Міт, якому не даюць памерці

Яшчэ пра імя Скарыны

У 1996 г. выйшаў зборнік матар’ялаў канфэрэнцыі “Полацак: карані нашага радаводу”, што адбылася ў Полацку 5—6 верасьня 1995 г. У зборніку матар’ялаў зьвяртае на сябе ўвагу даклад Г.Галенчанкі “Канец застарэлага міту: новы дакумант пра Скарыну” (с.72-77) з фатакопіяй таго дакуманту. Тэкст дакладу, але ўжо без фатакопіі, быў перадрукаваны ў бюлетэні “Кантакты і дыялогі” (№9, 1996). Новы дакумант — знойдзеная ў актавых кнігах Познані невядомая раней копія каралеўскага прывілею ад 25 лістапада 1532 г., дадзенага Скарыну. Прывілей гарантаваў яму каралеўскую апеку і абарону ад усіх замахаў на ягоную свабоду і маёмасьць.

Да гэтага часу дасьледчыкі ведалі іншую копію згаданага дакуманту з Кароннай мэтрыкі (так зваліся кнігі, куды упісваліся тэксты каралеўскіх грамат і прывілеяў). У гэтых копіях, у адрозьненьне ад арыгіналу, каралеўскія тытулы і першы параграф, якія былі аднолькавыя ўва ўсіх дакумантах, пазначаныя толькі першымі словамі. Нярэдка сустракаюцца там памылкі і недакладнасьці, зробленыя перапісчыкамі. Таму, а таксама зь перасьцярогі, уладальнік дакуманту звычайна прыносіў яго ў мясцовы гарадзкі ці земскі ўрад і прасіў запісаць у актавыя кнігі. Гэта рабілася ў прысутнасьці ўладальніка, каб той мог спраўдзіць дакладнасьць запісу. Познаньская копія Скарынавага прывілею — якраз такі запіс у гарадзкіх (бурмістраўскіх) кнігах гэтага места.

Тэкст копіі з Кароннай мэтрыкі выдаў у Вільні ў 1588 г. М.Круповіч у сваім “Собрании государственных и частных актов”. Яна цікавая тым, што гэта адзіны вядомы дакумант, у якім побач з імем Скарыны “Францішак” стаіць другое імя, “Георгі”. У 1925 г. польскі гісторык Генрык Лаўмяньскі выказаў думку, што “Georgii” — памылка канцылярыста, і трэба чытаць “egregii” (шаноўнага). Гэты вучоны мае вялікі досьвед у чытаньні старых лацінскіх дакумантаў, таму ягоная здагадка вартая таго, каб прыняць яе на веру. На жаль, у Беларусі з ідэялягічных меркаваньняў доўгі час яе не прызнавалі. Дый цяпер яшчэ ня ўсе пагаджаюцца з Лаўмяньскім.

Ніжэй падаюцца паралельныя тэксты пачатку і канца дзьвюх копіяў скарынаўскага дакуманту. З уступу да Познаньскай вэрсіі відаць, што запіс быў зроблены ў 1532 г. “у нядзелю наступную пасьля сьвята сьв.Люцыі” — што, паводле зьлічэньня аўтара гэтых радкоў, было 14 сьнежня, на просьбу самога Францішка Скарыны, які “прынёс вызначны ліст (scriptum significativum) зь віслаю пячацьцю Я(го) К(аралеўскай) М(іласьці) і прасіў спадара бурмістра загадаць, каб ён быў занесены да актавых кніг”.

Ужо пры першым знаёмстве з Познаньскай копіяй высьвятляецца, што меркаваньне Лаўмяньскага адносна імя “Георгі” ў “мэтрычнай” копіі было слушным і што сапраўды ў арыгінальным дакуманце было напісана “egregii”, а не “Georgii”.

Ёсьць і іншыя адрозьненьні між дзьвюма вэрсіямі. Так, у загалоўку “мэтрычнай” копіі замест “Litterae” стаіць “Littere”, і нават прозьвішча Скарыны напісана як “Skorznіa”. Аўтар гэтых радкоў заўсёды адчуваў, што ў “мэтрычнай” вэрсіі нечага не стае між словамі “doctrinam” і “in arte”. У Познаньскай вэрсіі злучнік “et” робіць усё ясным. Больш адрозьненьняў можна бачыць у апошнім сказе.

Знаходка Галенчанкі зьяўляецца паважным укладам у справу вывучэньня спадчыны Скарыны, бо ўдакладняе важную дэталь у жыцьцяпісе першадрукара і раз назаўсёды кладзе канец бясплодным спэкуляцыям адносна ягонага імя. Таму дзіўна, што апрача вышэйзгаданых выданьняў зь невялікім накладам, у ніякім афіцыйным навуковым выданьні не было нават згадкі пра гэтую знаходку. Затое, пачынаючы ад 1997 г., у розных часопісах, як папулярных, так і “акадэмічных”, пачалі зьяўляцца адзін за адным артыкулы Ўладзімера Агіевіча, старэйшага навуковага супрацоўніка Інстытуту філязофіі НАН Беларусі, у якіх ён у даволі бесцырымонны спосаб даводзіць, што “Георгі” — хроснае імя Скарыны. Два ягоныя артыкулы зьявіліся ў часопісе “Беларусь”, два ў “Весьцях НАН Беларусі”. У 1999 г. пад шыльдаю НАН Беларусі выйшла ягоная кніга “Сымболіка гравюры Скарыны”, якая атрымала высокую ацэнку двух “членаў-карэспандэнтаў”. Аўтар пазнаходзіў цэлы шэраг “доказаў” — філялягічных, гістарычных і нават астранамічных — у падтрымку сваёй канцэпцыі. Ці гэтыя доказы пераканалі каго-небудзь, апрача яго самога, гэта іншая справа. Амаль нідзе няма згадкі пра Познаньскі дакумант.

Кажам “амаль”, бо, апрача часопісаў, Агіевіч друкаваўся і ў газэце Акадэміі навук “Веды”. У артыкуле “Ідэалы і сымбалі беларускага друкаваньня” (“Веды”, №6, 1999) ён нападае на Галенчанку ў даволі агрэсіўны спосаб: “Чаму б Г.Галенчанку не растлумачыць, зь якой нагоды трэба верыць аднаму капісту (познаньскаму — А.Н.) ды ня верыць другому? Замест асьвятленьня пытаньня прыводзіцца здагадка, нібыта над пазнанскім пісарам стаяў Скарына і вадзіў яго рукою, патрабуючы не ўказваць свайго хроснага імя”.

Калі б старэйшы супрацоўнік Інстытуту філязофіі НАН Беларусі ведаў лацінскую мову, дык мог бы пераканацца, што Скарына ў Познані не вадзіў рукою пісара, але быў прысутны, калі той запісваў ягоны дакумант у актавыя кнігі, і мог спраўдзіць дакладнасьць запісу.

У 2000 г. у Менску выйшаў першы нумар часопісу “Святая Русь” з падзагалоўкам: “Журнал для тех, кто помнит свое отечество”. Тытул і мова часопісу самі гавораць пра ягоны ідэалягічны кірунак. Ня дзіва, што рэдактар знайшоў блізкім па духу артыкул Агіевіча “Инкогнито Скорины”, у якім аўтар паўтарае ўсе свае старыя казкі і заяўляе катэгарычна: “Не пора ли нам покончить с уплатой дани идеологически инспирированной версии польского исследователя Х.Ловмяньского, который в 1925 г. “лишил” Скорину имени Георгий пад предлогом того, что некогда королевский писарь будто бы ошибся в написании слова egregii и поставил на его место четко и несомненно слово Georgii?”

Скіроўваючы ўсю ўвагу чытача на Лаўмяньскага (чаго яшчэ можна чакаць ад “польского ученого”?), аўтар ні словам ня згадвае пра Познаньскі дакумант, знойдзены Галенчанкам. Агіевіч любіць абвінавачваць у “інтэлектуальным падлогу” тых, каго ён зьняважліва называе “афіцыйнымі захавальнікамі спадчыны Скарыны”. Цікава, як тады назваць сьвядомае замоўчваньне нявыгаднай для сябе праўды? Мусіць, таксама падлогам, толькі не інтэлектуальным. Іншымі словамі, гэта звычайнае ашуканства.

У артыкуле дарэмна шукаць такія словы, як “Беларусь”, “беларускі”, хіба толькі ў назвах “Белорусская энциклопедия” ці “Министерство образования Республики Беларусь”. Відаць, гэтыя словы прыкрыя для гаспадароў часопісу. І ці сумленна гэта, каб нехта, хто лічыць сябе беларусам, мог напісаць: “Своими переводами Скорина сформировал литературный язык “братии своей Руси”, не сказаўшы, які ж гэта быў “язык”? Такім чынам, Скарына ў артыкуле Агіевіча сапраўды “инкогнито”...

Як кажуць, “гарбатага і магіла ня выправіць”. Агіевічаў гэтага сьвету нішто і ніхто не пераканае. Тым ня менш, мы б раілі сп.Агіевічу вярнуцца да сваіх раньніх зацікаўленьняў тыпу “Эвалюцыя філязофскіх поглядаў Луначарскага”. Там, прынамсі, у яго ня будзе канкурэнтаў. Дый лацінскай мовы ведаць ня трэба...

Усё гэта было б вельмі сьмешна, каб не было так сумна. Сумна і крыўдна за беларускую навуку.

а.Аляксандар Надсан


Заўвага. У ніжэй прыведзеных тэкстах розначытаньні надрукаваныя тлустым шрыфтам, напр., Georgii — egregii. Калі нейкае слова ў адной вэрсіі адсутнічае, то ягоная адсутнасьць пазначаная дужкамі, напр., ( ) — et.

Прывілейная каралеўская грамата, дадзеная доктару Францішку Скарыну 25 лістапада 1532 году

PRAGMATICA SANCTIO DOCTORIS FRANCISCI SKORINA A REGE DATA

Anno Domini 1532 dominica proxima post festum S. Luciae egregius Franciscus Skorina medicinae doctor obtulit infra scriptum significativum sub sigillo appenso M.S.R. petivit dominum proconsulem causare libro actorum comitari. Quid obtinuit tenore praescripto mediante ut sequitur.

Sigismundus Dei gratia Rex Poloniae Magnus dux Lituaniae Russiae Prussiae Masoviae etc dominus et heres.

Significamus tenore presentium quibus expedit universis.

Quia nos annuentes supplicationibus quorundam consiliariorum nostrorum ac commendatam habentes virtutem et doctrinam, et in arte midica non vulgarem peritiam et dexteritatem egregii Francisci Skorina de Poloczko artium et medicinae doctoris, eumque singulari gratia nostra propterea prosequi volentes, illi hanc immunitatem et praerogativam dandam et concedendam duximus damusque et conferimus tenore praesentium sic videlicet ut nemo tam in Regno quam in Magno Ducatu nostro Lithuaniae et terris Prussiae Samogithiaeque aliisque dominiis nostris in quaecumque causa magna vel parva illum citandi, ad iudicium trahendi et iudicandi potestatem habet praeter nos ipsos successoresque nostros.

Datum Cracoviae feria secunda festi sanctae Catherinae virginis et martyris anno Domini millesimo quingentesimo trigesimo secundo Regni ( ) nostri anno vigesimo sexto.

Фатакопія арыгінальнага запісу: Г.Галенчанка. “Канец застарэлага міту: новы дакумант пра Скарыну”. У кн.: Полацак: карані нашага радаводу. Полацак, 1996, с.76—77.

 

LITTERE PRO DOCTORE FRANCISCO SKORZNIA DE POLOCZKO

Sigismundus etc.

Significamus etc.

Quia nos annuentes supplicationibus quorundam consiliariorum nostrorum ac commendatam habentes virtutem et doctrinam ( ) in arte medica non vulgarem peritiam et dexteritatem Georgii Francisci Skorina de Poloczko artium et medicinae doctoris, eumque singulari gratia nastra propterea prosequi volentes, illi hanc immunitatem et praerogativam dandam et concedendam duximus damusque et conferimus tenore praesentium sic videlicet ut nemo tam in Regno quam in Magno Ducatu nostro Lithuaniae et terris Prussiae Samogithiaeque allisque dominiis nostris in quaecumque causa magna vel parva illum citandi, ad iudicium trahendi et iudicandi potestatem habet praeter nos ipsos successoresque nostros.

Datum Cracoviae feria secunda fersti sanctae Katherinae virgins ( ) anno Domini millesimo quingentesimo tricesimo secundo Regni vero nostri ( ) XXVI.

Фатакопія першай старонкі арыгінальнага запісу: Францыск Скарына і яго час. Энцыкляпэдычны даведнік. БелСЭ, Менск, 1988, с.575. Поўны тэкст: “Скарынавы кракаўскія прывілейныя граматы 1532 году”. Запісы. Кніга 5. Беларускі Інстытут Навукі і Мастацтва, Мюнхэн 1970, с.118—119.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0