Што такое “Правінцыя”?

Расказвае Аляксандар Максімюк — галоўны рэдактар новага літаратурнага выданьня

«Правінцыя» — трэці беларускі выключна літаратурны часопіс на Беласточчыне. Першы — «Тэрмапілы» (рэдактар Ян Чыквін) — выдае Беларуске літаратурнае аб’яданьне «Белавежа», якое гуртуе пісьменьнікаў старэйшага пакаленьня. Пісьменьнік Сакрат Яновіч пачаў выдаваць «Annus Albaruthenicus» («Год беларускі»). Ужо выйшлі два нумары. У іх тэксты друкуюцца рознымі мовамі, і разьлічаны часопіс на эўрапейскія асяродкі, дзе цікавяцца беларускай праблематыкай.

 

«Правінцыя» — праект пакаленьня беластоцкіх беларусаў, сталеньне якога адбывалася ў 90-я гады. На зломе 80–90-х мы спрабавалі ажыцьцявіць «адраджэньне» ў беластоцкім маштабе. Было нямала асьветніцкіх, культурных, музычных праектаў. Узяць тое ж «Басовішча». Усё гэта было спробай засваеньня гарадзкога сьвету беларусамі ў Беластоку. Напрыклад, беларускія клясы адкрыліся там, толькі калі дарасьлі нашыя дзеці...

Мы імкнемся набыць уласнае інтэлектуальнае аблічча. І гэтаму мае служыць «Правінцыя».

Сучасныя інфармацыйныя магчымасьці дазволілі нам дзяліцца тэкстамі ды ідэямі з нашымі аднадумцамі на «Архіпэлягу Беларусь», зь якім мы злучылі сваю беластоцкую выспу. Тыя, хто рыхтаваў часопіс, жывуць у розных гарадах і розных краінах. Я сам — у Беластоку, мой брат Ян, які дапамагае мне, — у Празе, стыль-рэдактар Сяргей Шупа — у Вільні, Алесь Аркуш — у Полацку.

Мы лёс свой зьвязваем
з правінцыяй

Часопіс далучае беластоцкую моўна-культурную выспу да агульнабеларускага літаратурнага абсягу. «Правінцыя» гуртуе аўтараў, якія знайшлі сваё месца ў літаратуры ў рэгіёнах, на сваіх выспах, зь якіх яны не зьбіраюцца зьяжджаць. Ні я зь Беластоку, ні Аркуш з Полацку, ні іншыя. Уся прыгажосьць нашага жыцьця ў тым, што мы лёс свой зьвязваем з правінцыяй. Мы хочам укласьці станоўчы сэнс у гэты панятак. Дый Менск збудавала правінцыя. Ён мог адно ганарыцца тым, што там былі ўсе выдавецтвы і часопісы. Аўтары, якія хацелі замацавацца ў літаратуры, мусілі ехаць у Менск. Творчы патэнцыял рэгіёнаў стварыў інтэлектуальнае аблічча Менску.

Па зьмесьце часопіс клясычны, падзелены на тры часткі — «Словы пра словы», проста «Словы» і «Словы за словы». Першы разьдзел — публіцыстыка. “Правінцыю” адкрывае эсэ Мікалая Ваўранюка «Чартапалох на мяжы», дзе падрабязна апісваецца гісторыя ўзьнікненьня часопісу.

Вялікую ролю ў гэтым адыграў літаратурны сэмінар «Бязьмежжа», заснаваны Беларускім саюзам у Польшчы. Сустрэчы, абмен ідэямі, поглядамі паспрыялі пераадоленьню межаў. Выйшла некалькі кніг у польскіх перакладах: «За небакраем Эўропы» (анталёгія новай беларускай паэзіі), «Дамавікамэрон» Адама Глёбуса (66 апавяданьняў з розных ягоных кніг), «Сьцяна» Васіля Быкава, «Рэквіем для бэнзапілы» Ўладзімера Арлова. Апошняя — «Лябірынты прывіднага замку» (анталёгія клюбу гарадзенскіх паэтаў), ужо па-беларуску. У Беластоку зьявілася і кніга Сяргея Астраўца «Цэнзарскія нажніцы», якую мы таксама лічым сваім крэўным выданьнем, хоць яна і не ўпісаная ў выдавецкую сэрыю «Бязьмежжа».

Прыемна, што першая прэзэнтацыя нашага часопісу адбылася ў Полацку — 23 сакавіка ў Музэі кнігадруку. Старая камяніца, інтэр’еры, мэбля, кніжныя шафы — вялікае ўражаньне застаецца. Навокал старыя кнігі. Аўра адчуваецца непаўторная. Беларусу прыехаць у Полацак — гэта як паляку наведаць Гнезна, дзе знаходзяцца вытокі дзяржаўнасьці.

Усе беларускія часопісы зьмяшчаюць пераклады замежнай літаратуры. Гэта спроба наздагнаць нязробленае. Раней дзяржава не была зацікаўленая ў абяртаньні лепшых здабыткаў сусьветнай літаратуры ў беларускую мову. А мець сусьветную клясыку на сваёй мове вельмі важна для самога літаратурнага працэсу, для інтэлектуальнага жыцьця. Мы імкнемся перакладаць творы аўтараў, якія маюць у сваім лёсе ці творчасьці штосьці правінцыйнае. Нават папросту адасобленасьць. У гэтым нумары прапануецца чэх Багуміл Грабал і француз Патрык Мад’яно. З паэзіі — Галіна Пасьвятоўская і Дылан Томас. Прозу перакладаў мой брат Ян, а вершы — Хрысьціна Граматовіч, якая жыве ў Філядэльфіі і працуе мэдсястрой. Мы скончылі адну школу ў вёсцы Кленікі на Беласточчыне. Потым яна апынулася ў Амэрыцы. Менавіта там у яе ўзьнікла цікавасьць да літаратуры. Ёй захацелася перакладаць з ангельскай на беларускую. І яна прапанавала мне па электроннай пошце аднавіць знаёмства. Цікава й тое, што ў Філядэльфіі польскай паэтцы Галіне Пасьвятоўскай зрабілі апэрацыю на сэрцы, дзякуючы якой пражыла яна яшчэ дзевяць год і змагла напісаць свае кнігі. А яе вершы пераклала на беларускую мову менавіта у Філядэльфіі, мэдсястра якая прыехала з Польшчы.

Занатаваў Сяргей Астраўцоў


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0