Беларусь праз 100 гадоў

Чарнобыльская пушча

На тэрыторыі сучаснай Беларусі праз сто год будзе жыць каля сямі мільёнаў людзей. Амаль 90% — у гарадах і гарадзкіх пасёлках. Сёньняшнія цэнтры калгасаў і саўгасаў ператворацца ў невялікія заможныя фэрмэрскія гаспадаркі з маленькімі ветранымі і сонечнымі электрастанцыямі, бо прыродныя запасы нафты і газу вычарпаюцца. Дробныя вёскі зьнікнуць, і на іх месцы павырастаюць лаўжы, сярод якіх можна будзе напаткаць зьдзічэлыя садовыя дрэвы і кусты. Па спрэс заасфальтаваных дарогах найбольш будуць езьдзіць на конях, запрэжаных у прыгожыя вазы і вазкі. У лясах разгадуецца дзічына. Асабліва — у Чарнобыльскай зоне, якую назавуць Чарнобыльскай пушчай. Там будуць сустракацца раней невядомыя зьвяры і расьліны, што зьявяцца пад узьдзеяньнем радыяцыі. Рэкі зробяцца больш паўнаводнымі, бо адновяцца палескія балаты.

У сталіцы Беларусі Менску будзе каля двух мільёнаў насельніцтва. Амаль на кожным высокім месцы гораду — Храм. Большасьць — праваслаўныя. Вялікіх тэатраў не паболее, але музэяў стане шмат. Асноўны транспарт сталіцы — мэтро і тралейбусы. Фабрыкі і заводы пераедуць далёка за горад, а на месцы сёньняшніх гігантаў прамысловасьці паўстануць паркі і стадыёны. Сьвіслач зробіцца глыбейшай і чысьцейшай.

Беларусь, разам з Расеяй, Украінай і Прыбалтыкай, увойдзе ў Эўразьвяз, і беларусы змогуць бязь візы езьдзіць па ўсёй Эўропе. Аднак межы застануцца як атрыбут нацыянальнай незалежнасьці. Дзяржаўнай мовай будзе беларуская, але людзі будуць добра ведаць і расейскую. Мовай міжнацыянальных зносін Эўразьвязу стануцца ангельская і нямецкая. Валютай — эўра. Праўда, і даляр не прападзе, але ён страціць свае цяперашнія пазыцыі. У нашай суседкі Расеі са 160 мільёнаў насельніцтва амаль 50 мільёнаў будуць кітайцы, якія паступова заселяць усю Сібір. У Эўропе выхадцы з афрыканскіх краінаў будуць жыць кампактна, час ад часу патрабуючы нацыянальнай аўтаноміі. Нам гэта не пагражае, хаця і ў нашыя гарады наедзе шмат чужых людзей, у большасьці сваёй — высокапрафэсійных спэцыялістаў, што будуць працаваць на карысьць Беларусі.

У нас, як у кожнай краіне Эўразьвязу, будзе свой невялікі прафэсійны вайсковы кантынгент. Абавязковая служба зьменіцца на добраахвотныя трохмесячныя зборы. Войскі будуць трэба дзеля абароны ад мусульманскіх краінаў, якія і праз сто год не перастануць ваяваць з Ізраілем.

Адпачываць заможныя беларусы будуць там, дзе ім захочацца. Знойдуцца і такія, што змогуць аплаціць месячнае турыстычнае падарожжа на касьмічнай станцыі вакол Зямлі. Беларусь дасьць сьвету аўтарытэтных вучоных у галіне касманаўтыкі, якія возьмуць удзел у 10-гадовай касьмічнай экспэдыцыі за межы галяктыкі. Беларуская літаратура стане адной з самых значных у сьвеце. Зьявіцца першы Нобэлеўскі ляўрэат — празаік, які народзіцца вясной 2037 г.

На сёньняшні час і нас у гэтым часе праз сто гадоў людзі будуць глядзець з павагай, бо ў першае дваццацігодзьдзе ХХІ ст. Беларусь нарэшце стане на ногі.

У 2101 г. у Беларусі будуць жыць колькі бабулек, якім споўніцца амаль па 120 год і якія, памятаючы тое-сёе пра 90-я гады ХХ ст., будуць расказваць праўнукам, як хадзілі на мітынгі, як аднаўлялі Храмы, як верылі ў лепшую долю. Сёньня тыя будучыя старажылкі жывуць недзе ў вёсках, і яны вельмі далёкія ад беларушчыны.

Віктар Шніп


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0