Беларусь праз 100 гадоў

 

Пеўні замест будзільнікаў

І праз 100 гадоў у Беларусі разьвіцьцё ўсіх сфэраў жыцьцядзейнасьці будзе стрымліваць паталягічны страх перад будучыняй і той небясьпекай, якую яна, нібыта, у сабе хавае.

Тэхнічны прагрэс будзе вельмі марудна заваёўваць беларускія абшары. І ў ХХІІ ст. бабулька будзе пытацца ў свайго дасьведчанага ўнука, дзе сядзіць той таемны Internet.

Затое праз 100 гадоў большасьць беларусаў нарэшце ацэняць перавагі сельскай мясцовасьці і, пакінуўшы пыл і тлум мэгаполісаў, рушаць у вёску. Гарады ж, перасягнуўшы пік свайго росквіту, паступова пачнуць пусьцець. Зрэшты, і патрэба ў іх зьнікне, разам з дэканцэнтрацыяй прамысловых прадпрыемстваў. Лясы стануцца сапраўдным нацыянальным багацьцем, а зубр – самай звычайнай жывёлінай. Але ні ў каго нават думкі ня ўзьнікне паляваць на яго. Паляваньне будзе кваліфікавацца як забойства.

Дый забіваць жывёлін, нават усенародналюбімых сёньня парсюкоў, нашчадкам ня будзе патрэбы. Мяса зьнікне з рацыёну чалавека. Клопат аб экалёгіі станецца галоўным напрамкам дзяржаўнай палітыкі. Людзі ж будуць больш апантаныя экалёгіяй душы. Таму й распаўсюдзіцца гэтак вэгетарыянства.

Разам са спыненьнем забойства жывёлаў будзе адмененае сьмяротнае пакараньне. Штуршком для аднаўленьня грамадзтва зробіцца новая сыстэма адукацыі, скіраваная на разьвіцьцё творчага патэнцыялу кожнай асобы. Прыярытэт у школках будзе аддавацца мастацтву, у прыватнасьці, музыцы.

Гэта сфармуе чалавека новай эпохі, свабоднага, самастойнага і ўсебакова адукаванага. Вышэйшая адукацыя стане прывілеем для людзей менавіта такога кшталту. Іх стане менш, але карысьць, якую яны будуць прыносіць грамадзтву, будзе значна большай. Менавіта гэтая эліта стане падмуркам дэмакратычнага грамадзтва, што сфармуецца праз 100 гадоў. Тым больш што давядзецца шукаць шляхі выхаваньня нацыянальнай сьвядомасьці. Цэнтрам адраджэньня станецца новая сталіца Беларусі – Полацак. Там будзе кіпець культурнае жыцьцё, там будзе жыць творчая багема. Дэмакратычнае грамадзтва складзецца на аснове рынкавай эканомікі. Такой, якую можна пабудаваць, зыходзячы з нашага клімату, гістарычных перадумоваў і этнічных асаблівасьцяў. Грошы амаль зьнікнуць. На зьмену ім прыйдзе безнаяўны разьлік. І толькі дзе-нідзе будуць хадзіць сымбалічныя купюры з выявамі зайцоў, ваўкоў, вавёрак, зуброў – як даніна гістарычнай даўніне.

А яшчэ беларусы зьменяць будзільнікі на пеўняў, якія сваім сьпевам будуць штораніцы спавяшчаць, што над Беларусяй заняўся новы дзень, але ўставаць будуць, калі хто захоча.

Людміла Гулюк


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0