Трывожны месяц верасень

Лукашэнка выйграе чарговыя выбары, бо “паяднаная апазыцыя” іх прайграе

 

І на тое аналітыкі знойдуць мноства прычынаў. “Паяднаная апазыцыя” так і не абвясьціла афіцыйна, што яна мaе “адзінага кандыдата”. А ўсе гэтыя рады-нарады, як дзеці малыя: вядзем кансульта-ацыі, вядзем кансульта-ацыі... Гэтыя людзі за столькі гадоў нічога ня вывучылі на шматлікіх сэмінарах ды нічога не зразумелі на ўласнай скуры. Скончыцца, як у 94-м, калі Лукашэнка меў перад сабой “трохадзінага кандыдата ” ў шаноўных тады асобах Кебіча, Шушкевіча і Пазьняка. Лідэры партый, клюбаў і згуртаваньняў дзейнічаюць паводле таго Леніна, які быў яшчэ не ў Крамлі, а на эміграцыі: “Прежде, чем объединиться, нужно хорошенько размежеваться”. Неяк Адам Міхнік пісаў у “Газэце Выборчай”, што ўсё менш разумее беларусаў. Быў адзін БНФ — стала два; былі адны сацыял-дэмакраты — раздвоіліся; нават камуністы, “адзіныя і непадзельныя” адвеку, — і тыя напалам. Чуў я, што і ў “гражданоў” з АГП ня ўсё ў парадку...

Але глыбей беларускае гора! Памятаеце, як плакаў Гарэцкі пра “дзьве душы”? А цынік Яновіч вывеў у звыштонкай мініятуры простага, як палена, “беларускага шызафрэніка”?! А што рабілася ў “талерантным Менску” 1600 г., які Бабкова нядаўна расьпісала як Бог чарапаху?! Суды, скаргі, мардабоі. Асабліва, калі пачынаў засядаць Трыбунал — цяперашняя Каардынацыйная Рада — о, тады давалі коксу, дыму і чаду!

Цяпер на тых кансультацыях, выяўляецца, трэба кансэнсус. Добра, але навошта ж забывацца на гістарычную традыцыю і выракацца адвечнага liberum veto?! На мой розум, яна супэрсучасная, нават тэрмін можна лёгка асучасьніць на якое-небудзь colchоzum veto

Папаўзла нават чутка, што “апазыцыя” проста гуляе ў коткі-мышкі з усімі зацікаўленымі. Ад парлямэнтароў са Страсбургу да газавых баронаў зь Ямалу і алюміневых каралёў з Краснаярску. Як у часы нелегальнай вымены валюты “кідaлы” з “лохамі”: замест даляраў фраер атрымліваў пачак тонка і чыста парэзанай паперы даляравага колеру... Толькі тут наадварот — за шмат пачкаў даляраў “Юкос”, “Лукойл” і АБСЭ з назіральнікамі атрымаюць тонка і чыста прайграныя выбары...

“І будуць біць іх у пастарунках, і грашыма ў судах караць, і выганяць са службы без кавалка хлеба, і літаратуру агітацыйную лапаць на ўсіх межах... І прыйдуць на цябе дні страшныя, і голад, і мор, і неўраджай (!), і лямант, і гвалт, і канец сьвету...”.

Малады гераізм, жаданьне аддаць жыцьцё за Айчыну — справа прыроджаная. У выбарчую кампанію новых Шыдлоўскіх не забракне.

А што іх мала пакуль, гэта добра. Бо, не дай Бог, уздымецца мазольная рука беларускага люду — і ярмо дэспатызму (выбарчыя скрыні), агароджанае жаўнерскімі штыхамі (АМОН), разьляціцца на порах... Спаўняць жа тады давядзецца абяцанкі: законы пад Эўропу падганяць, датацыі адбіраць у калгасаў, магнатам з Расеі лепшыя кавалкі аддаваць “за здорово живёшь” etc. А ня дай Бог, ня вызнае “рэжым” вынікаў непажаданых, бронетэхніку на скрыжаваньнях расставіць, а ўсіх “лідэраў” пазьмятае ў лягер за адну ноч, як генэрал Ярузэльскі ў 1981-м? Будзеце “гуляць у Шыдлоўскага”, як некалі гулялі ў Марата Казея...

А можа, Бог і паможа.

З надыходзячым!

Алесь Чобат, Горадня


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0