Чалавечы рэсурс

Гутарка з Валерем Буйвалам

Сябры Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі БНФ заклікалі менчукоў 18 траўня правесьці ля Палацу Рэспублiкi на Кастрычніцкай плошчы альтэрнатыўны Ўсебеларускі сход – каб засьведчыць, што грамадзтва нязгоднае з палітыкай Лукашэнкі. Ці такою сама наступальнаю будзе тактыка кансэрватараў у часе прэзыдэнцкай кампанii? Гаворыць прэсавы сакратар партыi Валеры Буйвал.

 

Зянон Пазьняк будзе браць удзел у прэзыдэнцкiх выбарах абавязкова. Яшчэ ў лютым да яго з адпаведным заклiкам зьвярнулася соймавая канфэрэнцыя партыі, і ён пагадзiўся.

— Цi вернецца Зянон на Радзіму?

— Вернецца. Калi i якiм чынам, будуць вырашаць людзi, якiя зьбiраюць подпiсы ў ягоную падтрымку.

— Лiдзiя Ярмошына заявiла пра немагчымасьць удзелу Пазьняка…

— Мы чулi аргумэнтацыю Цэнтравыбаркаму. Яна не адпавядае заканадаўству. Нават калi нам адмовяць, мы будзем зьбiраць подпiсы, весьцi падрыхтоўчую працу, змагацца за нашага кандыдата. Мы пэўныя, што дастатковая колькасьць людзей не пабаіцца аддаць галасы ў падтрымку Пазьняка. Ну а там ужо будзе відаць.

— Ці ёсьць у партыi нейкі рэсурс, цi хопiць грошай, людзей для збору подпiсаў?

— З грашыма цяжка. Нашыя прыхiльнiкi ня маюць магчымасьцi дапамагаць нам фiнансава, але ж чалавечы рэсурс вельмi вялiкi. Наша надзея — на валанцёраў, гатовых аддаць свой час i сілы на карысьць кандыдата і Бацькаўшчыны.

І такіх людзей з кожным днём усё больш. Бо для іх і для нас галоўнае — не перамога на выбарах, а захаваньне незалежнасьцi нашай дзяржавы.

Наш манiторынг сьведчыць, што незалежнiцкую пазыцыю падтрымлiвае большасьць грамадзтва, больш за 70%. Асабiста ж у Пазьняка рэйтынг да 40%. Усе сацыёлягi кажуць пра нашмат меншую колькасьць прыхiльнiкаў. Такую ж сытуацыю мы назiралi ў 1994 г., калi таксама залежныя i “незалежныя” цэнтры казалi пра 3—4%, а Зянон набраў ажно 13%! Нават паводле афiцыйных, сфальшаваных зьвестак! Нельга верыць манiпуляваным фактам.

— Цi магчымае далучэньне Пазьняка да пяцёркi патэнцыйных кандыдатаў?

— Не, гэта цалкам выключана. Пасьля заявы “пяцёркi” пра сяброўства з Расеяй адпалi апошнiя сумненьнi. Гэтая публiка прадае Беларусь. Нiякiх стасункаў зь iмi мы мець ня можам. Няхай спаборнiчаюць з Лукашэнкам за гэты сумнеўны гонар. Я нават не называў бы гэтай публiкі апазыцыяй. Уся iхная “апазыцыйнасьць” — у жаданьнi пазбыцца Лукашэнкi. Паглядзiце, яны ж зьбiраюцца праводзiць антыбеларускую палiтыку і нават не хаваюць гэтага.

Аднаму такому заляцальшчыку, хлусу народ паверыў у 1994 г. Куды гэта прывяло краiну, мы бачым, а хлуса дагэтуль пазбыцца ня можам.

— То бок шанец дасягнуць перамогi ў аб’яднаных апазыцыянэраў ёсьць?

— У тым i небясьпека. Нават акадэмiчная iнтэлiгенцыя галасавала за Лукашэнку ў другiм туры тых выбараў. Толькi б ня Кебiч, маўляў. У новым пер’і гэты варыянт цалкам магчымы сёньня.

— Кансэрватары ня будуць байкатаваць выбараў?

— Хутчэй за ўсё, не. Сур’ёзная барацьба iдзе, і ўхiляцца ад яе мы не зьбiраемся.

Гутарыў Вадзiм Доўнар


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0