Работа над памылкамі

Дзякуй Алесю Чобату. Сваім артыкулам “Беларусь за дваццаць год” ён загрунтаваў палатно магчымых падзеяў, на якім ужо можна маляваць нешта набліжанае да рэальнасьці. Праўда, трэба крыху падправіць. Вось сп.Алесь цьвердзіць, што “нацыя пачынаецца не з ідэі, але з багацьця, дабрабыту”. Незразумела толькі, адкуль гэнае багацьце, прыплыве да нашых берагоў? І навошта тады Ідэя? Еж сабе, пі, радуйся жыцьцю...

 

Некалі ў нас у Віленскім краі казалі: “Чаму бедны? Таму што дурны. А чаму дурны? Таму што бедны”. Багацьце само зь неба ня зваліцца, а калі і зваліцца, дык ня будзе скарыстанае як сьлед. Вось нам звалілася Незалежнасьць у самыя рукі, а мы дагэтуль лыпаем вачыма і енчым, бо няма Ідэі, ведаў, уменьня жыць самастойна.

Якраз ідэяў нашай апазыцыі не стае. Як агучыў некалі Пазьняк з паплечнікамі некалькі ў той час актуальных нацыянальных ідэяў, так дасёньня і топчамся на гэтых набрыдлых працоўнаму люду пытаньнях.

Невядомы Жаўнер зь Нью-Ёрку сваім допісам пацэліў проста ў цэнтар нашых праблемаў. Чаму якая-небудзь грамадзкая партыя ці аб’яднаньне не зьвярнуліся да пракуратуры і адначасова ў Менскі гарсавет і, у сувязі са зьнікненьнем грамадзкага дзеяча й народнага дэпутата Ганчара Віктара і верагоднай яго трагічнай гібельлю, не папрасілі вуліцу імя Куйбышава, на якой жыў Віктар Ганчар, перайменаваць у вуліцу Ганчара?

Альбо Малады Фронт узяў бы ды разабраўся, каму прысягаюць нашыя юнакі ў беларускім войску. Што гэта за Отечество? Чаму не Рэспубліка Беларусь? Ды стварыў бы прэцэдэнт!

А то на плоце надрапаў “Зубр” — і ўжо можна сябе адчуваць рэвалюцыянэрам. Некаторыя “грантаношы” нават мовы ня ведаюць, а вы хочаце ад іх нейкіх ідэяў ці зьдзяйсьненьняў.

Некалі кіруючая эліта ў выглядзе Вярхоўнага Савету згаділася выслухаць апазыцыю БНФ па пытаньні эканамічнага разьвіцьця краіны. Гэта быў Зорны Момант: кіруючая эліта, не знайшоўшы свайго шляху, хацела паслухаць апанэнтаў. І было ж што сказаць! Проста, ёмка, рэальна, зацікаўлена, ветліва, добразычліва, з павагай да слухачоў.

Прэм’ер-міністар ценявога ўраду спадар Заблоцкі хвілінаў 10 пляжыў урад Кебіча, а потым яго ўжо ніхто ня слухаў.

У выніку пратапталіся на месцы ўсе: і апазыцыя, і кіруючая эліта. Малая прыватызацыя практычна ня зробленая, аграрны сэктар не рэфармаваны, праедзеныя абаротныя сродкі й асноўныя фонды. Зараз прыватызацыю на нашай тэрыторыі будуць рабіць расейцы.

Беларусь як тэрыторыя Расейскай Фэдэрацыі будзе існаваць і далей. Але ні ў Расеі, ні ў Беларусі ня будзе заможнага сярэдняе клясы. У Беларусі 3% насельніцтва будзе мець ад 1000 да 5000 даляраў у месяц. Астатнія — ад 50 да 150-200 даляраў, толькі на ежу ды порткі. Дзяржаве трэ будзе разьвіваць касьмічныя сілы, узнаўляць вытворчасьць, абнаўляць прамысловы патэнцыял, ствараць народную гаспадарку... Словам, лацінаамэрыканскі варыянт разьвіцьця.

ППРБ сёньня Расеі ня дужа патрэбны, ён мае палітычную амбіцыю і ня любіць прыватнай маёмасьці на сродкі вытворчасьці. Яму прапануюць заняць пасаду Старшыні Саюзу Усярусь. Працы хопіць — трэба рыхтаваць Саюз для ўступленьня Малдовы, Украіны. Дый няёмка Расеі душыць сваімі рукамі наш нацыянальны рух, лепш каб гэта зрабілі самі тутэйшыя.

ППРБ выгодна мець даволі крутую нацыянальную апазыцыю, зь мітынгамі, графітыстамі, мовай, культурай. Чым слабейшая апазыцыя, тым слабейшая падтрымка з боку Расеі. ППРБ — выканаўца чужых ідэй, а не ініцыятар. Існуе супярэчнасьць паміж замяталіншчынай і тутэйшай элітай, якая дарасла да разуменьня, што другой жыцьцёвай тэрыторыі для іх, як і для нас, на Зямлі няма. Гэтую думку і павінен быў выказаць прэм’ер-міністар ценявога ўраду Заблоцкі. Замяталіншчына ж, як і ідэя аб’яднаньня, — міт, створаны купкай людзей дзеля асабістага выжываньня.

Апазыцыі трэба было не марнаваць час, абіраючы прэзыдэнта, а стварыць праграму — растлумачыць, як плянуем жыць, зарабляць на жыцьцё, — і прапагандаваць яе сярод насельніцтва. Такой праграмы няма, значыць, выбары мы ўжо прайгралі.

Улада, займаючыся інтэграцыйнай рыторыкай, і сама паверыла ў сяброўскія міждзяржаўныя эканамічна-фінансавыя стасункі. Ствараем сумесныя прадпрыемствы па вытворчасьці трактароў у Яраслаўскай вобласьці, не разумеючы, што ствараем будучых канкурэнтаў. Яны наладзяць вытворчасьць больш таннай сельгастэхнікі, карыстаючыся нашымі тэхналёгіямі, а што будзем прадаваць мы самі? Наша ўлада ўвесь час заплюшчвае вочы на тое, што ў Расеі будуецца капіталістычны, а значыць, актыўны, агрэсіўны, драпежны лад жыцьця, дзе ніхто нікога не шкадуе. Дзеля прыбытку роднага брата не пашкадуюць.

Просты шараговы расіянін можа быць нармальным, добразычлівым, выхаваным, адукаваным чалавекам. Пачварная сама імпэрская ідэя, якая ахвяруе чалавекам, ягоным лёсам, лёсам цэлых народаў, нават рускім народам дзеля Вялікасьці Імпэрыі. Прыкладаў вялізарнае мноства.

Дабрабыту і багацьця аўтаматычна ад Расейскай Імпэрыі мы не дачакаемся.

Таму і вымушаныя патрыёты вылучаць Нацыянальную Ідэю, каб жыць багата. Некалі гэтага дасягнулі фіны, зараз палякі. Можа, дасягнуць эстонцы, латышы, летувісы... Іншага шляху, акрамя як далучыцца да цывілізаванай Эўропы, няма. Толькі мы маглі зрабіць гэта самастойна, а зараз прыйдзецца далучацца разам з пачварнай Імпэрыяй.

Але трэба займацца не самазапалохваньнем, а стваральнай працай. Менскія грантаношы выклікаюць у мяне меншую цікавасьць, чым старшыня калгасу Алег Валодзька, што вывучыў нямецкую мову ў 50 год і наладзіў вытворчасьць паліва для трактароў з рапсу. За такімі людзьмі будучае, і мы павінны падтрымліваць і вучыцца ў іх.

Наш народ нагараваўся ў ХХ ст. У двух сусьветных войнах ён страціў 5 млн. чалавек. Мае бацькі зь дзіцячых год захавалі генэтычны жах перад вайной, бо іхныя радзіны й дамы былі разбураныя, яны з маленства зьведалі бяздомнасьць, сіроцтва, туляньне па чужых хатах.

Таму для простых людзей галоўнае мір і каб было што зьесьці. Для нас гэта натуральна, але давайце разумець іхні жах дзяцінства. Разумець і ісьці далей, да цывілізацыі.

Кастусь Травень, Менск


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0