Апытаньне “НН”

 

За каго Вы прагаласавалі б на прэзыдэнцкіх выбарах?

 

Пад якім дэвізам мусіць ісьці на выбары кандыдат, за якога Вы прагаласавалі б?

 

За якую партыю Вы прагаласавалі б на парлямэнцкіх выбарах?

 

Калі б зараз стварылася новая аб’яднаная кааліцыя апазыцыі, як яна, па-Вашаму, мусіць называцца?

 

Запоўніце гэты бюлетэнь і дашлеце ў рэдакцыю “НН”:

220050 Менск а\с 537 “Апытаньне “НН”.

E-mail: [email protected]


Беларускамоўная грамада, да якой належыць большасьць чытачоў “НН”, застаецца падзеленай на дзьве амаль роўныя часткі: лібэралаў і фундамэнталістаў. Такі вывад можна зрабіць з чытацкіх адказаў на анкету “НН”. Першыя шукаюць палітычных кампрамісаў і ўдзелу ў кааліцыях дзеля адхіленьня ад улады Лукашэнкі. Другія — ізаляцыяністы. “Ніякіх кааліцыяў нам ня трэба!” — часта адказваюць на чацьвертае пытаньне прыхільнікі Пазьняка. Яны лічаць, што галоўнае сёньня — захаваць чысьціню нацыянальнае ідэі.

Няважна тады, хто выйграе прэзыдэнцкія выбары і які працэнт галасоў зьбярэ кандыдат з іміджам “незалежніка” й “дэмакрата”.

Першыя тыдні апытаньня наперадзе ішоў Сямён Домаш. Аднак супольная дэклярацыя, падпісаная пяцьцю кандыдатамі, сталася шокам для чытачоў “НН”. Многія чакалі рашучых, радыкальных крокаў, а тут — палітычны гандаль. Ці нельга было абысьціся безь яго? — пытаюцца чытачы. Адзін наўпрост запісаў у лёзунгі: “Не дамо кандыдатам пяцёркі здаць незалежнасьць!” Другі залямантаваў у камэнтарах на палёх анкеты: “Домаш+Вячорка=саюз з Расеяй”. Відавочны перабор...

Шкада, што да былых паплечнікаў па партыі частка чытачоў ставіцца больш варожа, чым да ідэйных апанэнтаў. Гэта адбываецца таму, што беларускамоўныя загнаныя ў своеасаблівую рэзэрвацыю, у якой свой свайго грызе без надзеі радыкальна зьмяніць сытуацыю ў краіне, вонках гета.

Пасьля заявы “пяцёркі” рэзка пайшла ўгару колькасьць галасоў за Зянона — палітыка, які не мяняе сваёй пазыцыі і не ўтварае гандаль. Адыграла ролю, відаць, і жорсткая партыйная дысцыпліна ў шэрагах кансэрватараў (хоць колькасьць галасоў, пададзеных за Кансэрватыўна-Хрысьціянскую Партыю БНФ трохі меншая — яе горай ведаюць).

Ёсьць сярод чытачоў і лукашэнкаўцы. “Астатнія палітыкі яшчэ горшыя”, — пэсымістычна камэнтуе адзін зь іх на палёх анкеты. А другі падтрымлівае дэвіз “Беларусь для беларусаў”. Дэвіз, які ўпэўнена выйшаў на першае выніковае месца.

 

1) За каго б Вы прагаласавалі на прэзыдэнцкіх выбарах?

Зянон Пазьняк 71 (37)

Сямён Домаш 52 (33)

Вінцук Вячорка 13 (7)

Аляксандар Дабравольскі 4 (3)

Міхаіл Чыгір 4 (2)

Аляксандар Лукашэнка 3 (2)

Станіслаў Багданкевіч 2 (2)

Ні за кога 2 (0)

Юры Хадыка 2 (1)

 

2) Пад якім дэвізам мусіць ісьці на выбары кандыдат, за якога Вы прагаласавалі б?

“Беларусь — для беларусаў!” 29 (11)

“Беларусь — у Эўропу!” 13 (10)

“Незалежнасьць і дэмакратыя” 7 (2)

“Дэмакратыя, Эўропа, незалежнасьць” 6 (3)

“Прэч маскоўскіх акупантаў!” 5 (2)

“За вольную Беларусь!” 4 (3)

“Незалежная Беларусь” 4 (3)

“Нармальны прэзыдэнт” 3 (2)

 

Пад дэвізам нумар адзін, які нядаўна рэанімаваў Зянон, ахвотна падпісваюцца прыхільнікі розных кандыдатаў.

Астатнія дэвізы, як агульнавядомыя, кшталту “Радзіма і Свабода!”, так і прыстасаваныя да найбольш папулярных кандыдатаў, кшталту “Вядома ж, Домаш” ці “Хочаш жыць не абы-як, галасуй, каб быў Пазьняк”, сабралі адзін-два галасы.

Мы падлічылі, колькі разоў згадваюцца ў апытаньні тыя ці іншыя словы, разуменьні, карані словаў. Найчасьцей, як выявілася, чытачы зьвяртаюцца да словаў Беларусь, беларускі, беларусы — разам аж 85 разоў. Людзям хочацца, каб гэтае слова, нібы замова, глядзела з усіх перадвыбарных плякатаў, з усіх сьценаў. Словы з гнязда “незалежнасьць” — тое, над чым увесь час вісіць пагроза, пра што баліць сэрца кожнаму, — сустракаюцца 39 разоў. “Эўропа”, якая расчаравала няясным Вікам, — 24, “дабрабыт” і “дэмакратыя” — па 20. Пра астатняе згадваюць радзей.

 

свабода, воля 18

антырасейскія 13

перамены, рэформы, альтэрнатыва 13

адраджэньне 8

закон, законнасьць 5

нацыя 5

дом 4

парадак 4

антылукашэнкаўскія 3

Бог, вера 3

веліч 3

добрасуседзтва 3

рынкавая эканоміка 3

годнасьць 2

Зянон 2

Сямён 2

адказнасьць 1

дзяржава 1

нармальны прэзыдэнт 1

“Наша Ніва” 1

нэўтралітэт 1

перамога 1

салідарнасьць 1

самаахвярнасьць 1

справядлівасьць 1

сумленнасьць 1

цывілізаванасьць 1

 

3) За якую партыю Вы прагаласавалі б?

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя БНФ (Пазьняка) 61

Партыя БНФ (Вячоркі) 49

Радыкальныя групоўкі 15

Аб’яднаная Грамадзянская Партыя 11

Ні за якую 7

 

Нечакана многа чытачоў не давярае традыцыйным партыям, аддаючы перавагу невялікім, часта падпольным утварэньням. За іх выказаўся кожны дзясяты чытач газэты, што ўзяў удзел у апытаньні. Найбольш дакладна адлюстраваліся думкі гэтай катэгорыі чытачом, у анкеце, дасланай зь Вільні: “Я за кааліцыю “Краю”, “Белага легіёну” і БПС”. Або чытач зь Менску: “Сэрцам — за “Край”, розумам — за БНФ Вячоркі”.

Сапраўды — во сіла магла б паўстаць! Крайне правая, рашучая, працаздольная! І трывала ўгрунтаваная на беларушчыне — у адрозьненьне ад сёньняшняга “Зубра”, якога, дарэчы, ніводзін чытач не згадаў. Ня звыклі яшчэ.

Чытачы “НН” у большасьці сваёй адмоўна ставяцца да расколу БНФ, не заўважаючы, якая прорва падзяляе нацыянал-лібэралаў і нацыянал-фундамэнталістаў. У тузіне анкетаў запісы — “за БНФ, адзіны, нерасколаты”, “за БНФ, які зноў аб’яднаецца”, “за БНФ — за любы з двух” і г.д. 3 чытачы гатовыя адначасова прагаласаваць і за Вячоркаў БНФ, і за АГП. Чытачы “НН”, каб маглі, дык даўно аб’ядналі б і правых, і цэнтрыстаў.

Апытаньне працягваецца!


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0