Талент? Ну, гэта тое, што патрэбна ўсялякім там мастакам‑сьпевакам! А чалавек просты, кухар ці бухгалтар — абы працавіты быў.

Толькі вось сьпякуць дзьве гаспадыні аладкі, нібыта й мука тая самая, і вада, — а ў адной такія, што пальчыкі абліжаш, а ў другой…

А фірме, якая мае бяздарнага бухгалтара, увогуле можна толькі паспачуваць.

Існуе яшчэ й такая тэза: грамадзкай дзейнасьцю можа займацца кожны — абы чалавек быў харошы.

Радкі гэтыя якраз і пішуцца ахвяраю гэткай тэорыі. Кім мяне толькі ні імкнуліся зрабіць — ад старасты «акцябрацкай зьвёздачкі», нейкага піянэрскага «старшыні савета атрада» да розных камсоргаў і групоргаў… Як «гора» з Багушэвічавага верша, усё жыцьцё перасьледавала мяне гэтая планіда — пастаянныя вылучэньні ў разнастайныя рады, суполкі, таварыствы, згуртаваньні, хоць я заўсёды хацеў аднаго — быць сам па сабе.

Нельга стаць лідэрам — як нельга стаць Моцартам.

Лідэр — ня той, каго ўгаварылі. Лідэр — той, хто не азіраецца, каб упэўніцца, ці ідуць за ім.

Лідэр упэўнены, што за ім — пойдуць.

А яшчэ было такое ў маім жыцьці — мяне хацелі вылучыць на пасаду дырэктара беларускай гімназіі! Чаму не — фармальна ўсё ў парадку: маю дыплём настаўніка, беларускую мову трохі ведаю, гарэлку п’ю ў меру, — чаго больш трэба?

Талент, мілыя мае, патрэбен. Бо мой пэдагагічны досьвед быў такі — пасьля вучобы разьмеркавалі ў сярэднюю школу настаўнікам чарчэньня й маляваньня. (Чаго паступаў? — бо хацеў вучыцца маляваць, а ў мастацкі інстытут не прайшоў.)

Першы ўрок пачынаўся так: як толькі я зайшоў у клясу, тут жа атрымаў з рагаткі проста ў лоб! Пакуль юныя садысты чакалі, якой будзе рэакцыя, а я пакутліва намагаўся «вылічыць» нашчадка «варашылаўскіх стралкоў», празьвінеў званок. І вытрымаў я ў той школе два з паловай месяцы. І служба ў войску пасьля таго здалася мне калі ня мёдам, дык зусім ня страшнай.

А колькі настаўнікаў працуюць цераз сілу — мучаць сябе й дзяцей? Кожны можа прыпомніць такіх.

І ўвогуле — колькі бедаў ад таго, што ў патрэбны момант не знаходзяцца адпаведныя таленты!

Вось наша апазыцыя — паасобку кожны чалавек і разумны, і прыстойны… А як зьбяруцца «да кучы» — вочы б іх ня бачылі.

Кажуць, добры доктар можа вылекаваць чалавека ад немачы. Калектыўная імпатэнцыя — ня лекуецца.

Так, талент патрэбны ў любой справе. Але й яго мала. Некалі нас вучылі — «будзь сьціплым, і цябе заўважаць». Ага, толькі й шукаюць — хто там самы сьціплы?

Сьціпласць — рэч, найбольш прыдатная для нэкралёгаў. Для жыцьця патрэбны добры нюх і моцныя локці.

Ёсьць у Рыме шыкоўны будынак — «Віла літуаніка», былое пасольства былой, даваеннай Літвы. У 1940 годзе будынак прысвоілі саветы, а іхныя расейскія нашчадкі так і не вярнулі маёмасьць законным гаспадарам.

А ў гэтым годзе адбудзецца Вэнэцыянскае біенале сучаснага мастацтва. І Літва будзе прадстаўлена праектам аднаго ўвішнага сужэнства: ад вышэйпамянёнай вілы будуць выпушчаны сотні галубоў, што маюць несьці вестку ва ўсе бакі аб апошняй акупаванай тэрыторыі Літвы. Галубоў будзе ганяць італьянец‑галубятнік, але слава, гонар, пашана — аўтарам ідэі. Інтэрвію, паездка ў Вечны горад, потым у горад Казановы і Бродзкага… нам з вамі й ня сьнілася!

Вось дзе трэба талент — высачыць рэальную праблему, «прабіць» нерэальны «праект» — і атрымаць рэальную круглую суму!

А некаторыя малююць, стараюцца — эх!

Моцных вам талентаў, сябры!

Алег Аблажэй, газэта «Свабода»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0