Віктар Шніп
Сабачыя гісторыі
Адзін сабака прыехаў у Барысаў. Зайшоў папіць кавы ў забягайлаўку. А там Граждан, пераапрануты ў міліцыянта, п’е гарбату. Убачыўшы прыежджага, Граждан дастаў гукаўзмацняльнік і сказаў: “Я ў дзяцінстве хварэў на рахіт, але я ведаю, што Васіль Быкаў сёньня служыць у паліцыі, і вы там, у сваім Менску, яму дапамагаеце...”
Адзін сабака невядома адкуль прыехаў да Шніпа. А Шніп пераапрануўся Гражданом і пайшоў начаваць на вакзал.
Адзін сабака прыехаў на зьезд пісьменьнікаў. Зайшоў у залю пасяджэньня. А там Граждан стаіць за трыбунай і расказвае пра Му-Му і Герасіма, якія загінулі ў часы калектывізацыі.
Адзін сабака прыехаў у Варшаву. Ходзіць сярод палякаў і дзівіцца: “Як усё чыста...”. І раптам чуе голас Граждана: “Пся крэў! Гаўно за сабой змываць трэба!”
Адзін сабака прыехаў на курорты. І чуе: “Шаноўныя Гражданы і Гражданкі, каму трэба зрабіць байстручка, заходзьце ў палату нумар шэсьць. Прыём вядзе доктар Айбаліт з групай дрэсіраваных шымпанзэ”.
Адзін сабака прыехаў з камандзіроўкі. Звоніць у дзьверы. А жонка не адмыкае, а кажа: “Я цяпер жыву з Гражданом, а ты едзь туды, адкуль прыехаў. У нас бульбы на траіх ня хопіць...”
Адзін сабака пераапрануўся ў Дон Кі Хота, сеў на каня і паехаў шукаць сваю Дуль Сі Нею. Убачыў гэта Граждан, пакланіўся пераапранутаму сабаку і сказаў: “Міласьцівы гасудар, у вас вусы адклеіліся, і ў каня хвост адваліўся. Вазьміце мяне, дастапачцімы, сваім падмятайлам. Я буду вам казкі нанач разказваць і зь дзяўчатамі спаць...”
Адзін сабака трапіў у жывот рыбы-кіта. Хацеў паспаць, як пачуў голас Граждана: “Ад мяне ты нікуды ня дзенешся. Трэба будзе, улюбішся і жэнішся!”
ад гражданоў
Сабака набыў квіток на канцэрт. Прыйшоў, а там сьпявае “Гражданская оборона”.
Адзін сабака любіў чытаць хоку, а Граждан не разумеў і лаяўся: “Ды ідзі ты са сваім Купалам!..”
Сабака харчаваўся ў “Бульбяной”, а Граждан лічыў гэта непатрыятычным і піў гарбату ў “МакДональдзе”.
Адзін сабака навучыўся хадзіць на задніх лапах. Убачыў гэта Граждан і закрычаў: “Я вас усіх на калені пастаўлю!”
Адзін сабака прыйшоў на мітынг, а Граждан падбег і пытаецца: “Вы ад якой партыі?”
Сабака атрымаў ліст з-за мяжы, Граждан пакрыўдзіўся і згрыз сабе локці.
Адзін сабака апрануў смокінг. Убачыў Граждан і зьдзівіўся: “Ну, выліты Каруза!”
Адзін сабака вельмі кахаў жанчын. Заўважыў гэта Граждан і кажа: “Альбо партыя, альбо бабы”.
Адзін сабака быў у Парыжы, а Граждан служыў на савецка-мангольскай мяжы.
Арцём Арашонак, Віцебск