карцела?”.

Мараць яны, што Пуцін пачуе беларускую апазыцыю і падтрымае яе на сёлетніх прэзыдэнцкіх выбарах. Кожны слабы знак зь любых расейскіх СМІ ўспрымаюць як прыкмету будучае падтрымкі.

Ды тых, каго расейскі капітал ці ваеншчына сапраўды хацелі б скінуць (Шэварднадзэ ці Юшчанку), у Маскве крытыкуюць зусім ня так, як свайго ў дошку “парня”. Жырыноўскі і Харытонаў якраз незаменныя ў расейскім палітычным тэатры. Прыкладна такую ж ролю адыгрывае і апэрэткавая ўсходнеэўрапейская “дыктатура” ў Беларусі.

Надзеі беларускіх дэмакратаў на Пуціна могуць мець сэнс толькі ў двух выпадках: “магутнасьці дэмакратаў” або “добрага Пуціна”. Калі дэмакраты будуць перамагаць, Крэмль іх падтрымае ці, прынамсі, зробіць такі выгляд — як было з Каштуніцам. А вось у тым, што Пуцін добры — г.зн., што ён жадае ператварыць “імпэрскую Расею” ў “Расею нацыянальную”, эўрапейскую і заходнюю, — можна сумнявацца. Калі б ён таго сабе зычыў, дык перамога дэмакратыі ў Менску і ўмацаваньне беларускае незалежнасьці адпавядалі б жаданьням Пуціна. Паварот падзеяў у Беларусі дыскрэдытаваў бы імпэрскую тоеснасьць расейцаў.

Але нішто не паказвае, каб Пуцін бачыў будучыню сваёй нацыі ў разьвітаньні з імпэрскімі ілюзіямі.

Наадварот, Пуцін бачыць паратунак Расеі ўва ўмацаваньні “імпэрскае ідэнтычнасьці” пры адначасовым разьвіцьці дзяржаўна-алігархічнага капіталізму. Праніклівы аналіз пабочных мэтаў праекту “энэргетычнага партнэрства Расеі і Эўразьвязу”, зроблены францускай дасьледчыцай, які Вы можаце прачытаць тут побач, пацьвярджае гэта. Пуцін мяркуе, што дэмакратызацыя і эўрапеізацыя непазьбежна выклікала б дэцэнтралізацыю і дэзынтэграцыю Фэдэрацыі. Падобную пэрспэктыву ён ацэньвае як нэгатыўную. Пазытыўны эфэкт ён бачыць у традыцыйнай для імпэрскага мысьленьня тактыцы — пасадзіць Эўропу на паліўны ланцужок, умацаваць імпэрскі дух усё меней удзячных Маскве “суб’ектаў фэдэрацыі”, зьяднаўшы іх наяўнасьцю супольных паўкалёніяў (Беларусі ці — заўтра — Украіны). Дзеля таго самага ён узяў пад беспрэцэдэнтны для постсавецкай Расеі кантроль агульнарасейскія тэлеканалы — па вялікім рахунку, адзінае, апроч расейскай мовы, што сапраўды лучыць разьлеглыя расейскія рэгіёны. Гэткую ж мэту мае і стварэньне новае супэркааліцыі ў расейскай Думе, у якую Пуцін згуртаваў ня толькі натуральных саюзьнікаў — сталічна-алігархічныя “Ядзінства”, “Народны Дэпутат” і “Ацечаства”, але і (што таксама беспрэцэдэнтна) рэгіянальна-алігархічную фракцыю “Рэгіёны Расеі”, сымптаматычна ачольваную Алегам Марозавым, этнічным расейцам з Татарстану — паравозу ўнутрырасейскіх аўтанамістаў. Кантроль над гэтай сілай здаецца яму ня менш важным за тэлевізійны.

Пуцін можа падтрымаць толькі Лукашэнку або фігуру, для нас горшую за Лукашэнку. Калі горшае магчыма. Падмануць цяперашні Крэмль нікому зь беларускіх незалежнікаў ня ўдасца.

Барыс Тумар


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0