З усёй краіны

 

Сход за сход

Прадстаўнікі Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі БНФ падалі заяўку на правядзеньне 18 траўня на Кастрычніцкай плошчы мітынгу-сходу. Якраз у гэты дзень у Палацы Рэспублікі мае адбыцца г.зв. Усебеларускі народны сход, зь якога А.Лукашэнка хоча пачаць сваю перадвыбарную кампанію. Улады пакуль згоды не даюць.

 

Кангрэс беларускае моладзі

З ініцыятывай правядзеньня «Кангрэсу беларускай моладзі» выступіў Малады Фронт. Кангрэс пройдзе найхутчэй у ліпені, і ў ім возьме ўдзел пара соцень дэлегатаў ад усіх рэгіёнаў Беларусі. Мэта — заклікаць моладзь да ўдзелу ў выбарах і прагаласаваць за перамены.

Б.Т.

Алеся ў краіне судоў

Судзьдзя Аляксей Болатаў прысудзіў барысаўчанцы Алесі Ясюк штраф 150 мін. заробкаў за ўдзел у пікеце ў абарону НТВ. Усё таму, што ў красавіку Алеся ў суд не зьяўлялася і на позвы ўвагі не зьвяртала, хаця ўсе ўдзельнікі згаданага пікету за гэты час былі засуджаныя і нават адбылі свае пакараньні. Дый падчас разгляду справы падсудная працягвала акцыю грамадзянскага непадпарадкаваньня: не адказвала на пытаньні судзьдзі. Больш за тое: на вачах судзьдзі яна завязала рот чырвона-зялёнай анучай.

Паводле Радыё Свабода

 

Каскад станцыяў на Нёмане

Праект пабудовы дзьвюх ГЭС на Нёмане, перад самай літоўскай мяжой, распрацаваны канцэрнам «Белэнэрга». Дзьве нiзканапорныя гiдраэлектрастанцыi павiнны стаць крынiцай таннай энэргii для гарадзенскага заводу “Азот” (пакрыюць палову ягоных патрэбаў). Перад запрудаю ГЭС утворыцца вадасховiшча, якое затопіць нёманскую абалонь. “Белэнэрга” таксама гатовае даць канчатковую згоду на пабудову Дубровенскай АЭС. Рэалізацыя падобных праектаў дазволіла б істотна зьменшыць залежнасьць Беларусі ад расейскіх энэрганосьбітаў і зьнізіць забруджваньне атмасфэры выкідамі ад спальваньня вуглевадародаў на цеплаэлектрастанцыях і цэнтралях.

 

Даганяем Расею

У Беларусі — больш за 30 тысячаў дзяцей-сіротаў і дзяцей, якія знаходзяцца без апекі бацькоў. З 1998 г. іх паболела на 4 тысячы, а з 1990 г. — у 2,6 раза. За гэтае ж дзесяцігодзьдзе дзеці сталі хварэць на 35% часьцей. Усяго ў краіне цяпер 29440 дзяцей-інвалідаў. Штогод каля 500 маці адмаўляюцца ад нованароджаных. Яшчэ 20 гадоў таму адсотак дзяцей сіротаў у Беларусі быў у шмат разоў ніжэйшы, чым у Расеі. Цяпер імкліва наганяем.

 

Прафіляктыка шаленства

Урад даручыў міністэрствам і выканкамам распачаць праграмы прафіляктыкі шаленства. Летась на Гарадзеншчыне два чалавекі памерлі ад гэтай хваробы. У 2000 г. адзначылі 373 выпадкі захворваньня на шаленства сярод жывёлаў (у 1999-м — 136 выпадкаў), 956 чалавек пацярпелі ад нападу шалёных жывёлаў (у 1999 г. — 195). Асабліва пільнымі трэба быць падчас турыстычных вандровак на Віцебшчыну і Палесьсе, дзе выпадкі шаленства апошнімі гадамі рэгістраваліся найчасьцей.

Паводле БелаПАН

 

Навіны гаспадарскія

Галоўнае — падзяка

Сёлета напярэдадні 9 траўня “традыцыйных” дапамог удзельнікам вайны плаціць ня будуць. Адно што з траўня вырашылі падвысіць пэнсіі — на 16%. Калі мінімальны “спажывецкі кошык” каштуе цяпер каля 44 тыс., дык сярэдняя пэнсія складае толькі 41 тыс. рублёў.

Замала зарабляюць і настаўнікі. Апошнія гады доля дзяржбюджэту, што накіроўваецца на адукацыю, зьніжаецца. У 1998 г. яна складала 6,6% ад валавога ўнутранага прадукту, у 2000-м ужо 5,65% (плянавалася — 6,4%). У 2001 г. дзяржасыгнаваньні на адукацыю заплянаваныя ў памеры 5,87%, але колькі рэальна будзе пераказана ў гэтую сфэру, невядома. Зарплата настаўнікаў складае каля 69% ад сярэдняй зарплаты ў прамысловасьці. Сёньня кожны сёмы настаўнік у краіне — пэнсійнага веку, адначасова з-за нізкіх заробкаў амаль палова выпускнікоў пэдагагічных навучальных установаў абірае для сябе працу не па прафэсіі.

Разрэклямаваную кампанію забесьпячэньня прыватных гаспадарак новымі гатункамі бульбы шчыра праваліў “Белкаапсаюз”. Прыватны сэктар атрымаў усяго 100 тыс. тонаў высакаякаснага насеньня. Попыт значна перавысіў прапанову. Між тым беларускі ўрад “знайшоў магчымасьці”, каб у якасьці гуманітарнай дапамогі перадаць 1 тыс. тон “бульбяной эліты” ў Арменію. Цяпер Ярмошын можа цешыцца адмысловай тэлеграмай падзякі ад армянскага прэм’ера.

А беларускія трактары “паедуць” у Ірак і Нэпал. Умовы гэтых гандлёвых пагадненьняў пакуль трымаюць у сакрэце, таму аб іх эканамічнай карысьці застаецца хіба што здагадвацца. За апошнія пяць гадоў можна ўзгадаць не адзін “пэрспэктыўны” кантракт, ад якіх МТЗ насамрэч меў адны страты.

Сапраўднай жа сэнсацыяй падаецца заява кіраўніка канцэрну “Белэнэрга” Яўгена Мішука, што, каб зьменшыць залежнасьць ад імпарту электраэнэргіі, рана ці позна на тэрыторыі Беларусі давядзецца будаваць уласную АЭС. Спадзяваньняў на Расею няма?

Сяржук Іваноўскі

Спартовы тыдзень

Поўны хакей

Хакейная зборная змагаецца за месца ў вышэйшым дывізыёне.

За выжываньне ў эліце ў турніры за 13—16 месцы зь беларусамі б’юцца латышы, нарвэжцы ды японцы. (Хаця самураі толькі ствараюць бачнасьць барацьбы, бо за Азіяй замацаванае адно сталае месца ў групе “А” чэмпіянату плянэты, таму пры любых выніках азіяты застаюцца ў вышэйшым сьвеце.) А вось з трох эўрапейскіх зборных дзьве — лішнія. У першай гульні беларусы зрабілі 2:2 з камандай суседзяў ды перайгралі нарвэжцаў 3:2, а латышы адпрасавалі японцаў 8:2. Пакуль што зборная Латвіі найбліжэйшая да запаветнага першага месца. Сёньня будуць расстаўленыя апошнія кропкі над “і” ў спрэчцы аўтсайдэраў.

Вызначыліся паўфіналісты беларускага футбольнага Кубку: менскае “Дынама”, мазырская “Славія”, бабруйская “Белшына” ды рэчыцкі “Ведрыч”. Першыя гульні — 10 траўня. У менчукоў істотная страта — падчас чвэрцьфіналу нападнік Пятро Качура ў сутыкненьні з супернікам атрымаў строс мозгу ды пералом скулы. Футбол — не балет.

На чэмпіянаце сьвету па настольным тэнісе ў японскай Осацы Ўладзімер Самсонаў дайшоў толькі да чвэрцьфіналу, стаўшы, тым ня менш, найлепшым сярод эўрапейцаў. А калісьці Вову не было роўных...

Богусь Біятлянёнак


Удакладненьне

У артыкуле а.Аляксандра Надсана была памылка па віне рэдакцыі: М.Круповіч выдаў тэкст копіі з Кароннай мэтрыкі ў 1858 г., а не ў 1588 г.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0