Зьміцер Бартосік

 Тэрыторыя беспэрспэктыўнасьці

 

«Уважаемые белорусы. Мы, ваши старшие русские братья, такие же граждане Белоруссии, как и вы сами, от всей своей братской души поздравляем вас с итогами последнего референдума, где вы, в большинстве своем, проявили природную мудрость и немалое мужество, изъявив желание окончательно дорасти до великой русской культуры, придав языку Пушкина и Толстого статус государственного».

Прыкладна такі тэкст зьбіраўся адзін мой сябар раздрукаваць і парасклейваць па сталіцы. Ідэя нарадзілася пасьля рэфэрэндуму 1995-га году, які адбыўся якраз шэсьць гадоў таму. Як нясьцерпнае жаданьне пасьля бойкі яшчэ раз махануць кулаком. Махануць наастатак, каб надоўга запомнілася. Каб у тых, хто прачытае ўлётку, крыху праясьнілася ў галаве, што гэта такое — пляваць у сваё.

Задума засталася нязьдзейсьненаю. Аднак я згадваю пра яе кожнага разу, калі на вочы трапляюцца дыхтоўна зробленыя налепкі, што заклікаюць «сказать диктатору нет». Сказаць, вядома, карціць. Прычым ня толькі дыктатару, але й тым змагарам.

Шмат чаго можна было спрагназаваць у 1995-м, але толькі ня тое, што змаганьне за дэмакратычную будучыню праз шэсьць гадоў будзе весьціся амаль выключна па-расейску — каб быць зразумелым ня толькі сваёй аўдыторыі, але і спонсарам, і расейскім назіральнікам. Тады як ніколі выразна было відаць мяжу між тым, што можна рабіць, а чаго — ні ў якім разе. Моўны чыньнік у тым падзеле выглядаў на асноўны. Бо супраць наданьня дадатковых паўнамоцтваў Лукашэнку прагаласаваў той самы мільён беларусаў, што й за адзіную дзяржаўную мову.

...Згадваю адзін эпізод са свайго пачатковага беларускамоўнага жыцьця. Гаспадыня кватэры, дзе я здымаў пакой, вэтэранка вайны й працы, неяк сказала мне: «Гатовая паспорыць, што кагда ты ўпярвые ўслышал беларускую мову, дык яна табе не панравілася. Яна далжна была паказацца цібе грубай». Сама яна, колішняя вясковая дзяўчына, лічыла сябе расейскамоўнаю мянчанкай.

Ня ведаю, ці пераканаў я несьвядомую сямідзесяцігадовую старую ў відавочных рэчах. Аднак, што тое самае неўзабаве прыйдзецца даказваць маладым, прыгожым, пісьменным людзям, якія даўно й спрытна “займаюцца дэмакратыяй”, ніяк не чакаў.

Нядаўна на праспэкце стрэў аднаго даўно знаёмага маладзёна-актывіста, які ўручыў мне чарговую ўлётку за «наше будущее». На маё нямое пытаньне ён адказаў, што, маўляў, не сустракаў яшчэ ніколі ў сваім жыцьці чалавека, які б прасякнуўся беларушчынай, прачытаўшы беларускамоўную ўлётку. Да беларушчыны, маўляў, прыходзяць толькі праз культурныя акцыі. А таму трэба заваёўваць некранутую цаліну — расейскамоўную грамаду.

Пагадзіцца зь ім не магу, бо ня бачыў яшчэ ў Беларусі расейскамоўнай грамады. І ніколі не прыму за сваю тую мову, на якой гаворыць менская вуліца, менскія FM-станцыі, “вэртыкальны” істэблішмэнт. Выключэньне тут складаюць газэты. Наша незалежная прэса, якая сапраўды гаворыць з чытачом выключна па-расейску. Нібы з тамбоўцам.

З адвечным Купалавым пытаньнем “Чаму вам дзіка яго мова, якой азваўся беларус?” я прайшоўся па рэдакцыях дэмакратычных газэтаў. Завітаў у масавы тыднёвік “Свободные новости”, ілюстраваны часопіс “Кур’ер” і газэту “Отдыхай”.

Вяртаючыся дадому пасьля гутарак, заўважыў у пад’езьдзе каля ліфту сьвежую зуброўскую налепку. “Территория, свободная от лукашизма”. Ня край, не краіна, не дзяржава. «Территория». Вольная можа нават ня столькі ад лукашызму, колькі ад нормаў і прынцыпаў. І ад пэрспэктывы рэальных пераменаў.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0