Сяргей Харэўскі

Кара для казакаў

 

Некалі, у маладосьці, я браў удзел у раскопках у Мазыры. На Спаскай гары мы выявілі вялізарны роў, шчыльна забіты касьцьмі. Не, гэта былі не ахвяры бальшавікоў ці нацыстаў. Гэта было масавае пахаваньне сярэдзіны ХVII ст., часоў казацкіх наездаў... Шкілеты розныя, жаночыя й мужчынскія, дзіцячыя й старэчыя. У многіх рукі закручаныя за сьпіну, некаторыя без галоваў. Сотні людзей памерлі тутака ўвадначасьсе гвалтоўнай сьмерцю. Хто мог гэтак масава зьнішчаць мазыранаў?.. Не татары ці маскалі, бо ім патрэбныя былі рабы, не свае вайскоўцы... Швэды да Мазыра не даходзілі.

Гэта рабілі казакі. У рове ляжаць жыды, шляхта, ксяндзы і просты люд. Пасьля гэтага рову па-іншаму ўяўляеш сабе сцэны саджаньня казацкіх правадыроў на калы. Па-іншаму бачыш ролю Міхала Вішнявецкага ці Януша Радзівіла, якія неверагоднымі высілкамі ўтаймавалі казацкую навалу...

Вобраз «кала» — гэта вобраз мужчынскага, прыяпічнага пачатку. Вакол кала ўсё абарачаецца колам. Кол пазначае межы. На кол навязваюць быдла. Калок — апірышча кволаму дрэўцу... Дарэчы, у Эўропе кол не выкарыстоўваўся як спосаб катаваньняў. Марудная пакутніцкая сьмерць была несумяшчальная з уяўленьнямі пра чысьцец і пекла. Кол мог напаткаць хіба пасьля жыцьця зямнога. У сярэднявечнай традыцыі бясконца пакутаваць на кале мусілі ліхвяры, аматары салодкага жыцьця, няверныя сужэнцы, распусьнікі, садаміты... Але не жанчыны.

У адным нямецкім мястэчку, як паведамляе хроніка ХІІІ ст. Цэзар’я Гайстэрбахскага, закрыстыян, пабыўшы на тым сьвеце, стрэў там нейкага Тэадорыха, які на гэтым сьвеце вызначаўся імкненьнем жыць на шырокую нагу ды неўтаймаванаю сквапнасьцю. Дык вось жа, у пекле таго Тэадорыха чэрці ўсё саджалі на кол, а пасьля здымалі. Сам кол быў уторканы гострымі лёзамі. А шатаны, цягаючы душу грэшніка ўніз-уверх, напявалі прысьвістваючы вясёлую песеньку пра адрынутага Богам Тэадорыха. Між іншым і саміх нячысьцікаў можна было зьнішчыць, прабіўшы іх калом. Гэткі спосаб пазбаўленьня ад нетапыроў ведамы ўсім індаэўрапейскім народам. Ува Ўсходняй Эўропе, ад Трансыльваніі да Падзьвіньня, лічыцца, што кол мусіць быць асінавым...

Антраполягі зафіксавалі саджаньне на кол як спосаб забойства ў прымітыўных плямёнаў Цэнтральнае Афрыкі, Новай Гвінэі, Амазоніі, там-сям у Азіі. На падставе параўнальнага аналізу яны прыйшлі да высновы, што гэткая кара была вядомая амаль сярод усіх плямёнаў часоў нэаліту й тычылася перадусім ворагаў-ваяроў. У тыя часы палонных ня бралі. Працінаньне калом, зьнізу ўверх, абазначала пазбаўленьне мужчынскага і, адпаведна, ваярскага пачатку. Гэткая сьмерць была ганебнаю — няслава лягала на ўвесь род. Лепш ужо сьмерць у баі...

Пад канец пазамінулага стагодзьдзя большасьць плямёнаў, што мелі гэткія звычаі, спрасьцілі працэдуру сьмерці праз кол. У палінэзійцаў, індзейцаў Амазоніі, у народаў басэйну Конга гэты рытуал замяніўся насаджваньнем на кол галавы ворага. Эканомія часу! Бо сьмерць пасаджанага на кол чалавека наступала праз два, а то й тры дні. Адрэзаная галава на калу — дастатковы сымбаль.

Натыркненьне на кол распаўсюдзілася разам з патрыярхатам і датрывала да гістарычнага часу ў «мужчынскіх» мадэлях цывілізацыяў. З азіяцкіх глыбіняў у ХV ст. прывандраваў гэткі спосаб катаваньняў і ў Эўропу, на яе ўскраіны, што межавалі з Асманскай імпэрыяй. Ад турак яе запазычылі ўладцы Рэчы Паспалітай, Расеі.

Гэткая сьмерць разглядалася ня проста як спосаб неверагоднага гвалту над целам, а як ганьба самой мужчынскай прыроды. У Расеі страту праз колапасаджэньне ўдасканалілі: на кале рабілі адмысловыя засечкі альбо ўбівалі кліны, каб расьцягнуць працэс паміраньня, падчас якога яшчэ дапытвалі асуджанага...

У 1648 г. Мазыр захапілі казакі, адсюль яны выпраўляліся ў далёкія рэйды ўглыб Палесься, а часам даходзілі нават да ваколіцаў Нясьвіжу ды Слуцку. За год крывавага баляваньня яны панішчылі дзясяткі бажніцаў і кляштараў, спалілі багата мястэчак, засьценкаў, вёсак, забілі тысячы людзей. На вызваленьне Мазыра скіраваўся гетман польны Януш Радзівіл зь вялікім войскам. Абложаныя ў Мазыры казакі на чале са сваім правадыром Міхненкам адмовіліся капітуляваць. Ведалі: дараваньня ня будзе. Радзівіл узяў места штурмам, а казакоў папасаджваў на калы. Недзе тутака ж, на Спаскай гары, стаялі тыя калы побач з брацкай магілаю казацкіх ахвяраў...

Гэта быў выключны выпадак. Нічога падобнага болей у нашай гісторыі не было. Кара калом тычылася менавіта казакаў. У тагачасным паспалітым уяўленьні казакі былі недалюдкамі, рабаўнікамі, якія нічога ня сеялі, нічога не выраблялі, ня мелі нават сем’яў. Ніколі ў нашай гісторыі гэткай страшнай сьмерцю не каралі сваіх — хто б то ні быў, шляхціц, селянін ці жыд.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0