Нязлосны дзень

У Менску на маёўку ў парк Горкага сабралася з тысячу чалавек пад самымі стракатымі сьцягамі й лёзунгамі. Сярод іх былі й кандыдаты ў прэзыдэнты Ўладзімер Ганчарык, Павал Казлоўскі й Сяргей Калякін.

Міліцыянты проста на маёўцы паабяцалі прыцягнуць Калякіна да адміністрацыйнай адказнасьці за арганізацыю несанкцыянаванага шэсьця.

200 камуністаў цераз плошчу Незалежнасьці прайшлі да помніка Леніну і ўсклалі кветкі. На кароткім мітынгу ў парку выступіў У.Ганчарык з заклікам зьмяніць эканамічную палітыку дзяржавы.

У Гомелі, як паведамляе Радыё Свабода, на “афіцыйнай” маёўцы некалькі рабочых узьнялі перад трыбунай вэртыкальшчыкаў плякаты антыўрадавага зьместу. Іван Адаменка дастаў з торбы плякат: «Дамо Сашы 100 даляраў, каб не перашкаджаў зарабляць нам болей», Анатоль Паплаўны — транспарант з каляровым фатаздымкам Аляксандра Лукашэнкі, вакол якога вянком налепленыя тысячныя купюры старога ўзору з подпісам: «Уладу — мне, зямлю — дырэктарам саўгасаў, галечу — рабочым, прыгон — сялянам, падачкі — бюджэтнікам, права на працу бясплатна, права на бізнэс за грошы, хто ня згодны — у турму. Галасуйце за мяне, атрымаеце да канца стагодзьдзя па 100 даляраў». Крыху далей карэспандэнт Радыё Свабода заўважыў яшчэ два падобныя транспаранты: «Цэнам, як у сьвеце, — заробкі, як у сьвеце» і «Чыкагскія рабочыя выйшлі на дэманстрацыю адзін раз і жывуць добра, а мы?»

У Бэрліне каля 6000 левакоў пабудавалі барыкады ўва ўсходніх прыгарадах. Аднак бойкі з паліцыяй мелі толькі лякальны характар, у адрозьненьне ад мінулага году. У Лёндане некалькі тысячаў дэманстрантаў левых перакананьняў ладзілі крывавыя бойкі з паліцыяй на Oxford Street. Тысячы іранскіх рабочых каля парлямэнту краіны пратэставалі супраць беспрацоўя і наплыву аўганскіх і ірацкіх імігрантаў. У Карачы ў Пакістане дэманстранты з дэмакратычных партыяў патрабавалі адстаўкі вайсковага ўраду. Паліцыя разагнала іх, параніўшы з паўсотні чалавек. У Расеі на маёўкі выйшла аж 1,5 мільёны людзей камуністычных перакананьняў. У Ерэване 10 тыс. чалавек выйшлі на мітынг, патрабуючы далучэньня Арменіі да Саюзу Расеі й Беларусі. У Сыднэі і Мэльбурне маніфэстанты з чырвонымі сьцягамі блякавалі ўваходы на біржы. Яны трымалі плякаты: «Бясплатная адукацыя», «За патрэбы людзей, проці сквапнасьці карпарацыяў».

Гэткія мітынгі і дэманстрацыі рабочых і людзей сацыялістычных перакананьняў прайшлі ўва ўсім сьвеце.

У Осла адзін зь мітынгоўцаў шпурнуў торт у твар міністру замежных справаў Нарвэгіі Б’ёрну Яглянду. Але лідэр Рабочае партыі абцёрся і працягнуў шлях разам з калёнаю. Бо 1 траўня — дзень, у які па-сапраўднаму не злуюць, хіба што жартам.

Толькі на Філіпінах узьняўся цэлы народны бунт у абарону былога прэзыдэнта краіны, актора Джозэфа Эстрады, адхіленага ад улады з прычыны абвінавачаньня ў карупцыі. Дэманстранты паспрабавалі ўзяць штурмам прэзыдэнцкі палац. Паліцыя, разганяючы штурмавікоў, забіла тры чалавекі. Каталіцкая царква арганізуе людзей на абарону законных уладаў краіны.

Мікола


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0