Грыцук Вольга. Мы стваралі сваю Беларусь: жыцьцё і дзейнасьць Аляксея Грыцука [1910-1976]. Менск: Медысонт, 2007. — 256 с. / Укладальніца Вольга Іпатава.

Аляксей Грыцук нарадзіўся ў заможнай сялянскай сям’і. на Беласточчыне. Скончыў Варшаўскі ўнівэрсытэт, выкладаў гісторыю ў Браслаўскай гімназіі. У 1939 г. бараніў ад немцаў Варшаву, трапіў у палон. Быў вызвалены і вярнуўся да бацькоў.

І за першым саветамі, і за другімі немцамі настаўнічаў. Быў нават школьным інспэктарам на Беластоцкую акругу. У 1944 г. падаўся на эміграцыю. Пасьля трохгадовага побыту ў Аўстрыі, дзе ён спрычыніўся да стварэньня Беларускага камітэту, выехаў у Канаду.

Шмат хто з нашых суайчыньнікаў, якія апынуліся на выгнаньні, вымушаныя былі мяняць прафэсіі. Ранейшыя дыплёмы і званьні ў Новым сьвеце ня дзейнічалі. Выпускнік Сарбоны Яўхім Скурат рамантаваў тэлевізары, сьвятар і магістар тэалёгіі Мікалай Лапіцкі гэтыя тэлевізары пакаваў, Натальля Арсеньнева складала гуркі ў банкі. Магістар гісторыі Алесь Грыцук спачатку валіў лес у канадзкіх лясах, а потым, калі перабраўся ў Таронта, мыў посуд у гатэлі.

Магчыма таму ўсе гэтыя людзі рэалізоўвалі сябе і грамадзкай дзейнасьці. Аляксей Грыцук стаў адным з заснавальнікаў Згуртаваньня беларусаў Канады, ягоным доўгадовым старшынёй, праваслаўнай парафіі сьв. Кірылы Тураўскага. А таксама ён быў чалавекам, які меў не малое цярпеньне.

У 1948 г. яго нарачоная Вольга Грыцук была вымушана пакінуць аўстрыйскі Зальцбург і пераехаць з маці і сёстрамі ў Польшчу. Толькі ў 1958 г. аўтарка кнігі атрымала дазвол на выезд і перабралася ў Канаду.

Пры канцы жыцьця Аляксей Грыцук ажыцьцявіў яшчэ сваю мару: атрымаў у Канадзе вышэйшую адукацыю і абараніў дысэртацыю, прысьвечаную творчасьці Максіма Багдановіча.

Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла ў прадмове да кнігі напісала:

«Перадчасную сьмерць Алеся ў 1976 г. уся беларуская грамада адчула як страшэнную страту. Не дачакаўся наш сябра незалежнасьці Беларусі, за якую ўсё жыцьцё змагаўся. Але памяць пра яго жыве ў сэрцах усіх, хто яго ведаў, а партрэт вісіць да сёньня ў залі Беларускага рэлігійна‑грамадзкага цэнтру ў Таронта. Хацела б тут аддаць чэсьць усім патрыётам, якія, апынуўшыся, як Алесь Грыцук, на чужыне, ня кінуліся шукаць для сябе выгадаў — даступных, між іншым, усім нашым працавітым суродзічам, — а ўзяліся за працу для Бацькаўшчыны. Гэта дзякуючы ім жыла Беларусь на чужыне, а сьвет пакрысе даведваўся пра існаваньне паняволенай краіны, якое так старанна хавалася акупантам».

***

Кніга складаецца з успамінаў Вольгі Грыцук пра мужа, успамінаў сяброў. Друкуецца ягоная творчая спадчына, у тым ліку разьдзелы з дысэртацыі пра Багдановіча.

Асобным разьдзелам зьмешчана ліставаньне з Алесем Салаўём, Міколам Абрамчыкам, Станіславам Станкевічам, Масеем Сяднёвым, Янкам Юхнаўцом, Кастусём Мерляком, Янкам Запруднікам, Сяргеем Хмарам.

Шукайце ў кнігарнях і незалежных распаўсюднікаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0