З усёй краіны

 

Сьцягі над горадам

Учора жыхары многіх гарадоў пабачылі над сваімі дахамі бел-чырвона-белыя сьцягі. Такім чынам Малады Фронт адзначыў угодкі ганебнага рэфэрэндуму. У Менску вялізнае палотнішча лунала на дроце, нацягнутым між 20-павярховымі гмахамі на скрыжаваньні вуліцаў Багдановіча і Варвашэні. Сьцяг лунаў і на вышынным будынку на праспэкце Скарыны проці Акадэміі навук. Штандары зьявіліся таксама ў Зялёным Лузе, Серабранцы, Камароўцы, на цэнтральных вуліцах Бабруйску, Баранавічаў, Берасьця, Віцебску, Горадні, Крычава, Магілёва, Мастоў, Радашкавічаў, Стоўпцаў ды яшчэ дзясятку гарадоў.

Б.Т.

 

“Міцубісі” і салют

9 траўня ў Берасьці нецьвярозая жанчына на аўтамабілі «міцубісі» заехала проста ў драўляны дом па вуліцы Зубачова, 2, ля крэпасьці. Аўтамабіль прабіў сьцяну і спыніўся побач з ложкам, у якім спала 18-гадовая дзяўчына. На шчасьце, ахвяраў не было. У выніку аварыі пашкоджаныя таксама сьветлафор і дарожны знак «Пешаходны пераход».

Увогуле, Дзень перамогі ў Берасьці прайшоў напружана. Увечары цэнтральны ўваход крэпасьці быў зачынены, міліцэйскі кардон не пускаў тых, хто прыйшоў на сьвяточны салют, і не выпускаў тых, хто хацеў выйсьці – бо пазалетась у арцы людзі падушыліся, і былі нават пацярпелыя. Таму, хоць крэпасьць была дрэнна асьветленая, людзі лезьлі цераз валы, скарачаючы шлях ад цэнтральнага ўваходу да Паўночных варотаў, падалі й атрымлівалі дробныя траўмы.

Паводле БелаПАН

Стан здароўя Смольскага й Хадыкі

Цяжка захварэў кампазытар Зьміцер Смольскі. Год таму ён перанёс цяжкую апэрацыю на сэрцы (яму прыладзілі два штучныя кляпаны), але працягваў выкладаць у кансэрваторыі, пісаць музыку, і вось цяпер – новыя ўскладненьні. У шпіталі сытуацыю ўдалося нармалізаваць. Сп.Смольскі спадзяецца неўзабаве вернуцца да працы.

Палепшала Юр’ю Хадыку, які перанёс пасьляапэрацыйны сэпсыс. Яго ўжо адпускаюць са шпіталю дахаты на выходныя. Дзён празь дзесяць адзін зь лідэраў БНФ зьбіраецца зусім вырвацца з больнічнае няволі.

Юлія Андрэева

 

Кожнаму пастуху – 100 тысячаў

У тупіковай сытуацыі апынулася кіраўніцтва калгасу імя Мічурына Астравецкага раёну. Час выганяць кароў на пашу, а пастухоў няма. Ніводзін калгасьнік не згаджаўся пасьвіць “рагуляў” ды “зорак” за 30—40 тысячаў у месяц.

Тады праўленьне калгасу паабяцала кожнаму пастуху заплаціць па 100 тысячаў рублёў. Ахвотныя адразу знайшліся. Ці не чарга мэханізатараў патрабаваць?

М.В., Астравец

 

Спэцыяліст

15 сакавіка міліцыянты арыштавалі спэцыяліста з управы сельскай гаспадаркі Смургонскага райвыканкаму. Ён абвінавачваецца ў згвалтаваньні 12-гадовай дзяўчынкі. Дзядзечка паабяцаў малой цукерак і яшчэ нешта смачнае, зацягнуў у службовы гараж і сілай напаіў дзіця самагонкай. Папярэдняе сьледзтва цянулася амаль два месяцы. За гэты час высьветлілася, што спэцыяліст запрашаў дзяўчынак «у госьці» па падарункі (жуйкі, кока-колу, мандарынкі) неаднаразова. Ахвяры былі з малазабясьпечаных сем’яў. Усе згвалтаваныя, па меркаваньнях пракуратуры, маюць адставаньне ў псыхічным разьвіцьці. А вось сам дзядзечка, па выніках праверкі ў псыханэўралягічным шпіталі, выявіўся нармальным. Ён сядзіць у СІЗА. Справа перададзеная ў суд.

Тацьцяна Скарынкіна, Смургоні

 

Мсьціслаўскія талібы

У Мсьціславе зьнесьлі помнік Леніну. Гіпсавая скульптура, безгустоўная і няякасная, доўгія дзесяцігодзьдзі ўпрыгожвала дзіцячы парк. Аднак час і мясцовыя хуліганы ўзялі сваё: Ільіч паступова страціў руку, а потым нос. Грошай на рэстаўрацыю не знайшлося, і помнік, са згоды выканкаму, зьнесьлі.

А вось у суседнім Крычаве грошы на аднаўленьне помніка былі знойдзеныя, і гіпсавы Ільіч атрымаў новую руку, ды яшчэ кнігу ў дадатак.

Мсьціслаўскі раён унікальны тым, што там няма ніводнага падпісчыка “Нашай Нівы”.

Андрэй Кузьмін, Крычаў

Канцэрт у гаражы

У Горадні адбылася сумесная рэпэтыцыя-канцэрт маладых гуртоў, зарганізаваная ініцыятывай «Нага». Пасьля выступу гуртоў «Kontra la kontra» і «Pet Nihil» прыехала міліцыя і канцэрт спыніла. Міліцыянты, амапаўцы і асобы ў цывільным пачалі правяраць у моладзі дакумэнты. Але надоўга затрымалі толькі хлопца, якому належыў гараж, дзе ладзіўся канцэрт. Яго адпусьцілі праз гадзіну, узяўшы тлумачальную і абяцаньне, што ён больш ня будзе парушаць грамадзкага парадку.

Андрэй Мялешка, Горадня

Сьцяг брыгадзіра

Полацкага чыгуначніка звальняюць за бел-чырвона-белы сьцяг

30 верасьня 1999 г. брыгадзір чыгуначнай брыгады станцыі Баравуха (пад Полацкам) Анатоль Каханчык намаляваў на адным з прыстанцыйных будынкаў вялізны бел-чырвона-белы сьцяг. Выявіў паводле ўсіх правілаў манумэнтальнага жывапісу – алейнаю фарбаю. Пасажыры цягнікоў кожны раз махалі сьцягу з вокнаў.

Чыгуначнае кіраўніцтва адразу ж выказала сваё незадавальненьне і стала патрабаваць ад брыгадзіра, каб той зафарбаваў палітычна небясьпечныя колеры. Сп.Каханчыку і ягоным сябрам даводзілася нават сярод ночы пільнаваць, каб хто не запэцкаў нацыянальнай сьвятыні.

І вось нядаўна ў Віцебскім аддзяленьні Беларускай чыгункі зьявіўся новы кіраўнік – Пахоўкін. Пабачыўшы на будынку выяву сьцяга, новы кіраўнік у грубай форме загадаў зафарбаваць увесь будынак, паабяцаў звольніць Каханчыка з працы, а калі жанчыны-чыгуначніцы заступіліся за брыгадзіра, пачаў іх абражаць.

Пасьля ад’езду Пахоўкіна ўсе сталі ўпрошваць сп.Каханчыка ўласнаручна запэцкаць сьцяг і такім чынам застацца на працы, але той адмовіўся.

Праз тыдзень у Баравуху патэлефанаваў віцебскі начальнік, які, даведаўшыся, што сьцяг дагэтуль не запэцканы, паабяцаў звольніць ня толькі брыгадзіра, але й начальніка станцыі, майстроў і абходчыкаў.

Наступнага ранку брыгадзір прыйшоў на працу і з болем у сэрцы ўбачыў, што сьцяг зафарбаваны. Але яго адразу супакоілі: маўляў, зафарбавалі ўсяго толькі вапнавай рошчынай, якую змые першы ж травеньскі дождж.

Анатоль Каханчык амаль 18 гадоў адпрацаваў брыгадзірам, за гэты час ня меў ніякіх заўвагаў. Сам Каханчык кажа, што гаворка тут ідзе не пра долю асобнага чалавека, а пра лёс нацыянальнай сьвятыні, якую ў нас спрабуюць адабраць начальнікі.

Паводле Радыё Свабода

Навіны гаспадарскія

Ільготам – вайна

Менгарвыканкам рыхтуецца забараніць жыхарам іншых рэгіёнаў краіны купляць кватэры ў сталіцы. Замежнікам – можна, неменчукам-беларусам – не. Маўляў, закон такі. Рынак жыльля адрэагаваў імгненна – цэны на танныя аднапакаёўкі скокнулі ў сярэднім на 500 даляраў.

Ляснуў адзін з пэрспэктыўных праектаў жыльлёвага будаўніцтва “Рацыянальны дом”. Ягоныя ўмовы былі такія: тры чвэрці кошту кватэры ў растэрміноўку аплочвае з уласнай кішэні сам грамадзянін, а астатнія 25% фінансуе дзяржава. Аднак апошнім часам яна ня мае грошай на гэткія “прэміі” ды зноў робіць стаўку на крэдыты. Бяда толькі, што крэдытных сродкаў катастрафічна не стае нават на тыя дамы, будаўніцтва якіх ужо пачалося.

Як паведаміла БТ, сацыяльная сфэра абыходзіцца штогод у 14% ВУП краіны. Гэта самы высокі ўзровень у Эўропе. Разам з тым, мы маем ці ні найвышэйшы ўзровень беднасьці – “за рысай” жыве каля 40% беларусаў. Урад мае намер абвясьціць вайну ільготам, права на якія маюць 200 катэгорыяў насельніцтва. Як і ва ўсім сьвеце, ільготы хочуць замяніць на грашовыя даплаты для самых бедных. Праўда, ці хопіць сьмеласьці давесьці “непапулярную” справу да канца, пакуль невядома.

Тым часам, падсумаваныя вынікі чарговага суботніка. Яны ўражваюць: на пазамінулым тыдні амаль 3,5 мільёна чалавек зарабілі дзяржаве некалькі мільярдаў “дадатковых” рублёў. Цікава, ці доўга яшчэ бясплатная праца ў нас будзе лічыцца дасягненьнем?

Сяржук Іваноўскі

Спартовы тыдзень

Хакейная зборная, якая выйграла “ганаровую” пуцёўку ў дывізыён “Б”, яшчэ можа застацца ў эліце. Паводле рэглямэнту чэмпіянатаў сьвету, азіяты (цяпер у асобе японцаў) маюць адно фіксаванае месца аж да 2005 г. Каб прапагандаваўся хакей у Азіі.

Аднак не пасьпеў скончыцца чэмпіянат сьвету, як папаўзьлі чуткі пра тое, што беларусы могуць застацца ў групе “А”. Нібыта спонсарам, якія фінансуюць японскае хакейнае шоў, абрыдла назіраць за ганебнымі гульнямі сваіх хакеістаў, і яны не сьпяшаюцца плаціць за іх Міжнароднай фэдэрацыі хакею. Калі адракуцца – мы ў групе “А” застанемся, ды на наступны год у Швэцыю паедзем.

Лядовыя справы адкладаюцца да восені, надышла футбольная пара. Паўфіналісты Кубку Беларусі згулялі першыя матчы. Рэчыцкі “Ведрыч” упёрся рогам у “Белшыну” ды выціснуў нулявую нічыю, а мазырцы ў Менску перайгралі “Дынама” 1:0. Матчы ў адказ – 18 траўня.

Богусь Біятлянёнак

Рэпліка

“БДГ” і абарыгены

У рубрыцы “Асобы” “Белорусской Деловой Газеты” на пазатым тыдні фігураваў старшыня Дзяржкамдруку М.Падгайны, які дамовіўся, што ў Башкортастане будуць прадаваць беларускую прэсу. “Во будзе сьмеху, калі туды павязуць прэсу з “нацыянальным калярытам”. У сэнсе – “беларускамоўную”, — зьдзекавалася “БДГ”. На тым тыдні рубрыку адкрыла постаць Васіля Быкава. “Як паведамілі польскія СМІ, ПЭН-Цэнтар гэтае краіны мае вылучыць Васіля Быкава на атрыманьне Нобэлеўскай прэміі...”, – піша прэстыжная газэта. Першай пра гэтае вылучэньне напісаў такі “польскі СМІ”, як “Наша Ніва”. Было гэта 2 траўня. Ну, але няхай... Няхай “НН” будзе польскім СМІ. Добра хоць, што Быкава не залічылі ў гэтыя... як іх... “з нацыянальным калярытам”. Белмоўныя – в смысьле.

Нярускі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0