Грамадзянская мабілізацыя

Славацкі досьвед пераходу да дэмакратыі

 

Славаччына – невялікая дзяржава з насельніцтвам 5,3 мільёна чалавек. Яна набыла незалежнасьць 1 студзеня 1993 г. пасьля “аксамітнага разводу” з Чэхіяй, якой зараз значна саступае па ўзроўні эканамічнага разьвіцьця. Краіна аграрна-індустрыйная, большая частка насельніцтва жыве ў невялікіх гарадох і мястэчках. Наступствы сацыялістычнай індустрыялізацыі, калі было набудавана шмат прадпрыемстваў-гігантаў, запавольваюць рынкавыя рэформы.

Славаччына – парлямэнцкая рэспубліка. Да верасьня 1998 г. дэмакратычныя прынцыпы парушаліся аўтарытарным рэжымам прэм’ера Мэч’яра, партыя якога, нібы на кпін названая Рухам за дэмакратычную Славаччыну (HZDS), прыйшла да ўлады ў 1994 г. (калі й Лукашэнка).

Выбары 1998 г. скончыліся перамогай Славацкай дэмакратычнай кааліцыі, што складалася з 4-х апазыцыйных Мэч’яру партыяў. Разам яны атрымалі канстытуцыйную большасьць у парлямэнце (93 месцы з 150) і сфармавалі ўрад на чале зь Мікулашам Дзурындам. У краіне былі адноўленыя дэмакратычныя прынцыпы і нормы, зрушыліся зь мёртвага пункту эканамічныя рэформы, адкрыліся магчымасьці для інтэграцыі з эўрапейскімі структурамі. Гэтыя падзеі называюць другой “аксамітнай рэвалюцыяй”. Яны надалі новы імпульс абнаўленьню краіны.

Асноўную ролю ў Верасьнёўскай рэвалюцыі адыграў славацкі “трэці сэктар” — г.зн. недзяржаўныя, незалежныя грамадзкія аб’яднаньні. Ён правёў агульнанацыянальную Грамадзянскую Кампанію (Obcianska Kampan’ 98, або OK’98) па інфармаваньні, навучаньні й мабілізацыі выбарцаў (84% славакаў прыйшлі галасаваць), назіраньні за хадой выбараў і падлікам галасоў. ОК’98 прадэманстравала магчымасьці грамадзтва ўплываць на палітычны працэс, зьмяняць настроі людзей і іхную палітычную культуру. (У Славаччыне дзейнічае болей за 12000 няўрадавых арганізацыяў, што займаюцца адукацыяй, экалёгіяй, сацыяльнымі пытаньнямі, моладзевымі праблемамі, абаронай правоў чалавека і г.д.)

Ідэя злучыць намаганьні няўрадавых арганізацыяў пры падрыхтоўцы выбараў нарадзілася яшчэ ўлетку 1997 г. Асноўныя кірункі кампаніі ОК’98 (Obcianska Kampan) былі распрацаваныя ў студзені 1998 г. — задоўга да выбараў. Кампанія адбывалася ў два этапы: першы і галоўны — падрыхтоўка да парлямэнцкіх выбараў у верасьні 1998 г.; другі — падрыхтоўка да мясцовых выбараў у сьнежні 1998 г. Афіцыйна аб пачатку ОК’98 абвесьцілі 3 сакавіка 1998 г. – аж за паўгоду да выбараў.

За чатыры гады знаходжаньня пры ўладзе Ўладзімера Мэч’яра краіна апынулася ў ізаляцыі і адстала ў разьвіцьці ад суседзяў. Грамадзяне баяліся, што выбары будуць сфальсыфікаваныя і адмаўляліся браць удзел у галасаваньні. Рэжым Мэч’яра ўжо спраўдзіў свае “маніпуляцыйныя здольнасьці” падчас травеньскага рэфэрэндуму 1997 г. аб сыстэме выбараў прэзыдэнта краіны і сяброўстве ў NATO. Акрамя таго, было прынятае новае выбарчае заканадаўства, якое зрабіла няроўнымі ўмовы вядзеньня перадвыбарнай агітацыі, — абмежавала магчымасьці прыватных сродкаў масавай інфармацыі, а дзяржаўным СМІ, у тым ліку электронным, надала шырокія паўнамоцтвы. Усё гэта стварала небясьпеку канчатковага пераходу краіны да таталітарнага рэжыму.

З самага пачатку “трэці сэктар” Славаччыны выступіў з ідэяй правядзеньня непартыйнай палітычнай кампаніі. Актывісты НА не павінны былі ставаць на бок той ці іншай палітычнай партыі ці блёку. Кіраўнікі ОК’98 абавязаліся не вылучаць сваіх кандыдатураў у дэпутаты.

 

Асноўныя кірункі ОК’98

OK’98 (якая ўдалая назва!) ажыцьцяўлялася ва ўсіх рэгіёнах краіны і была арыентаваная на розныя групы насельніцтва: і на моладзь, і на людзей з вышэйшай адукацыяй, і на пэнсіянэраў і г.д.

Інфармаваньне выбарцаў каардынавала арганізацыя Gemma-93, якая адшукала 300 валанцёраў для грандыёзнага “Маршу за Славаччыну”. Яны праехалі 3000 км па ўсёй краіне, наведалі 850 гарадоў і вёсак, распаўсюдзілі больш за 500 000 брашураў з інфармацыяй пра выбары. У часе сустрэчаў яны пераконвалі, што галасаваць канечне трэба, распавядалі пра тое, як галасаваць, ды пра тое, што жыцьцё можна і трэба палепшыць.

Арганізацыя “Nadacia pre obciansku spolecnost” арганізавала сэрыю з 13 рок-канцэртаў пад агульным лёзунгам “Rock the Vote” па ўсёй Славаччыне. Папулярныя музыкі заклікалі на іх моладзь узяць удзел у выбарах, каб забясьпечыць сабе будучыню. Прафэсійныя акторы, сьпевакі, спартоўцы запісвалі тэлекліпы пад агульным дэвізам “Галасую значыць існую”. Няўрадавыя арганізацыі распаўсюдзілі 570 000 улётак, 197 000 плякатаў, 253 000 паштовак, 375 000 наклеек.

Прадстаўнікі Славацкай асамблеі грамадзянаў арганізавалі маніторынг пяці галоўных газэтаў, дзьвюх тэле- і дзьвюх радыёстанцыяў, каб вызначыць, ці насамрэч кандыдаты маюць роўныя шанцы на доступ да мэдыяў. Кантроль за працэдурай галасаваньня і падлікам галасоў ажыцьцяўляўся ў межах праекту Obcianske OKO’98 (Грамадзянскае вока). OKO падрыхтавала да выбараў 1746 назіральнікаў і 250 непартыйных сяброў выбарчых камісіяў.

Эфэктыўнасьць ОК’98 ацэньвалася шляхам апытаньняў грамадзкай думкі падчас яе рэалізацыі. 6 агульнанацыянальных апытаньняў дапамагалі ўчасна вызначыць тыя з ініцыятываў, якія сустракаліся грамадзтвам без энтузіязму.

Ініцыятары ОК’98 каардынавалі дзейнасьць з партыямі і блёкамі, што ўдзельнічалі ў выбарах у рамках Дэмакратычнага круглага стала, нефармальнай структуры, створанай за тры месяцы да выбараў чатырма дэмакратычнымі партыямі.

Кампанія ОК’98 зламала стэрэатыпнае ўяўленьне, што няўрадавыя арганізацыі канечне павінны стаяць убаку ад палітыкі.

 

Ці магчымы беларускі ОК’2001?

Нягледзячы на істотныя адрозьненьні між Беларусяй і Славаччынай, дзе дыктатура была больш мяккая, сытуацыя ў Беларусі-2001 і Славаччыне-1998 усё ж шмат у чым падобная.

Рэжымы Лукашэнкі і Мэч’яра ўжывалі антызаходнюю рыторыку, рабілі стаўку на ізаляцыю ад агульнаэўрапейскіх працэсаў, паварот у мінулае і цесныя стасункі з Расеяй.

Гэты курс тлумачыцца сацыяльнай базай абодвух рэжымаў, якую складаюць найменш адукаваныя групы насельніцтва, жыхары вёсак і невялікіх гарадоў, старыя людзі — усе тыя, хто залежыць ад дзяржаўнай апекі і баіцца за сваё становішча ў часе рынкава-дэмакратычных рэформаў.

Сацыялягічныя апытаньні, якія праводзіліся ў нашых краінах, сьведчаць і аб супадзеньні сацыяльнага партрэту той часткі грамадзтва, якая аб’ектыўна супрацьстаіць дыктатуры і зацікаўленая ў пераўтварэньнях: маладыя або сярэдняга веку людзі, жыхары сталіцы і буйных гарадоў, з вышэйшай альбо сярэдняй спэцыяльнай адукацыяй, студэнты і кваліфікаваныя рабочыя.

Такім чынам, карысьць ад прымяненьня славацкага досьведу падчас беларускіх выбараў можа быць вялікая.

Беларускаму “трэцяму сэктару” таксама пасуе прынцып непартыйнай палітычнай дзейнасьці: няўрадавыя арганізацыі ня толькі не павінны вылучаць сваіх кандыдатаў, але й ня мусяць браць непасрэдны ўдзел у агітацыі за тых ці іншых кандыдатаў. Гэта – задача палітычных партыяў. Задачай НА зьяўляецца дэмакратызацыя грамадзкай сьвядомасьці, палітычная мабілізацыя грамадзянаў.

Іншымі словамі, няўрадавыя арганізацыі і палітычныя партыі маюць розныя, хаця і ўзаемазьвязаныя сфэры дзейнасьці. Посьпех магчымы толькі пры ўмове ўзаемадзеяньня палітычнай і грамадзянскай супольнасьці, а не падмены імі адна адной, калі партыі займаюцца сэмінарамі і трэнінгамі, а няўрадавыя арганізацыі ствараюць кааліцыі для падтрымкі палітыкаў. Такая блытаніна можа прывесьці да паразы дэмакратычнага руху, бо недзяржаўныя арганізацыі аказваюцца ў гэткіх умовах няздольныя агучыць інтарэсы розных катэгорыяў грамадзянаў, а палітычныя партыі страчваюць здольнасьць аформіць гэтыя інтарэсы ў выглядзе палітычных праграмаў.

Прынцып непартыйнасьці ў палітычнай дзейнасьці беларускіх НА азначае, што ў часе будучай прэзыдэнцкай кампаніі “трэці сэктар” мусіць спрацаваць такім чынам, каб давесьці мільёнам людзей, што выбары могуць зьмяніць многае ў краіне, забясьпечыць максымальны ўдзел у галасаваньні тых групаў выбарцаў, якія, паводле зьвестак апытаньняў, абавязкова прагаласуюць за больш дэмакратычнага і незалежніцкага кандыдата.

У Беларусі сёньня ёсьць і аб’ектыўныя, і суб’ектыўныя перадумовы для дасягненьня посьпеху выбарчай кампаніі.

Уладзімер Роўда
кіраўнік аналітычнае групы Асамблеі Няўрадавых Арганізацыяў, палітоляг


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0