Раман Якаўлеўскі

Бясьпека Амэрыкі будзе гарантавацца новай сыстэмай проціракетнай абароны

 

Сёньня амэрыканцам крыўдна: Расея, што стогне пад цяжарам старых пазыкаў і новых праблемаў, выявілася найлепей абароненай ад ракетна-ядравага нападу – сыстэма супрацьпаветранай абароны Масквы (праўда, толькі Масквы, а ня ўсёй краіны) па-ранейшым ня мае аналягаў у сьвеце. Анічога роўнага сыстэме супрацьпаветранай абароны Масквы ў Амэрыцы пакуль ня створана, тады як пагроза нападу на тэрыторыю ЗША сродкамі зброі масавага зьнішчэньня захоўваецца. Таму ўдасканаленьне ўласнага “ядравага шчыта” разглядаецца ў Вашынгтоне як аб’ектыўная патрэба.

У сваім апошнім выступе, прысьвечаным пытаньням нацыянальнае сыстэмы супрацьракетнай абароны, прэзыдэнт Буш падкрэсьліў, што палітычнае рашэньне пра гэта прынятае (Расея і яе сатэліты спадзяваліся, што пытаньне застаецца яшчэ на гэтай стадыі), і што цяпер удасканаленьне сыстэмы супрацьпаветранай абароны – справа тэхнікі.

У выніку гэтага рашэньня Буша Расея будзе вымушаная разьвітацца з такім атрыбутам звышдзяржавы, як стратэгічныя ўзбраеньні. Новая амэрыканская сыстэма бясьпекі мінімізуе іх значэньне. Пасьля гэтага ў Расеі застанецца толькі адзін атрыбут звышдзяржавы – месца сталага чальца Рады Бясьпекі ААН і права вэта на рашэньні Рады.

Расея паступова ссоўваецца з цэнтральных пазыцыяў у палітыцы Вашынгтона на другасныя, а то й трэцярадныя ролі ў сьвеце, дзе амаль неабмежавана дамінуе Амэрыка.

Гэтую тэндэнцыю канстатуе, часам нават публічна, афіцыйная Масква і — моўчкі — пацьвярджае Менск. Актыўнасьць абароннага мысьленьня славянскіх хаўрусьнікаў выяўляецца ў стварэньні сумеснай сыстэмы супрацьпаветранай абароны. Пры гэтым яны не хаваюць, супраць каго сябруюць. Беларускія ўлады адкрыта спэкулююць тэмай натаўскіх бамбаваньняў Бялграду. Яны мяркуюць, што расейска-беларуская супрацьпаветраная абарона зробіць іх паўтарэньне немагчымым.

А тым часам асноўным аб’ектам замежнай палітыкі ЗША робіцца Кітай, эканамічны і вайсковы патэнцыял якога бурна расьце. Відаць, у бліжэйшыя дзесяцігодзьдзі асноўвая ўвага Злучаных Штатаў будзе засяроджаная на ім. Створаная ЗША і СССР дзеля падтрыманьня “халоднага міру” стратэгія ўзаемнага гарантаванага зьнішчэньня ў адносінах з Кітаем непрымальная. Бо для мільярднай дзяржавы гібель сотні-другой мільёнаў выглядае ня так безнадзейна, як для ЗША і Расеі. Амэрыканцы з дапамогай новай сыстэмы супрацьракетнай абароны спадзяюцца нэўтралізаваць хаця б тыя колькі дзясяткаў ракетаў, здольных дасягнуць заходняга ўзьбярэжжа ЗША, якія цяпер мае кітайскае войска.

Удасканаленьне амэрыканскай сыстэмы бясьпекі абурыла прыхільнікаў “шматпалярнага міру”. Яны зноў пачалі сьлібзаваць прымакоўскую ідэю стварэньня восі Пэкін-Дэлі-Масква, да якой цяпер некаторыя стратэгі далучаюць яшчэ Менск і Тэгеран.

Гэты праект абсурдны ўжо хаця б таму, што Дэлі ня пойдзе на саюз з Пэкінам. Дый амэрыканскую ідэю супрацьракетнай абароны кіраўнік індыйскага абароннага ведамства нядаўна ўхваліў. Так што ўсе модлы аб шматпалярным міры, якія Лукашэнка – старанны вучань Прымакова — паўтараў і паўтарае пры нагодзе і безь яе, почасту выглядаюць карыкатурна. Дый на апошні візыт ППРБ у Пэкін кітайскія СМІ рэагавалі даволі стрымана, без усякіх намёкаў на “стратэгічнае значэньне”, пра якое трубіла нашая афіцыйная прапаганда. Кажуць, цікавасьць кітайцаў да беларускіх тэхналёгіяў, якая дасёньня вызначала двухбаковыя адносіны, вычарпаная. Таму на інтарэсы Менску і нават Масквы кітайцы, у выпадку неабходнасьці, папросту ня зьвернуць увагі. Гэткая асаблівасьць усходняга мэнталітэту і азіяцкай палітыкі. Тое самае тычыцца ўсіх краін-“ізгояў”, ад якіх амэрыканцы, дарэчы, і зьбіраюцца захінуцца новай сыстэмай проціракетнай абароны. Ізгоі — гэта Іран, Сырыя, Лібія, Паўночная Карэя і Ірак. Якраз зь імі апошнім часам сябруюць Расея і Беларусь. Прычым апошняя даволі часта адыгрывае ролю санітаркі на мінным полі.

Цягнучыся ў абозе расейскай замежнай палітыкі, афіцыйны Менск спрабуе выяўляць уласную ініцыятыву, спрабуючы ўбіць клін паміж ЗША і іх хаўрусьнікамі па NАТО. З-за маштабнасьці палітычнага мысьленьня менскіх стратэгаў іхныя дзеяньні абмяжоўваюцца “ператрахваньнем” кіраўнікоў дыпляматычных місіяў, акрэдытаваных у Беларусі, ды рыторыкай на адрас праамэрыканскіх сілаў ува Ўкраіне.

Аднак прапанаваныя Пуціным напрацоўкі ў галіне нестратэгічнай супрацьпаветранай абароны ня вельмі зацікавілі эўрапейцаў. Пры гэтым яны ўсё больш прыхільна ўспрымаюць прапановы ЗША па буйнамаштабным абаронным пераўзбраеньні эўрапейскіх краінаў NАТО. З амэрыканскай, вядома, дапамогай. Тым часам вашынгтонская адміністрацыя пад абарону новай сыстэмы бясьпекі зьбіраецца залучыць ня толькі заходнеэўрапейскія краіны, але й Расею. У Токіа адбудуцца міжнародныя кансультацыі па гэтым пытаньні. Дэлегацыя Дзярждэпартамэнту ЗША і Пэнтагону неўзабаве наведае Маскву.

А вось пра такую эўрапейскую сталіцу, як Менск, мовы ў гэтым пляне няма. Між тым, у беларускай сталіцы месьціцца штаб-кватэра СНД і жыве старшыня “вышэйшай рады расейска-беларускай саюзнай дзяржавы”, які ў выпадку пагрозы з-за мяжы можа стаць старшынём рады абароны і ўзначаліць расейска-беларускую вайсковую групоўку. Гучыць маштабна. А напраўдзе... Вось такі факт: з 1997 г. у Расеі штогод разгортваецца новы полк міжкантынэнтальных балістычных ракетаў “Тополь-М”. У першым было 8 пускавых установак плюс 2 навучальныя, у другім — 10, у трэцім... — 4. Такія цяпер рэальныя магчымасьці расейскай абаронкі.

Беларуская тут увогуле ня ў лік. Але беларускія саюзьнікі, разьвіваючы вайскова-тэхнічныя стасункі з краінамі-ізгоямі, могуць зблытаць расейцам карты ў складанай гульні вакол амэрыканскай супрацьракетнай абароны. Ці адпавядае такая палітыка нацыянальным інтарэсам Беларусі? Пытаньне рытарычнае.

У часе спрэчкі вакол сыстэмаў бясьпекі сталася зразумелым, што хутка адновіцца гонка касьмічных узбраеньняў. Амэрыка вырашыла ліквідаваць сваё адставаньне ў галіне супрацьракетнай абароны. І гэтая праблема стала галаўным болем палітыкаў і вайскоўцаў Амэрыкі, Азіі, Эўропы і Расеі.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0