Жудасны кансэрватызм вёскі

Беларусы як нацыя выйшлі зь вёскі. Карані кожнага гараджаніна ўжо ў другім-трэцім калене сягаюць туды. І пры гэтым гараджаніну ўсё цяжэй разумець вёску. Шмат якія вясковыя зьявы і погляды выклікаюць ягонае зьдзіўленьне.

 

Па-першае, ня можа не зьдзіўляць жудасны кансэрватызм вёскі. Ня раз высакародныя памкненьні навучыць вяскоўцаў больш дасканала і прадукцыйна гаспадарыць на зямлі разьбіваліся аб фразу: “Як нашыя дзяды і бацькі рабілі, так і мы будзем рабіць”. Навошта ж адмаўляць прагрэс?

Па-другое, адносіны паміж людзьмі там застаюцца на першабытным узроўні. Як аксіёма, прымаецца падначаленьне жанчыны мужу, а малодшых — старэйшым.

Многія людзі пэнсійнага веку перакананыя, што ведаюць усё на сьвеце. Нават калі распавядаць ім пра апошнія мэтады геннай інжынэрыі ці біятэхналёгіі, можна ў адказ пачуць: “Ды я гэта ведаю, я столькі гадоў пражыла!”

Што мне яшчэ не падабаецца тут, дык гэта нежаданьне актыўна ў нечым удзельнічаць ці ўводзіць нешта новае. Вясковыя прынцыпы “мая хата з краю”, “абы не было вайны” і г.д. прыводзяць да таго, што прагрэс адчуваецца тут досыць слаба. Вяскоўцы недалёка адышлі ад ХІХ ст., асабліва ў сваім сьветапоглядзе, ды і ў матэрыяльнай культуры. З новага — асфальтаваныя дарогі (ня скрозь), калгасныя крамы, калгасная састарэлая тэхніка на палях, электрычнасьць ды рэдкія цагляныя дамы.

Адна з прычынаў беднасьці вяскоўцаў — малаадукаванасьць. Вышэйшую адукацыю маюць толькі старшыні калгасаў ды настаўнікі. Чалавек з больш-менш добрай адукацяй імкнецца ў горад, дзе прасьцей рэалізаваць свае здольнасьці і веды. У вёсцы застаюцца людзі з пачатковай адукацыяй.

Узровень мысьленьня чалавека ў сучасным грамадзтве, ягоны кругагляд (у тым ліку палітычны) і сьветапогляд проста прапарцыйна залежаць ад адукаванасьці. Малаадукаваны чалавек разважае вузка лякальна, абстрактнае мысьленьне ў яго на досыць нізкім узроўні, і ён ня можа пралічыць свой крок наперад. Адсюль — страх перад усім новым, страх зрабіць нешта, што выходзіць за межы прынятых нормаў. Адзінае жаданьне – захаваць усё як ёсьць, як бы дрэнна ні было, бо ўжо маеш досьвед прыстасаваньня да гэткай рэчаіснасьці.

Аднак менавіта гэткі кансэрватызм паспрыяў выжываньню беларусаў як народнасьці. Яго не зламалі ні палякі палянізацыяй, ні расейцы русыфікацыяй: беларусы як былі, так і засталіся “тутэйшымі”. Дзякуючы кансэрватызму, у нашай культуры захаваліся паганскія традыцыі, фальклёр. Так што бабуля надвое варажыла.

Апрача кансэрватызму, варта вызначыць, што кола зносінаў у сельскай мясцовасьці часта абмяжоўваецца жыхарамі аднае вёскі. (Чаго шукаць у суседняй вёсцы, калі ў сваёй усё тое ж самае?) Гэта замінае пранікненьню туды новых ідэяў і зьяваў, якія даходзяць зь вялізным спазьненьнем і, пераламляючыся кансэрватыўнымі традыцыямі, пазбаўляюцца свайго першапачатковага сэнсу. Сродкі масавай інфармацыі прыйшлі ў вёску досыць позна і не набылі тут такога пашырэньня, як у горадзе. Акрамя таго, сёньня ўсе значныя СМІ, даступныя тутака, выказваюць афіцыйную пазыцыю. Незалежныя СМІ за такі кароткі час не змаглі значна паўплываць на сьвядомасьць вяскоўца.

Калгас — галоўная бяда вяскоўцаў, хоць самі яны гэтага не разумеюць. Выйсьці зь яго, забраўшы свой загон, нялёгка. Дый няма каму, бо за гады савецкай улады развучыліся працаваць людзі на сябе. Працуюць абы-як: аруць, абы ўзараць, сеюць, абы пасеяць. Крадуць усе, ад старшыні да апошняга вартаўніка, прычым не хаваюцца, бо ніхто не закладзе — кругавая парука. Вось і атрымліваецца, што ў калгасы ўкладаюцца вялізарныя сродкі, а аддача вельмі малая. І пакуль ня зьявіцца гаспадар на зямлі, бессэнсоўна спадзявацца на дабрабыт у вёсцы. Усе разумеюць, што пэнсіі і калгасныя заробкі — мізэрныя і будуць такімі, пакуль у краіне не пачнуцца зьмены, ліквідацыя калгасаў. Аднак калі размова перакідваецца на калгасы, вяскоўцы гарою ўстаюць за іх.

Вёска сьпіваецца. Адпачыць такім чынам пасьля працоўнага дня лічыцца калі не абавязкам, дык нормай. Гоняць самагонку. Калі задацца пытаньнем: “Чаму п’юць?” — дык мне адказ бачыцца ў адсутнасьці заняткаў, якія маглі б зацікавіць чалавека і дапамагчы яму з карысьцю для цела і душы бавіць свой вольны час. Маладых вяскоўцаў ужо немагчыма перавыхаваць, яны пайшлі па сьлядах сваіх бацькоў. Трэба хоць наступнае пакаленьне ўратаваць.

Яшчэ адна праблема беларускай вёскі — хуткае старэньне. Ёсьць цэлыя вёскі, дзе ўсе жыхары — пэнсійнага веку. Празь дзясятак-другі гадоў там не застанецца ніводнага чалавека. Часам ідзеш у такой вёсцы позьняй восеньню або ўзімку і здаецца, што яны ўжо мёртвыя — настолькі цяжка заўважыць тут прыкметы жыцьця.

Моладзь усімі сіламі імкнецца зьехаць у горад, не жадаючы працаваць за мізэрныя калгасныя заробкі. Хоць далёка ня ўсе парываюць зь вёскай зусім. Нехта прыяжджае адпачываць, а большасьць — працаваць, каб забясьпечыць сябе харчам на зіму. Гэтыя людзі так да канца і ня робяцца гараджанамі, але й вяскоўцамі перастаюць быць. Яны нясуць гарадзкую культуру ў вёску і вясковую псыхалёгію ў горад.

Для некаторых маладых гараджанаў вёска робіцца ўжо экзатычнай зьявай, за якой можна назіраць, але яе сэнс цяжка спасьцігнуць. Горад на гэтых людзей аказвае вырашальны ўплыў, і, хто ведае, можа мы станем калі-небудзь сапраўды гарадзкой нацыяй.

Зьміцер Мацьвейчык, Менск.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0