БТ вачыма беларуса
“Няправільныя” рыцары
Даўно на БТ не здымалі праграмаў з этэру.
Папросту не было чаго — усё “небясьпечнае” даўно забаранілі. І вось на Вялікдзень абяцалі нам у “25-м кадры” перадачку “Рыцары ХХІ стагодзьдзя” пра нашыя рыцарскія клюбы. За тыдзень распачаліся анонсы, але ў нядзелю замест рыцараў нейкі праваслаўны сьвятар распавядаў пра “расейскія прозьвішчы”. Чаму поп на экране — зразумела, Вялікдзень. Чаму праваслаўны — таксама. Але ж і рыцары ў нейкім сэнсе “крыжакі”, дый БТ іх нам само цэлы тыдзень абяцала! Чаму раптам перадумалі?
Кожная праграмка праходзіць незьлічоную колькасьць папярэдніх праверак на розных узроўнях — ад абмеркаваньня задумы да вычыткі кожнага слова ў змантаваным варыянце. У выпадку з “Рыцарамі” ўсіх усё задавальняла. Але ў перадвелікодны чацьвер Чыкін праграму забараніў. Можа сам дадумаўся, а можа й падказаў хто.
Афіцыйна прычына растлумачаная не была. На БТ ходзяць дзьве вэрсіі, якія адна адной не выключаюць. Першая — стандартная: Чыкіну “запахла нацыяналізмам”. Хоць праграма была абсалютна апалітычнай, з двух запрошаных кіраўнікоў рыцарскіх клюбаў толькі Фёдар Міхееў прадстаўляў клюб “вялікакняскае” скіраванасьці (“Княжы гуф”) — дый той размаўляў па-расейску на агульнарыцарскія тэмы.
Другой магчымай прычынай забароны стаўся, як ні дзіўна, клюб “Ордэн Паўночнага храму”, які прадстаўляў Зьміцер Нісьцюк — сын палітыка-сацыяліста. Выразная “празаходняя” арыентацыя гэтага ордэну тампліераў, відаць, чымсьці перашкаджала праваслаўнаму Вялікадню. Бедныя тампліеры — спачатку ім рымскі Папа жыцьця не даваў, потым камуніст...
Зважаючы на гэта, вельмі дзіўна, што нам сабраліся-ткі паказаць яшчэ ўвосені гатовую й тады ж з этэру зьнятую праграму пра Забэйду-Суміцкага. 24 красавіка яна выйшла ў этэр.
Арцём Лук’яновіч, Менск