Bene natus et posessionatus

Вобраз беларускага арыстакрата розьніцца ад вобразаў заходнеэўрапейскага, а пагатоў расейскага арыстакратаў. Шляхта ў Вялікім Княстве, паводле розных падлікаў, складала пад 15 адсоткаў. Гэта быў найвышэйшы паказчык ва ўсёй Эўропе. Адпаведна, у той ці іншай ступені, большасьць сёньняшніх беларусаў, пераплаўленых у гуце ХХ ст., мае ў сабе пырскі шляхецкае крыві.

 

За часамі Вялікага Княства нашае шляхецтва набрыняла комплексам спэцыфічных ідэяў, якія прынята называць «сарматызмам». Яны ўважалі сябе за рыцараў Хрыста, што вартуюць веру на яе апошніх межах, за якімі пачынаюцца неаглядныя й варожыя эўразійскія абшары. Натуральна, што абаронцам Веры мог быць адно homo militans, то бок чалавек збройны.

За часоў Рэчы Паспалітае толькі шляхта мела права насіць зброю. Толькі яна мусіла бараніць сваю дзяржаву, праліваючы сваю кроў. З таго вынікала адмысловая сыстэма выхаваньня хлопчыкоў. Нават брак фізычнае моцы павінен быў кампэнсавацца ўменьнем страляць ды фэхтаваць. Пацы, Сапегі, Радзівілы, Храптовічы, Агінскія з трох гадоў сядалі ў сядло.

Колькасьць беларускай шляхты скарачалася ў бясконцых войнах. Напрыклад, у XVII ст. было толькі 32 мірныя гады. Коштам свае рыцарскае крыві арыстакратыя Рэчы Паспалітае аплочвала правы на вольнасьць. Калі ў Францыі кароль Людовік XIV мог сказаць: «Дзяржава – гэта я!», дык у нас гэта з поўным правам мог сказаць кожны шляхціц. Абраныя вольнай шляхтай каралі былі вартыя свайго рыцарства. Сьцяпан Батура біўся сам у сечах і на зуброў паляваў сам. Пра Яна Сабескага, які разьбіў туркаў пад Венаю, хадзілі легенды. Ён кіраваў гусарамі, летучы наперадзе іх у той вялікай сечы, што перадвызначыла лёс Эўропы. Няўжо ж тым, хто абіраў сабе гэткіх каралёў, можна было хавацца за іхнымі сьпінамі?

Хлапчукоў у 7—8 гадоў бацькі адрывалі ад мацярок і навучалі гаспадараньню й паляваньню. Хоць, што праўда, у бацькоў гэта не заўжды атрымлівалася, бо чарговы покліч вёў іх у паход, і ролю мужоў у выхаваньні хлапчукоў пераймалі жанчыны. Гэтак сталася нават з будучым каралём, Янам Сабескім. Ягоную маці шляхта ўважала гэтаксама за рыцара (ці то рыцарку), як і яго самога.

Яшчэ адным складнікам ідэалёгіі беларускае арыстакратыі была зямля. Bene natus et posessionatus – высакародны земляўласьнік – вось ідэал рыцара! Колькі б тае зямлі ні было, яна мусіла быць. Нават каб і самому давялося «высакародна араць сваё поле». Пачуцьцё годнасьці было проста неаддзельным ад зямлі. Астах Валовіч ці Леў Сапега выдатна разьбіраліся ў аграрных пытаньнях, кіравалі складанымі зямельнымі рэформамі. Тыя, хто праліваў кроў за сваю зямлю, умелі яе шанаваць і гаспадарыць на ёй. Родавае гняздо, маярат, быў выключнай каштоўнасьцю. За яго трымаліся да апошняга, яго абагаўлялі, рамантызавалі. Зямля продкаў у літаральным сэнсе. Можаце сабе ўявіць, якія пачуцьці казыталі душы ўладальнікаў сядзібы ў Мосары, што на Глыбоччыне, наведанае Сьцяпанам Батурам у часе ягонага паходу на Пскоў, пра што яшчэ ў міжваенным часе сьведчыла каменная шыльда на фасадзе...

Не лічылася заганаю і ўласнымі рукамі корпацца ў зямлі. Наадварот! Бацькі Фэрдынанда Рушчыца, графскага паходжаньня, разам з сынам выбіралі бульбу поруч зь сялянамі. І зусім ня зь беднасьці, а з... арыстакратызму.

Панятак безьзямельнае шляхты зьявіўся толькі ў XVIII ст., у выніку падзелаў Рэчы Паспалітай і расейскае акупацыі. Баючыся пазбыцца свайго шляхецтва, гэтыя бедакі змушалі сваіх дзяцей вучыць на памяць усю генэалёгію. Ад таго моманту мара пра зямлю стала яшчэ адным неад’емным складнікам шляхецкага мэнталітэту...

Наступнай адметнасьцю нашае арыстакратыі была яе адукаванасьць. Кожны шляхціц, нават шарачок, быў пісьменны. Неад’емнай часткаю адукацыі з XVI ст. сталася лаціна. «Я шляхціц, я гавару на лаціне», — лямантаваў шляхціц у лапцях, калі яго раптам блыталі з кім іншым. Магнатэрыя рупілася пра выхаваньне нашчадкаў. Радзівілавых дзяцей навучаў Сымон Будны, для іх ён пераклаў Катэхезу па-беларуску. А Мялеці Сматрыцкі выхоўваў дзяцей князя Саламярэцкага, між іншым, езьдзячы зь імі па нямецкіх унівэрсытэтах. Той самы Януш Радзівіл, які саджаў на кол казакаў, вучыўся дзецюком у найлепшых унівэрсытэтах Ангельшчыны, Нямеччыны, Нідэрляндаў ды Францыі.

Натуральна, чым вышэйшы быў род, чым большая была ягоная адукаванасьць, тым меней увагі надавалася рэлігійным звадкам. Бойкі на рэлігійнай глебе былі справаю цемрашалаў і шалёнага сьвятарства. Арыстакратыя заўсёды знаходзіла супольную мову, не зважаючы на розьніцу веравызнаньняў. Напрыклад, Ганна Стацкевіч-Багданава, якая фундавала ў Менску царкву й брацтва Пятра й Паўла (што на Нямізе), у 1618 г. прызначыла апекунамі гэтага асяродку вядомых магнатаў... кальвіністаў: Януша Радзівіла, Марціна Валадковіча, Яна Агінскага, Юрыя Тышкевіча ды інш. Маўляў, пратэстанцкая арыстакратыя будзе аб’ектыўнаю й абароніць праваслаўных, зь якімі, як з «панамі-братамі», поплеч стаялі супраць супольных ворагаў.

Паміж мужчынамі-арыстакратамі існавала складаная сыстэма гіерархіі й адпаведнага этыкету. Перад кім здымаць шапку, каму ціснуць руку, а каму цалаваць, каму ківаць, а перад кім складацца да зямлі – гэта была мудрагелістая навука. Памылковае прывітаньне было абразаю.

Істотным складнікам беларускага арыстакратычнага мэнталітэту было падкрэсьлена паважлівае стаўленьне да кабетаў. Жанчыну (бабцю, маці, жонку) багомілі, як Панну Марыю. Менавіта жанчыны перахоўвалі старыя звычаі ды сямейныя паданьні. Ва ўмовах, калі большасьць мужчынаў непазьбежна гінула ў росквіце сілаў на войнах, на жанчыну лягаў увесь цяжар клопату за дом і за дзяцей. Каб у сьвет пайшло чарговае пакаленьне арыстакратаў, homo militans, высакародных земляўласьнікаў, якія будуць бараніць сваю дзяржаву й сваю зямлю.

Сяргей Харэўскі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0