Навошта Лукашэнку зноў лезьці ў прэзыдэнты?

Навошта Лукашэнку ізноў абірацца прэзыдэнтам? Наўрад ці ён сам здольны ўцямна адказаць на гэтае пытаньне, не хаваючыся за звыклую экспрэсіўную рыторыку. А што думае наконт гэтага народ, які «бацька» зьбіраецца ашчасьлівіць і ўсынавіць на чарговыя пяць год? Паслухаць vox populi я падаўся на галоўны праспэкт пад галоўны ўнівэрсам.

 

Сур’ёзны мужчына ў кепцы адказаў сур’ёзна:

«Адказнасьці баіцца за тое, што нарабіў”.

Вясёлая прыгажуня пад руку з мурынам засьмяялася:

«Ну, каб умацаваць сваю ўладу яшчэ болей».

Немаладая інтэлігентная кабета мяркуе:

«Для задавальненьня ўласных амбіцыяў».

А вось думка актора «Вольнай сцэны» Анатоля Ката:

«Яму падабаецца гэткае жыцьцё. Ён жа разумее, што, калі пойдзе з пасады, будзе жыць горш”.

Пацаны з голенымі галовамі думалі нядоўга:

«Таму, што ён калхозьнік».

Іх тэзу разьвілі тры дзяўчынкі-тынэйджэркі:

«Ён, як любы калхозьнік, хоча ўлады. У чым кайф улады? Шмат грошай, кармушка добрая. Можна рабіць што хочаш. Вяршыць суд над людзьмі. Такімі, як Завадскі, Захаранка, Ганчар».

Парадаваўшыся за палітычную падкаванасьць маладога пакаленьня, я скіраваўся да прыгожай маці з падлеткам-сынам. Сын пахваліўся, што чытае свабодную прэсу й слухае Радыё «Свабода», а патаемныя жаданьні ППРБ зьвёў да грошай:

«Каб паболей іх яшчэ сабе падгрэбсьці».

Маці глядзела глыбей:

«Улада — гэта самасьцьвярджэньне. Калі ён ня будзе прэзыдэнтам, дзе ён будзе? Якая ў яго альтэрнатыва?».

«Хоча яшчэ адзін тэрмін эксплюатаваць наш народ», — адказаў паддаты пралетар.

Выпускнікі школы падышлі да мяне самі:

«Любому чалавеку, які быў ля ўлады, хочацца яшчэ ўлады. Гэта як наркотык. Таму ён і ідзе».

«Лепей, каб быў ён, чым нейкі іншы, незнаёмы. Яго мы ведаем. Мы ведаем, што робіць Лукашэнка ў нас. На яго думку, гэта правільна». Гэта быў першы голас «за». Ад чалавека, які пакуль, на шчасьце, ня мае выбарчага права, але без праблемаў гаворыць па-беларуску. Шчасьлівую маладую сям’ю пытаньне не зьбянтэжыла й не пасварыла. Муж: «Бо яму няма куды больш пайсьці». Жонка: «А мне ён нравіцца. І ён везьдзе прыгадзіцца».

Наступным быў клерк з сотавікам і ў дарагіх акулярах:

«Я вельмі сумняюся ў ягоным псыхічным здароўі, таму ня бачу рацыянальных апраўданьняў для ягоных дзеяньняў. Гэта можа быць нейкая маніякальная апантанасьць».

Затым я адарваў ад піва маладзёна ў джынсе: «Спадабалася, відаць яму каля кармушкі. Хоча банальна зарабіць бабак».

Спартовы камэнтатар з БТ Уладзімер Навіцкі сышоў ад адказу, па-джэнтльмэнску даўшы пас сваёй даме: «Усю праўду ведае толькі жанчына». Тая не падвяла кавалера:

«Лукашэнка ўпэўнены ў сваёй праваце».

Пры канцы мне трапілася парачка закаханых. Ён:

«Я ня думаю, што гэты чалавек хоча, каб беларускі народ разьвіваўся, зарабляў грошы... Нейкія свае ў яго меркантыльныя рэчы, асабістыя амбіцыі».

Яна:

«Жаданьне ўлады. І ён слаба думае аб сваім народзе. А больш аб тым, як давесьці, што ён нешта можа. І зробіць ён усё роўна па-свойму».

Калі сінтэзаваць усе адказы ў адзін, атрымаецца наступнае: маніякальны калхозьнік, які баіцца адказнасьці й якому няма куды падацца, марыць яшчэ больш пашырыць сваю ўладу, каб эксплюатаваць беларускі народ і набіваць уласныя кішэні грашыма. І пры гэтым упэўнены ў сваёй праваце. Не кандыдат у прэзыдэнты, а пэрсанаж страшнай казкі. Але па вясёлых тварах рэспандэнтаў можна зразумець, што ім гэтая казка пра злога караля яшчэ ня дужа надакучыла.

З.Б.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0