Зычлівая абыякавасьць

Русіфікацыя дзейнасьці замежных прадстаўніцтваў у Беларусі

Прыходзіць пару тыдняў таму ў «Нашу Ніву» электронны ліст зь менскага прадстаўніцтва буйное амэрыканскае фундацыі. Цытую:

«Главному редактору газеты «Народная нива» Сергею Дубовцу. Приглашаем Вас принять участие в семинаре, посвященном вопросам... О своем опыте будут рассказывать...» Ну, і гэтак далей.

Ня ведаю, што ў гэтым запрашэньні больш абсурднае: ці тое, што ягоная аўтарка ня ведае, як называецца адно з хіба што трох дзясяткаў незалежных выданьняў на ўсю краіну (хоць, перш чым паступіць у ПТВ, ці дзе там вучацца сакратаркі для гэткіх фундацый, мусіла вытрымаць іспыты за курс беларускае гісторыі і літаратуры, у якім гаворыцца пра першую беларускую газэту); ці тое, што супрацоўніца Фонду, абавязак якога — апекавацца незалежнай прэсай, ня ведае, хто ягоны галоўны рэдактар (а мусіла б, відаць, і дні нараджэньня гэтых рэдактароў памятаць); ці тое, што дасылае ў беларускамоўнае выданьне запрашэньні выключна па-расейску. Ну так, палітычная карэктнасьць відавочна прыдуманая для афраамэрыканцаў і інвалідаў, але ж не для гэтых калхозьнікаў-беларусаў!

Не сумняюся, што й сэмінар быў арганізаваны па-расейску. Нават гэтак, магчыма: лектары з адной з былых савецкіх рэспублік чыталі даклады па-ангельску, а перакладчык фундацыі перадаваў гэта па-расейску. Дзіва што я не хаджу на такія сэмінары. Нацыянальная гордасьць ды проста пачуцьцё здаровага сэнсу не дазваляе.

У рамках праграмы выданьня перакладаў з францускай, цынічна названай «Багдановіч», францускае пасольства выпусьціла дзьве брашуркі Дэрыды і Вэйна па-беларуску і ўжо з дваццаць розных выданьняў па-расейску. Традыцыя пайшла яшчэ ад першага аташэ па культуры францускае амбасады мэсье Талстоя, нашчадка ягамосьці графа Лява Мікалаевіча, які наўпрост — як і належыць французу расейскага паходжаньня — адмаўляў існаваньне беларускай мовы й нацыі. Ну, дык жа бачылі вочкі, каго прызначалі!..

Ды што казаць, калі нават Польскі інстытут працуе ў Менску, лічы — па-расейску. Відаць гэта па праграмках ягоных імпрэзаў.

Прыкрасьці, прыкрасьці, прыкрасьці... Татальная русіфікацыя дзейнасьці замежных прадстаўніцтваў у Беларусі павялічвае пачуцьцё ізаляцыі. Міжволі думаеш: а мо насамрэч у беларусаў няма сапраўдных саюзьнікаў у сьвеце?

Амэрыканскае і польскае пасольствы — адзіныя, дзе ў першае дзесяцігодзьдзе беларускай незалежнасьці дыпляматы, прынамсі некаторыя зь іх, адчувалі сваім абавязкам вывучаць беларускую мову. І гэта было такім прыкладам для беларускае эліты.

Ад эўрапейцаў беларускамоўныя ўжо шмат не чакаюць, але, калі й на прыёме ў амэрыканскай амбасадзе сутыкаешся ўсё з той жа мовай «міжнацыянальных стасункаў» з вуснаў амэрыканскіх дыпляматаў, перакладчыкаў, беларускіх супрацоўнікаў, дык тут ужо проста ня ведаеш, куды падзецца. Не, думаеш, ня можа быць. Буш, Паўэл, Козак і Кунстатэр проста нічога ня ведаюць, гэта чыноўнікі ім “мяшаюць”, не даюць, сабатуюць... І сьмех і грэх.

Падобная русіфікацыя дзейнасьці замежных прадстаўніцтваў у Менску дае карт-блянш нашым тутэйшым дыскрымінатарам.

Чаму ж супрацоўнікі многіх прадстаўніцтваў замежных фундацыяў, якія мусяць займацца прамоцыяй дэмакратыі ў Беларусі, не зважаюць на базавыя нацыянальныя і моўныя правы прынамсі 37% насельніцтва краіны? Чаму яны не пільнуюцца, каб справы іхных кантораў вяліся на дзьвюх мовах? (Хоць маглі б і толькі па-беларуску — беларуская дэмакратыя ад гэтага толькі ўмацавалася б.) Які, папраўдзе, давер можна заваяваць, зьвяртаючыся да абарыгенаў на мове калянізатараў?

Нядаўна натыкнуўся ў Інтэрнэце, а пасьля прачытаў і ў кіеўскай «Крытыцы» адозву ўкраінскай інтэлігенцыі да прэзыдэнта, прэм’ер-міністра, Вярхоўнае Рады ды Вярхоўнага Суду Ўкраіны з заклікам забясьпечыць мірнае і дэмакратычнае рашэньне палітычнага і маральнага крызысу, што апанаваў краіну. Гэты тэкст сьціпла называецца «Зваротам навукоўцаў і прафэсіяналаў». Вядомыя людзі выказваюць сваю пазыцыю і засьцерагаюць. Адозва падпісаная сотнямі вядомых людзей — украінскага паходжаньня і ўкраінцаў. Уразіла тое, колькі сярод украінцаў вучоных, уплывовых прафэсіяналаў. Прафэсары Гарвардзкага, Вашынгтонскага, Ратгерскага, Альбэрцкага, Калюмбійскага ўнівэрсытэтаў, супрацоўнікі і кіраўнікі дзясяткаў уплывовых дасьледчых і палітычных цэнтраў... І я падумаў: калі б такі зварот падпісвала беларуская інтэлігенцыя, хто пад ім мог бы падпісацца? Ня выйшлі зь беларускае эміграцыі прафэсары, ня выйшлі губэрнатары, ня выйшлі сэнатары... Ня выйшлі тыя, да каго сьвет прыслухоўваецца. Таму й не заўважаюць беларусаў. А ўкраінцаў заўважаюць. І вы ня знойдзеце ў Кіеве заходняга прадстаўніцтва, у якім вялі б справы па-расейску ці па-расейску зьвярталіся да журналіста ўкраінскамоўнае газэты.

Цяпер толькі ў Варшаве, кажуць, вучыцца 250 студэнтаў-уцекачоў зь Беларусі. На што яны навучацца, няясна пакуль. Аднак толькі інтэлектуальная сіла можа расплюшчыць зычліва-абыякаваму Захаду вочы на Беларусь. Інтэлектуальная сіла, якую трэба песьціць гадамі выхаваньня, штогадовымі інвэстыцыямі незалежнага беларускага грамадзтва і эміграцыі і культам веды і культуры.

Барыс Тумар


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0