БІБЛІЯТЭКА

 

Прылітаратурнае хуліганства

В.Гаўф, Э.Т.А.Гофман, Ш.Пэро. Прыгажуня ў сонным лесе: Казкі / Для мал. шк. веку; Пераклады ў бел. мову; Укл. У.Карызна, Маст. В.Сідарава. — Менск: Юнацтва, 2001.

 

У “НН” ад 9 красавіка прачытаў нататку В.Мухіна пра кніжку літаратурных казак Гаўфа, Гофмана ды Пэро “Прыгажуня ў сонным лесе”, што надоечы выйшла ў дзяржаўным выдавецтве “Юнацтва”. “Усяго за 750 р. творы найвыдатнейшых эўрапейскіх казачнікаў у перакладзе Кандрата Крапівы, Якуба Коласа ды іншых беларускіх пісьменьнікаў ”, — піша аўтар. Як кажуць, адно цемрашальства спараджае цемрашальства другое. Але пачнем па парадку.

Кнігу “Прыгажуня ў сонным лесе” ўклаў паэт-песеньнік, ляўрэат савецкіх ды лукашэнкаўскіх узнагародаў Уладзімер Карызна. На адвароце яе тытульнага ліста пазначана “Для дзяцей малодшага ўзросту”. Можна спрачацца, ці зразумеюць чацьвертаклясьнікі гэткія творы, як “Адсечаная рука” Гаўфа ды “Шчаўкунчык” (так у перакладзе з расейскае мовы Віктара ГардзеяЛ.Б.) Гофмана. Але адно я магу сказаць цьвёрда. Навэля Гофмана “Кавалер Глюк” (гэтак у перакладзе з расейскае мовы Міколы МаляўкіЛ.Б.) вывучаецца, згодна з праграмаю, дзевяціклясьнікамі Беларускага ліцэю імя Якуба Коласа. І ў 15-гадовых падлеткаў увесь час узьнікаюць праблемы з разуменьнем філязофіі гофманаўскага рамантызму. Дарэчы, чытаюць ліцэісты гэтую навэлю ў перакладзе, зробленым з мовы арыгіналу Васілём Сёмухам яшчэ ў 1995 г. і апублікаваным у 20-м выпуску “Крыніцы” (“Рыцар Глюк” (па-нямецку “Ritter Gluck”Л.Б.) №4 за 1996 г.). Чаму ж у зборніку зьявіўся пераклад з расейскае мовы, зроблены Міколам Маляўкам?

Але гэта яшчэ не галоўная бяда названага зборніка. Уладзімер Карызна не запрапанаваў ані Васілю Сёмуху, ані Ўладзімеру Чапегу, ані Яўгену Бяласіну, ані Ўладзімеру Папковічу, ані хоць бы аўтару гэтых радкоў (у якога, дарэчы, у стале пыляцца рукапісы перакладаў з таго ж Гаўфа ці братоў Грымаў) узяць удзел у падрыхтоўцы гэтага выданьня — відаць, з ідэалягічных меркаваньняў. Куды прасьцей і выгадней перакласьці самому з расейскае мовы Гаўфавага “Карліка Носа” альбо даць працу яшчэ аднаму “германісту” Яўгену Хвалею (пераклаў “Казку пра ўяўнага прынца” — у арыгінале “Das Mдrchen vom falschen Prinzen”)…

І яшчэ. Можна толькі здагадвацца, чаму выдавецтва “Юнацтва” замовіла новы пераклад з расейскае мовы гофманаўскага “Шчаўкунка” Віктару Гардзею, калі ў 1996 г. гэтае самае выдавецтва ў зборніку “Хлопчык-зорка” друкавала гэты ж твор у перакладзе, зробленым (таксама, відаць, з расейскага тэксту) Алесем Сачанкам. Напэўна, у “Юнацтва” шмат лішніх грошай…

Згаданыя пытаньні — з шэрагу этычных ды эканамічных. Ёсьць, аднак, тут рэчы, якія выглядаюць папросту як зьдзек з існага заканадаўства — у прыватнасьці, з Закону “Аб аўтарскім праве й сумежных правах”. Бальшыня зьмешчаных у зборніку “Прыгажуня ў сонным лесе” казак Шарля Пэро перадрукаваная тут са зборніка “Ш.Пэро. Чарадзейныя казкі”, які ў 1993 г. 70-тысячным (!) накладам выйшаў у выдавецтве БГАКЦ. Аўтар гэтых перакладаў — Зьміцер Колас. Зусім не Якуб Колас, як пазначана ў зьмесьце зборніка выдавецтва “Юнацтва” і як гэта ўсьлед за ім паўтарыў вядомы кнігалюб Віктар Мухін! Ул.Карызна й кампанія на “сваёй” кніжцы без усялякіх згрызотаў сумленьня ставяць: © УП “Выдавецтва “Юнацтва”, пераклад. 2001 (прытым “капірайт” на “бліскучае” Карызнава ўкладаньне, безумоўна, таксама пазначаны!)

Між іншым, насуперак сьцьверджаньню сп.Мухіна, у кнізе няма перакладаў ня толькі Якуба Коласа, але й Кандрата Крапівы!

Усё сказанае вышэй (а пры жаданьні можна яшчэ сёе-тое дадаць) дазваляе ўпэўнена сьцьвердзіць: па-першае, абсалютна безадказныя й непрафэсійныя людзі, карыстаючыся сваёй набліжанасьцю да дзяржаўнага выдавецтва, дыскрэдытуюць беларускую культуру і парушаюць законы. Па-другое, рэдакцыя “НН” таксама часам занадта давяраецца сваім сталым аўтарам. Па-трэцяе, мала верыцца, што Зьмітру Коласу будуць кампэнсаваныя маральныя страты.

І апошняе. На беларускіх кніжках выхоўваецца ўжо трэцяе маё дзіця. Безумоўна, я магу чытаць сваёй пяцігадовай Алесі сякія-такія кніжкі, адразу перакладаючы і з расейскай, і зь іншых моваў. Шмат якія казкі са зборніка “Прыгажуня ў сонным лесе” давядзецца перакладаць з “тожа-беларускай” мовы Ўладзімера Карызны альбо Яўгена Хвалея. Гэткі, відаць, у беларусаў лёс…

Лявон Баршчэўскі

 

Пісьменьніцкая мафія і крытычнае мысьленьне

Апошнім часам у рэдакцыю “НН” прыходзяць рэцэнзіі або востра крытычныя, або разгромныя, добрых ня пішуць. Інтэлектуалы кола “Фрагмэнтаў”, якія летась рабілі прамоцыю “крытычнаму мысьленьню” ў спэцыяльным нумары свайго часопісу, маглі б цешыцца. Аднак ня цешацца.

 

Усіх, хто дбае пра сапраўднае разьвіцьцё беларускае гуманістыкі, засмучае адсутнасьць дыялёгу на старонках большасьці беларускіх выданьняў. Плюралізм думак прадугледжвае ня толькі іхнае мірнае суіснаваньне, але і ўзаемадзеяньне, змаганьне, прынамсі, узаемаўдакладненьне, карацей, шырокую і абавязкова публічную дыскусію. Толькі праз дыскусію можна прыйсьці да згоды — у любым, ня толькі навуковым, але і палітычным, эканамічным, маральным пытаньні.

Ад той “благости”, якая пануе на старонках дзясятка ў той ці іншай ступені афіцыёзных выданьняў, робіцца сапраўды блага. Гэта летаргічны сон беларускае пэрыёдыкі і гуманістыкі. Крытыка ў іх даўно захавалася толькі ідэалягічная, у залежнасьці ад таго, на якіх пазыцыях — беларуска-народніцкіх ці расейска-нацыяналістычных — стаіць выданьне.

У прыватных выданьнях усё па-іншаму. Аўтары ня проста выказваюць розныя погляды, але й нібы не заўважаюць адзін аднаго. Асобныя палемікі маюць звычайна калі не асабісты характар, дык асабісты падтэкст, а таму рэдка знаходзяць канцэптуальную афарбоўку ці асэнсаваньне. Працы супрацоўнікаў іншых “катэдраў” і “інстытутаў” крытыкуюцца ў незалежнай прэсе ўжо дзясятак гадоў, а выніку — нуль. Сядзяць дубы, абрастаюць тытуламі і прэміямі. Ад няздольнасьці хоць на каліва зьмяніць сытуацыю незалежная крытыка робіцца ўсё зьлейшаю. Нязвыкламу да гэткага старэйшаму пакаленьню здаецца, што маладыя перасьледуюць адну мэту — “выкрыць і набіць” (цытую адказ д-ра Конана на крытычны водгук Ю.Лаўрыка пра адрэдагаваны сп.Конанам зборнік “Беларускія рэлігійныя дзеячы ХХ ст.”). Маладыя ж хочуць іншага — выявіць і зьмяніць. А яно не зьмяняецца.

Прычына не ў прыватнасьцях, не ў “недапрацоўках” таго ці іншага аўтара ці рэдактара, “недаліках” таго ці іншага падыходу — у мэханізьме фактычнае дзяржаўнае манаполіі на арганізацыю творчай і навуковай дзейнасьці і фактычнай забароне на бюджэтную падтрымку незалежных праектаў.

Вось у гэтым нумары Лявон Баршчэўскі выкрывае бяздарнасьць новае дзіцячае кніжкі выдавецтва “Юнацтва” і мафіёзнасьць сыстэмы падрыхтоўкі гэтых кніг, а нястомны айцец Надсан зьвяртае ўвагу на бязглузьдзіцу публікацыяў акадэмічнага аўтара ў “Весьцях НАН Беларусі” і часопісе “Беларусь”.

Па-нармальнаму, гэта мусіла б пацягнуць нейкія вывады. Дзяржава мусіла б задумацца пра разьмеркаваньне дзяржаўных датацый на выданьне дзіцячай літаратуры на адкрытых конкурсах, у якіх змогуць браць удзел прадстаўнікі як дзяржаўных, так і недзяржаўных выдавецтваў — як сп.Карызна са сваёй браціяй, так і сп.Колас, якога абакралі ды яшчэ й пераназвалі ў Якуба.

Высновы сп.Агіевіча мусілі б быць абмеркаваныя на паседжаньні ягонага акадэмічнага інстытуту. Часопіс “Беларусь” мусіў бы адмовіцца ад друкаваньня сумнеўнага аўтара і даць сабе працы элемэнтарна правяраць скандальныя публікацыі.

Ды кіньце дурное! У лепшым выпадку сябры сп.Карызны зь Дзяржаўнага камітэту па друку знойдуць за што ўляпіць “Нашай Ніве” чарговае папярэджаньне за “парушэньне Закону аб друку”. У горшым — проста зробяць выгляд, што нічога не было. А як інакш у гэтай сыстэме? Сёньня я табе дзяржпрэмію, заўтра ты мне прэмію “За духоўнае адраджэньне”. Свае людзі — парахуюцца.

Чаму самааднаўляецца гэтае кумаўство і групаўшчына? Дзеля чаго існуюць ардэнаносная Акадэмія і Саюз? Чаму ня дбаюць пра чысьціню шэрагаў? Дзеля таго і існуюць — каб трымаць манаполію ў абмен на палітычны канфармізм.

Сталінскія выдавецтвы, як і сталінскі Саюз пісьменьнікаў, як і сталінскую сыстэму Акадэміі навук, немагчыма рэфармаваць. Іх можна толькі пазбавіць дзяржаўнае манаполіі на кіраваньне сваімі сфэрамі жыцьця і долямі дзяржаўных рэсурсаў, паставіць у стан канкурэнцыі зь недзяржаўнымі выдавецтвамі, альтэрнатыўнымі творчымі суполкамі, незалежнымі дасьледчымі інстытуцыямі.

Тады і дыялёг адновіцца, і за рэпутацыю трымацьмуцца, і гуманістыка перастане выконваць ролю калгаснага загадчыка клюбу: нада перахрысьціць Скарыну ў кантэксьце беларуска-расейскай інтэграцыі, трымайце доказы, што яго звалі Георгіем, нада перавадзіць Гофмана с рускага на беларускій, так как пасьледній не імеет аналагаў срадзі цывілізованных языкоў, дзяржыце творы эўрапейскіх казачнікаў. Інакш нічога ня будзе мяняцца, і крытычныя рэцэнзіі ў “НН”, “Беларускім Гістарычным Аглядзе” ці “ARCHE” будуць аўтарам ані ў знак. Крытыкуем, крытыкуем, а гуманістыка як спала, так і сьпіць.

Калі назваць рэчы сваімі імёнамі, гэтыя “перакладчыкі з расейскай” папросту раскрадаюць дзяржаўныя грошы — тыя капейкі, якія людзі праз падаткі пералічваюць на кнігавыданьне. Раскрадаюць, дзякуй Богу, пакрысе — вядома, якія там ганарары ў “Юнацтве”, сьлёзы, а не ганарары. Але цягнуць, колькі могуць. Дай ім болей, як у савецкі час, будуць браць болей і купляць “Волгі”. Саюз пісьменьнікаў, у які гэтыя перакладчыкі з расейскай уваходзяць, будзе маўчаць. Акадэмія навук, у якой русацяпы працуюць, пагатоў. Няма калі — за беларушчыну змагаюцца. У сваім разуменьні гэтага слова, вядома.

Тады як сапраўднае змаганьне за сапраўдную беларушчыну даўно ўжо вядуць ня тыя або ня там.

Хібы прыватных выданьняў, думаецца, вытворныя ад заганнасьці дзяржаўнай сыстэмы. Бо ж і мы ня маем канкурэнцыі, і мы паддаемся заразьлівай брыдкай этыкай працы “абы з рук”. Застаецца выбачацца, ізноў выбачацца. Нам, прынамсі, сорамна. Манапалістам жа — ані. Яны пэўныя, што захаваюць сваё становішча, нават калі ўлада зьменіцца.

Рэдактар

 

Гісторыя на крыжы

Петрашкевіч Алесь. Воля на крыжы: Гістарычныя п’есы. Менск: “Мастацкая літаратура”, 2000. — 271 с. Наклад 2000 ас. ISBN 985-02-0437-0

 

Пасьля дзесяцігадовага перапынку пабачыла сьвет новая кніжка Алеся Петрашкевіча. Пад адной вокладкай сабраныя пяць гістарычных п’есаў: “Гора і слава”, “Меч Рагвалода”, “Напісанае застаецца”, “Прарок для Айчыны”, “Воля на крыжы”. На жаль, фантасмагорыя “Крыж сьвятой Эўфрасіньні” не ўвайшла ў кнігу. П’есы, сабраныя пад адной вокладкай, былі напісаныя ў розныя гады і нават розныя эпохі, таму нясуць на сабе адбітак часу стварэньня. Самая слабая зь іх — “Гора і слава”. У ёй ня столькі гора і славы, колькі сьмеху дый годзе. Вось адзін прыклад:

“Варажка: Я табе (князю Яраполку, сыну Сьвятаслава — Leod) ад яго падарунак прынёс. (Вымае з торбы акаваную золатам чашу з чалавечага чэрапа). Гэту чашу каган зрабіў з чэрапа князя Сьвятаслава...

Яраполк (у жаху): Не! Не! Не!

Варажка: Шрам ад шаблі над левым брывом кожны памятае...” (с. 21)

Я не спэцыяліст у анатоміі, але ж калі ўвесь чалавечы чэрап золатам акаваць, дык праз што віно піць? Аніякага шраму ад шаблі ніхто пабачыць і ня мог, бо на выраб такой экзатычнай і каштоўнай рэчы, як келіх з чэрапу ворага, браўся толькі лобны трохкутнік, які сымбалізаваў моц, розум, вайсковы талент, хітрасьць пераможанага суперніка.

Петрашкевіч перапрацаваў традыцыйнае ўяўленьне пра Рагнеду. Аўтар надзяляе яе экстрасэнсорнымі здольнасьцямі — яна магла б скласьці канкурэнцыю самому Настрадамусу. Так, за 67 год да падзелу хрысьціянства на заходнюю і ўсходнюю плыні, Рагнеда агітуе Ўладзімера за адзіна правільную веру — “грэцкі закон”. Яна, воляю А.Петрашкевіча, “перадбачае”, што царкоўны раскол 1054 г. абавязкова адбудзецца. І таму Ўладзімер павінен пакінуць яе і ўзяць у жонкі — у якасьці авансу за хрост — бізантыйскую царэўну. Подзьвіг самаахвярнасьці, няйнакш.

І ў наступнай п’есе “Меч Рагвалода” аўтар піша: “Ці ж ня мелі мы хрысьціянку-кніжніцу полацкую Рагнеду Рагвалодаўну, якая, і гвалтоўна паланёная, здолела паўплываць на князя-паганца прыняць веру Хрыстову і Русь хрысьціць” (с. 99). Прыгожая, але казка. Калі прытрымлівацца лініі А.Петрашкевіча, Рагнеду трэба альбо кананізаваць, альбо разглядаць як актыўную інтрыганку на карысьць Бізантыйскай імпэрыі.

Незразумелы таксама аўтарскі падыход да спасылак на гістарычныя крыніцы. У п’есе “Гора і слава” цытаты з “Аповесьці мінулых гадоў” пададзеныя па-беларуску, у п’есе “Меч Рагвалода” — на царкоўнаславянскай...

Усе гэтыя хібы трэба падкарэктаваць, бо чытаць разам бездакорную “Волю на крыжы” і ляпсусы дзьвюх згаданых п’есаў немагчыма. Агульнае ж уражаньне ад кніжкі добрае. Яна нават дазваляе сьцьвярджаць, што сярод беларусаў ёсьць сапраўдны драматург. Лепшыя п’есы Петрашкевіча (“Воля на крыжы”, “Крыж сьвятой Эўфрасіньні”) — гатовыя кінасцэнары. Толькі ці ёсьць у Беларусі той рэжысэр, тыя акторы і вялікія грошы, каб увасобіць думкі аўтара? Каб на тэлеэкране нам дэманстравалі ня танныя падробкі, а сапраўды высокамастацкія стужкі? Каб чэргі былі ня толькі на “Агнём і мячом” Ежы Гофмана, але й на пяцісэрыйную гістарычную стужку па творах Алеся Петрашкевіча. Адно толькі прашу: не рабеце “як заўсёды” (кшталту кінаварыянту “Чорнага замку Альшанскага”), бо хочацца, вядома ж, як лепш...

Leod

 

Лялька нежывая

Крук Я. Сымболіка беларускай народнай культуры. — Менск: Ураджай, 2000. — 350 с.; іл. ISBN 985-04-0396-9

 

Кніга Я.Крука — гэта не рэалізацыя „новых падыходаў“, якія насамрэч зьяўляюцца ўжо традыцыйнымі для соцыякультурнай антрапалёгіі суседніх краінаў, а, хутчэй, эмацыйная і амбітная спроба вынайсьці свой уласны мэтадалягічны ровар. Ужо першыя словы дасьледчыка мусяць запэўніць чытача ва ўнівэрсальнасьці і бездакорнасьці прапанаванага тэксту: „Вы трымаеце ў руках незвычайную кнігу, якая, хочацца верыць..., праз пэўны час будзе ляжаць на стале ў кожнай сям’і“ (с.5). Аднак пераважная большасьць аўтарскіх высноваў сьведчыць, што Я.Крук так і застаўся закладнікам савецкіх мэтадаў навуковага дасьледаваньня, што выяўляецца ў ігнараваньні навукова-тэарэтычнага досьведу іншых дасьледчыкаў традыцыйнае культуры, такіх, як К.Леві-Строс, М.Эліядэ, А.Тапаркоў, В. Іваноў, В.Тапароў і інш.

Калі асноўным аргумэнтам слушнасьці зьяўляюцца спасылкі на асабісты архіў і ўласныя артыкулы ў газэтах і папулярных часопісах для хатніх гаспадыняў, гэткага кшталту дасьледаваньні прыводзяць урэшце да прафанацыі ўсёй ідэі досьледу. Так, з кнігі Я.Крука чытач ніколі не даведаецца, што ж разумее аўтар пад тэрмінам традыцыйная (народная) культура і чым яна розьніцца ад культуры індустрыйнага тыпу; як арганізуецца і перадаецца інфармацыя ў фальклёрных супольнасьцях; у чым спэцыфіка катэгорыяў „часу“ і „прасторы“. Дый нарэшце, як разумее аўтар паняткі „сымбаль“, „рытуал“ ды „магія“, да якіх бясконца апэлюе?

Аднак дапытлівы розум дасьледчыка, не засьмечаны размаітымі тэорыямі, багата адорвае ўважлівага чытача ўласнымі навуковымі дэфініцыямі ды адкрыцьцямі.

Так, паводле Я.Крука, „народны танец —гэта сюжэт увасобленай у рухах казкі“ (с.8); магія — „прыхаваная тайная спружына рытуальнай практыкі беларусаў“ (с.41), а печ — „форма прыручэньня агню“ (с.300). Такія „фармулёўкі“ прыдаліся б хіба для дзіцячай кніжкі. Курганы, на думку аўтара, — месца пахаваньня толькі найбольш знакамітых продкаў (с.286). Астатніх аж да ХІV ст. хавалі ці то пад парогам хаты, ці ў склепе, „у якім сёньня хаваюць бульбу, буракі, квашаніну“ (с.116, 301). На чым грунтуюцца такія „адкрыцьці“, так і застаецца няясным. Як сьцьвярджае аўтар, першаснай формай пахавальнага абраду была інгумацыя — пахаваньне ў зямлю, а не трупаспаленьне, як даводзяць археолягі. Я.Крук прыводзіць “неабвержныя” доказы: беларусы на сьвятах веснавога і летняга цыклаў рэшткі рытуальнай стравы закопвалі ў зямлю (с.272). Факты такія сапраўды ёсьць, але інтэрпрэтацыя іх — цалкам на сумленьні аўтара. Можна даведацца і пра тое, што цяжарная жанчына валодае „шаманска–магічнымі“ здольнасьцямі (на жаль, аўтар не прыводзіць палявых апісаньняў камланьняў цяжарных беларускіх кабет; напэўна, гэтыя дакумэнты захоўваюцца ў яго асабістым архіве), а зачацьце дзяцей у ноч зь серады на чацьвер ды шчэ наданьне ім „двухполых“ імёнаў прыводзіць да зьяўленьня транссэксуалаў і гермафрадытаў (с.227). Гэтыя тэзы, пералік якіх заняў бы колькі старонак, зьяўляюцца прамежкавымі і падводзяць чытача да „генэральных“ высноваў, якія раскрываюць сутнасьць народнай культуры: „...асноўная рыса беларускай народнай культуры... — узаемадапамога, узаемападтрымка, згуртаванасьць, талочнасьць“ (с.206).

Раз-пораз аўтар, каб падкрэсьліць ня толькі папулярны, але й „навуковы“ характар дасьледаваньня, дэманструе ці ня ўсю вядомую яму высокапрафэсійную лексыку: „Сярод найбольш значных архетыпаў, міталягем, культуралягем, хранатопаў, рытуалу форм беларускай народнай культуры можна вылучыць васьміканцовую зорку, ромб, крыжы розных выяў, дрэва сусьвету, пантэон язычніцкіх багоў (?), хтанічны (падземны) сьвет, вясельны каравай...“ (с.52—53).

Адной з праяваў „савецкасьці“ (ці папросту нядобрасумленнасьці) дасьледаваньня зьяўляецца адвольнае абыходжаньне зь першакрыніцамі, крайняя неахайнасьць у іх цытаваньні. Факты, зафіксаваныя этнографамі ХІХ—пачатку ХХ ст., збольшага падаюцца без усялякіх спасылак на крыніцы, то бок прысабечваюцца.

Я.Крук настойліва навязвае чытачу свае перакананьні, эмацыйныя перажываньні і парады. Немагчыма зразумець, дзе ў тэксце сапраўды этнаграфічныя факты, а дзе — адвольныя аўтарскія фантазіі. Навукова неэтычна выглядае і навязваньне ўласных рэлігійных схільнасьцяў („наша агульная праматуля — Багародзіца“, „Храм ачышчае душу кожнага з нас і сілкуе яе энэргіяй Космасу, сфакусаванай у абразах Багародзіцы, Ісуса Хрыста...“).

Крытыкуючы „няправільныя“ паводзіны сучасьнікаў, аўтар міжволі выяўляе свой маргінальны статус у дачыненьні як да гарадзкой, так і да традыцыйнай культуры: шмат чаго не прымае ў першай і шмат чаго не разумее ў другой. „...Не вытрымлівае ніякай крытыкі сучасны варыянт упрыгожваньня машыны маладых лялькай. Яна ж нежывая! Прынцып рытуальнага мадэляваньня паводзін „падобнае выклікае падобнае“ прадказвае... сьмерць дзіцяці ў гэтай сям’і“ (с.183). Кіруючыся такой лёгікай, можна прыйсьці да высновы, што выява мужчыны зь вялікім эрэгаваным чэлесам (фармальна нежывая), якая яшчэ на пачатку ХХ ст. выпякалася ў Падзьвіньні на вясельным караваі, мусіла б прывесьці да асабістай трагедыі маладога... Сымбаль так і застаецца для аўтара „рэччу ў сабе“.

Спрабуючы ахапіць сваім „аналізам“ увесь Космас беларускай традыцыйнай культуры, аўтар, відаць, зразумеў непад’ёмнасьць гэтай задачы. І калі развагам пра „Чалавека і яго лёс“ адведзена 130 старонак, разьдзелу „Чалавек і яго род“ — каля 100 старонак, дык перадапошняму („Чалавек і Сьвет“) і апошняму („Чалавек і Сусьвет) адпаведна — 41 і 11 старонак. Аўтар „здарожыўся“, таму ў падразьдзеле „Сымболіка дрэваў“ згадваецца толькі дуб, бяроза і асіна, у „Сымболіцы беларускага жытла“ — адно покуць, парог і печ. У падразьдзеле з гучнай назвай „Гаспадарчая дзейнасьць чалавека: паміж быцьцём і мітам“ размова ідзе толькі пра сьвінагадоўлю ды ўтрыманьне кароў. Вось вам і ўвесь Космас!

Перавага „сьвінячай тэмы“ акрэсьлівае чытацкую аўдыторыю, на якую разьлічвае Я.Крук: „...Нашы чытачы найперш цікавяцца асаблівасьцямі народнага вопыту сьвінагадоўлі“ (с.313). У апошніх падразьдзелах „стомлены“ аўтар ужо не абцяжарвае сябе ні мудрагелістымі высновамі, ні цытаваньнем, папросту зьвяртаючы чытачоў да адпаведных разьдзелаў у зборніках прыкметаў і павер’яў (укладальнік У.Васілевіч).

Паколькі на пачатку працы дасьледчык так і ня вызначыў канкрэтных задачаў ды мэтадаў іх вырашэньня, дык заканамерна выглядае і адсутнасьць у заключэньні ўцямных высноваў, якія хоць нейкім чынам стасаваліся б даназвы кнігі. Нягледзячы на тое, што прафэсійны ўзровень аўтара так і не дазволіў яму ўзьняцца да вырашэньня пазначаных праблемаў, праца ягоная мае каштоўнасьць і значэньне ў станаўленьні соцыякультурнай антрапалёгіі ў Беларусі, як мае значэньне любы “першы блін сабаку” — зарука ўдалага печыва ў далейшым.

Васіль Брыкун

 

Трохкутнік ворагаў

Горский А.А. Москва и Орда. — М.: Наука, 2000. — 214 с. ISBN 5-02-010202-4

 

Дасёньня не было ніводнай адмысловай працы, прысьвечанай адносінам Масковіі з Залатой Ардой. Гісторыкі збольшага абмяжоўваліся выказваньнямі наконт таго, добра ці дрэнна ўплывала Арда на Маскву (ніколі — наадварот), але не знайшлося нікога, хто б сабраў усе навуковыя факты і абвергнуў міты.

Першым зрабіў гэта маскоўскі навуковец А.Горскі — ягоная кніга “Москва и Орда” дае адказы на частку пытаньняў. Як вынікае з кнігі, ува Ўсходняй Эўропе ў тыя часы былі тры магутныя ворагі — Арда, Масква, Літва, — якія імкнуліся дыктаваць сваю волю суседзям. Такім чынам, пры вывучэньні маскоўска-ардынскіх дачыненьняў ніяк не абмінуць Вялікага Княства Літоўскага.

Так, у 1331 г. Гедымін насуперак Маскве пасадзіў княжыць у Пскове выгнанага цьвярскога князя Аляксандра Міхайлавіча. Дарэчы, гэта ці ня першы канфлікт паміж ВКЛ і Масквой (сёлета — 670-я гадавіна). 1338-м датуецца першы трохбаковы ўзброены канфлікт паміж Ардой з Масквой і ВКЛ (з-за Смаленску). Ужо як саюзьнікі Літва і Арда выступілі ў 1348 г., калі Альгерд прасіў у хана дапамогі ці то супраць Польшчы і Нямецкага Ордэну, ці то супраць Масквы. У 1350-х ВКЛ і Арда то варагавалі, то рабіліся хаўрусьнікамі. У 1368–1372 г. Альгерд з падтрымкай Арды тры разы падыходзіў да Масквы. У Кулікоўскай бітве 1380 г. Арду падтрымаў новы вялікі князь літоўскі Ягайла, што праўда, недастаткова энэргічна. Але гэтага хапіла, каб надоўга сапсаваць адносіны з Масквой.

І тут адгортваецца бадай самая загадкавая старонка гісторыі трохкутніка Літва-Масква-Арда. Хан Тахтамыш, помсьцячы за паразу на Куліковым полі, у 1382 г. спаліў Маскву. Дзьмітры Данскі яшчэ напярэдадні пакінуў сталіцу. Гераічную абарону Масквы ўзначаліў нейкі Асьцей, унук Альгерда. Горскі мяркуе, што ён быў сынам Дзьмітрыя Альгердавіча й вызначыўся на Куліковым полі на баку Масквы. Існавала таксама думка, што Асьцей — унук Андрэя Альгердавіча, полацкага князя, што таксама ўдзельнічаў у Кулікоўскай бітве на баку Масквы. Літоўскім крыніцам Асьцей зусім невядомы.

Князь-ліцьвін ратаваў Маскву ад мусульманскай навалы! Сюжэт варты палітызаванага літаратара. Колькі год таму, калі інтэграцыя з Расеяй толькі пачыналася, часопіс “Беларусь” (№ 2–3, 1996) зьмясьціў п’есу Івана Чыгрынава “Асьцей — Альгердаў унук”. Але гэта мінула незаўважаным, бо ў летапісах князь названы літоўскім, а інтымнае сяброўства зь Літоўскай Рэспублікай у пляны інтэгратараў не ўваходзіць.

Княства Літоўскае імкнулася актыўна ўзьдзейнічаць на Маскву і Арду — саюзьнікаў і ворагаў. Чытач знойдзе ў кнізе яшчэ нямала зьвестак пра гэта (бітва Вітаўта з татарамі на Ворскле (1399 г.), паход татараў на маскоўскія землі ў 1408 г., іх варагаваньне з ВКЛ у 1410-х. Вельмі важным быў паход хана Ахмата на Маскву ў 1472 г., сплянаваны вялікім князем Казімерам Ягайлавічам. Атрымаўся ён вельмі няўдалым. Ягоны вынік — поўная фактычная незалежнасьць Масквы ад Арды.

Дасьледаваньне А.Горскага патрабуе, каб нешта падобнае зьявілася і пра дачыненьні Арды зь Вялікім Княствам Літоўскім. Даўно трэба прааналізаваць нашыя адносіны ў прасторы і часе і высьветліць, кім была для нас Арда — геапалітычным хаўрусьнікам ці ворагам.

Валеры Пазьнякоў

 

ARCHE

Выйшаў новы нумар аналітычна-крытычнага агляду часопісу “ARCHE”. Сёлета ў “Скарыну” — 104 старонкі, а ня 80, як летась.

У нумары:

Юрась Лаўрык рэцэнзуе кнігу Алены Яскевіч “Абраньне вечнасьці”. Мінулая рэцэнзія сп.Лаўрыка (на кнігу “Беларускія рэлігійныя дзеячы” Ю.Гарбінскага) выклікала палеміку ў друку. Гэтая — яшчэ вастрэйшая.

Валерка Булгакаў аналізуе ідэалёгію лукашызму. Грунт для аналізу — рупар рэжыму, часопіс “Беларуская Думка”.

Новае эсэ Вінцэся Мудрова “Пошукі радзімы”.

З гэтага нумару “Скарына” пачынае штонумар друкаваць вершы. У нумары — “Юрлівыя санэты” Юрася Пацюпы.

Аналітыка Зьбігнева Бжазіньскага аб пэрспэктывах эўрапейска-амэрыканскіх стасункаў.

Эсэ Карла Шлёгеля пра Бэрлін, Дэна Якабсана пра Літву і Юр’я Андруховіча пра Галіччыну.

Пытайцеся ў кнігарнях “Белкнігі”, кіёсках “Белсаюздруку”, у распаўсюднікаў на сядзібах БНФ, ТБМ, на кірмашы ў ДК Трактарнага заводу і ў “казе” “Менск”.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0